Павал Сьцяпанавіч Крынчык (17 верасьня [ст. ст. 5 верасьня] 1898, в. Едначы, Слонімскі павет — 22 верасьня 1975, Слонім) — дзяяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст.

Біяграфія

рэдагаваць

Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносінаў у 1921. У 1920-я актыўны ўдзельнік Таварыства беларускай школы. З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акруговай управы ТБШ, з траўня 1929 сябра Галоўнай управы ТБШ.

Пасьля арышту Аляксандра Стагановіча ў чэрвені 1928 году абраны дэпутатам польскага сойма па сьпісе беларускіх арганізацыяў. Адзін з арганізатараў і сябраў Галоўнага сакратарыяту клюбу «Змаганьне». Уваходзіў у заходнебеларускі аргкамітэт па падрыхтоўцы Эўрапейскага сялянскага кангрэсу ў Бэрліне.

У жніўні 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў вязьніцы. У верасьні 1932 патрапіў пад абмен палітвязьнямі паміж Польшчай і СССР.

Працаваў на гаспадарчай рабоце. Арыштаваны 26 кастрычніка 1935. Асуджаны 1 красавіка 1936 «тройкай» НКУС за «сувязь з выведкай буржуазнай Польшчы» да 5 гадоў папраўчых калёніяў. Этапаваны ў адзін з Калымскіх лягераў. Рэабілітаваны 30 сакавіка 1956.

Жыў у Слоніме. Муж А. К. Лябецкай. Асабовая справа К. № 6824-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Перад сьмерцю расказаў свайму пляменьніку Уладзімеру Шундрыку, нібыта ў 30-х гадах у БССР існавала антысавецкае падпольле, якое выбрала падпольны ўрад, куды ўваходзіў і Крынчык. А пасьля пачаліся арышты. Напэўна, Крынчык быў адзіны з кіраўніцтва падпольля, які вярнуўся з канцлягераў[1].

Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (У суровыя гады падполля. Мн., 1958).

  1. ^ Праз 50 гадоў(недаступная спасылка) Сяргей Ёрш, Наша Ніва 1999-21

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць