Царква Сьвятога Ільлі Прарока (Кабыльнік)

Помнік гісторыі
Царква Сьвятога Ільлі Прарока
Ільлінская царква
Ільлінская царква
Краіна Беларусь
Вёска Кабыльнік
Каардынаты 54°56′9.39″ пн. ш. 26°41′22.78″ у. д. / 54.9359417° пн. ш. 26.6896611° у. д. / 54.9359417; 26.6896611Каардынаты: 54°56′9.39″ пн. ш. 26°41′22.78″ у. д. / 54.9359417° пн. ш. 26.6896611° у. д. / 54.9359417; 26.6896611
Канфэсія Беларускі экзахат
Эпархія Маладэчанская япархія[d] 
Царква Сьвятога Ільлі Прарока на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Ільлі Прарока
Царква Сьвятога Ільлі Прарока
Царква Сьвятога Ільлі Прарока
Царква Сьвятога Ільлі Прарока на Вікісховішчы

Царква Сьвятога Ільлі Прарока — помнік гісторыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка) у Кабыльніку. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на рагу гістарычных Рынку і Шэметаўскай вуліцы[a]. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Гісторыя рэдагаваць

Сасноўскі прыход рэдагаваць

Цэнтар Кабыльніцкага прыходу ад пачатку знаходзіўся ў вёсцы Саснове, што месьцілася каля возера Мядзелу. Паводле дасьледаваньня краязнаўцы І. Драўніцкага, па здушэньні паўстаньня 1830—1831 гадоў, расейскія ўлады ліквідавалі рымска-каталіцкую парафію ў Шэметаве, а будынак драўлянага касьцёла перайшоў да грэка-каталікоў. Уніяты разабралі і перавезьлі будынак у Саснова. Паводле вэрсіі Чэслава Каспарэўскага, па здушэньні паўстаньня ўніятам перадалі касьцёл, што месьціўся на востраве Замку возера Мядзела. Дасьледнік спасылаецца на запісаныя ў 1970 годзе ўспаміны рыбака зь вёскі Чараўкоў Сямёна Зарэцкага (1887 году нараджэньня). Паводле гэтых успамінаў, дзед С. Зарэцкага распавядаў, што на насыпной гары вострава Замка існаваў драўляны касьцёл. Ч. Каспарэўскі сьцьвярджае, што ў 1842 годзе «лацінскі» касьцёл разабралі і перавезьлі на перашыек паўвыспы Пярэчаты (пазьней называўся Папоўскі нанос) у вёску Саснова. Прыходзкую царкву асьвяцілі ў гонар Сьвятога Юрыя. Падобнага кшталту ўспаміны жыхара Мядзела Адольфа Іванавіча Клечкі друкаваліся на старонках «Нарачанскай зары», бо паловай выспы за польскім часам валодаў яго бацька Ян Пятровіч. У А. Клечкі захоўваўся плян выспы, складзены Казімерам Блажыевічам у 1924 годзе. Агульная плошча выспы складала 12 гектараў 840 квадратных мэтраў і разьмяшчаўся ён у Мядзельскай гміне Дунілавіцкага павету Віленскага ваяводзтва. У час яго маленства (10-12 год) на выспу прыяжджала дэлегацыя, што на Замкавай гары справіла набажэнства. Аднак паводле радзівілаўскага інвэнтару 1584 г. на высьпе возера Мядзела знаходзілася адзіная ў «волости Мядельского двора» руская царква, г.зн. праваслаўная. Воласьць складалася з наступных сёлаў: «Охабни», «Кропивна», «Кузьмийское», «Старомейское». Маёнтку належыла возера Мядзел, палова возера Мястры і частка возера Нарачы. Ф. Пакроўскі падае наступныя зьвесткі[1]:

  По свидетельству фундушевой записи 1543 г. и народному преданию, на расстоянии одной версты от Сосновской церкви, на о-ве оз. Мядельского, существовал когда-то замок князей Радзивиллов, от которого никаких следов теперь не осталось.  

У 1866 годзе, у час рэвізіі Сасноўскай царквы праасьвяшчэнны Язафат зьвярнуў увагу на неабходнасьць пабудовы новай царквы ў мястэчку Кабыльніку, якое было валасным цэнтрам. Згодна зь зьвесткамі «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў» (18 красавіка 1876 г.) «в с. Соснове, или Кобыльниках» дзейнічаў прыход Георгіеўскай праваслаўнай царквы (1 настаяцель і 1 псалёмшчык), да ліку якога належалі наступныя вёскі і засьценкі: Саснова, Стрыгаланы, Скорава, Чарэўка, Заленка, Краскі, Бядункі, Логвіна, Брэскі, Сярэды, Сіманы, Варанцы, Галубенка, Лыжыча, Плецяшы, Шмікі, Пішча, Ляшчынская, Шыкрама, Слукі, Рапеха, Пасошка, Чучаліца, Сьвіране, Лопліца, Целякі, Мікольцы, Пасынкі і Падрэзы. На 17 верасьня 1878 году прыход Сасноўскай царквы налічваў 1624 душ абедзьвюх плоцяў.

30 чэрвеня 1877 году на вакантнае месца пробашча сасноўскай царквы Сьвянцянскага павету прызначылі настаўніка Датнаўскай прыходзкай вучэльні Ковенскага павету Мацея Клопскага (пачаў выконваць свае абавязкі з 14 лістапада 1877 году). 29 кастрычніка 1879 году яго прызначылі ў склад рады Сьвянцянскага дабрачыньня. 18 сакавіка 1902 году, на ўласную просьбу, сьвятар Мацей Клопскі быў звольнены з пасады памагатага вілейскага дабрачыннага.

