Беларуская школа за мяжой

Белару́ская шко́ла за мяжо́й — беларускія школы, што знаходзяцца за межамі Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць

Станаўленьне беларускага школьніцтва за мяжой зьвязанае з арганізацыяй нацыянальна-культурнага жыцьця й прысутнасьцю сьвядомай нацыянальнай інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленьні беларусаў (канец XIX — пач. XX ст.) не былі адзначаныя дзейнасьцю беларускіх школ. У міжваенны пэрыяд ў Латвіі пры Міністэрстве асьветы дзейнічаў Беларускі аддзел для кіраўніцтва навучальнымі ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай беларускіх школ займаліся таварыства «Беларуская хатка», Таварыства беларускіх вучыцялёў, працавалі беларускія гімназіі ў Дзьвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 беларускіх школ у Дзьвінскім, Люцынскім паветах і Рызе. У Летуве справы школьніцтва вялі Міністэрства беларускіх справаў, Беларускі прафэсіянальны вучыцельскі саюз і таварыства «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асьветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасьцю беларускіх школ Вільні й Віленскага краю з часу стварэньня Сярэдняй Літвы кіравала Беларуская школьная рада (да пачатку 1921 г. было закладзена каля 200 беларускіх пачатковых школ), на аснове якой у красавіку 1921 г. створанае Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзясяткі школ. У 1921—1939 гг. у Заходняй Беларусі ў выніку палітыкі палянізацыі беларускіх школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польскай акупацыі, да 1936 г. засталося 16, у 1939 г. ня стала ніводнай. Былі закрытыя беларускія гімназіі ў Клецку, Наваградку, Нясьвіжы, Радашкавічах, а Віленская рэарганізаваная ў Беларускі філіял польскай гімназіі.

У Другую сусьветную вайну па розных прычынах у Нямеччыне й Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў. У 1945—1950 гг. пры Беларускіх лягерах для перамешчаных асобаў працавалі дзіцячыя сады, пачатковыя школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасьці. Дашкольным выхаваньнем былі ахопленыя дзеці ад З да 6 гадоў, у Заходняй Нямеччыне сады існавалі ў лягерах Ватэнштэт (1945—1948), Вайдэн, Міхэльсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогэнштраўс, Віндышбэргэрдорф, Остэргофэн (1947), Гібэльштат (1948), Бакнанг і Розэнгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, сьпевы, дэклямаваньне вершаў, чытаньне й пераказ апавяданьняў. Пачатковыя школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лягерох, дзе былі значныя беларускія асяродкі. Першыя адкрыліся восеньню 1945 г. у лягерох Госьляр, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лягерох Мітэнвальд (1947—1949), Віндышбэргэрдорф (1947—1949), Міхэльсдорф (1946—1949), Остэргофэн (1946—1949), Гановэр (1946—1950), Бакнанг (1949—1950). Выкладаліся беларуская й нямецкая мовы, арытмэтыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэтычнаму, і фізычнаму разьвіцьцю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя Максіма Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—1950), імя Ўсевалада Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—1949), у Остэргофэне (1947—1949). У Аўстрыі на ваенныя функцыі ў Швадорфе ў 1944 г. працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 беларускія школы — у Кірхгайме і ў лягеры для перамешчаных асобаў ДП 701-А Рыд.

У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражываньня, у пачатку 1950-х у асноўным завяршыўся выезд беларусаў у іншыя краіны сьвету. На новых месцах пасяленьня пры беларускіх грамадзка-культурных цэнтрах і дамах ствараліся суботнія й нядзельныя школы. Найбольш было ў ЗША (гарады Саўт-Рывэр, 1952; Нью-Брансўік, 1954; Нью-Ёрк, 1954; Кліўлэнд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрзі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лёндан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для беларускіх дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысьціянскім аб’яднаньні беларускіх работнікаў; у 1961—1975 г. у Лёндане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў горадзе Мэльбурн пры дапамозе Беларускага цэнтральнага камітэту нядзельная школа была адкрытая ў 1957 г., некаторы час працавалі школы ў гарадох Сыднэй, Адэлаіда, Пэрт. Для падтрымкі школ пры грамадзкіх арганізацыях існавалі школьныя фонды, у тым ліку Беларускі школьны фонд у ЗША (1956), фонд беларускіх падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літаратуру для беларускіх дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі зь песьнямі, нотамі, граматычныя практыкаваньні і інш. школьныя канспэкты) выдавалі ў Нью-Ёрку Беларускі выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф. Скарыны, беларускай парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага, Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (Саўт-Рывэр), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансўік) і інш.

З 1970-х гадоў беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасьці, зьменшылася іх колькасьць, новае пакаленьне беларусаў у асноўным ангельскамоўнае.

Сучаснасьць

рэдагаваць

У Польшчы існуе II Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы імя Б. Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім. Беларуская мова як абавязковы прадмет вывучаецца ў гайнаўскім Комплексе школаў з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы, які складаецца зь ліцэю й гімназіі. Па стане на 2010 г. у Польшчы беларускую мову вывучаюць у 38 навучальных установах — дзіцячых садках, пачатковых школах, ліцэях і гімназіях[1].

У Вільні з 1994 г. існуе адзіная беларускамоўная школа ў Летуве — Віленская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны. У Латвіі з 1994 г. функцыянуе Рыская беларуская школа[1]. У Таліне (Эстонія) з 2010 г. працуе Нядзельная школа беларускай культуры імя У. Караткевіча[2].

Літаратура

рэдагаваць
  1. ^ а б Сямён Печанко (1 верасьня 2010) Беларускамоўныя школы за мяжой. Наша НіваПраверана 8 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 3 верасьня 2010 г.
  2. ^ Дзяніс Марціновіч (25 студзеня 2012) Нядзельная школа беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча. Блог Дзяніса Марціновіча. Праверана 8 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 8 лютага 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць