Фабіян Ярэміч
Фабіян Ярэміч (20 студзеня 1891, вёска Дуляўцы, Ваўкавыскі павет — 29 чэрвеня 1958, Вільня) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч. Пасол польскага Сойму трох скліканьняў (у 1922 і 1928 гадох ад БНМ).
Фабіян Ярэміч | |
па-беларуску: Фабіян Мацвеевіч Ярэміч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
18 студзеня 1891 |
Памёр: |
29 чэрвеня 1958 (67 гадоў) |
Партыя: | |
Адукацыя: | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў электратэхнічную школу ў Пецярбургу. Працаваў у Вільні тэхнікам. У 1912 годзе трапіў у вязьніцу за сацыял-дэмакратычную работу сярод тэлеграфістаў. Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.
Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду (сьнежань 1917). Сябра прэзыдыюма Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сябра Рады БНР у 1918 годзе. У 1919—1922 гадах працаваў начальнікам тэлефоннай станцыі ў Вільні.
У польскіх крыніцах, на падставе архіўных зьвестак сьцьвярджаецца, што Ярэміч ваяваў на польскім баку падчас польска-бальшавіцкай вайны ў Беларускім палку стральцоў. Пасьля ў 1930-я — атрымаў як вайсковы асаднік зямлю на Паўночна-Ўсходніх Крэсах, быў чальцом Аб’яднаньня асаднікаў (Związku Osadników). Аднак беларускія гісторыкі даводзяць, што гэта быў іншы чалавек[1].
Дэпутат сейма Польшчы 3-х скліканьняў (1922—1935), старшыня Беларускага пасольскага клюбу ў 1925—1930 гадах пасьля выхаду адтуль Тарашкевіча.
Актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства беларускай школы. У 1925 годзе адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускага сялянскага саюзу, у 1926 годзе — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага каапэратыўнага банку[2][3]. У 1925—1930 гадах выдавец газэты «Сялянская Ніва».
У 1926 годзе ў складзе польскай парлямэнцкай дэлегацыі разам зь Пятром Мятлом наведаў БССР.
У 1928 годзе на кароткі час быў арыштаваны за антыпольскую дзейнасьць.
У час Другой сусьветнай вайны працаваў у органах акупацыйнай адміністрацыі ў Менску і Барысаве. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу (1944), быў запрошаны ў прэзыдыюм[4].
У 1945 годзе рэпрэсаваны і зьняволены савецкімі ўладамі ў канцлягеры да 1956 году. Пасьля вярнуўся ў Вільню, дзе дажываў два апошнія гады. Памёр у сваім доме ў Калёніі пад Вільняй (цяпер Павільнюс) пасьля цяжкай працы ў агародзе ад крывазьліцьця ў мозаг[5].
Пахаваны на Павіленскіх могілках. За магілаю ніхто не даглядае. Помнік нядаўна зьменены відавочна летувіскімі ўладамі. Прозьвішча цяпер напісана «Ереміч»[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Планка для беларускіх гісторыкаў новага пакалення?», Аляксандар Пашкевіч, ARCHE
- ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
- ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
- ^ Лена Глагоўская «60 гадоў Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу: 1944—2004», Алег Гардзіенка, Беларус № 397
- ^ Лена Глагоўская «Фабіян Ярэміч — „я, як прадстаўнік беларускага народу…“» Ніва № 33 (2727), 17 жніўня 2008 г.
- ^ «Невядомы віленскі нэкропаль», Сяргей Дубавец, Радыё Свабода, 22 верасьня 2005
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Слоўнік Маракова
- Слоўнік.орг (анг.)