Штучны інтэлект
Шту́чны інтэле́кт (ШІ, па-ангельску: artificial intelligence, AI) — інтэлект машынаў і навуковая праблема па ягонаму стварэньню, а таксама разьдзел кампутарнай лінгвістыкі і інфарматыкі, якая займаецца фармалізацыяй праблемаў і задачаў, якія нагадваюць задачы, што выконваюцца чалавекам. Пры гэтым у большасьці выпадкаў альгарытм рашэньня задачы невядомы загадзя. Дакладнага вызначэньня гэтай навукі няма, паколькі ў філязофіі ня вырашана пытаньне пра прыроду і статус чалавечага інтэлекту. Няма і дакладнага крытэра дасягненьня кампутарам «разумнасьці», хоць для штучнага інтэлекту быў прапанаваны шэраг гіпотэзаў, напрыклад, тэст Т’юрынга або гіпотэза Ньюэла-Саймана. У цяперашні час існуе шмат падыходаў як да разуменьня задачаў штучнага інтэлекту, гэтак і да стварэньня інтэлектуальных сыстэмаў.
Джон Макарці, вынаходнік тэрміну ў 1956 годзе, даў наступнае тлумачэньне: навука і тэхналёгія стварэньня інтэлектуальных машын[1][2]. Навука базуецца на ідэі, што разумнасьць, галоўная ўласьцівасьць Homo sapiens, можа быць дасьледаваная і апісаная настолькі падрабязна, што можна сымуляваць яе пры дапамозе машыны[3].
Гэтая навука зьвязаная з псыхалёгіяй, нэўрафізыялёгіяй, трансгуманізмам і іншымі навукамі. Як і ўсе кампутарныя навукі, яна выкарыстоўвае матэматычны апарат. Асаблівае значэньне маюць для яе філязофія і робататэхніка.
Кірункі дасьледаваньняў
рэдагавацьАналізуючы гісторыю стварэньня і разьвіцьця штучнага інтэлекту, можна вылучыць такі шырокі кірунак, як мадэляваньне разважаньняў. Шмат гадоў разьвіцьцё штучнага інтэлекту рухалася менавіта па гэтым шляху, і зараз гэта адна з самых разьвітых абласьцей. Мадэляваньне разважаньняў — гэта стварэньне знакавых сыстэмаў, на ўваходзе якіх пастаўленая нейкая задача, а на выхадзе патрабуецца ейнае рашэньне. Звычайна, прапанаваная задача ўжо фармалізаваная, г. зн. перакладзеная ў матэматычную форму, альбо ня мае альгарытму рашэньня, альбо ён занадта складаны, працаёмкі. У гэты кірунак уваходзяць: доказ тэарэмаў, прыняцьце рашэньняў і тэорыя гульняў, плянаваньне і дыспэтчарызацыя, прагназаваньне.
Немалаважным кірункам зьяўляецца апрацоўка натуральнай мовы, у рамках якога праводзіцца аналіз магчымасьцяў разуменьня, апрацоўкі і генэрацыі тэкстаў на «чалавечай» мове. У прыватнасьці, тут яшчэ не вырашаная праблема машыннага перакладу тэкстаў з адной мовы на другую. У сучасным сьвеце вялікую ролю гуляе распрацоўка мэтадаў інфармацыйнага пошуку. Па сваёй прыродзе, арыгінальны тэст Т’юрынга зьвязаны з гэтым кірункам.
Вялікія і цікавыя дасягненьні маюцца ў вобласьці мадэляваньня біялягічных сыстэмаў. Строга кажучы, сюды можна аднесьці некалькі незалежных кірункаў. Нэўронныя сеткі выкарыстоўваюцца для рашэньня невыразных і складаных праблемаў, як то распазнаваньне геамэтрычных фігур альбо клястэрызацыя аб’ектаў. Генэтычны падыход заснаваны на ідэі, што нейкі альгарытм можа стаць больш эфэктыўным, калі запазычыць лепшыя характарыстыкі ў іншых альгарытмаў («бацькоў»). Адносна новы падыход, дзе ставіцца задача стварэньня аўтаномнага прыкладаньня-агента, які ўзаемадзейнічае з вонкавым асяродзьдзем, завецца агентавым падыходам. Мэта падыходу — належным чынам прымусіць масу «ня вельмі інтэлектуальных» агентаў узаемадзейнічаць разам, і тым самым атрымаць «мурашыны» інтэлект.
Задача распазнаньня выяваў ужо часткова вырашаецца ў рамках іншых кірункаў. Сюды адносяцца распазнаньне знакаў, рукапіснага тэксту, мовы, аналіз тэкстаў. Асобна варта адзначыць кампутарны зрок, які зьвязаны з машынным навучаньнем і робататэхнікай. Наогул, робататэхніка і штучны інтэлект часта асацыююцца адно з другім. Інтэграваньне гэтых двух навук, стварэньне інтэлектуальных робатаў, можна лічыць яшчэ адным кірункам разьвіцьця штучнага інтэлекту.
Асабняком стаіць машынная творчасьць, у сувязі з тым, што прырода чалавечай творчасьці яшчэ меней вывучаная, чым прырода інтэлекту. Тым ня менш, гэтая вобласьць існуе, і тут пастаўленыя праблемы напісаньня кампутарам музыкі, літаратурных твораў, як то вершаў або казак, мастацкая творчасьць.
Нарэшце, існуе маса прыкладаньняў штучнага інтэлекту, кожнае зь якіх стварае амаль самастойны кірунак. У якасьці прыкладаў можна ўзгадаць праграмаваньне інтэлекту ў кампутарных гульнях, нелінейнае кіраваньне, інтэлектуальныя сыстэмы бясьпекі. Можна заўважыць, што шматлікія вобласьці дасьледаваньняў перасякаюцца. Гэта ўласьціва для любой навукі. Але ў штучным інтэлекце ўзаемасувязь паміж быццам рознымі кірункамі выяўленая асабліва моцна, і гэта зьвязана зь філязофскай спрэчкай аб моцным і слабым штучным інтэлекце.