Эўрапейская народная партыя

правацэнтрысцкая еўрапейская палітычная партыя
(Перанакіравана з «ЭНП»)

Каардынаты: 50°50′23″ пн. ш. 4°22′1″ у. д. / 50.83972° пн. ш. 4.36694° у. д. / 50.83972; 4.36694

Эўрапейская народная партыяпалітычная партыя Эўразьвязу, заснаваная ў ліпені 1976 году ў Люксэмбургу.

Эўрапейская народная партыя
франц. Parti populaire européen
Лідэр партыі Манфрэд Вэбэр (старшыня), Танасіс Баколас (галоўны сакратар)[1]
Заснавальнік хрысьціянска-дэмакратычныя партыі 7 краінаў Заходняй Эўропы
Дата заснаваньня 8 ліпеня 1976 (48 гадоў таму)
Штаб-кватэра Бэльгія, Брусэль, квартал Леапольда, Гандлёвая вул., д. 10[2]
Ідэалёгія хрысьціянская дэмакратыя[3]
Інтэрнацыянал Цэнтрысцка-дэмакратычны інтэрнацыянал (Бэльгія)[3]
Моладзевая арганізацыя «Моладзь Эўрапейскай народнай партыі»
Колькасьць 12[4], 11[5], 13[6], 16[7] і 10[8]
Колькасьць дэпутатаў
· Эўрапарлямэнт
188 / 720
Афіцыйны сайт epp.eu

1 чэрвеня 2022 году ў Ратэрдаме (Нідэрлянды) Зьезьд ЭНП ухваліў Статут партыі, у 3-м артыкуле якога абвясьціў у якасьці мэты дасягненьне «вольнага і плюралістычнага народаўладзьдзя з пашанай да правоў чалавека, асноўных свабодаў і вяршэнства права». Сябры партыяў-удзельніцаў ЭНП уваходзілі ў супольную фракцыю ў Эўрапарлямэнце і Парлямэнцкіх сходах 6 іншых міжнародных арганізацыяў: Рады Эўропы (Францыя), Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе (Аўстрыя), Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (АПАД), Эўрапейскім камітэце краёў, Зьвязу Міжземнамор'я (Гішпанія) і Ўсходняга партнэрства. Згодна зь 5-м артыкулам Статуту сябрамі ЭНП маглі стаць хрысьціянска-дэмакратычныя партыі Эўразьвязу. Зьвязанымі сябрамі маглі стаць партыі зь дзяржаваў Эўрапейскага аб'яднаньня вольнага гандлю (Швайцарыя) і тых, што падалі заяўку на ўступ у Эўразьвяз. Яшчэ 6 аб'яднаньняў прызнавалі за сяброўскія: «Эўрапейскія дэмакратычныя студэнты», Эўрапейскі зьвяз хрысьціянска-дэмакратычных працаўнікоў, «Моладзь Эўрапейскай народнай партыі», «Малыя і сярэднія прадпрымальнікі Эўропы», «Жанчыны ЭНП» і Эўрапейскі зьвяз пажылых. Асабістае сяброўства ў партыі мелі дэпутаты Эўрапарлямэнту ад ЭНП[3].

Бяз права голасу ў партыі маглі браць удзел: партыі-наглядальніцы зь дзяржаваў-удзельніцаў Рады Эўропы, супольнікі ЭНП зь дзяржаваў АПАД, АБСЭ і Зьвязу Міжземнамор'я, а таксама такія зьвязаныя ўстановы, як Інстытут разьвіцьця народаўладзьдзя ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе імя Рабэра Шумана (Вугоршчына) і Фонд імя Вільфрыда Мартэнса (Лёвэн)[3].

Кіраваньне

рэдагаваць
 
Старшыня партыі Манфрэд Вэбэр на Ратэрдамскім зьезьдзе (2022 год)
  • Старшыньства. Абіралася Зьездам на 3 гады простай большасьцю. Праводзіла прынамсі 8 паседжаньняў на год з абвесткай прынамсі за 2 тыдні да скліканьня. Паўнамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў. Прымала рашэньні простай большасьцю галасоў прысутных. Складалася са старшыняў ЭНП, Эўракамісіі і Эўрапейскай рады, высокага прадстаўніка ў замежнай і бясьпекавай палітыцы і старшыні Эўрапарлямэнту (калі тыя былі аднапартыйцамі), старшыняў фракцыі ЭНП у Эўрапарлямэнце і Эўрапейскага камітэту краёў (або фракцыі ў ім), ганаровых старшыняў ЭНП, 10 намесьнікаў старшыні, скарбніка і галоўнага сакратара. Выконвала рашэньні Палітычнага сходу. Складала гадавую справаздачу пра каштарыс. Наглядала за выкананьнем бюджэту з боку Галоўнага сакратарыяту. Выдавала заявы ад ЭНП у межах палітычнай праграмы. Прапаноўвала ганаровых старшыняў і намесьнікаў галоўнага сакратара Палітычнаму сходу. Паўнамоцтвы сябра адклікаюць пры няўдзеле прынамсі ў палове паседжаньняў за год. Без паседжаньня магло ўхваляць цыркуляры пры ўсеагульнай згодзе цягам 10 дзён.
  • Палітычны сход. Склікаўся прыватна прынамсі 4 разы на год з апавяшчэньнем прынамсі за 2 тыдні да паседжаньня. Правамоцны ў прысутнасьці простай большасьці сябраў. Паводле пасады складаўся зь сябраў Старшыньства ЭНП і старшыньства фракцыі ЭНП у Эўрапарлямэнце, старшыняў партыяў-удзельніцаў і сяброўскіх аб'яднаньняў, старшыняў краёвых пасольстваў у фракцыю Эўрапарлямэнту, сябраў старшыньства Эўрапарлямэнту і Эўракамісіі, старшыні або 1-ы намесьнікі старшыні Эўрапейскага камітэту краёў ад партыяў-удзельніцаў, старшыні фракцыяў ЭНП у Парлямэнцкіх сходах Рады Эўропы, Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе, Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы , Эўрапейскім камітэце краёў, Зьвязу Міжземнамор'я (Гішпанія) і Ўсходняга партнэрства ад партыяў-удзельніцаў або зьвязаных партыяў ЭНП. Улучаў пасланых сябраў: прадстаўнікоў партыяў-удзельніцаў і зьвязаных партыяў ЭНП, пасланьнікаў ад гэтых партыяў зь ліку асабістых сябраў-дэпутатаў Эўрапарлямэнту, трох прадстаўнікоў фракцыі ЭНП у Эўрапейскім камітэце краёў. Вызначаў штогадовыя складкі да 500 000 эўра з кожнай партыі-ўдзельніцы, зьвязанай партыі, сяброўскага аб'яднаньня, партыі-наглядальніцы і супольніка ЭНП. Абіраў намесьніка галоўнага сакратара і двух незалежных аўдытараў. Ухваляў гадавы каштарыс. Прымала заяўкі на сяброўства і ўнутраныя распарадкі. Абірала ганаровага старшыню і вызначала эмблему партыі. Прымала вылучэнца на пасаду старшыні Эўракамісіі. Прызначала 5 сябраў і старшыню Камітэту этыкі, на прапанову якога мяняла Звод паводзінаў ЭНП.
  • Зьезд. Вызначаў палітычную праграму і Статут партыі. Абіраў старшыню і яго намесьнікаў, галоўнага сакратара і скарбніка. Таксама абіраў вылучэнца ЭНП на пасаду старшыні Эўракамісіі.
  • Асяродак эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрыда Мартэнса. Фундацыя распрацоўкі палітыкі[3].

Маніфэст

рэдагаваць

У сакавіку 2024 году Эўрапейская народная партыя ўхваліла Маніфэст «Нашая Эўропа — бясьпечны і добры дом для народу» з 4-х разьдзелаў: 1) «Нашая Эўропа бароніць сваіх грамадзянаў», 2) «Нашая Эўропа верыць у сацыяльную рынкавую гаспадарку», 3) «Нашая Эўропа верыць у наш эўрапейскі лад жыцьця», 4) «Будуйма Эўропу разам». Першы разьдзел зьмяшчаў 7 частак: а) «Нашая Эўропа на баку Ўкраіны», б) «Нашая Эўропа мае бараніцца», в) «Нашая Эўропа кажа адзіным голасам у сьвеце», г) «Нашая Эўропа бароніць свае межы ад незаконнага перасяленьня», д) «Нашая Эўропа поўная рашучасьці змагацца з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасьцю», е) «Нашая Эўропа спыняе гвалт супраць жанчынаў», ё) «Нашая Эўропа бароніць сваіх грамадзянаў анлайн і па-за сеткай». У частцы 1.1 згадвалася: «ЭНП застанецца правадыром у прыцягненьні такой патрэбнай дапамогі і падтрымкі ЭЗ да рашучай перамогі Ўкраіны» ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці ад расейскага ўварваньня. Пры гэтым падкрэсьлівалася: «ЭЗ патрэбна працягнуць і пашырыць сваю падтрымку. Вайна ва Ўкраіне наўпрост зьвязаная з эўрапейскай бясьпекай. Украіна мае стаць сябрам ЭЗ і АПАД, як толькі выканае ўсе меркі»[9].

 
Маастрыхцкі зьезд ЭНП 2016 году

У частцы 1.2 прызнавалася, што «трывожнымі званкамі» служылі расейская агрэсія супраць Украіны, выкарыстаньне Расеяй энэргіі і харчаваньня ў якасьці зброі ды ядзерныя пагрозы ад яе ў спалучэньні з узрастаньнем напружанасьці ў Паўднёва-Кітайскім моры і Тайванскай пратоцы. Заяўлялася, што ЭНП заўжды будзе на баку пашыранай АПАД і цалкам падтрымліваць умацаваньне альянсу, у тым ліку праз далучэньне Швэцыі. Падкрэсьлівалася, што ўсе эўрапейскія намаганьні ў галіне абароны варта ўкараняць і ўзгадняць з АПАД. Пры гэтым партыя выступала за здатнасьць Эўропы абараняцца ў адпаведнасьці з прынцыпам стратэгічнай самастойнасьці, дзеля чаго заклікала дзяржавы Эўразьвязу аддаваць перавагу закупкам ўзбраеньня ў Эўропе. Для гэтага прапаноўвалі тры захады. Найперш, заклікалі нарасьціць укладаньні ў абаронную прамысловасьць у спалучэньні зь перадавымі кампутарнымі тэхналёгіямі. Прапаноўвалася стварыць Адзіны абаронны рынак і скарыстаць Эўрапейскае абароннае агенцтва, каб стандартызаваць вытворчасьць узбраеньня і заахвоціць сумесныя абаронныя закупкі, як і дасьледаваньні штучнага інтэлекту падвойнага прызначэньня. Па-другое, у рамках Пастаяннай структураванай супрацы згодна зь Лісабонскай дамовай 2009 году прадугледжвалі падтрымку церазьмежных вайсковых перавозак. Прызнавалася патрэба ў стварэньні пасады камісара бясьпекі і абароны ў Эўракамісіі, а таксама Абароннай рады з удзелам міністраў абароны дзяржаваў Эўразьвязу. У Шматгадовых фінансавых рамках на 7 гадоў прапаноўвалі закласьці абаронны бюджэт Эўразьвязу. Урэшце, доўгатэрміновай мэтай абвяшчаўся Эўрапейскі абаронны зьвяз з уласнымі войскамі на сушы і моры, у паветры і кібэрпрасторы. Такія войскі хуткага разгортваньня мелі быць безадкладна даступнымі ў адпаведнасьці з узорам АПАД у дапаўненьне да узброеных сілаў краінаў. Таксама партыя жадала стварыць Эўрапейскі фонд вонкавага вайсковага ўмяшаньня, які прызначаўся для ўнёску ў супольную эўрапейскую абарону з боку тых дзяржаваў, якія ўнікаюць удзелу свайго войска ў вонкавых вайсковых захадах Эўразьвязу. Супольна з ЗША прапаноўвалі займацца стварэньнем супрацьракетнага і эўрапейскага ядзернага шчыта, эўрапейскай кібэрбрыгады і адпаведніка Агенцтва перадавых абаронных дасьледчых праектаў (АПАДП), а таксама нарошчваньнем магутнасьці абароннай вытворчасьці[9].

У частцы 1.3 прапаноўвалі стварыць Эўрапейскую раду бясьпекі ў складзе кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу і запрасіць у яе ўрады Брытаніі, Нарвэгіі і Ісьляндыі. Сярод іншага, згадвалася патрэба ў доўгатэрміновай стратэгіі датычна Беларусі. ЭНП выступала за адсутнасьць замежных войскаў на Кіпры і перажыткаў у выглядзе правоў на ўварваньне замежных дзяржаваў. Прадугледжвалася аднавіць перамовы аб сканчэньні турэцкай акупацыі на поўначы Кіпру, каб узьяднаць востраў у выглядзе саюзу дзьвюх супольнасьцяў на падставе палітычнай роўнасьці ў адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі ААН і праўным набыткам Эўразьвязу. Падкрэсьлівалася, што «непрымальную падзяляльную рыторыку Турэччыны пра дзьвюхдзяржаўнае рашэньне ніколі ня прымуць у Эўропе і міжнароднай супольнасьці». У частцы 1.4 прадугледжваўся намер спыніць некіраванае перасяленьне, каб не перагружаць здатнасьць Эўропы залучаць перасяленцаў у свае грамадзтвы. ЭНП жадала патроіць штат Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы (Польшча) да 30 000 чалавек і надаць яму большыя паўнамоцтвы і сучасьнейшае абсталяваньне. Паўнамоцтвы мелі ўлучаць: прадухіленьне незаконнага перасяленьня ў Эўразьвязу, дапамогу дзяржавам ЭЗ у аховы вонкавых межаў Эўразьвязу і павышэньне вяртаньня незаконных перасяленцаў у іх краіны. Таксама намерваліся заключыць пагадненьні з трэцімі краінамі для разьмяшчэньня шукальнікаў прытулку, і такім чынам укараніць панятак бясьпечнай трэцяй краіны ў адпаведнасьці з Жэнэўскай канвэнцыяй аб уцекачах[9].

Другі разьдзел зьмяшчаў 7 частак: а) «Нашая Эўропа ўмацоўвае сваю гаспадарчую прадукцыйнасьць і стварае добрыя працоўныя месцы», б) «Нашая Эўропа стварае заможнасьць разам са сьветам», в) «Нашай Эўропе патрэбная энэргія», г) «Нашая Эўропа квітнее і бароніць людзей і плянэту», д) «Нашая Эўропа павышае ўзровень жыцьця ў кожным краі», е) «Нашая Эўропа жадае весьці ў лічбавізацыі і чалавека-засяроджаным ШІ», ё) «Нашая Эўропа на баку нашых земляробаў і рыбаловаў, каб запэўніць вытворчасьць здаровай і даступнай ежы для ўсіх». У частцы 2.1 прапаноўвалася стварыць адзіны лічбавы рынак. Таксама партыя жадала ўвесьці праверку спабораздольнасьці для кожнага законапраекту ў Эўразьвязе і заснаваць Дарадчы орган спабораздольнасьці ЭЗ для малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП), якія стваралі звыш 100 млн працоўных месцаў у ЭЗ. Прадугледжвалася скараціць колькасьць заканадаўчых актаў аб аднове прыроды, якіх налічвалася звыш 20. Згодна з прынцыпам «адзін увайшоў, два выйшлі» прапаноўвалі на 1/3 скараціць нарматыўную нагрузку. Каб гэтак скараціць валакіту мелі вызначыць эўракамісара ў справах МСП. Для скарачэньня выдаткаў Эўракамісія мела спрыяць сумесным буйнамаштабным дзяржаўным закупкам паслуг і тавараў. Сярод іншага, зьбіраліся ўвесьці «ўмову канечнасьці», што прадугледжвала спыненьне дзеяньня законаў праз пэўны тэрмін, калі адсутнічае захад па яго працягу. Прапаноўвалася бараніць эўрапейскіх прамыслоўцаў ад несправядлівых дзеяньняў спаборных прадпрыемстваў Кітаю і ЗША. Пры гэтым на ўзор ЗША зьбіраліся ўвесьці плян «Зроблена ў Эўропе 2030». Сярод іншага, партыя выступала за абарону ад кітайскага паглынаньня інавацыйных прадпрыемстваў, а таксама марскіх партоў ды інфраструктуры сувязі і энэргетыкі, каб зьнізіць рызыку. Урэшце, прадугледжвалася давесьці ўкладаньні ў навуковыя дасягненьні да 4 % сукупнага ўнутранага прадукту (СУП) на ўзроўні Эўразьвязу і дзяржаваў-удзельніцаў з прыцягненьнем прыватных ашчаджэньняў. Таксама згадвалася фінансаваньне жаночых пачынаньняў у галіне штучнага інтэлекту. ЭНП таксама выступала за завяршэньне ўтварэньня Зьвязу рынкаў капіталу і банкаўскага зьвязу, каб палепшыць доступ да пазыкаў. Таксама зьмяшчаўся заклік да прытрымліваньня Маастрыхцкіх мерак эўразьбежнасьці ў фіскальнай палітыцы ўрадаў у выглядзе дэфіцыту бюджэта менш за 3 % і дзяржаўнай запазычанасьці менш за 60 % СУП, каб забясьпечыць устойлівасьць цэнаў. Сярод іншага, прапаноўвалі пашырыць удзел сельскай моладзі ў праграме «Эразмус+» для працаўладкаваньня[9].

У частцы 2.2 заяўлялася пра жаданьне спрыяць адмысловай супрацы з народаўлядзьдзямі, каб застацца здатнымі да спаборніцтва зь Кітаем, гандлёвы дэфіцыт зь якім падвоіўся да 390 млрд эўра ў 2022 годзе. Таксама зьбіраліся заключыць новыя пагадненьні аб гандлі з краінамі Лацінскай Амэрыкі, Індыйскага і Ціхага акіянаў. У частцы 2.3 згадваўся намер укладаць больш у разьвіцьцё злучэньне газавых і электрасетак між дзяржавамі Эўразьвязу, каб павысіць выніковасьць энэргетычнага зьвязу. Дадатковыя ўкладаньні прадугледжваліся на пераабсталяваньне дамоў, каб павысіць іх энэргаашчаднасьць ва ўмовах росту цэнаў. Таксама прадугледжвалася разнастайнасьць паставак энэргіі, каб пазьбегнуць залежнасьці ад самаўладзьдзя Пуціна. Прасоўваўся бесстрароньні падыход у прасоўваньні біяпаліва, вадароднага паліва і электрацягі для самаходаў, самалётаў і караблёў. Адначасна прапаноўвалася засяродзіцца на разьвіцьці інфраструктуры Трансэўрапейскай транспартнай сеткі, каб палепшыць спраўнасьць Адзінага эўрапейскага рынку[9].

Трэці разьдзел улучаў 6 частак: а) «Нашая Эўропа бароніць эўрапейскі грамадзкі лад», б) «Нашая Эўропа захоўвае нашае народаўладзьдзе, традыцыі, культурнае багацьце і разнастайнасьць», в) «Нашая Эўропа дбае пра нашыя сем'і і тых у грамадзтве, хто мае найбольшую патрэбу», г) «Нашая Эўропа для грамадзянаў усялякага веку», д) «Нашая Эўропа паляпшае жыцьці людзей праз новаўвядзеньні ў галіне здароўя», е) «Нашая Эўропа гатовая да новых выклікаў». У частцы 3.2 згадвалася, што «тыя, хто перасьледуюць хрысьціянаў ня могуць мець ні выгаднай справы, ні добрых дачыненьняў з Эўропай». Тамсама адзначалася, што продаж грамадзянства Эўразьвязу за найвышэйшую стаўку служыць наўпроставай пагрозай бясьпецы, бо кідае Эўропу пад уплыў алігархаў і клептакратаў. Урэшце, падкрэсьлівалася: «Спробы Пуціна перапісаць гісторыю і адцягнуць увагу ад сваіх злачынстваў шляхам пашырэньня хлусьні варта прадухіляць і адназначна асуджаць. Мы маем забясьпечыць моцную ўстойлівасьць нашых грамадзяў да ўсялякага роду прапаганды з Крамля і да ўсялякага іншага замежнага ўмяшаньня»[9].

Сяброўства

рэдагаваць

На 2024 год сябрамі Эўрапейскай народнай партыі былі 82 партыі і супольнікі ў 43 краінах Эўропы, у тым ліку 43 партыі ў 27 краінах Эўразьвязу. У Беларусі супольнікамі ЭНП былі 3 грамадзкія аб'яднаньні, якія існавалі безь дзяржаўнага ўліку: Аб'яднаная грамадзянская партыя, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Рух «За Свабоду»[10].

Партыя Год уступленьня Пасланьнікаў у Палітсходзе
Аўстрыйская народная партыя 1991 4
«Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі» 2008 3
«Дэмакраты за моцную Баўгарыю» 2007 1
«Баўгарыя грамадзянаў» 2015 1
Саюз дэмакратычных сілаў (Баўгарыя) 1998 1
«Хрысьціянскія дэмакраты і флямандцы» (Бэльгія) 1976 1
Народная партыя (Гішпанія) 1991 7
«Новая дэмакратыя» (Грэцыя) 1983 4
Кансэрватыўная народная партыя (Данія) 1993 1
«Хрысьціянскія дэмакраты» (Данія) 1993 1
«Сямейства ірляндцаў» 1976 3
«Наперад, Італія» 1999 4
Паўднёватырольская народная партыя (Італія) 1993 1
«Папуляры за Італію» 2014 1
«Папулярная альтэрнатыва» (Італія) 2014 1
Зьвяз хрысьціянскіх дэмакратаў і дэмакратаў цэнтру (Італія) 1976 1
Трэнцка-тырольская аўтанамісцкая партыя (Італія) 2016 1
«Дэмакратычнае аб'яднаньне» (Кіпр) 1994 1
«Адзінства» (Латвія) 2003 1
«Саюз Айчыны — Летувіскія хрысьціянскія дэмакраты» 1996 2
Хрысьціянска-сацыяльная народная партыя (Люксэмбург) 1976 1
Нацыяналістычная партыя (Мальта) 2004 1
«Хрысьціянска-дэмакратычны заклік» (Нідэрлянды) 1976 3
Хрысьціянска-дэмакратычны саюз Нямеччыны 1976 12
Хрысьціянска-сацыяльны зьвяз (Нямеччына) 1976 3
Сацыял-дэмакратычная партыя (Партугалія) 1996 3
Дэмакратычна-сацыяльны цэнтар — Народная партыя (Партугалія) 2009 1
«Грамадзянская плятформа» (Польшча) 2003 7
Польская народная партыя 2004 2
Нацыянальна-лібэральная партыя (Румынія) 2005 5
Вугорскі дэмакратычны альянс Румыніі 1998 1
Партыя народнага руху (Румынія) 2014 1
«Славаччына» 2022 1
«Вугорскі альянс» (Славаччына) 2022 1
«Дэмакраты» (Славаччына) 2019 1
«Хрысьціянскі дэмакратычны рух» (Славаччына) 2002 1
Славенская дэмакратычная партыя 2001 1
«Новая Славенія — Хрысьціянскія дэмакраты» 2001 1
Славенская народная партыя 2001 1
«Нацыянальная кааліцыя» (Фінляндыя) 1995 2
«Хрысьціянскія дэмакраты Фінляндыі» 2001 1
«Рэспубліканцы» (Францыя) 2002 4
«Харвацкая дэмакратычная супольнасьць» 2002 2
Харвацкая дэмахрысьціянская партыя 2023 0
«Традыцыя, адказнасьць, дабрабыт 09» (Чэхія) 2011 2
Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз — Чэхаславацкая народная партыя (Чэхія) 1996 1
Умерананая кааліцыйная партыя (Швэцыя) 1995 2
«Хрысьціянскія дэмакраты» (Швэцыя) 1995 1
«Айчына» (Эстонія) 2004 1

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Леанард Тындэманс — першы старшыня партыі

8 ліпеня 1976 году ў Люксэмбургу хрысьціянска-дэмакратычныя партыі 7 дзяржаваў Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці (ЭЭС) заснавалі Эўрапейскую народную партыю (ЭНП). Партыі-заснавальніцы прадстаўлялі Бэльгію, Ірляндыю, Італію, Люксэмбург, Нідэрлянды, Нямеччыну і Францыю. Першым старшынёй ЭНП стаў бэльгійскі прэм'ер Леанард Тындэманс. Дагэтуль партыі-заснавальніцы ўваходзілі ў Эўрапейскі зьвяз хрысьціянскіх дэмакратаў (ЭЗХД), а зь 1946 году ўтварылі Новыя міжнародныя дружыны. У 1980 годзе ЭНП утварыла Эўрапейскі дэмакратычны зьвяз (ЭДЗ) з партыямі ЭЗХД па-за ЭЭС, куды таксама ўвайшлі кансэрватыўныя партыі Эўропы. У 1986 годзе ўрады Гішпаніі і Партугаліі сталі сябрамі ЭЭС, пасьля чаго ЭНП набыла больш сябраў за ЭЗХД[11].

 
Старая эмблема партыі 1999—2015 гадоў

У красавіку 1991 году кіраўнікі ЭНП вырашыла дапусьціць у свой склад кансэрватыўныя партыі Паўночнай Эўропы і Кансэрватыўна-юніянісцкую партыю Брытаніі. У 1999 годзе ЭЗХД зьліўся з ЭНП, бо яго партыі ўвайшлі ў Эўразьвяз. У 2002 год у склад ЭНП увайшоў ЭДЗ, бо ў яе ўвайшла большасьць кансэрватыўных партыяў Эўропы. У 2004—2008 гадох сябрамі ЭНП сталі сярэдне-правыя партыі 12 краінаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, якія ўвайшлі ў Эўразьвяз. Перад выбарамі ў Эўрапарлямэнт у чэрвені 2009 году ЭНП правяла першую агульную перадвыбарчую кампанію[11]. На выбарах у траўні 2014 году Эўрапейская народная партыя атрымала 211 зь 751 месца ў Эўрапейскім парлямэнце[12].

Да 2019 году ўсталявалі праграмы супрацы з партыямі ў Лібане і Марока. На 2024 год ЭНП улучала 84 партыі і супольнікі ў 44 краінах. У яе склад уваходзілі старшыні Эўракамісіі і Эўрапарлямэнту, 12 урадаў Эўразьвязу і 3-х урадаў іншых краінаў Эўропы, а таксама 10 эўракамісараў. Адпаведна фракцыі ЭНП была найбольшай у Эўрапарлямэнце[11].

Старшыні

рэдагаваць
 
Тындэманс, Букман і Сантэр (зьлева направа, 2011 год)
  1. Леанард Тындэманс (Бэльгія, 1976—1985)
  2. Пітэр Букман (Нідэрлянды, 1985—1987)
  3. Жак Сантэр (Люксэмбург, 1987—1990)
  4. Вільфрыд Мартэнс (Бэльгія, 1990—2013)
  5. Жазэф Доль (Францыя, 2013—2019)
  6. Дональд Туск (Польшча, 2019—2022)
  7. Манфрэд Вэбэр (Нямеччына, ад 2022 году)
  1. ^ Людзі (анг.) // Эўрапейская народная партыя, 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  2. ^ Зьвесткі для сувязі (анг.) // Эўрапейская народная партыя, 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  3. ^ а б в г д Статут ЭНП (анг.) // Эўрапейская народная партыя, 1 чэрвеня 2022 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  4. ^ https://www.europarl.europa.eu/contracts-and-grants/files/political-parties-and-foundations/audit-reports-and-donations/foundations/en-number-of-individual-members-per-european-political-party-2022.docx
  5. ^ https://www.europarl.europa.eu/contracts-and-grants/files/political-parties-and-foundations/audit-reports-and-donations/en-number-of-individual-members-per-european-political-party-2021-05.pdf
  6. ^ https://www.europarl.europa.eu/RegData/publications/divers/2022/1368/EP-PE_DV(2022)1368(2019-05-05)_XL.pdf
  7. ^ https://www.europarl.europa.eu/RegData/publications/divers/2022/1368/EP-PE_DV(2022)1368(2020-06-06)_XL.pdf
  8. ^ https://www.europarl.europa.eu/contracts-and-grants/files/political-parties-and-foundations/audit-reports-and-donations/foundations/en-number-of-individual-members-per-european-political-party-2023.docx
  9. ^ а б в г д е Маніфэст ЭНП 2024 году «Нашая Эўропа — бясьпечны і добры дом для народу» (анг.) // Эўрапейская народная партыя, сакавік 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  10. ^ Партыі і супольнікі (анг.) // Эўрапейская народная партыя, сакавік 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  11. ^ а б в Хто мы (летапіс) (анг.) // Эўрапейская народная партыя, 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.
  12. ^ Сяргей Кізіма. Нацыянальны ўхіл // Зьвязда : газэта. — 27 траўня 2014. — № 96 (27706). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Навіны (анг.) // Эўрапейская народная партыя, 2024 г. Праверана 18 ліпеня 2024 г.