Ліпнішкі

вёска ў Ліпнішкаўскім сельсавеце Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Ліпнішкі (вёска, Іўеўскі раён)»)

Лі́пнішкі[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Аліце. Цэнтар сельсавету Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1461 чалавек. Знаходзяцца за 14 км на паўднёвы захад ад Іўя; на аўтамабільнай дарозе Горадня — Ліда — Іўе.

Ліпнішкі
лац. Lipniški
Касьцёл Сьвятога Казімера
Касьцёл Сьвятога Казімера
Герб Ліпнішкаў


Магдэбурскае права: 6 чэрвеня 1633
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Іўеўскі
Сельсавет: Ліпнішкаўскі
Вышыня: 149 м н. у. м.
Насельніцтва: 1461 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1595
Паштовы індэкс: 231335
СААТА: 4229835121
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°57′0″ пн. ш. 25°41′0″ у. д. / 53.95° пн. ш. 25.68333° у. д. / 53.95; 25.68333Каардынаты: 53°57′0″ пн. ш. 25°41′0″ у. д. / 53.95° пн. ш. 25.68333° у. д. / 53.95; 25.68333
Ліпнішкі на мапе Беларусі ±
Ліпнішкі
Ліпнішкі
Ліпнішкі
Ліпнішкі
Ліпнішкі
Ліпнішкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ліпнішкі — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Тапонім Ліпнішкі ўтварыўся ад сугучнага прозьвішча (Ліпніцкі), у аснове якога слова «ліпа»[2].

Яшчэ этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі зьвяртаў увагу на тое, што ў латыскай Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[3], пазьней у рэчышчы палітыкі летувізацыі падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[4]. Тым часам менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім парадкам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітаваная з балтамі»[5].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню Ліпнішкі ўпамінаюцца ў XV ст. як ўладаньне вялікіх князёў. У 1528 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча Альбэрту Гаштольду за зьняцьце маскоўскай аблогі з Полацку і складаньне міру з татарамі.

 
Местачковы герб, 1792 г.

У XVI ст. Ліпнішкі атрымалі статус мястэчка і ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. З XVII ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Пацаў. Адначасна з Геранёнамі (1670 год) Ліпнішкі перадалі на разьмяшчэньне артылерыі. Пазьней мястэчка перайшло да Сапегаў, Бяганскіх.

6 чэрвеня 1633 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ліпнішкам Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі вершнік зь дзідай у руцэ»[6].

У 1792 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў Ліпнішкам мескія правы, у гэты час тут пачала працаваць цагельня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ліпнішкі апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце. Расейская імпэратрыца Кацярына II падаравала магдэбурскае мястэчка А. Безбародку, які прадаў іх у 1812 годзе маршалку слонімскаму В. Пуслоўскаму, а ягоныя сыны — Вольскім у 1849 годзе.

У 1856 годзе расейскі Сэнат адхіліў прашэньне жыхароў Ліпнішак аб зацьвярджэньні іх у мяшчанскім званьні, на што местачкоўцы адмовіліся выконваць паншчыну. Арганізатараў выступленьня кінулі ў вязьніцу. У 1861 і 1862 гадох адбыліся сялянскія хваляваньні, жорстка здушаныя расейскімі карнымі войскамі[7].

У 1860-я гады, дзякуючы сваёй мураванай забудове, Ліпнішкі рэзка адрозьніваліся ад іншых мястэчак Віленшчыны. У гэты час тут было 105 будынкаў. На 1886 год у Ліпнішках штогод праводзілася 5 кірмашоў, існавала 12 крамаў, вадзяны млын і бровар. У 1894 годзе ў мястэчку пад таемнай партыйнай мянушкай «Віктар» хаваўся ад расейскіх уладаў дзяяч правага крыла ППС Юзэф Пілсудзкі. Менавіта Ліпнішкі ў мэтах кансьпірацыі абрала ППС для выпуску сваёй газэты.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ліпнішкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ліпнішкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[8]. 17 красавіка 1919 году ў мястэчку адбылася сутычка паміж польскім 7-ы Палком люблінскіх уланаў пад камандаю маёра Януша Глухоўскага і аддзеламі Чырвонай Арміі, якія адыходзілі зь Ліды па паразе ў бітве. Польская кавалерыя адсекла дарогу бальшавікам і прымусіла іх здацца. Палякі здабылі значную колькасьць зброі і ўзялі ў палон жаўнераў[9]. У 1920 годзе Ліпнішкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у Лідзкім павеце Наваградзкага ваяводзтва міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 годзе Ліпнішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Іўеўскага раёну Баранавіцкай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1972 год тут было 260 двароў, на 1999 год — 596. У 2000-я гады Ліпнішкі атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1886 год — 740 чал. (474 каталікі і 266 юдэяў) у мястэчку Ліпнішках і 40 чал. (усе каталікі) у фальварку Ліпнішках[10]
  • XX стагодзьдзе: 1972 год — 831 чал.; 1999 год — 1480 чал.[11]; 1999 год — 1499 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1450 чал.; 2010 год — 1461 чал.

Інфраструктура

рэдагаваць

У Ліпнішках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць

З урбананімічнай спадчыны Ліпнішкаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Віленская, Зарэчная, Зялёны Луг, Івейская, Лідзкая, Млынавая і Садовая. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць
  • Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Капліца (XIX ст.)
  • Касьцёл Сьвятога Казімера (1910)
  • Могілкі: каталіцкія, капліца (XIX ст.); юдэйскія
  • Сядзібна-паркавы комплекс Вольскіх (XIX ст.)

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Гандлёвыя рады
  • Сынагога
  • Сядзіба
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 230.
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 203.
  3. ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. — Минск, 2006. С. 559.
  4. ^ Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. № 1, 1999. С. 61—72.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 370.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 90.
  10. ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 277.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць