Кабыльнік

вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы
(Перанакіравана з «Нарач (Нарачанскі сельсавет)»)
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Кабыльнікі (неадназначнасьць), Нарач (неадназначнасьць).

Кабы́льнік (з 1964 году — На́рач[1]) — вёска ў Беларусі, на рацэ Малінаўцы, за 4 км ад возера Нарачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2581 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 км на паўночны захад ад курортнага мястэчка Нарачы.

Кабыльнік
лац. Kabylnik
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Першыя згадкі: 15 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Сельсавет: Кабыльніцкі
Вышыня: 196 м н. у. м.
Насельніцтва: 2581 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222395
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°56′4.99″ пн. ш. 26°41′10.00″ у. д. / 54.9347194° пн. ш. 26.6861111° у. д. / 54.9347194; 26.6861111Каардынаты: 54°56′4.99″ пн. ш. 26°41′10.00″ у. д. / 54.9347194° пн. ш. 26.6861111° у. д. / 54.9347194; 26.6861111
Кабыльнік на мапе Беларусі ±
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захавалася драўляная касьцельная званіца ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі клясыцызму палац Сьвентажэцкіх, помнік архітэктуры XIX ст., спалены савецкімі партызанамі ў Другую сусьветную вайну.

Тапонім Кабыльнік, магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога, 12 сьнежня 1522 году набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары, у Людвіка Сьвірскага — «зямлю пустаўскую на імя Трухаўшчыну» (Труханкі) і ў Пятра Сьвірскага «зямлю пустаўскую на імя Якубоўшчыну на Едупе» (Рэдупля)[2]. У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва Кабыльнішкі[3] — вёска за 36 км на захад ад Паставаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтупаў. Назва паходзіць, відаць, ад славянскай асновы кобь — 'чары, чараўніцтва'. Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні 'чараўнік, калдун'. Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае 'конскае шчаўе'.

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Кабельнікі[4], Кабыльнікі.

У 1964 годзе савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з аднайменных курортным мястэчкам або самім возерам Нараччу. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік[5] і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай[6].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Паводле некаторых зьвестак[7], упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor, польск. Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Аднак у наш час не атрымалася знайсьці дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму. Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа[8]. Дасьледнік сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакштаў разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Сьвірскага (сярэдзіна XV ст.).

У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касьцёл[9] (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам»[10]. У 1579 «имением Кабыльникъ и дварцом Жары у Ошмянским павете» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае их «июля 19» у вечнае уладанне «малжонку миламу, Кнежати Стефану Карибутовичу Збаражскому, воеводе Троцкому, Державцэ Смилишскому, Жослинскому, Дорсунишскому»[11]. Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.)[12]. Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданьне Антонія Сьвентажэцкага.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555—1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіка Левэнгаўпта[13] ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня[14]). Па друім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе стаў цэнтрам памежнай парафіі Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

 
А. Ромэр. Стары касьцёл, 1880 г.

У час паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завялейскага палку паўстанцаў (генэрал-маёр Ксавэры Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завялейскага палку ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак па начной атацы войскам генэрала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішак[15].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У вайну 1812 году ў мястэчка 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.

На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у красавіку 1863 году каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня зь Сьвянцянаў паводле маршруту Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі[16].

У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльніку і двух аднайменных фальварках налічвалася 33 дамоў. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзеялі касьцёл, царква і сынагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. У 1892 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку[17].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Кабыльнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі[18], нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генэрала Аскара фон Гуцьера(ru), у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лынтупамі, Паставамі і Мядзельскім возерам. Каля мястэчка дзеяў нямецкі вайсковы аэрадром.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[19].

У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 году мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 году Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. На 1931 год у мястэчку дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузьні, 2—3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліцаў[12].

У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.

У Другую сусьветную вайну ў чэрвені 1941 году Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга Райху. У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф. Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі[20][21]. У час нападу спалілі палац Сьвентажэцкіх[22]. Савецкія партызаны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 годзе забілі тутэйшага ксяндза Паўловіча.

У 1947 годзе ў Кабыльніку зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Перамога». У гэты час у вёсцы працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня. З 20 студзеня 1961 году Кабыльнік знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 году савецкія ўлады перайменавалі паселішча ў Нарач.

На 1997 год у Кабыльніку было 1009 двароў, на 1999 год — 800. У 2000-я гады Кабыльнік атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».

Геаграфія

рэдагаваць

За 2 км на поўдзень і паўднёвы захад ад Кабыльніку разьмяшчаецца радовішча пяскова-жвіровага матэрыялу.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVII стагодзьдзе: 1641 год — 122 чал.[23]
  • XIX стагодзьдзе: 1847 год — 148 чал.; 1860 год — 344 чал.; 1866 год — 370 чал., у тым ліку 190 каталікоў, 164 юдэяў, 7 праваслаўных, 6 магамэтанаў, 4 стараверы[24]; 1885 год — 483 чал.; 1897 год — 1054 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1903 год — 903 чал.; 1931 год — 900 чал.; 1960 год — 1116 чал.; 1997 год — 2584 чал.; 1998 год — 2,7 тыс. чал.; 1999 год — 2,7 тыс. чал.[25]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 2,5 тыс. чал.; 2010 год — 2581 чал.

Інфраструктура

рэдагаваць

У Кабыльніку працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя і музычная школы, лякарня, пункт хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, бібліятэка, дом культуры, пошта, банку, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, сталоўка, крамы. Таксама ў вёсцы разьмяшчаюцца адміністрацыя сельсавету і ўправа сельскагаспадарчана прадпрыемства.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Заводзкая вуліца Мельніцкая вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Партызанская вуліца Купская вуліца
Першамайская вуліца Віленская вуліца (частка)
Кусеўская вуліца (частка)
Мядзельская вуліца (частка)
3 траўня вуліца
Піянэрская вуліца Шэметаўская вуліца Францішка Жвіркі і Станіслава Вігуры вуліца
Савецкая вуліца Канцылярская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Кабыльніку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Пастаўская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.

Эканоміка

рэдагаваць

Гаспадарчы двор з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, жывёлагадоўчая фэрма, Нарачанскі масласырзавод, Нарачанскі завод напояў, мясакамбінат, будаўніча-вытворчая ўправа «Нарач-прафбуд», склады курортнага каапэратыву, лінейны ўчастак.

Транспарт

рэдагаваць

У Кабыльніку працуе аўтастанцыя.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

У 1969 годзе ў Кабыльніку паставілі помнік 20 землякам, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны, таксама тут знаходзіцца магіла 80 ахвяраў нацысцкіх захопнікаў. На паўночнай ускраіне сучаснай вёскі — пахаваньні 4 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баёх ліпеня 1920 году.

Непадалёк ад вуліцы Пастаўскай знаходзіцца кіркут — жыдоўскія могілкі з памятнай дошкай ахвярам вайны. Далей на правым баку вуліцы Пастаўскай стаіць безыменны абэліск, які мясцовыя называюць магілай польскіх уланаў, што загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. На каталіцкіх магілках знаходзіцца вялікі помнік з узыходзячым арлом, прысьвечаны нямецкім жаўнерам, якія загінулі ў часы І Сусьветнай вайны, а побач стаяць крыжы іх магілаў.

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Капліца-пахавальня Шышкаў (1836)
  • Палац Сьвентажэцкіх. Разьмяшчаўся на тэрасе ракі Малінаўкі. Помнік архітэктуры клясыцызму, закладзены каля 1840 году.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 339
  2. ^ Будзька Ч. Кніжка аб Івашку Гарнастаю. — Т. 1. — Нью-Ёрк, 1955.
  3. ^ Кабыльнішкі
  4. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 348.
  5. ^ Кляшчук А. Колькі Нарачаў на Нарачы?(недаступная спасылка) // Зьвязда. № 226 (26834), 18 лістапада 2010.
  6. ^ Кулік В. Беларускія вёскі вяртаюць гістарычныя назвы, Радыё Свабода, 20 жніўня 2006 г.
  7. ^ Żamejć J. Świr i kościół Świrski: krótka historja na pamiątkę konsekracji kościoła, dokonanej przez jego Ekscelencję Księdza Arcybiskupa Romualda Jałbrzykowskiego, metropolitę Wileńskiego, dnia 17 i 18 czerwca 1928 r.
  8. ^ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895 (reprint Warszawa, 1994).
  9. ^ Нарач (да 1964 г. Кабыльнік) — парафія Св. Андрэя, апостала, Catholic.by
  10. ^ Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. — Менск, 1993.
  11. ^ Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. — Санкт-Петербург : Археографическая комиссия, 1846—1853. Т. 3. 1544—1587. С. 247.
  12. ^ а б Lwow B. Zza zakrętu historii. Tragedia Ziemi Naroczańskiej. Wspomnienia własne i zapożyczone. — Wroclaw, 2000.
  13. ^ Праўрацкі В. Паўночная вайна і Мядзельшчына // Нарачанская зара. — № 89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
  14. ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  15. ^ Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Менск: Пейто, 2002.
  16. ^ Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — Паставы: «Сумежжа», 2013.
  17. ^ Голуб М. Кабыльнікі, Віл. губэрні Сьвенцянск. пав. // Наша Ніва. — № 14. — 7 красавіка (апрыля) 1911 году.
  18. ^ Чарняўскі М. Першая імперыялістычная (Да падзей на Мядзельшчыне) // Нарачанская зара. — №№124—130. — Кастрычнік. — 1989 г.
  19. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  20. ^ Dziergacz J. Walka w zwerciadle. Uważam, że nadszedl czas powiedzieć prawdę // Glos znad Niemna. — 21 czerwca 2002.
  21. ^ Дзяргач Я. «Я гэта помню інакш…» Яшчэ адзін успамін пра вайну // «KRESY». — №8—9 (24), ліпень — жнівень 2003 г. C. 14—15.
  22. ^ Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: «Сумежжа», 2008. С.41—46.
  23. ^ Князева В. Нарач // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 278.
  24. ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 219.
  25. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 148.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць