Ленін (вёска)

вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Леніна (Жыткавіцкі раён)»)

Ле́нін[2] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Случы. Цэнтар сельсавету Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 723 чалавекі. Знаходзіцца за 46 км на паўночны захад ад Жыткавічаў, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Мікашэвічы (лінія Лунінец — Каленкавічы). Аўтамабільныя дарогі на Мікашэвічы і Слуцак.

Ленін
лац. Lenin
У колішнім мястэчку
У колішнім мястэчку
Першыя згадкі: 1568
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жыткавіцкі
Сельсавет: Ленінскі
Вышыня: 131 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 652 чал. (2018)[1]
колькасьць двароў: 320
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2353
Паштовы індэкс: 247974
СААТА: 3216816031
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°20′24″ пн. ш. 27°29′14″ у. д. / 52.34° пн. ш. 27.48722° у. д. / 52.34; 27.48722Каардынаты: 52°20′24″ пн. ш. 27°29′14″ у. д. / 52.34° пн. ш. 27.48722° у. д. / 52.34; 27.48722
Ленін на мапе Беларусі ±
Ленін
Ленін
Ленін
Ленін
Ленін
Ленін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ленін — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі барока драўляная царква Раства Багародзіцы, помнік архітэктуры XVIII ст.

Тапонім Ле́нін[2] мае матранамічнае паходжаньне[3]. Паводле народнага паданьня, паселішча атрымала сваю назву ў гонар Алены, дачкі мясцовага зямяніна, якая ўтапілася ў Случы.

За польскім часам у 1939 годзе назву паселішча зьмянілі на Саснковічы[4] ў гонар генэрала пагранічных войскаў Казімера Саснкоўскага(pl), раней спрабавалі даць назву Згарэлае. За савецкім часам паселішча мела назву Леніна, паводле іншых дакумэнтаў — Лінін, і зусім рэдка сустракалася сапраўдная назва Ленін. У лютым 1975 году адбылося афіцыйнае вяртаньне гістарычнага тапоніму — вёску зноў пачалі зваць Ленін[5].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ленін зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста князю Юр’ю Алелькавічу ад 1568 году на заснаваньне адпаведнага мястэчка. Апошні пры атрыманьні прывілею, відаць, ужо валодаў гэтымі землямі з адпаведным тапонімам. Ягоны бацька, таксама Юры Алелькавіч, князь слуцкі, удзельнік Аршанскае бітвы 1514 году, быў жанаты з Аленай, народжанай Радзівіл. Магчыма, менавіта для яе стары пан Алелькавіч зрабіў той легендарны падарунак — сядзібу з імём каханай князёўны Алены.

У 1582 годзе, паводле выпіскі з Слонімскіх гродзкіх кніг, пры падзеле Слуцкага княства паміж братамі Аляксандрам, Янам Сымонам і Юрыем Алелькавічамі «двор Колна зь мястэчкам Ленін» перайшлі да Аляксандра. З XVII стагодзьдзя паселішчам валодалі Радзівілы. У 1778 годзе тут збудавалі драўляную царкву Раства Багародзіцы. У царкве захоўвалася выдадзенае ў 1673 годзе Эвангельле.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ленін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Мазырскага павету Менскай губэрні. На 1816 год у мястэчку быў 21 двор, на 1834 год — 32, на 1848 год — 43, на 1858 год — 88 двароў, дзеялі царква і юдэйскі малітоўны дом. Ленін злучала дарога з Слуцкам, таксама тут праходзіў вайскова-камунікацыйны тракт, які злучаў Петрыкаў зь Піншчынай. Працавалі паштовая станцыя, царкоўна-прыходзкая школа (з 1863 году). У сьпісах населеных пунктаў Расейскай імпэрыі, якія складаліся Геаграфічным таварыствам пры Акадэміі навук, у Эўрапейскай частцы краіны лічыцца толькі адно пасяленьне ў форме «Ленін» — мястэчка ў глыбіні Беларускага Палесься. У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Леніне аднаклясную народную вучэльню; у 1870-я гады на могілках збудавалі драўляную капліцу ў гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннага права. На 1866 год у мястэчку было 79 двароў.

Згодна з гістарычнымі даведкамі 5-га тома «Геаграфічнага слоўніка», выдадзенага ў Польшчы ў 1884 годзе, «Ленін — мястэчка з супольным кіраваньнем. Зь першай чвэрці XIX стагодзьдзя ў валоданьні князёў Вітгенштэйнаў. Мястэчка мае 75 двароў, мост на Случы. Грамада складаецца з 13 вясковых старостваў, 40 вёсак і налічвае 1729 сялянаў мужчынскай стаці»[6]. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 144 двары, дзеялі царква, капліца і юдэйскі малітоўны дом, працавалі народная вучэльня, хлебазапасны магазын, паравы млын, 2 заезныя дамы, 7 крамаў і пошта. На 1908 год існавалі аднайменныя мястэчка (196 двароў) і маёнтак.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ленін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ленін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Палескага ваяводзтва. За польскім часам мястэчка неаднаразова спрабавалі перайменаваць.

У 1939 годзе Ленін увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну (з 1960 году ў Жыткавіцкім раёне). У гэты час тут быў 351 двор. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

9 студзеня 1952 году статус Леніна панізілі да вёскі. На 1972 год тут было 252 двары, на 1994 год — 320, на 1997 год — 329, на 1999 год — 318, на 2004 год — 294. У 2000-я гады Ленін атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку». 12 траўня 2013 году ў вёсцы ўрачыста адкрылі памятны камень у памяць польскіх і беларускіх жыхароў, забітых немцамі ў 1943 годзе[8].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 232 чал.; 1866 год — 437 чал.; 1886 год — 204 чал.; 1897 год — 753 жыды[9]
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 980 чал. у мястэчку Леніне і 68 чал. у маёнтку Леніне; 1909 год — 1019 чал. у мястэчку Леніне і 63 чал. у маёнтку Леніне; 1921 год — 1520 чал., зь іх 928 жыдоў (61%)[9]; 1939 год — 2040 чал., зь іх 1071 жыд (52,5%)[9]; 1972 год — 842 чал.[10]; 1940 год — 1650 чал.; 1959 год — 733 чал.; 1994 год — 893 чал.; 1997 год — 885 чал.[11]; 1999 год — 875 чал.[12]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 841 чал., 294 дв.[13]; 2010 год — 723 чал.[14]; 2018 год — 652 чал., 263 дв.[1]

Да Другой сусьветнай вайны значную частку местачкоўцаў складалі жыды. Першыя жыдоўскія пасяленцы прыбылі ў Ленін у пачатку XVIII стагодзьдзя з Лахвы і Слуцку. У траўні 1942 году нацысты стварылі ў мястэчку гета. 14 ліпеня 1942 году падчас ліквідацыі гета яны расстралялі 1850 жыдоў[9].

Інфраструктура

рэдагаваць

У Леніне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова

рэдагаваць

Плян вёскі складаецца з крывалінейнай мэрыдыянальнай вуліцы з 2 завулкамі. З захаду да асноўнай далучаецца кароткая простая вуліца. Забудова цагляная і драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе тут збудавалі 49 цагляных дамоў катэджавага тыпу, у якіх разьмясьціліся перасяленцы зь месцаў, забруджаных радыяцыяй у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
17-га верасьня вуліца ?
Інтэрнацыянальная вуліца ?
Камсамольская вуліца ?
Ленінская вуліца ?
Першамайская вуліца ?
Рэвалюцыйная вуліца ?
Савецкая вуліца ?
? Вялікая вуліца
? Лахвенская вуліца
? Падліп'я вуліца

Іншыя вуліцы: Лясная, Міру, Моладзевая, Садовая.

Транспарт

рэдагаваць

Ленін знаходзіцца на 9-м кілямэтры шашы Р23 (Мікашэвічы — Салігорск).

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць
 
Капліца

Славутасьці

рэдагаваць

На старых праваслаўных могілках, у хваёвым бары, ацалеў помнік драўлянае архітэктуры — капліца ў гонар скасаваньня прыгону ў 1861 годзе. Будынак спарахнеў амаль дашчэнту за паўтара стагодзьдзі, але яшчэ стаіць.

На вясковых могілках спачылі 1200 мірных жыхароў, расстраляных 16 лютага 1943 году ў час карнай экспэдыцыі. У 1964 годзе на магіле паставілі стэлу: «16 лютага 1943 году фашысцкія варвары спалілі звыш 1200 мірных грамадзян г. п. Ленін». Пры ўваходзе на старажытныя юдэйскія могілкі — мэмарыял ахвярам Галакосту. На саміх могілках старыя драўляныя надмагільлі, густа сьпярэшчаныя тэкстамі і разьбою.

Страчаная спадчына

рэдагаваць
 
Юдэйскія могілкі
  • Касьцёл
  • Сынагога
  • Сядзіба Радзівілаў
  • Царква Раства Багародзіцы

Уладзімер Ленін

рэдагаваць

Паводле дасьледаваньняў мясцовага краязнаўцы-ленінца Ўладзімера Баярына, псэўданім Ульянава мае зьвязкі зь мястэчкам Ленінам. У 1895 годзе Ўльянаў спыніўся ў Вільні, дзе знайшоў спонсараў для рэвалюцыйнай дзейнасьці сярод жыдоўскіх купцоў зь мястэчка Леніна. З гэтай прычыны ён нібыта ўзяў назву паселішча сабе за псэўданім. Ленінскі краязнаўца сьцьвярджае, што мае дакумэнтальныя довады сваёй гіпотэзы, сярод іх — сьведчаньні пра сустрэчу саміх ленінцаў, якія пазьней пераехалі ў Ізраіль[15].

  1. ^ а б Сацыяльна-дэмаграфічная карта Ленінскага сельсавету па стане на 1 студзеня 2018 году (рас.) / Афіцыйны сайт Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэту
  2. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 177
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 199.
  4. ^ Zarządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 15 maja 1939 r. o zmianie nazwy miejscowości i gminy wiejskiej Lenin, M.P. Nr 123, poz. 292(недаступная спасылка)  (пол.)
  5. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жыткавіцкага р-на / Рэд.-укл. В. Р. Феранц. — Мн.: Ураджай, 1994. — 767 с., [8] л. іл. ISBN 5-7860-0614-X. С. 699.
  6. ^ Jelski A. Lenin // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 141—142.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ W Leninie upamiętniono zamordowanych Polaków i Białorusinów(недаступная спасылка) (пол.), RP.PL, 12 траўня 2013 г.
  9. ^ а б в г The Encyclopedia of Jewish life before and during the Holocaust(недаступная спасылка) (бел.)
  10. ^ Феранц В. Ленін // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 348.
  11. ^ Феранц В. Ленін // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 347.
  12. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 200.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 498
  14. ^ https://web.archive.org/web/20201011232352/http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm
  15. ^ Фралоў А. Аляксей Фралоў, На Палесьсі ёсьць сьвятыні // Наша Ніва. № 9 (166), 28 лютага — 6 сакавіка 2000 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць