Алігархія
Аліга́рхія (па-грэцку: ὀλιγαρχία (oligarchia) — «улада нямногіх», ад па-старажытнагрэцку: ὀλίγος (oligos) — «нямногія» і па-старажытнагрэцку: ἀρχή (arche) — «улада») — палітычны рэжым, пры якім улада знаходзіцца ў руках параўнальна малалікай групы грамадзянаў (напрыклад, прадстаўнікоў буйнога манапалізаванага капіталу[1]) і, часам, абслугоўвае іх асабістыя і групавыя інтарэсы, а не інтарэсы ўсіх грамадзянаў. Інакш кажучы, улада і капітал сканцэнтраваныя ў адных руках. Алігархі — чальцы алігархіі, могуць або самі быць чальцамі ўраду, або аказваць вырашальны ўплыў на яго фармаваньне і прыняцьце рашэньняў у сваіх асабістых і групавых інтарэсах.
Базавыя формы кіраваньня |
---|
Крыніца ўлады |
|
Форма дзяржаўнага ладу |
Формы дзяржаўнага кіраваньня |
Іншае |
рэд · пр · разм |
Алігархія ў антычнай палітыцы
рэдагавацьТэрмін першапачаткова пачалі выкарыстоўваць у Старажытнай Грэцыі філёзафы Плятон і Арыстотэль. Арыстотэль ужываў тэрмін «алігархія» ў значэньні «ўлада багатых», супрацьпастаўляючы яе арыстакратыі. Арыстотэль лічыў, што існуюць тры ідэальныя формы кіраваньня: манархія, арыстакратыя і палітыя, кожная зь якіх выраджаецца ў няправільныя формы — тыранію, алігархію, дэмакратыю адпаведна.
Арыстотэль лічыў дэмакратыю меншым злом, чым алігархію, дзякуючы большай стабільнасьці дэмакратычнага дзяржаўнага ладу. Ён лічыў любую алігархію недасканалай. Так, апісваючы дзяржаўны лад Спарты зь яе «ратацыйнай» алігархіяй эфораў, якая абмяжоўвала ўладу цароў, Арыстотэль пісаў: «Дрэнна ідзе справа з эфорыяй. Гэтая ўлада ў іх кіруе найважнейшымі галінамі кіраваньня. Папаўняецца ж яна з асяродзьдзя ўсяго грамадзянскага насельніцтва, так што ў склад ураду трапляюць часьцяком людзі зусім бедныя, якіх лёгка можна падкупіць».[2]
Зрэшты, і распаўсюджанае ў яго час меркаваньне пра неабходнасьць маёмаснага цэнзу пры абраньні найбольш дастойных — як гэта адбывалася ў Картагене — Арыстотэль таксама адпрэчваў з-за фактычнай «куплі ўлады»[3].
Сучасныя вызначэньні
рэдагавацьУ 1911 годзе сацыёляг Робэрт Міхельз сфармуляваў «жалезны закон алігархіі», паводле якога дэмакратыя (магчыма маецца на ўвазе прамая дэмакратыя) у прынцыпе немагчымая ў буйных грамадзтвах, і любы дэмакратычны рэжым непазьбежна выраджаецца ў алігархію. Прыкладамі могуць быць: улада намэнклятуры ў камуністычных краінах, карпаратакратыя ці плютакратыя ў шматлікіх заходніх дэмакратычных краінах (асабліва на фэдэральным узроўні ў ЗША), кампрадорская буржуазія ў краінах у стадыі разьвіцьця. У ЗША існуе распаўсюджаны слэнгавы тэрмін fat cat(en) — «тлусты кот» — для багатага бізнэсмэна, які ўкладвае грошы ў лябіяваньне сваіх інтарэсаў палітыкамі.
У СССР паліты-эканамічная літаратура пазначала «алігархію» як рэжым, пры якім палітычная ўлада належыць вузкаму колу людзей (напрыклад, найбольш багатых асобаў)[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Акадэмік» значэньне слова «алігарх» Праверана 2011-07-26 г. Архіўная копія ад 2011-08-23 г.
- ^ Аристотель. Политика, Антология мировой философии. М., 1969. Т.1. С. 465—475.
- ^ Арыстоцель Палітыка (II, Разбор дзяржаўнага ладу крыцян і карфагенян 8, 5-7).
Арыстоцель Палітыка (II, Разбор дзяржаўнага ладу лакедэманян 6, 14). - ^ БСЭ — Алігархія