У час Першай сусьветнай вайны праз возера Мядзел праходзіла лінія расейска-нямецкага фронту і царква разам зь вёскай былі амаль цалкам зьнішчаны. На польскай «Мапе Літвы і Русі», апрацаванай Я. М. Бажэвічам і выданай у Варшаве ў 1919 годзе, Саснова[2] знаходзілася на паўднёвым беразе возера Мядзелу.

Кабыльніцкі прыход рэдагаваць

У 1875 годзе ў амаль суцэльна каталіцкім Кабыльніку ўлады Расейскай імпэрыі правялі ўрачыстую закладку нарожнага каменю ў падмурак мураванай царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1880 годзе скончылася будаваньне гэтай царквы, а 25 кастрычніка 1881 году адбылося ўрачыстае яе асьвячэньне ў гонар прарока Ільлі. Тым часам у вёсцы Саснове працягвала дзейнічаць прыпісная царква.

«Літоўскія епархіяльныя ведамасьці» ад 6 верасьня 1896 году зьмяшчаюць карэспандэнцыю пра ўзнагароду псаломшчыка Кабыльніцкай цаквы:

  „Высочайшие награды. Государь Император, по всеподданейшему докладу Синодального Обер-Прокурора, согласно определению Св. Синода, Всемилостивейше соизволил, 16 сего сентября на награждение псаломщика Кобыльникской Свято-Ильинской церкви, Свентянского уезда, Виленской губ. золотой медалью, с надписью „за усердие“ для ношения на шее на Аннинской ленте“.  

28 сакавіка 1897 году прыхаджанам Кабыльніцкай царквы Сьвянцянскага павету перадалі архіпастырскае бласлаўленьне за ахвяраваньне на рамонт будынка 360 рублёў, а таксама мясцовай зямянцы М. Скрабіцкай за ахвяраваньне ў 205 рублёў, пратаярэю І. Сяргіеву (160 руб), купчысе з Санкт-Пецярбургу Зьмеевай за 50 руб., б. народнаму настаўніку Ясінскаму (25 руб), прыставу Тымінскаму (10 руб.), урадніку Кіяніну (15 руб.) і земляўласьніку Сямёну Красоўскаму, які ахвяраваў мэталёвыя харугвы ў царкву, коштам звыш 200 рублёў, і які за ўласны рахунак выправіў страху на царкоўнай агароджы. Кабыльніцкая царква паводле зьвестак ад 8 чэрвеня 1897 году газэты «Літоўскія епархіяльныя ведамасьці» належала да Сьвянцянскага дабрачыньня Літоўскай епархіі. Паводле рэзалюцыі архіяпіскапа літоўскага і віленскага Ераніма ад 24 кастрычніка 1897 году за № 3650, настаўнікам Кабыльніцкай царкоўна-прыходзкай школы Сьвянцянскага павету прыначаўся мясцовы сьвятар Аляксандар Анкірскі. 17 верасьня 1902 году сьвятар Кабыльніцкай царквы Арыстарх Білеў быў прызначаны памагатым дабрачыннага. Паводле зьвестак кнігі «Памяць», у 1913 годзе таксама сьвятаром быў А. Білеў. Паводле ўспамінаў Зосі Дзергач, сьвятарамі Кабыльніцкай царквы ад польскага часу і да савецкай перабудовы былі наступныя асобы: Уладзімер Савіцкі, Пётар Бацян (у 1942 году немцы ў час імшы зьвезьлі), Аляксандар Лапіцкі (помнік каля царквы), Аляксандар Іваноў, Мікалай Дубяга, Георгі Міцько.

Архітэктура рэдагаваць

Прыклад сынадальнага кірунку эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю: 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацьверыках), прастакутная ў пляне трапезная, кубападобны аб’ём малітоўнай залі, паўкруглая апсыда. На фоне бутавай муроўкі сьценаў вылучаюцца пабеленыя элемэнты архітэктурнага дэкору: лапаткі, кілепадобныя ліштвы аркавых праёмаў. Прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, круглыя разеткі з крыжамі, «ізумрудны» руст. Шатровыя дахі званіцы і асноўнага аб’ёму завяршаюцца купаламі-цыбулінамі. Галоўны ўваход мае выгляд магутнага партала з кілепадобнай аркай на 2 калёнах, бакавыя прастакутныя ўваходныя праёмы афармляюцца прафіляванымі аркавымі парталамі з круглымі разеткамі. Мастацкі эфэкт будынка ствараецца буйнамаштабнай бутавай муроўкай шэра-ружага колеру з запаўненьнем вапнавых швоў дробнымі каменчыкамі, а таксама спалучэньнем гэтай паліхроміі з атынкаванымі элемэнтамі архітэктурнага дэкору.

Унутры памяшканьні аб’ядноўваюцца ў агульную прастору шырокімі аркавымі прасьветамі. Мастацкім акцэнтам інтэр’еру выступае драўляны разны 2-ярусны іканастас, створаны на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў. У скразную арнамэнтальную разьбу царскіх варот улучаюцца абразы-тонды эвангелістаў[3].

Будынак атачае бутавая агароджа з цаглянай брамай.

Галерэя рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Сучасныя здымкі рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Першамайская

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Покровский Ф. Археологическая карта Виленской губернии. Вильна, 1893. С. 32.
  2. ^ Фрагмэнт мапы з Сасновым
  3. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.

Літаратура рэдагаваць

  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць