І́шчална[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Ішчальнянцы. Уваходзіць у склад Мажэйкаўскага сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 47 чалавек. Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад Шчучыну, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.

Ішчална
лац. Iščałna
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Шчучынскі
Сельсавет: Мажэйкаўскі
Насельніцтва: 47 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1514
Паштовы індэкс: 231517
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°39′50″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 53.66389° пн. ш. 24.88861° у. д. / 53.66389; 24.88861Каардынаты: 53°39′50″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 53.66389° пн. ш. 24.88861° у. д. / 53.66389; 24.88861
Ішчална на мапе Беларусі ±
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ішчална — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., а таксама старажытны сонечны гадзіньнік. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Ласковічаў.

Гісторыя Рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае Рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ішчалну датуецца 1515 годам, калі падкаморы надворны, староста эйшышкаўскі Андрэй Давойнавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. У 1547 годзе Станіслаў Давойнавіч паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта Старога заклаў у Ішчалне мястэчка[2]. У 1573 годзе ваявода полацкі Станіслаў Давойна (сын Станіслава Давойнавіча) перадаў касьцёлу тры вёскі з 380 прыгоннымі і абавязаў маёнтак аплачваць працу трох сьвятароў.

У XVII ст. маёнткам і мястэчкам Ішчална валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія-Францкевічы, Скарбек-Важынскія. На 1690 год тут налічвалася 53 двары.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Ішчалну занялі швэдзкія войскі, якія паразьбівалі касьцёльныя званы. У 1711 годзе пачалася перабудова касьцёлу. Да яе заканчэньня ў Вільні заказалі сонечны гадзіньнік, які захаваўся да нашых дзён. Гэта адзіны сонечны гадзіньнік на Беларусі[3]. У 1740 годзе Ішчална перайшла ў валоданьне Яна Вала, які збудаваў тут сядзібу. У 1758 годзе ягоны сын гарадзенскі харунжы Ю. Вал збудаваў мураваны касьцёл у барокавым стылі, асьвечаны ў 1761 годзе ў імя Найсьвяцейшай Тройцы (на 1781 год налічваў 1255 парафіянаў). У 1770 годзе адкрыўся шпіталь для нямоглых і калекаў. За часамі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў 1794 годзе ў ваколіцах Ішчалны дзейнічаў аддзел паўстанцаў пад камандай Хлявінскага. На шляху зь мястэчка ў Шчучын адбылося некалькі баёў паміж паўстанцамі і царскімі войскамі, у якіх карнікі панесьлі значныя страты.

Пад уладай Расейскай імпэрыі Рэдагаваць

 
Сядзіба Ласковічаў. Н. Орда, 1876 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ішчална апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Шчучынскай воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. Існавалі аднайменныя мястэчка і вёска, якімі валодалі Скарбек-Важынскія.

На 1863 год у Ішчалне было 5 жылых будынкаў, на 1885 год — касьцёл, вінакурны завод, 2 карчмы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 14 двароў, паштовая станцыя. На 1905 год існавалі аднайменныя вёска (75 дзесяцінаў зямлі) і маёнтак (1112 дзесяцінаў зямлі).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ішчалну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час Рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ішчална абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[4].

У 1919—1920 гадох Ішчалну займалі бальшавікі, польскае войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Шчучынскай гміне Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя вёска (7 двароў) і фальварак (16 будынкаў). У 1930 годзе адкрылася пачатковая польская школа і швацкая вучэльня для дзяўчатаў, у 1932 годзе — цагельны завод. Апошнімі ўладарамі Ішчалны да 1939 году былі шляхцічы Ласковічы. Пан Ласковіч на старым месцы збудаваў новы палац у клясычным стылі, заклаў парк. Вакол палацу было шмат гаспадарчых пабудоваў: вінакурня, млыны, дзьве карчмы. Да нашага часу захаваліся толькі некалькі гаспадарчых пабудоваў, ад палацу засталіся толькі руіны.

У 1939 годзе Ішчална ўвайшла ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 году ў складзе Гардзеевіцкага сельсавету Жалудоцкага раёну (з 17 красавіка 1962 году ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год існавалі фальварак (18 дамоў) і колішні маёнтак (28 пабудоваў).

На 1995 год у Ішчалне было 38 двароў, на 1 студзеня 2001 году — 76.

Насельніцтва Рэдагаваць

Дэмаграфія Рэдагаваць

  • XIX стагодзьдзе: 1863 год — 38 чал.; 1866 год — 319 чал.[5]; 1897 год — 118 чал.[6]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 60 чал. у вёсцы Ішчалне і 140 чал. у фальварку Ішчалне; 1939 год — 423 чал.; 1940 год — 65 чал. у фальварку Ішчалне і 87 чал. у колішнім маёнтку Ішчалне; 1995 год — 90 чал.; 1999 год — 81 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 76 чал.[7]; 2009 год — 47 чал.

Турыстычная інфармацыя Рэдагаваць

Славутасьці Рэдагаваць

З паўднёвага боку Траецкага касьцёла знаходзіцца сонечны гадзіньнік. Гэта круглы абцясаны пастамэнт з камяню вышынёю каля 1 м і дыямэтрам каля 0,5 м. Двума сталёвымі стрыжнямі да яго прымацоўваецца медная круглая пласьціна дыямэтрам 0,3 м. Трыкутняя стрэлка напалову зламаная. На пласьціне выгравіраваны: цыфэрблят, прозьвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54°41"2’). Гэты гадзіньнік адносіцца да клясы гарызантальных сонечных гадзіньнікаў з трыкутняю стрэлкаю, верхні кут якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыфэрблят, часавыя дзяленьні якога няроўныя між сабою[8]. Гадзіньнік — цікавы ўзор дакладнае мэханікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.

Страчаная спадчына Рэдагаваць

  • Сядзібна-паркавы комплекс Ласковічаў (XVIII ст.)

Галерэя Рэдагаваць

Крыніцы Рэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 372.
  2. ^ Шаблюк В. Ішчална // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 511.
  3. ^ Жыгамонт, Юры (30 красавіка 2010) Адзіны ў Беларусі сонечны гадзіньнік знаходзіцца ў вёсцы Ішчална Новыя падарожжы дылетанта. Тэлекампанія «Сталічнае тэлебачаньне». Праверана 11 верасьня 2010 г.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 308.
  6. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
  8. ^ lavon (19 студзеня 2008) Сонечны гадзіньнік у в.Ішчална. Форум «Гісторыя астраноміі на Беларусі». Праверана 11 верасьня 2010 г.

Літаратура Рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць