Гісторыя Кабыльніку

Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню паселішча згадваецца ў XV стагодзьдзі пад назвай Мядзел Малы (па-лацінску: Medal Minor, па-польску: Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Дадзенае сьцьверджаньне ўпершыню было надрукавана ў кнізе на польскай мове сьвірскага ксяндза Юрыя Жамейця «Сьвір і касьцёл сьвірскі» (1928). Аднак дакумэнтальных пацьверджаньняў пакуль што не існуе.

Ускосная спасылка ёсьць у кнізе польскага гісторыка Ю. Вольфа. Дасьледчык сьцьвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакшты разьмяшчаўся «двор Замяделье» князя Петкі Раманавіча Сьвірскага (сярэдзіна XV ст.). Пазьней двор перайшоў ва ўласнасьць да яго сына Марціна Петкавіча і стаў называцца Марцыньяны. У 1905 годзе, паводле Г. Гашкевіча, фальварак з 98 дзесяцінамі зямлі набыў Гальян Вансовіч. На польска-нямецкай мапе 1936 году фальварак пазначаны як Гальянава. Зьнішчаны падчас Другой сусьветнай вайны.

Мястэчка разьмяшчалася над рэчкай Сырмеж, ад Вільні — 105 км, ад Сьвянцянаў — 49 км. У 1463 годзе ў мястэчку быў збудаваны драўляны касьцёл[1] (перабудоўваўся ў 1736 годзе).

11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» віленскаму ваяводу Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам»[2]. Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Казелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.). Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў ва ўласнасьць Антонія Сьвентаржыцкага.

Ф. Пакроўскі ў сваёй кнізе «Археологическая карта Виленской губернии» (Вильно, 1893) падае наступныя зьвесткі: «м. Кобыльники, 44˚22 ̕-51˚56̕ , Кобыльникской вол., Свентянского уезда. В церковном архиве хранится подлинная фундушевая запись 1551 г., данная кн. Збаражским (С)».

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1555—1556) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Станам на 1641 тут было 19 дамоў, 122 жыхары. Беларускі гісторык З. Капыскі ў кнізе «Сацыяльна-палітычнае разьвіцьцё гарадоў Беларусі ў XVI — п.п. XVII ст.» адзначае наступнае: «Пра кірмашы ў мястэчках Даўгінаве, Кабыльнікі, куды езьдзілі магілёўскія купцы, паведамляе запіс магістрацкай кнігі Магілёва за 1643 г.»[3].

Дзеяч Рэфармацыі Салямон Рысінскі («першы беларус»), які ў 1586 годзе запісаўся ў Альтдорфскі ўнівэрсытэт пад Нюрнбэргам і назваў сябе беларусам, двойчы ўзгадваў як месца свайго нараджэньня як Кабыльнікі. Гэта сьведчыць пра памежнае становішча Кабыльніку паміж землямі гістарычнай Літвы і Полаччыны («Белая Русь»).

Адам Кіркор у нарысе на польскай мове пад назвай «Краязнаўчыя вандроўкі па губэрні Віленскай» (8 ліпеня 1855 г.) сьцьвярджае, што падчас Паўночнай вайны ў Кабыльніку некаторы час знаходзіўся швэдзкі кароль Карл ХІІ. Дакумэнтальнага пацьверджаньня на дадзены момант гэтаму гістарычнаму факту не існуе.

Летам 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Левэнгаўпта ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня).

Вышэйузгаданы Ф. Пакроўскі ў артыкуле пра Кабыльнік падае наступныя зьвесткі: «При дер. Лапинцы Кобыльникской вол., находится курган, по словам народа, шведский, высотою более 1 саж. и до 250 саж. в окружности; в нем часто попадаются человеческие кости, и раз здесь найден был одним мальчиком золотой полуимпериал (?)».

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кабыльнік застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе зрабіўся цэнтрам памежнай парафіі Завілейскага павету Віленскага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Падчас паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месьціўся авангард 27-га Завілейскага палка паўстанцаў (генэрал-маёр Ксаверы Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завілейскага палка ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак пасьля начной атакі войскім войскам генэрала Германа, паўстанцы былі вымушаны адступіць да Міхалішак (зьвесткі з допыту падпалкоўніка Я. Зяньковіча ў смаленскай камісіі ад 22 лютага 1795 году).

9 лістапада 1796 году з допыту загадчыка маёнткам Ваўкалаты М. Рэўта: «Допросом же он, Реут, показал, что в российском подданстве не состоит. Мятежник Зинкович был ему знаком потому, что он, сделавшись поветовым генералом Ошмянского повету, приезживал в дом писаря минского Антония Свянторецкого, состоящий в деревне Кобыльниках, в которой он, Реут, находился управителем и выбирал в польскую службу крестьян. А хотя он, Зинкович, и приказывал ему, Реуту, чтоб в Кобыльниках и в его, Зинковича, деревне Веричите положить яду в мед, дабы, когда российские солдаты придут, оным их отравить, но он, Реут, яду нигде не клал, боясь греха, шпионом у него, Зинковича, не бывал, российских курьеров никогда не ловил, но напротив делал им всевозможное пособие и господин его, Свиторецкой, с польскими мятежниками никакого сообщества не имеет, но всегда их удаляется».

Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе расейскімі ўладамі была ўтворана Віленская губэрня з былых Віленскага, большай часткі Троцкага ваяводзтваў, а таксама Жамойцкага староства.

У вайну 1812 году ў Кабыльнік 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.

Станам на 1847 Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і 43 жыхароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентаржыцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Сігізмунда Шышкаў. Тут было 17 двароў і 105 жыхароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. У 1847 годзе ў мястэчку пражывала 140 габрэяў.

Адам Кіркор у «Краязнаўчых вандроўках» піша, што Кабыльніцкаму маёнтку ў 1855 годзе належала частка возера Нарач: «Нарач лічыцца найвялікшым возерам у Літве: яно мае 7 міляў у акружнасьці, 11500 сажні даўжыні, 7500 шырыні і 15 глыбіні. Пану Генрыку Сьвянтэцкаму належыць 12 вёрст берагу таго возера, а значная частка таксама да маёнтку Кабыльнік спадара Шышкі».

Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага (1863) у красавіку каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы атрад абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня са Сьвянцянаў па маршруце Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі. Для пакрыцьця стратаў, учыненых паўстаньнем, расейскімі ўладамі на земскае абывацельства быў накладзены шэраг падаткаў і кантрыбуцыяў. У лік маёнткаў, што падлягалі 10% падатку, увайшоў і Кабыльнік. На пана Шышку з Кабыльніку быў налічаны падатак у памеры 218 рублёў 75 капеек. 12 ліпеня а 22:00 са Сьвіры выступіў палкоўнік Чэбышаў з ротай пяхоты і 5 казакамі, маршрут якога пралягаў церазь Сьвітайлішкі — Струнойці — Станьчыкі, Пустэльню, Канстантынова, Барані Рог, Глыбокі Ручай, Кабыльнік, Мельнікі і Баранаўку. Вядома з расейскіх крыніцаў, што ў паўстаньні бралі ўдзел Фэлікс і Ігнацы Пшыемскія з Кабыльніку, Вінцэнты Тамкевіч — шляхціц з маёнтка Кабыльнік.

У 1866 годзе ў мястэчку і на двух фальварках налічвалася 33 дамоў, 370 жыхароў, у тым ліку: 7 праваслаўных, 190 каталікоў, 164 жыдоў, 6 магаметанаў і 4 стараверы. На 1885 у Кабыльніку дзейнічалі касьцёл, царква, багадзельня, сынагога; працавалі 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі. Тады ж у Кабыльніку было 17 двароў, 172 жыхароў і 311 мяшчан.

18 сьнежня 1890 году ў Кабыльніку нарадзіўся выдатны савецкі пэдагог Ізраэль Данюшэўскі(ru). У 1897 годзе ў мястэчку пражываў 591 габрэй (56%). У другой палове рабінам у Кабыльніку быў Шолам-Ар’е Штам, у пачатку ХХ стагодзьдзя — Хаім Любоцкі.

У 1892 адкрылася народная вучэльня. У 1892/1893 навучальным годзе ў ёй навучаліся 59 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, у 1900/1901 — 75 хлопчыкаў. 29 красавіка 1896 году мястэчка Кабыльнікі Сьвянцянскага павету было абрана месцам льготных экзамэнаў для вучняў Кабыльніцкай і Занарацкай народных вучэльняў. Старшынём камісіі быў прызначаны сьвятар Засьвірскай царквы Мікалай Кустаў. На старонцы 99 кнігі «Памяць» зьмешчаны адбітак пячаткі Кабыльніцкай пачатковай народнай вучэльні. У пачатку ХХ стагодзьдзя настаўнікам быў Ал. Кулік.

На 1903 у мястэчку былі казённая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. Напачатку XX стагодзьдзя ў мястэчку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у Кабыльніку працавала вінакурня на паравым рухавіку.

Першая сусьветная вайна

рэдагаваць

У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 Кабыльнік занялі нямецкія войскі, нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаваньнем генэрала Аскара фон Гуцьера(ru), у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У праваслаўнай царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Ужо пасьля вайны сярод нямецкіх могілак з бэтоннымі крыжамі быў пабудаваны манумэнт, які быў аздоблены нямецкім арлом з распасьцёртымі крыламі. На барэльефе ёсьць выява мяча і ляўровай веткі, а таксама надпіс па-нямецку: «У гонар і памяць герояў, якія палі за сваю Айчыну. ХХІ армейскі корпус». У гады Другой сусьветнай вайны партызаны спрабавалі скінуць арла, але нічога не атрымалася. Тады яны прастрэлілі арлу адно крыло.

Мірнымі жыхарамі і ваеннапалоннымі падчас Першай сусьветнай вайны была праведзена вузкакалейка, якая злучала Лынтупы і Кабыльнік, а потым разыходзілася ў двух кірунках — на Паставы і да Мядзельскага возера. Каля мястэчка дзейнічаў нямецкі вайсковы аэрадром. 16 чэрвеня 1916 году згодна са зводкамі стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскай арміі прыводзяцца наступныя зьвесткі: «На поўнач ад возера Мядзел прапаршчык Томсан на апараце „Н’юпар“ перасьледваў нямецкі „Альбатрос“ і гнаў яго да м. Кабыльнікі. „Альбатрос“ зьляцеў у кірунку на паўночны захад, а Томсан, абстраляўшы з кулямёта лягер на аэрадроме ў раёне Кабыльнікі, шчасьліва вярнуўся». У фондах Мядзельскага музэю Народнай Славы захоўваюцца ўспаміны жыхара мястэчка Маліноўскага пра Кабыльнік у гады Першай сусьветнай вайны. Паводле ўспамінаў, мясцовыя жыды стварылі дружыну для дапамогі нямецкім жандарам. Захаваўся таксама фотаальбом Кабыльніку часоў першай сусьветнай вайны нямецкага фатографа (Kobylnik im Schnee Kanzleistrasse, Kobylnik: Russische Hütte im Schnee, Wilnaer Straße in Kobylnik, Röm.-Kathol. Kirche in Kobylnik, Kobylnik Westeingang і інш). Паводле нямецкага вайсковага пляну Кабыльніка (маштаб 1:5000) мястэчка налічвала 7 вуліцаў. Дзе знаходзіліся Мельнікі-штрасэ, Віленская, Пастаўская, Мядзельская не патрэбна тлумачыць мясцовым жыхарам. Mühlen-Straße (млын-вуліца) называлася Кусеўская. Шэметаўскай (Schemo-Straße) называлася цэнтральная вуліца, што праходзіла каля праваслаўнай царквы. Паралельна ёй ішла Канцылярская вуліца (Kanzlei-Straße). Рэчка Малінаўка пазначана як Sermesch-Bach.

Савецка-польская вайна

рэдагаваць

У 1919 у мястэчка ўвайшлі палякі. 12 ліпеня 1920 году паміж Савецкай Расеяй і Летувой была заключана мірная дамова, паводле якой вызначаліся межы паміж краінамі. Мяжа праходзіла па лініі ўмацаваньняў былога расейска-германскага фронту часоў Першай сусьветнай вайны. Паводле дамовы Кабыльнік апынуўся ў складзе Летувы, аднак ўжо 11 ліпеня 1920 году — у мястэчка ўвайшлі кавалерысты 18-й дывізіі 4-й арміі бальшавікоў (г. зв. «першыя Саветы»). Паводле ўспамінаў старажылаў мястэчка, пераважная большасьць кавалерыстаў была азіяцкага паходжаньня і займалася адкрытым рабаваньнем местачкоўцаў.

II Польская Рэспубліка

рэдагаваць

У кастрычніку 1920 Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. 1 красавіка 1927 г. з Кабыльніцкай гміны была вылучана вёска Гірыны, якая далучалася да Мядзельскай, затое Занарацкая гміна цалкам уключалася ў склад Кабыльніцкай (паводле загаду міністра ўнутраных спраў Славоя Складкоўскага ад 11 лютага 1927 г.).

Станам на 1931 у мястэчку разьмяшчаліся касьцёл, сынагога, царква, цагельня, млын зь лесапілкай, аптэка, пажарнае дэпо. Управа Кабыльніцкай гміны(pl) разьмяшчалася ў мураваным з цэглы будынку на вуліцы Ю. Пілсудзкага. Паліцэйскі пастарунак разьмяшчаўся на перасячэньні вуліцы Пастаўскай і рынкавага пляцу. Паштовае аддзяленьне знаходзілася на вуліцы 3-га траўня. У гонар Юзэфа Пілсудзкага ў межах праекту «100 школ на Віленшчыне» ў Кабыльніку была адчыненая агульнаадукацыйная сяміклясная школа. Школа была драўляная і пабудаваная ў выглядзе літары L — на памяць польскіх легіёнаў (даўжыня — 90 м, прыбудова — 40 м, агульная шырыня — 12м). Асяродкам культуры ў мястэчку быў Дом Людовы (на пляцу перад касьцёлам), які меў залю для танцаў і сцэну для тэатральных выступаў. У Доме Людовым таксама дэманстраваліся кінастужкі выязнога кіно. Пры кабыленскай пажарнай добраахвотніцкай дружыне дзейнічаў аркестар, які акрамя травенскіх канцэртаў выступаў на розных дзяржаўных урачыстасьцях.

Значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцьці мястэчка адыгрывала грамада габрэяў. Пазьней Меер Сьвірскі ўзгадваў: «Гэта было мястэчка, у якім жыло каля тысячы чалавек, трэцяя частка зь іх — габрэі. Крамы ў большасьці належалі ім, ды і рамесьнікі ў асноўным яны былі. Памятаю, як стаялі тут габрэйскія крамкі і шавецкія майстэрні, працавалі краўцы, кавалі і бляхары. Мы жылі тут па суседзтве зь беларусамі, палякамі, татарамі. Кожны жыў і верыў па-свойму ў таго ж Бога… Гэта быў рай майго дзяцінства». Усяго ў Кабыльніку пражывала 65 габрэйскіх сямействаў.

У мястэчку было вельмі разьвіта прадпрымальніцтва. Па аўторках у мястэчку праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У мястэчку была прыватная гарбарня, дзе апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку. Дзейнічала прадпрыемства па апрацоўцы воўны, 2 кузьні, 2-3 сталяркі (у адной вырабляліся нават лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні па вырабу колаў і тавараў з бляхі. Свае паслугі аказвалі прыватны фатограф Аляксандар Дзергач. Для прыёму хворых дзейнічаў кабінэт доктара Дубавецкай і фэльчара Браніслава Шутовіча. Спадар Казакевіч арганізаваў выраб бэтонных кругоў для калодзежаў. У мястэчку працавалі некалькі шаўцоў, краўцоў мужчынскіх і жаночых, дзьве цырульні. Працавалі 2 пякарні, 2 мясныя лаўкі, млякарня, 2 рэстараны. Свае паслугі аказвалі крамы па продажы спажывецкіх тавараў і тэкстылю, адна крама з гаспадарчымі таварамі і абуткам.

Паводле пляну Кабыльніку 1939 году, зьмешчанага ў краязнаўчай кнізе Барыса Львова, мястэчка налічвала 10 вуліцаў. Мядзельская, Кусеўская (у канцы вуліцы быў млын), Купская (сучасная Партызанская) і Пастаўская па-ранейшаму так называюцца сярод местачкоўцаў. Вуліца 3-га Траўня праходзіла перад плошчай да павароту на касьцёл, а Віленская ішла ўздоўж Дому Людовага і касьцёлу. На вуліцы Ю. Пілсудзкага разьмяшчаліся будынкі пажарнай аховы і школы, насупраць якіх знаходзіўся будынак гміннай управы. Скончвалася вуліца ля палацу Пікутоўскага. Гмінная злучала вуліцу Ю. Пілсудзкага і сырмескую дарогу. Паралельна ёй і пэрпэндыкулярна вуліцы Ю. Пілсудзкага месьцілася вуліца Пекная (Прыгожая), якая насамрэч была хутчэй завулкам. Цэнтральная вуліца, якая праходзіла ад рынкавай плошчы і да павароту на Купскую, насіла імя Жвіркі і Вігуры. Францішак Жвірка (родам са Сьвянцянаў) — спартовы паветраны ас, вэтэран Першай сусьветнай вайны, сумесна з бартавым інжынэрам Станіславам Вігурам у Бэрліне занялі першае месца і выйгралі міжнародны кубак у спаборніцтвах самалётаў пад назвай Challenge 1932(pl).

«Інфармацыйны бюлетэнь» сэкцыі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры Інстытуце гісторыі АН БССР у № 12(45) за сьнежань 1936 году паведамляе:

«Нядаўна завершана будаўніцтва дарогі Вільня-Кабыльнікі-Вярэнькі-Паставы. „ІКЦ“ падкрэсьлівае, што гэта дарога мае ня толькі агромністую значнасьць для разьвіцьця дрэваперапрацрўчай прамысловасьці, але і выключна важнае стратэгічнае значэньне, бо яна злучае Вільню з самым вялікім у Польшчы возерам Нарач, і што праз пэўны час гэта шаша злучаць Польшчу з Латвіяй і СССР» («ІКЦ», 5/XII-36 г.).

З прамовы віленскага арцыбіскупа Ялбжыкоўскага на ўрачыстым адкрыцьці апошняга перадваеннага (4-кілямэтровага) адцінку Кабыльнік-возера Нарач.


  Чатыры кілямэтры вузкакалейкі – усьміхнецца паблажліва ці іранічна жыхар сталіцы, слушна ўважаючы вузкакалейныя чыгункі за перажытак мінулага. Але гэта не перажытак на Крэсах Усходніх, дзе брак шляхоў зносінаў адчуваецца вельмі даткліва. Таму ініцыятыва Лігі падтрымкі турызму – арганізацыі, якая ўжо дала Польшчы не адну карысную інвэстыцыю – тут пайшла ў належным кірунку. Нарач – «Віленскае мора» – найбольшае возера Польшчы, цяпер, ад 5 чэрвеня [1937 г.] мае чыгуначную камунікацыю [...]

Дагэтуль «Віленскае мора» было даступнае толькі для людзей загартаваных у цяжкасьцях. Падарожжа з Вільні да Кабыльніку займала каля 10 гадзінаў, таму што гэтыя апошнія 4300 мэтраў трэба было брысьці па бездарожжы. Цяпер зь Вільні трэба ехаць ледзьве 4 гадзіны (уключаючы перасадку ў Лынтупах з “нармальнага” на вузкакалейны цягнік), прычым чыгунка падыходзіць да самага берагу возера, амаль да школьнага лягеру і базы Лігі Марской і Каляніяльнай. Гэтая чыгунка належыць да самых маляўнічых у Польшчы. Некаторыя яе дзялянкі (асабліва каля Ольшэва) жыва нагадваюць Шварцвальд ці Вагезы. Каляіна віецца сэрпантынам па высокім насыпе, сярод густога бору, пераскокваючы празь яры, на дне якіх бягуць імклівыя рачулкі, дзе водзіцца стронга. Апошні адцінак чыгункі з нарачанскім краявідам проста найпрыгажэйшы. Дзеля аднаго гэтага відовішча варта сюды прыехаць. Малы вакзальчык, гарманічна ўпісаны ў навакольнае асяродзьдзе, вытрыманы ў своеасаблівым стылі, а пабудаваны... з вагонных кузаваў, зьмененых да непазнавальнасьці. Далей раскідваюцца амаль 80 квадратных кілямэтраў воднай прасторы, пакрытай яхтамі, катэрамі, лодкамі, байдаркамі [...] Пабудова чыгункі, пад кіраўніцтвам інжынэра Забакліцкага, была скончаная ў рэкордны тэрмін — 3 месяцы. З агульнага бюджэту каля 70 тыс. злотых 60% дало Міністэрства Камунікацыі, а рэшту — Ліга падтрымкі турызму. (Часопіс «Turysta w Polsce», 1937 г.).

 

Незадаволеныя палітыкай апалячваньня жыхары мястэчка стварылі Кабыльніцкую партыйную суполку КПЗБ (1923), у 1926 годзе пераўтворанай у падраённы камітэт. У склад суполкі ўваходзілі сакратар Аляксандар Каркос («Белы»), тэхнік Піліп Серада («серадняк») і яго жонка Марыя, казначэй Ёсіф Тункевіч («Дядзя Толя»), Францішак Сільвановіч, Марцін Падгайскі, Лявон Карпаў, Юльян Зарэцкі. Явачнай кватэрай была кватэра мясцовага шаўца Ёсіфа Зданоўскага. Аднак местачкоўцы ня ведалі пра рэпрэсіі ў БССР. Асановіч Адам Ібрагімавіч (нар. у 1893 г.), ураджэнец м. Кабыльнік Віленскай губ., рабочы арцелі «Чырвоны гарбар» (м. Смалявічы) быў асуджаны 02.01.1933 г. тройкай пры ПП АДПУ па БССР на 5 гадоў ППЛ. Рэабілітаваны 26.12.1989 г. У 1937 годзе быў рэпрэсаваны габрэйскі паэт, драматург і празаік Мойша Кульбак, які ў адным са сваіх вершаў на габрэйскай мове апісвае мястэчка Кабыльнік падчас адведак свайго дзеда.

Падзел міжваеннай Польшчы

рэдагаваць

Паводле сакрэтнага пакту Молатава-Рыбэнтропа тэрыторыя Польскай Рэспублікі падлягала падзелу паміж Нямеччынай і СССР. Большая частка Віленшчыны разам з горадам Вільняй паводле дамовы павінна была адыйсьці да Летувы.

1 верасьня 1939 году пачалася Другая сусьветная вайна. Ураджэнцы Кабыльніцкай гміны ў складзе польскіх узброеных сілаў першымі прынялі на сябе ўдар Нямеччыны. Жыхара мястэчка Часлава Лявіцкага за два тыдні перад нападам немцаў мабілізавалі ў 6-ы пяхотны полк у Вільні. Пасьля пачатку вайны дывізію ў складзе 5-га і 6-га віленскіх палкоў, 85-га маладэчанскага і 77 лідзкага палкоў павезьлі чыгункай у Беласток, а потым пешшу адправілі пад памежны горад Пултуск. У кожнага жаўнера была пастаўлена задача забіць па тры нямецкіх салдаты, паколькі немцаў было ў тры разы больш. У глыб Нямеччыны дывізія прасунулася на 15 кілямэтраў. Затым прыйшлося зь цяжкімі баямі адступаць да Седліцаў, дзе дывізія была разьбіта. Трапіў у палон. Вызвалены савецкімі войскамі вясной 1945 году, затым адпраўлены на 5 год на будаўніцтва газапроваду Саратаў-Масква. Прымаў удзел у вайсковых дзеяньнях і яго родны брат — Рышард Лявіцкі, які быў паручнікам у супрацьпаветранай артылерыі (часьць дысьлякавалася ў Парубанку каля Вільні). Пасьля вайны Рышард пераехаў жыць у горад Ольштын (Польшча).

19 верасьня 1939 году часткі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Частка польскіх вайскоўцаў трапіла ў савецкі палон. У СССР пасьля нападу нацысцкай Нямеччыны пачала з ваеннапалонных фармавацца армія польскага генэрала Андэрса. У шэрагі арміі Андэрса трапіў ураджэнец Кабыльніку Балаш Баляслаў (10.10.1919), ст. улан. Загінуў 17.07.1944 пад Лярэта (Італія). Таксама ў Арміі Андэрса служыў Баляслаў Баркоўскі, які пасьля вайны жыў у Аўстраліі. Паводле свайго тэстамэнту пахаваны на каталіцкіх могілках у Кабыльніку.

Тэрыторыя Мядзельшчыны была занята вайскоўцамі 27-й Омскай двойчы Чырвонасьцяжнай стралковай дывізіі. Адзін з удзельнікаў гэтага паходу В. М. Краснапольскі пісаў: «Паход гэты быў сапраўдным трыюмфальным шэсьцем палкоў дывізіі. Ён ішоў празь Лепель, Докшыцы, Кабыльнік, Смаргонь… Насельніцтва сёл, вёсак пагалоўна выходзіла сустракаць байцоў з восеньскімі кветкамі, жанчыны частавалі малаком, яблыкамі, падносілі на расшытых рушніках хлеб-соль. У гарадах успыхвалі стыхійныя мітынгі». За «другімі Саветамі» ў палацы пана Пікутоўскага была арганізавана мясцовая бальніца. Панскі сьвіран выкарыстоўваўся чырвонаармейцамі для разьмяшчэньня свайго гарнізону.

Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус Кабыльніка панізілі да вёскі, якая зрабілася цэнтрам сельсавету Мядзельскага раёну Вялейскай (з 20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.

Савецкія рэпрэсіі

рэдагаваць

17 красавіка 1940 году ў Кабыльніку была выяўлена і абяскоджана «контрарэвалюцыйная паўстанцкая арганізацыя». Сьледчая справа за №66777 была заведзена на 11 жыхароў мястэчка. У кнізе У. Адамушкі, Івановай Н. пад назвай «„Помилуйте…“: Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области» (Молодечно, 1992) прыводзяцца дакумэнты па гэтай справе.

Паводле ўспамінаў Браніслава Мураўскага, яму пашанцавала вызваліцца толькі дзякуючы ўцёкамі зь Мядзельскай турмы.

Дубоўскі Ёсіф Казімеравіч і Трацьцяк Тадэвуш Станіслававіч праходзілі па справе пастаўскага павятовага «Саюза аб’яднання народу» (ОЗОН). З пастановы на арышт: «… в Кобыльникской волости — Дубовский — бывший войт, участник патриотической организации „резервистов“, крупный арендатор земли и Третьяк — помещик».

Нямецкая акупацыя: III Рэйх і савецкая партызанка

рэдагаваць

У Другую сусьветную вайну, падчас нямецкай акупацыі, тэрыторыя Мядзельскага раёну падзялялася на тры гміны альбо воласьці: Кабыленскую, Мядзельскую, Слабодзкую, што ўвайшлі ў склад Вялейскага гебіту генэральнай акругі Беларусь. У склад Кабыльніцкай воласьці ўваходзіла 219 населеных пунктаў, у склад Мядзельскай — 140, Слабадзкой — 84. Кабыльніцкая воласьць зьяўлялася памежнай з акупаванай немцамі Летувой.

Зося Дзергач сьведчыць, што на чыгуначнай станцыі месьціліся сувязісты-летувісы. Вялікі драўляны будынак станцыі знаходзіўся насупраць сучаснага сьпіртзавода.

Летувіскія паліцаі часьцяком рабавалі мясцовых жыхароў. 20 сьнежня 1943 году старшыня Кабыленскай воласьці дакладваў: «Спадару начальніку раёну ў Мядзеле. Дакладваю, што на тэрыторыі воласьці Кабыльнік часта прыбываюць летувіскія атрады вэрмахту з Камаяў і Канстантынова (Летува) і несправядліва адбіраюць у насельніцтва гэтай воласьці сельскагаспадарчыя прадукты без расьпісак. Вопіс адабраных у лістападзе і сьнежні 1943 г. сельскагаспадарчых прадуктаў прыкладаю»[4].

У часе вайны ў Кабыльніку існавала школа зь беларуска-нямецкай мовай навучаньня.

У 1941 нямецкімі ўладамі ў Кабыльніку створаны пастарунак паліцыі зь мяшаным нямецка-беларускім складам. Камэндантам Кабыльніку зьяўляўся Лёйтман, які вылучаўся надзвычай жорсткім характарам. Калі ад яго зацяжарыла мясцовая дзяўчына- перакладчыца, загадаў яе расстраляць (паводле законаў Трэцяга райху «арыйцам» забаранялася мець усялякія сувязі зь «неарыйскім» насельніцтвам). Пазьней Лёйтман быў забіты партызанамі і, паколькі ён быў «страхаваны», мясцовыя жыхары чакалі жорсткай расправы з боку нямецкіх уладаў (накшталт расправы ў ваколіцах Лынтупаў пасьля забойства савецкімі партызанамі Юзэфа Бэка). Аднак на самалёце прыляцеў бацька Лёйтмана — генэрал — і загадаў не чапаць мірных жыхароў.

У 1942 годзе нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Ураджэнец Кабыльніку Мэер Сьвірскі ў 1995 годзе ў Ізраілі склаў сьпіс габрэяў Кабыльніку, якія сталі ахвярамі нацысцкага тэрору падчас вайны. Гэты сьпіс пазьней быў надрукаваны ў кнізе «Памяць» Мядзельскага раёну і ў ім зьмяшчаюцца зьвесткі пра 335 местачковых жыдоў. Паводле сьпісу вынікае, што Хаім Лейбавіч Гільман загінуў 13 жніўня 1944 году на фронце. Зь ліку астатніх 192 габрэі былі зьнішчаны ў самім мястэчку, а астатнія загінулі ў розных куткох Беларусі. Першымі ахвярамі нацыстаў сталі 7 чалавек 2 ліпеня 1941 году, у тым ліку мясцовы цырульнік Сымон Цофнас. 5 кастрычніка 1941 году загінулі 46 чалавек, у тым ліку настаўнік Файфэль Шапіра і рабін Лейб Макоўскі. 21 верасьня 1942 году было зьнішчана 118 жыдоў, у тым ліку галоўны рабін Ісаак Машыц і рабін Юда Лейб Айнбіндэр. Перад расстрэлам гэтых габрэяў завялі ў Дом Людовы, дзе загадалі распрануцца і скласьці ўсе свае пажыткі, а потым павялі «дарогай сьмерці» да выкапанай габрэямі пад наглядам паліцыі брацкай магілы. Астатнія загінулі напрацягу 1942 году, прычым 18 зь іх — у ліпені 1942 году. Мясцовага сьвятара праваслаўнай царквы падчас імшы забралі ў гестапа паводле даносу. У яго захоўваліся каштоўныя рэчы мясцовых габрэяў. Палітыка зьнішчэньня габрэяў фашыстамі ў гады Другой сусьветнай вайны вядома ў гісторыі пад назвай «Галакост(ru)». Габрэйскім мэмарыялам катастрофы і гераізму «Яд Вашэм» жыхары Кабыльніку Ёсіф Тункевіч, Ян Валай і Адольф Жалубоўскі прызнаны «Праведнікамі народаў сьвету» за ўратаваньне жыцьцяў местачковых жыдоў.

У Цэнтры дакумэнтаў грамадзкіх аб’яднаньняў і арганізацыяў Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь[5] захоўваецца лістоўка Вялейскага абкаму КП(б)Б, надрукаваная ў студзені 1943 году. Тэкст адозвы зьмешчаны на старонках кнігі «Памяць». У ёй узгадваецца пра зьнішчэньне 50 мірных жыхароў мястэчка Кабыльнік, сярод якіх былі нарачанскія рыбакі.

На старонках кнігі «Памяць» У. Кузьменка апісвае «гераічны разгром» нямецкага гарнізону ў Кабыльніку савецкімі партызанамі:

«Калі трохі ўзмацніліся, пачалі нападаць на апорныя пункты, на гарнізоны. Вось як быў разгромлены гарнізон у Кабыльніках 8 кастрычніка 1942 г. Атрад імя Суворава пад кіраўніцтвам Ф. Р. Маркава вырашыў зрабіць гэта днём, зьнянацку захапіць праціўніка, які паводле колькасьці ўтрая пераўзыходзіў партызанаў. Спрацавала хітрасьць. Правёўшы выведку, партызаны разьдзяліліся на 3 групы, пераапрануліся ў сялянскую вопратку і на 20 падводах, адна група, імітуючы праезд вясельля, і другая, таксама маскіруючыся, наблізіліся да гарнізону. З шумам і стральбой, на вялікай хуткасьці нечакана ўварваліся ў мястэчка і акружылі апорныя пункты. Да ўмацаваных будынкаў жандармэрыі і паліцыі дабег ня шмат хто з абаронцаў гарнізону. За 2 гадзіны бою партызаны падавілі агнявыя кропкі фашыстаў, спалілі станцыю вузкакалейкі, будынкі ўправы і жандармэрыі, склад, зьнішчылі некалькі аўтамашынаў і адышлі».

Дадзены зьвесткі састарэлыя і ўзятыя з кнігі Клімава І., Гракава Н. «Партызаны Вілейшчыны» (Мн: Беларусь, 1970), дзе гістарычныя факты адкрыта сфальсіфікаваны: «Бой працягваўся каля дзвюх гадзінаў. У ім было забіта і паранена 18 нямецкіх жаўнераў і афіцэраў, а таксама намеснік начальніка мядзельскай жандармерыі і 17 паліцыянтаў».

Савецкімі гісторыкамі быў прыдуманы «разгром» нямецкага гарнізону з мэтай прыхаваць меўшы месца факт «пагрому» мястэчка партызанамі. Мясцовы жыхар Ян Дзергач (15.04.1930 — 07.09.2002), колішні дырэктар Польскага Дому ў Мінску, на старонках перыядычных выданняў выступіў з абвяржэннем домыслаў савецкай прапаганды і выкрыццём гістарычна фальсіфікацыі. Яго артыкул на польскай мове друкаваўся на старонках польскай газеты «Глос з-над Нёмна»[6] і ў перакладзе на беларускую мову пастаўскім выдавецтвам «Сумежжа»[7]. Вось урывак з успамінаў: «А я сведчу аб тым, што ніякага разгрома не было. Напад быў, але немцы страт не панеслі. У „рапарце“ адзначаецца колькасць паліцыянтаў і немцаў у два разы больш, чым гэта было на самой справе».

А вось спаленае было, што не адзначалася ў рапарце. А спалілі ў той час будынкі школы, Дому Людовага, плябаніі і нават сінагогі (у якой відавочна не было аніякага нямецкага штабу). І што найцікавей — спалена тое, чаго ўвогуле не было, такія аб’екты, як «склад з вайсковай амуніцыяй»… Праўда, спалілі чыгуначную станцыю, але ж тая станцыя ў час вайны не працавала і нікому не была патрэбна…«

Улетку 1943 немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Ф.Маркаву. Падчас сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік спалілі. Вядома, што адным з падпальшчыкаў быў партызан Валодзя Крывіцкі, якм пасьля вайны пайшоў „у бандыты“. Пры падтрымцы мясцовых жыхароў быў няўлоўным барацьбітом з савецкімі органамі ўлады аж да пачатку 50-х гг. Падчас нападу быў спалены панскі палац, у якім захоўвалася шмат воўны. Згарэў і будынак накшталт гасьціннага дому на месцы сучаснай аўтастанцыі. Будынак меў незвычайную пляніроўку: пад яго страху можна было заехаць на фурманцы па брукаванай дарозе. Дом зачыняўся вялізнымі варотамі — у адным крыле дому разьмяшчаўся паліцэйскі пастарунак, а насупраць была шавецкая крама, над якой пражывалі габрэі.

Савецкія партызаны падчас вайны вызначыліся таксама тым, што ў 1943 г. замардавалі кабыленскага ксяндза Паўловіча.

Армія Краёва

рэдагаваць

Пад канец 1942 году ў раёне Кабыльніку Антон Чаховіч (нар. 17.06.1911 г. у Вільні), са згоды Камэнданта Віленскай акругі(pl) Арміі Краёвай (АК) і сумесна з маёрам Стэфанам Сьвяхоўскім („Суліма“), які ўзначальваў Інспэктарат „С“ (Паставы, Дзісна), пачаў фармаваць атрад польскіх партызанаў. Антон Чаховіч меў кансьпіратыўныя мянушкі „Бужынскі“, „Нурмо“, „Кміцыц“.

А. Чаховіч у 1934 годзе скончыў віленскую гімназію Жыгімонта Аўгуста, а затым гадавую школу падхарунжых у 5 пяхотным палку легіёнаў. З 1938 падпаручнік (DOKP Вільня). У тым жа годзе пачаў навучаньне ў Школе Навук Палітычных пры Інстытуце Ўсходняй Эўропы. Завяршыў навучаньне ў чэрвені 1939 году і меў намер пачаць дыпляматычную працу. У верасьні 1939 году ўдзельнічаў у прадрыхтоўцы да абароны Вільні ў якасьці ад̕ ютанта падпалкоўніка Станіслава Шылейкі. Быў інтэрнаваны летувісамі ў Кулатуву пад Коўнам. Пры дапамозе родзічаў, сям’і Ашуркаў, быў вызвалены. Пэўны час пражываў разам з імі ў Жэймах каля Кейданаў (адтуль падпольная мянушка „Кміцыц“). Пасьля прыбыцьця ў Вільню далучыўся да кансьпіратыўнага кола 5 пяхотнага палка легіёнаў маёра Аляхновіча. У сьнежні 1939 бярэ шлюб з Станіславай Букоўскай (псэўданім „Сарэнка“). Восеньню 1941 арыштаваны „Saugume“ (летувіская СБ). Адтуль быў выкуплены і ў 1942 годзе быў накіраваны ў Сьвір, дзе з 1940 году дзейнічаў польскі кадравы батальён „Сьвятаслаў“ на чале з пар. Рамейкам (мяшункі „Клін“ і „Біта“).

Першапачаткова атрад меў назву „Бура“. Аднак у гістарычную літаратуру атрад увайшоў пад назвай брыгада Кміцыца. Базамі для польскіх партызан у ваколіцах Кабыльніку зьяўляліся засьценак Людвінова сям’і Сарокаў і Дом адпачынку для настаўнікаў (schronisko szkolne) у Купе братоў Генрыка і Тадэвуша Главацкіх.

У паліцыю Кабыльніку польскімі партызанамі быў засланы Тадэвуш Матачына („Конус“). З Кабыльніку ў атрад Чаховіча прыбыў М. Клевяда („Ястраб“). Дзяўчына Лідзія Львова з Кабыльніку была сувязной брыгады Кміцыца. Актыўнай удзельніцай польскага падпольля была таксама Ванда Калясінская („Бабця“). Яшчэ пры набліжэньні Чырвонай Арміі да мястэчка, яна падбухторвала мясцовых жыхароў, каб Саветы не вітаць і чырвоны сьцяг не вывешваць. Падчас прыезду агітатара, які выступаў за вайну зь Фінляндыяй, „Бабця“ пад выглядам простай вясковай жанчыны сваімі пытаньнямі яго выставіла на пасьмешышча. Падчас нямецкай акупацыі, калі маёр Суліма прыбыў зь Язгунаўшчызны ў Купа да Генрыха Главацкага, яна выконвала ролю яго асабістага кур’ера з генэралам Ваўком (Wilkiem).

11 жніўня 1943 году брыгада Кміцыца разграміла немцаў і беларускіх паліцыянтаў з Кабыльніку, якія ўцякалі ў Мядзел.

Ваколіцы Кабыльніку былі асяродкам польскіх падпольшчыкаў і пасьля заканчэньня вайны. Як вынікае з архіваў, апошні партызанаў загінуў у сутычцы зь сіламі бясьпекі ў 1956 годзе.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1943—1944 гадах у Польшчу выехала значная частка каталікоў (у тым ліку сям’я Чэслава і Лідзіі Мацкевічаў з маленькай дачкой Марылькай — будучай жонкай прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага). Аднак насельніцтва каталіцкае канфэсіі дагэтуль складае большасьць жыхароў мястэчка. У 1950 годзе ў Ізраілі Ісаакам Горданам было створана Таварыства выхадцаў з Кабыльніку. Тады ў Ізраіль прыбыло каля 30 выхадцаў, яшчэ 16 прыехалі перад вайной. Клопатамі Таварыства ў 1992 годзе былі добраўпарадкаваны габрэйскія могілкі ў Кабыльніку, на брацкай магіле расстраляных габрэяў быў пастаўлены помнік.

У 1947 годзе ў вёсцы зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе ўтварыўся калгас „Перамога“. У Кабыльніку працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня.

На Кабыльніцкім сьпіртовым заводзе ў 1948 годзе быў наладжаны выпуск безалькагольных напояў, працавала 52 работнікі. У 1990 годзе на тэрыторыі заводу адкрыта крыніца мінэральнай вады з запасам на 25 год. У 1993 годзе адкрыты цэх па выпуску сьпірту-сырцу (50—60 дэкалітраў на год).

Ацалелыя каробкі вялікіх цагляных дамоў, спаленыя ў гады вайны, былі выкарыстаны для масласырнага заводу. З 1951 году прадпрыемства пачало перапрацоўваць малако ў масла, тварог, сьмятану. У 1952 годзе, пры капаньні катлавану пад фундамэнт будынка масласырнага заводу, быў знойдзены грашовы скарб. У гліняным гаршку знаходзіліся срэбраныя манэты. На неакторых зб іх, па словах сьведак знаходкі, можна было прачытаць імя „Жыгімонт“. Такім чынам, скарб можна аднесьці да XVІ — XVII стагодзьдзяў.

Газэта «Савецкая вёска» ў №46 ад 5 чэрвеня 1949 г. паведамляла: «Школьнікі Слабадзкой і Кабыльніцкай сямігодак, якія намецілі экскурсію ў раённы цэнтар, наведаюць бібліятэку, дом культуры і важнейшыя новабудоўлі».

З 20 студзеня 1961 году вёска знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 савецкія ўлады перайменавалі паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з к. п. Нарач або самім возерам Нарач, таму мясцовыя жыхары таксама карыстаюцца гістарычнай назвай Кабыльнік.

З красавіка 1965 году вёска зьяўлялася цэнтрам саўгасу «Нарач», з 4 верасьня 1991 году — цэнтрам калгасу «Прыазёрны».

Пасьля пачатку гарбачоўскай перабудовы актыўна разьвіваецца прадпрымальніцтва. Новым кірункам дзейнасьці для местачкоўцаў стаў аграэкатурызм.

Узнагароды працаўнікоў

рэдагаваць

Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга:

  • Валадкевіч Іван Вільгельмавіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1973)
  • Дуброўскі Войцех Фадзеевіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1975)
  • Жук Рэгіна Міхайлаўна, даярка саўгасу «Нарач» (1975)
  • Маліноўская Юзэфа Мацьвееўна, даярка саўгаса «Нарач» (1975)
  • Пазьдзютка Тацьцяна Антонаўна, даярка саўгаса «Нарач» (1973)
  • Цэкала Рэгіна Ёсіфаўна, настаўніца Нарацкай СШ №1 (1966)
  • Янэль Генадзь Ціханавіч, камбайнер саўгаса «Нарач» (1977)

Ордэнам Дружбы Народаў

  • Юркевіч Рэгіна Эдуардаўна, настаўніца Нарацкай СШ №1

Ордэнам „Знак Пашаны“

  • Каток Тэрэса Ўладзімераўна, сьвінарка саўгасу «Нарач» (1958),

а таксама вялікім срэбраным мэдалём ВДНГ СССР (1958)

  • Куцкевіч Ігнат Браніслававіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1980)
  • Маліноўская Юзэфа Мацьвееўна, даярка саўгасу «Нарач» (1971)
  • Фярковіч Ванда Казімераўна, даярка саўгасу «Нарач» (1977)
  • Фярковіч Мечыслаў Тэлясфоравіч, рабочы саўгасу «Нарач» (1971)
  • Шаблюк Рыгор Ёсіфавіч, дырэктар саўгасу «Нарач» (1973)
  • Шушкевіч Раіса Фёдараўна, рабочая Нарачанскага масласырнага заводу (1986)

Ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені

  • Валеўка Ўладзімер Ёсіфавіч, рабочы Нарачанскага масласырнага заводу (1981)
  • Іёнкіна Рэгіна Мацьвееўна, рабочая Нарачанскага масласырнага заводу (1981)
  • Магільніцкая Тамара Васілеўна, рабочая саўгасу «Нарач» (1986)

Мястэчка на старых фатаздымках

рэдагаваць
  1. ^ http://www.radzima.org/be/object/3013.html
  2. ^ Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн., 1993; гл. артыкул «Мядзел»
  3. ^ НГАБ.Ф517, воп.1., спр.11, арк.603
  4. ^ Дзяржархіў Менскай вобласьці. Ф. 4223, воп. 1., спр. 6., арк. 6, пераклад зь нямецкай
  5. ^ ф. 4, воп. 33а, спр. 83, л. 64
  6. ^ Dziergacz Jan. Walka w zwerciadle. Uważam, że nadszedl czas powiedzieć prawdę// Glos znad Niemna. — 21 czerwca 2002
  7. ^ Дзяргач Ян. «Я гэта помню інакш…» Яшчэ адзін успамін пра вайну//«KRESY».- №8-9(24) ліпень-жнівень 2003 г. -с.14-15

Літаратура

рэдагаваць
  • Брыль Я. Вячэрняе: Лірычныя запісы і мініяцюры. — Менск, 1994. С.265.
  • Будзька Ч. Кніжка аб Івашку Гарнастаю. — Т.1. — Ню-Ёрк, 1955.
  • Была і такая вайна: успаміны жыхара в. Нарач Лявіцкага Часлава Часлававіча // Наша слова.- №25 (660). — 30 чэрвеня 2004 г.
  • Варанец В. Па Кабыльніку — па старых фатаздымках // Нарачанская зара. — №101—103. — 16 жніўня 2003 г.
  • Высоцкі А. «Кабыльнік — гэта частка мяне» (гутарка з ураджэнцам Кабыльніка Меерам Свірскім) // Нарачанская зара. — №202—204. — 24 снежня 2004 г.
  • Высоцкі А. Краязнаўца з Пецярбурга // Нарачанская зара. — №21-23. — 11лютага 2006 г.
  • Высоцкі А. Пажарныя з Кабыльніка // Нарачанская зара. — №89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
  • Голуб. М. Кабыльнікі, Віл. губэрні Сьвенцянск. пав. / /Першая Беларуская газэта з рысункамі „Наша ніва“. — №14. — 7 красавіка (апрыля) 1911 году.
  • Грыбоўскі Ю. Яны загінулі далёка ад Радзімы // Нарачанская зара. — №142—144. — 11 верасня 2004 г.
  • Драўніцкі І. Каходасы з Кабыльніка // Нарачанская зара. — №142-144. — 11 верасня 2004 г.
  • Драўніцкі І. Сядзіба ў Кабыльніку // Нарачанская зара. — №110-112. — 17 ліпеня 2004 г.
  • Драўніцкі Я. Яўрэі на Свіршчыне // Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. — Паставы. — №9. — лістапад 2003 г.
  • Дулеба Г. Народныя вучылішчы на Мядзельшчыне // Нарачанская зара. — №110-112. — 17 ліпеня 2004 г.
  • Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: „Сумежжа“, 2008. С.41—46.
  • Зямчонак Ю. Марыя Качыньская. Нарачанскі край — радзіма Марыі Качыньскай // Нарачанская зара. — 1 жніўня 2014 г.
  • Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Малышаў Г. У небе над Нараччу // Нарачанская зара. — 9 красавіка 2005 г.
  • Нафрановіч А. Сейбіты дабра і мудрасці. — Менск, 2007. — С.147-151.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
  • Праўрацкі В. Набліжалі дзень вызвалення // Нарачанская зара. — №52. — 8 ліпеня 2000.
  • Праўрацкі В. Паўночная вайна і Мядзельшчына // Нарачанская зара. — №89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
  • Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Менск: Пейто, 2002 [1].
  • Хацкевіч А. Змагаліся разам, затым пасварыліся // Менская праўда. — 8 верасня 1992 г.
  • Чарняўскі М. Пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам // Нарачанская зара. — №107—108. — 8 верасня 1989 года.
  • Чарняўскі М. Як пошуг маланкі: Расціслаў Лапіцкі. — Менск, 2006. — 71 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
  • Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — Паставы: „Сумежжа“, 2013. — 84 с. [2](недаступная спасылка)
  • Kirkor A. Wycieczka archeologiczna po guberni wileńskiéj przez Jana ze Śliwina // Biblioteka Warszawska. — T. 2—3. — 1855.
  • Lwow B. Zza zakrętu historii. Tragedia Ziemi Naroczańskiej. Wspomnienia własne i zapożyczone. — Wroclaw, 2000.
  • Miejsca bitew i mogiły żołnierzy Okręgu Wileńskiego Armii Krajowej / oprac. Jolanta Adamska, Stefan Matusewicz, Ludwik Świda. — Tow. Milosnikow Wilna i Ziemi Wilenskiej, 1996.
  • Nalepiński A. Narocz i okolice // Ziemia. — N. 6, czerwiec 1934.
  • Niwiński P. Okręg Wileński AK w latach 1944—1948. — Warszawa, 1999.
  • Pisarczyk E. «Wołodyjowski». Oddział Kmicica // Zeszyty historyczne „Wiano“. Zeszyt piąty. — Warszawa, 1993.
  • Rąkowski G. „Smak Kresów 1. Wśród jezior i mszarów Wileńszczyzny“ — 2000. ISBN 83-85557-70-9
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895 (reprint Warszawa, 1994).
  • Żamejć J. Świr i kościół Świrski: krótka historja na pamiątkę konsekracji kościoła, dokonanej przez jego Ekscelencję Księdza Arcybiskupa Romualda Jałbrzykowskiego, metropolitę Wileńskiego, dnia 17 i 18 czerwca 1928 r.
  • Адамушко В. И., Иванова Н. В. „Помилуйте…“ Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. — Молодечно, 1992.
  • Копысскій З. Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — п.п. XVII в. Мн., 1975.
  • Люди Нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. — Мн., 1975.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Кабыльнікусховішча мультымэдыйных матэрыялаў