Кашмірскі канфлікт

Кашмі́рскі канфлі́кт (анг. Kashmir conflict; гіндз. कश्मीर विवाद, трансьл. Kaśmīr Vivād; урд. مسئلۂ کشمیر, трансьл. Mas’ala-ē Kašmīr) — канфлікт, узьніклы як тэрытарыяльная спрэчка між урадамі Пакістану й Індыі, а таксама мясцовымі паўстанцкімі групоўкамі над гістарычным рэгіёнам Кашмір, які месьціцца на поўначы Індастану[1].

Кашмірскі канфлікт

     Межы гістарычнага рэгіёну Кашмір

     Інда-пакістанская дзяржаўная мяжа, а таксама фактычная інда-пакістанская мяжа ў Кашміры

     Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Пакістану

     Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Індыі

     Тэрыторыі Кашміру пад кантролем Кітаю

Дата: 3 22 кастрычніка 1947 году да цяперашняга часу
Месца: Кашмір
Вынік:
Супернікі
Пакістан ПакістанІндыя Індыя Вызвольны фронт Джаму і Кашміру
Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламія
Лашкар-э-Тайба
Джаіш-э-Мугамад
Гаркат-уль-Муджагідын
Аль-Бадар
падтрымка Пакістану
Камандуючыя
  • Аманула Хан
  • Гафіз Мугамад Саід
  • Масуд Азгар
  • Саід Салагудын
  • Фазлур Рэгман Халіл
  • Фарук Кашміры
  • Арфін Бгаі
  • Бахт Замін
Колькасьць
617 тыс. асабовага складу1 325 тыс. асабовага складуад 325 да 850 баевікоў
Страты
каля 16 тыс. забітыхкаля 10 тыс. забітыхкаля 60 тыс. забітых,
у тым ліку 40 тыс. цывільных асобаў

Вытокі канфлікту палягаюць у інда-пакістанскай вайне 1947 году, калі па падзеле Брытанскай Індыі на дзяржавы Пакістан і Індыя паміж абедзьвюма краінамі ўзьнікнуў узброены тэрытарыяльны канфлікт з мэтаю ўзяцьця пад кантроль гістарычнага рэгіёну Кашмір, што месьціўся на поўначы былых уладаньняў Вялікабрытаніі. У якасьці трэцяга боку ў канфлікце ўдзельнічаюць мясцовыя кашмірскія паўстанцкія групоўкі, якія ставяць на мэце стварэньне незалежнае дзяржавы на тэрыторыі рэгіёну або ўваходжаньне ўсяго рэгіёну ў склад Пакістану. Асноўныя ўзброеныя канфлікты, спрычыненыя спрэчным характарам рэгіёну, праходзілі ў ХХ ст. у рамках інда-пакістанскіх войнаў 1947, 1965 і 1999 гадоў. За выняткам буйных вайсковых канфліктаў з 1984 году абедзьве краіны пэрыядычна ажыцьцяўляюць узброеныя сутычкі, якія галоўным чынам вядуцца за кантроль над ледніком Сіячэн, што на поўначы рэгіёну.

Вайсковы канфлікт 1947 году ня выявіў пераможцаў, аднак з 1949 году пад кантролем ААН у Кашміры была праведзеная лінія спыненьня агню, якая стала фактычнай дзяржаўнай мяжой дзьвюх краінаў у рэгіёне. З 1962 году Пакістан добраахвотна перадаў Кітаю паўночны ўсход кантраляванай дзяржавай тэрыторыі (Шаксгамская даліна), у гэтым жа годзе распачалася інда-кітайская вайна, у выніку якой Кітай узяў пад фактычны кантроль рэгіён Аксай-Чын — усход Кашміру. Зь невялікімі зьменамі над усімі тэрыторыямі захоўваецца статус-кво, пры гэтым Індыя прэтэндуе таксама на тэрыторыі, дэ-факта падкантрольныя Пакістану й Кітаю, разглядаючы іх як часткі штату Джаму і Кашмір, фактычная тэрыторыя якога складае тэрыторыі Кашміру, што знаходзяцца пад кантролем Індыі.

Узброены канфлікт між мясцовымі кашмірскімі паўстанцкімі групоўкамі й урадавымі сіламі Індыі ў асноўным спрычынены мясцовым рухам за аўтанамізацыю. Так, з канца 1970-х гг. да 1988 году ўрад Індыі згарнуў дэмакратычныя рэформы ў рэгіёне, праз што былі абмежаваныя мажлівасьці да мірнага волевыяўленьня, у выніку чаго ў індыйскай частцы рэгіёну ўзрасла падтрымка ваенізаваных радыкальных арганізацыяў. Зь ліпеня 1988 году ваенізаваныя групоўкі зьдзейсьнілі сэрыю дэманстрацыяў, страйкаў і ўзброеных нападаў на ўрадавыя органы, што абвастрыла сытуацыю ў штаце.

У апошнія гады назіраецца спад узброенага супрацьстаяньня ў Кашміры[2][3]. У 2008 годзе ў індыйскай частцы Кашміру адбыліся мясцовыя выбары, якія, нягледзячы на заклікі ўзброеных груповак да іх байкоту, адбыліся пасьпяхова. Выбары атрымалі станоўчую ацэнку ад Упраўленьня Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па справах уцекачоў, пры гэтым большасьць галасоў і, адпаведна, мажлівасьць фармаваньня ўраду штату атрымала Нацыянальная Канфэрэнцыя Джаму і Кашміру[4]. Шэраг аналітыкаў ацэньвае падтрымку праіндыйскіх партыяў у Джаму і Кашміры як паказчык падтрымкі насельніцтвам штату індыйскага сувэрэнітэту над штатам, што, аднак, ставіць пад сумнеў адзін зь лідэраў сэпаратыстаў у Джаму і Кашміры Саджад Лун[5]. 2009 і 2010 гады адзначаліся паўторнаю эскаляцыяй канфлікту ў індыйскай частцы рэгіёну.

Кашмірскі канфлікт на цяперашні час зьяўляецца адной з асноўных прычынаў інда-пакістанскага канфлікту й адным з фактараў палітычнае барацьбы ў абедзьвюх краінах[6]. Канфлікт ускладняецца наяўнасьцю ў Пакістану й Індыі ядзернага ўзбраеньня, якое краіны маюць з канца ХХ стагодзьдзя.

Гісторыя

рэдагаваць

Аднымі зь першых згадак гістарычнага рэгіёну Кашмір лічацца сьведчаньні Гекатэюса Мілецкага пра землі Каспапірас і герадотавы сьведчаньні аб краі Каспэйрыя[7][8].

У XIV ст. пануючай рэлігіяй у Кашміры становіцца іслам, пазыцыі ранейшых рэлігіяў рэгіёну, індуізму й будызму, зьмяншаюцца.

З XVIII ст. Кашмір трапляе пад уладу дзяржавы аўганскіх ханаў Дурані, пасьля чаго рэгіён у 1819 годзе адваёўвае магараджа дзяржавы сыкгаў Ранджыт Сынгг. У 1845—1846 гг. адбылася пасьпяховая для брытанцаў Першая англа-сыкгаўская вайна, па якой была падпісаная Лагорская дамова, якая перадала рэгіён Брытанскай Ост-Індзкай кампаніі. Неўзабаве пасьля гэтага між кампаніяй і раджой Джаму Гулабам Сынггам Кашмір быў прададзены апошняму, у выніку чаго раджа атрымаў тытул магараджы Джаму і Кашміру. У 1857 годзе ў княстве разраслося паўстаньне супраць брытанскага кіраваньня, але кіроўчая дынастыя княства (Догры) адмовілася даць прытулак паўстанцам і паслала супраць іх войска, чым зарабіла гарантыі ад брытанскага кіраўніцтва ў пераемнасьці кіраваньня княствам[9]. Праз хуткі час на сталец княства ўзышоў другі князь дынастыі, Ранбір Сынгг, які далучыў да Кашміру княствы Гунза, Гілгіт і Нагар (цяперашняя поўнач кіраванай Пакістанам часткі Кашміру)[10].

Ад гэтага часу ўвесь гістарычны Кашмір, у адрозьненьне ад іншых шматлікіх брытанскіх уладаньняў у Індыі, складаў адно з тузэмных княстваў — палітычных утварэньняў, якія кіраваліся мясцовым манархам і прызнавалі сюзэрэнітэт брытанскіх уладаў у Індыі. Большасьць насельніцтва рэгіёну складалі мусульмане, але да кіроўчае дынастыі княства належалі індуісты. Этнарэлігійны характар княства быў параўнальна разнастайным: прыкладам, усход рэгіёну (Ладакг) насялялі тыбэтцы-будысты, паўднёвы захад (Джаму) меў зьмяшанае індуісцка-мусульманска-сыкгаўскае насельніцтва, густанаселеную Кашмірскую даліну насялялі пераважна мусульмане, але ў ёй існавала ўплывовая індуісцкая мяншыня (шырокавядомыя ў Індыі касты кашмірскіх брагманаў і пандытаў); крайні ўсход сучаснай пакістанскай часткі Кашміру, г.зв. Балтыстан, насялялі балці — этнічная група блізкая тыбэтцам, якая адрозьнівалася ад іх шыіцкім мусульманскім вызнаньнем; Гілгіт (сучасная поўнач пакістанскае часткі Кашміру) насялялі этнічна розныя прадстаўнікі насельніцтва, якіх з суседнім Балтыстанам яднала шыіцкая плынь ісламу; захад княства (рэгіён Пунч, сучасны Азад Кашмір) насялялі пераважна мусульмане, этнічны характар якіх, аднак, адрозьніваўся ад суседняе Кашмірскае даліны[11].

Нядаўнія сутычкі на Лініі кантролю адбыліся 11 жніўня 2014 году, падчас якіх пакістанскія вайскоўцы абстралялі дзесяць індыйскіх памежных пастоў, у выніку чаго былі параненыя два індыйскія салдаты. У сярэдзіне мінулага месяца падчас аналягічнае перастрэлкі быў забіты адзін індыйскі салдат, яшчэ трое — параненыя. Міністэрства абароны Індыі абвінавачвае Пакістан амаль у 200 выпадках парушэньня рэжыму спыненьня агню ў 2013 годзе на лініі кантролю, у 2012 годзе было зафіксавана 93 падобныя выпадкі, у 2011 годзе — 51[12].

Падзел Брытанскай Індыі

рэдагаваць
 
Тузэмнае княства Джаму і Кашмір у складзе Брытанскай Індыі.

Напрыканцы 1940-х гг. урад Вялікабрытаніі канчаткова пагадзіўся на наданьне незалежнасьці тэрыторыям Брытанскай Індыі, пайшоўшы на саступкі індыйскаму нацыянальнаму й мусульманскаму рухам, якія імкнуліся да стварэньня ўласных дзяржаваў на тэрыторыі гэтых каляніяльных уладаньняў. У 1947 годзе тэрыторыя Брытанскай Індыі была падзеленая на дамініён Пакістан, які ўключыў тэрыторыі, заселеныя пераважна мусульманамі (сучасны Пакістан, а таксама цяперашні Банглядэш), і Індыйскі Зьвяз, які ахапіў астатнія тэрыторыі; у адпаведнасьці з Актам аб незалежнасьці Індыі сюзэрэнітэт Вялікабрытаніі над тузэмнымі княствамі быў скасаваны. Гэтыя тэрыторыі атрымалі мажлівасьць далучыцца да Індыі ці Пакістану або атрымаць незалежны статус, у спрэчным выпадку лёс княства мусіў быць вырашаным паводле рэфэрэндуму[6].

Пасьля падзелу Брытанскай Індыі кіраўніцтва Пакістану разьлічвала на ўключэньне пераважна мусульманскага тузэмнага княства Джаму і Кашмір у склад краіны, але дадзеная тэрыторыя кіравалася індуісцкім магараджай Гары Сынггам. Паводле стану на гэты год, у рэлігійным дачыненьні 77% ад насельніцтва княства складалі мусульмане, 20% — індуісты[13].

Інда-пакістанская вайна 1947 году

рэдагаваць

У 1947 годзе ў Пунчы (крайні паўднёвы захад княства) пачалося паўстаньне супраць падаткавае палітыкі княства, у жніўні распачаліся акцыі пратэсту на карысьць далучэньня да Пакістану, якія былі жорстка здушаныя войскамі княства. 24 кастрычніка паўстанцы ў Пунчы абвясьцілі пра стварэньне незалежнага палітычнага ўтварэньня Азад Кашмір і далучэньне княства да Пакістану.

Жадаючы адкласьці рашэньне аб уваходжаньні княства ў склад той ці іншай дзяржавы былой Брытанскай Індыі, магараджа Сынгг падпісаў з кіраўніцтвам Пакістану пагадненьне аб міры, якое забясьпечыла эканамічныя сувязі між княствам і Пакістанам. У кастрычніку гэтага ж году ў Кашмір уварваліся мусульманскія паўстанцы з захаду рэгіёну, а таксама пуштунскія плямёны афпыдыяў, юсуфзаяў і масудаў з акругі Дыр суседняе Паўночна-Заходняе Памежнае правінцыі Пакістану (цяпер правінцыя Хайбэр-Пахтунхва)[14], нагодаю для чаго стала нібыта прыцясьненьне мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне. Ня маючы вайсковых рэсурсаў для супрацьстаяньня, магараджа княства 25 кастрычніка 1947 року згодна з парадай апошняга віцэ-караля Брытанскай Індыі Люіса Маўнтбэтэна быў вымушаны падпісаць дамову аб уваходжаньні Джаму і Кашміру ў склад Індыі[13], якая была ўхваленая ўрадам Індыі 27 кастрычніка.

Тым часам атрады пляменнага апалчэньня дасягнулі прадмесьцяў сталіцы княства места Срынагар. Урэшце магараджа Гары Сынгг пагадзіўся на ўключэньне княства ў склад Індыі, пагадненьне аб чым было падпісана між магараджай і Маўнтбэтэнам. Атрады партыі Нацыянальная канфэрэнцыя Джаму і Кашміру прыступілі да сумесных баявых дзеяў разам з рэгулярнай арміяй Індыі. Разам з баявымі дзеяньнямі ўрад Індыі прыкладаў дыпляматычныя намаганьні па вырашэньні праблемы прыналежнасьці Кашміру ў Радзе Бясьпекі ААН. Асноўныя баявыя дзеяньні скончыліся ўжо ў наступным годзе. На тэрыторыі, узятай пад кантроль прапакістанскімі апалчэнцамі, было абвешчанае стварэньне г.зв. арміі Азад Кашміру (літаральна «Вольны Кашмір»). Пазьней у баёх былі задзейнічаныя рэгулярныя вайсковыя часткі Пакістану.

З 1948 году пры ААН была ўтвораная Місія вайсковых назіральнікаў ААН у Індыі й Пакістане, пасьля чаго 21 красавіка гэтага ж году Рада Бясьпекі ААН рэзалюцыяй №47 абавязала скараціць індыйскі кантынгент у княстве, Пакістан быў абавязаны спрыяць вываду пляменнага апалчэньня, пасьля чаго паводле плянаў арганізацыі ў рэгіёне меў прайсьці рэфэрэндум аб лёсе княства. Тым ня менш, Індыя й Пакістан ня здолелі дамовіцца наконт замірэньня з прычыны рознагалосьсяў адносна ўмоваў працэдуры й ступені дэмілітарызацыі, у прыватнасьці, не было абумоўлена пра роспуск арміі Азад Кашміру падчас замірэньня або падчас рэфэрэндуму.

У лістападзе гэтага ж году ўрады абедзьвюх краінаў дамовіліся адносна ўмоваў правядзеньня волевыяўленьня ў Джаму і Кашміры, аднак Пакістан адмовіўся вывесьці апалчэньне, што спыніла працэс волевыяўленьня[15]. Акрамя таго, урад Індыі дыстанцыяваўся ад пагадненьня аб правядзеньні рэфэрэндуму[15]. Урад Індыі растлумачыў дадзеную адмову прапановай першапачатковага вываду пакістанскіх войск, назамен чаму Пакістан адхіліў прапанову Індыі, выступіўшы супраць яе праз, на думку пакістанскіх уладаў, перашкоды індыйскай арміі ў працэсе волевыяўленьня і цеснымі ўзаемаадносінамі між галоўным міністрам княства Шэйхам Абдулом і прэм’ер-міністрам Індыі Джавагарлалам Нэру. У сваю чаргу, Пакістан высунуў сустрэчны плян, паводле якога падразумяваўся адначасовы вывад арміяў абедзьвюх дзяржаваў і правядзеньне рэфэрэндуму пад эгідай міжнароднае супольнасьці, які, аднак, ня быў прыняты Індыяй, што спрычынілася да адмовы Пакістану на вывад войск. У 1949 годзе пад кантролем ААН была прынятая лінія спыненьня агню, якая стала фактычнай мяжой дзьвюх краінаў у рэгіёне.

Цягам наступных некалькі год Рада Бясьпекі прыняла чатыры абноўленых рэзалюцыі, якія абавязвалі Індыю й Пакістан зьдзейсьніць сынхронны вывад войскаў, з мэтаю чаго арганізацыяй было высунута 11 пунктаў па дэмілітарызацыі рэгіёну. Плян быў прыняты Пакістанам, але быў адхілены Індыяй. Гэтыя рашэньні былі прынятыя пад эгідай часткі VI Хартыі Аб’яднаных Нацыяў[16], якія, у адрозьненьне ад часткі VII, ня сталі абавязковымі.

Кітайска-індыйская вайна

рэдагаваць
 

     Рэгіён Аксай-Чын (уверсе) і некаторыя іншыя інда-кітайскія тэрытарыяльныя спрэчкі.

У сярэдзіне 1950-х гг. урад Кітаю, непрызнаючы мяжы на ўсходзе Кашміру, увайшоў ва ўсходнюю частку Ладакгу[14]. У 1956—1957 гг. Кітай стаў весьці працы па наладжваньні камунікацыяў у гэтым рэгіёне, якім зьвязваліся Сіньцьзян-Уйгурскі й Тыбэцкі аўтаномныя раёны[14]. Дзеяньні Кітаю ў рэгіёне былі выяўленыя Індыяй толькі ў 1962 годзе. Непрацяглыя баявыя сутыкненьні ў кастрычніку гэтага ж году скончыліся пасьпяховымі дзеяньнямі Народна-Вызвольнай Арміі Кітаю, у выніку чаго паўночны ўсход Кашміру, вядомы таксама як Аксай-Чын, быў узяты пад фактычны кантроль Кітаю. Фактычная лінія мяжы ў гэтым рэгіёне прызнаная толькі ўрадам КНР і неафіцыйна мае назву Лінія фактычнага кантролю. У 1963 годзе Пакістан перадаў крайні паўночны ўсход кантраляванай краінай часткі Кашміру, вядомы як Шаксгамская даліна, Кітаю, што таксама не прызнаецца кіраўніцтвам Індыі.

Другая й трэцяя інда-пакістанскія войны

рэдагаваць

У 1965 і 1971 годзе між Індыяй успыхнулі новыя баявыя сутыкненьні, мэтаю якіх былі намаганьні абедзьвюх дзяржаваў усталяваць кантроль над усёй тэрыторыяй Кашміру. Канфлікт 1965 году быў выкліканы жаданьнем Пакістану інсьпіраваць паўстаньне ў індыйскай частцы Кашміру, што склала апэрацыю «Гібральтар». У 1966 годзе пры пасярэдніцтве СССР была прынятая Ташкенцкая дэклярацыя, паводле якой варагуючыя бакі вярнуліся на зыходныя лініі кантролю.

Наступныя сутыкненьні, якія адбываліся ў 1971 годзе, адзначаліся выкарыстаньнем вайсковых рэсурсаў ва Ўсходнім Пакістане, дзе пакістанскія войскі атрымалі паразу, у выніку чаго на тэрыторыі правінцыі была абвешчаная незалежная дзяржава Банглядэш. Баявыя сутыкненьні гэтага году былі вырашаныя мірным шляхам у рамках падпісаньня Сымлскага пагадненьня 1972 году. Гэтым пагадненьнем фактычная дзяржаўная інда-пакістанская мяжа ў Кашміры (лінія спыненьня агню паводле ўгоды 1949 году) зьведала невялікія зьмены й была пераназваная ў Лінію кантролю, дзяржавы абавязаліся адмовіцца ад аднабаковага зьмяненьня гэтае лініі. На цяперашні час большасьць краінаў сьвету дэ-факта прымае гэтую лінію як дзяржаўную мяжу Індыі й Пакістану ў гэтым рэгіёне

Узброенае паўстаньне ў індыйскім Кашміры

рэдагаваць

Напрыканцы 1980-х гг. у індыйскай частцы Кашміру адзначылася ўзрастаньне ўзброеных сэпаратысцкіх і ісламісцкіх рухаў.

У 1987 годзе адбыліся выбары ў Заканадаўчы сход штату Джаму і Кашмір, аднак некаторыя з вынікаў выбараў былі пастаўленыя пад сумнеў, што спрычынілася да разгортваньня ўзброеных паўстанцкіх рухаў, дзейнасьць якіх у той ці іншай ступені працягваецца й да цяперашняга часу[17]. Паводле сьцьвярджэньняў урадавых органаў Індыі, узброены рух у штаце ў значнай ступені быў інсьпіраваны ўзброенымі групоўкамі з Аўганістану, якія праніклі на індыйскія тэрыторыі рэгіёну па заканчэньні савецкага ўварваньня ў гэтую краіну 1979—1989 гг.[17]

З 1995 году ў арганізацыі кашмірскіх сэпаратыстаў назіраецца раскол, падчас якога адзін зь лідэраў сэпаратыстаў Фарук Сыдыкві вырашыў перайсьці да мірных спосабаў палітычнае барацьбы.

Напрыканцы сьнежня 1999 году кашмірскімі тэрарыстамі быў сагнаны індыйскі самалёт, віна ў гэтым кіраўніцтвам Індыі была ўскладзеная на Пакістан, кіраўніцтва якой заявіла аб намеры дабівацца прызнаньня апошняе краіны «тэрарыстычнай дзяржавай»[6].

Пэрыядычна ў адрас індыйскіх уладаў, а таксама рэгіянальных уладаў штату высоўваюцца абвінавачаньні ў парушэньні правоў чалавека, чаму спрыяе, у прыватнасьці, закон Індыі аб дзяржаўнай бясьпецы, згодна зь якім затрыманы можа ўстрымлівацца цягам двух гадоў без прад’яўленьня абвінавачаньня, акрамя таго, праваабаронцы адзначаюць існаваньне ў штаце братэрскіх могілак, у якіх за апошнія дваццаць год пахавана 2 156 чалавек[18][19]. Падобныя абвінавачваньні высоўваюцца ў адрас узброеных сілаў Індыі й узброеных праіндыйскіх груповак, прыкладам, шэраг праваабарончых арганізацыяў сьцьвярджаюць, што індыйскія й праіндыйскія фармаваньні адказныя за сьмерць 4501 цывільных асобаў у Кашміры між 1990 і 1999 гадамі і згвалтаваньне 4242 асобаў жаночага насельніцтва рэгіёну[20][21].

Сіячэнскі канфлікт

рэдагаваць

З 1984 між Індыяй і Пакістанам з ініцыятывы апошняе краіны распачаўся ўзброены канфлікт, мэтаю якога было ўзяцьце арміяй Пакістану пад кантроль ледніку Сіячэн, што зьяўляецца адным з найвышэйшых пунктаў індыйскага Кашміру й да сутыкненьня кантраляваўся Індыяй. Баявыя дзеі працягваліся ў высакагорнай мясцовасьці з выкарыстаньнем спэцыяльных падразьдзяленьняў войскаў абедзьвюх краінаў да 1987 году й скончыліся пераходам большае часткі ледніку пад фактычны кантроль Індыі. Апошнія сутычкі ў раёне ледавіку фіксаваліся ў 2001 годзе[6].

Каргільскі канфлікт

рэдагаваць
 
Разьмяшчэньне каргільскага канфлікту.

У сярэдзіне 1999 году распачалася ўзброеная акцыя пранікненьня падразьдзяленьняў арміі Пакістану й мясцовых кашмірскіх баевікоў на тэыторыю Джаму і Кашміру. Падчас зімовага сэзону індыйскія памежныя войскі, ня маючы мажлівасьці ахоўваць фактычную дзяржаўную мяжу ў цяжкіх кліматычных умовах, пэрыядычна зьмянялі месца дысьлякацыі на больш умеранныя тэрыторыі, што было выкарыстана паўстанцамі й пакістанскімі вайскоўцамі, якія занялі стратэгічна важны горны ўчастак (Каргільскі хрыбет), які меў доступ да шашы Срынагар — Лег. Пакістанская армія й паўстанцы атрымалі мажлівасьць блякіроўкі транспартнага злучэньня Ладакгу (усход індыйскага Кашміру) з адміністрацыйным цэнтрам штату местам Срынагар, што спрычынілася да найбуйнейшага за апошнія часы ўзброенага інда-пакістанскага канфлікту.

Тым ня менш, тагачасная сусьветная супольнасьць, маючы перасьцярогі перарастаньня канфлікту ў ядзерную вайну, была вымушаная заклікаць Пакістан ажыцьцявіць вывад пакістанскага войска.

Удзел міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў

рэдагаваць

У 2001 годзе амэрыканскі некамэрцыйны дасьледчы цэнтар RAND паведаміў, што пры ўдзеле замежных баевікоў мясцовы сьвецкі пратэст у Джаму і Кашміры шмат у чым перарос у міжнародны тэрарыстычны рух[22]. У гэтым жа годзе з прычыны тэрарыстычнага акту 11 верасьня ў ЗША прымусілі кіраўніцтва ЗША заклікаць Пакістан спыніць практыку спрыяньня пранікненьню баевікоў у індыйскую частку Кашміру, а тэракт у сьнежні гэтага ж году, падчас якога адбыўся напад на будынак парлямэнту Індыі і які зьвязваўся з Пакістанам, падштурхнуў да разгортваньня ўзброеных сілаў Пакістану й Індыі ды пагрозаў выкарыстаньня ядзернае зброі між гэтымі краінамі.

У 2002 годзе падчас візыту ў Індыю тагачасны міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэлд заявіў пра ўдзел у супрацьстаяньні ў Кашміры міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў, у прыватнасьці, Аль-Каіды, аднак трывалых доказаў на карысьць гэтага нададзена не было[23][24]. Пазьней паўставалі паведамленьні аб існаваньні ў пакістанскай частцы Кашміру пакістанскіх суполак Аль-Каіды, якія дзейнічалі за негалоснай падтрымкай Міжведамствавай разьведкай Пакістану[25]. У гэтым жа годзе паводле сьцьвярджэньняў разьведкі ЗША ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміру існавалі спэцыяльныя лягеры, на базе якіх атрады Талібану ды Аль-Каіды рыхтавалі ісламісцкіх баевікоў Аўганістану да пранікненьня ў індыйскую частку рэгіёну[26].

У 2006 годзе суполкі Аль-Каіды заявілі аб стварэньні аддзяленьня ў Кашміры, што выклікала адмоўную рэакцыю індыйскага ўраду[27]. Генэрал-лейтэнант індыйскай арміі Г. Панаг, аднак, выключыў мажлівасьць прысутнасьці ў індыйскай частцы рэіёну суполак Аль-Каіды й яе цеснага кантактаваньня з рэгіянальнымі ісламісцкімі групоўкамі такімі як Лашкар-э-Тайба і Джаіш-Магамэд, разам з тым, паводле сьцьвярджэньняў Панага, індыйскі ўрад мае інфармацыю аб цесным дачыненьні Аль-Каіды да тэрарыстычных актаў у Джаму і Кашміры.

Падчас свайго выступу ў сакавіку 2009 году цяперашні галоўны міністар штату Джаму і Кашмір Амар Абдула заявіў, што на тэрыторыі штату дзейнічае каля 800 баевікоў, зь якіх толькі прыкладна траціна зьяўляецца мясцовымі жыхарамі[28].

Зьдзяйсьняючы візыт у Індыю ў 2010 годзе, тагачасны міністар абароны ЗША Робэрт Гэйтз заявіў пра імкненьне Аль-Каіды па дэстабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне і плянах па правакаваньні ядзернае вайны між Індыяй і Пакістанам. У чэрвені наступнага году ўдарам амэрыканскага бесьпілётніка быў забіты Ільяс Кашміры, кіраўнік кашмірскай тэрарыстычнай арганізацыі Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламі, якая падазравалася ў цесных сувязях з Аль-Каідай. Супрацоўніцтва кашмірскіх сэпаратыстаў з Аль-Каідай таксама пацьвердзілася прызначэньнем 21 красавіка 2012 году кіраўніком пакістанскага аддзяленьня Аль-Каіды ў Пакістане Фармана Алі-Шынвары, былога сябра кашмірскіх ісламісцкіх груповак Гаркат-уль-Муджагідын і Гаркат-уль-Джыгад-аль-Ісламі[29].

Аргумэнты бакоў

рэдагаваць

Пры дыпляматычных і вайсковых захадах па вырашэньні тэрытарыяльнага дыспуту ў Кашміры пакістанскі й індыйскі бакі як правіла настойваюць на палітычных і этнаканфэсійных прыкметах. Іншыя краіны сьвету прытрымліваліся падобных пунктаў гледжаньня: так, СССР выказваўся на падтрымку Індыі, разглядаючы Азад Кашмір як акупаваныя тэрыторыі Індыі, кіраўніцтва ЗША выказвалася аб нявырашанай праблеме, фактычна падтрымліваючы Пакістан.

Налічваецца прыкладна 1,5 млн. уцекачоў з індыйскае чатскі Кашміру, якія былі вымушаныя эміграваць у рэгіёны Кашміру, кантраляваныя Пакістанам[30], таксама былі вымушаныя эміграваць блізу 506 тыс. асобаў, якія належаць да гістарычнае касты кашмірскіх брагманаў.

У кантраляванай Індыяй частцы Кашміру мусульмане складаюць большасьць ад насельніцтва ў цэнтры й захадзе штату Джаму і Кашмір (акругі Пунч, Раджуры, Кіштвары, Дода, Каргіл). Афіцыйная Індыя не падтрымлівае даўняй ідэалёгіі Пакістану, г.зв. «тэорыі дзьвюх нацыяў», паводле якой насельніцтва Індастану падразьдзяляецца на мусульманскае й немусульманскае насельніцтва; на афіцыйным узроўні Індыя зьяўляецца сьвецкай краінай[31]. У сваю чаргу, шэраг палітычных рухаў настойвае на пераход Кашміру пад кантроль Пакістану з прычыны перавагі мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне й узьнікненьня Пакістану як дзяржавы мусульманаў Індастану (гл. вышэй). Ніжэй прыведзенае разьмеркаваньне насельніцтва Кашміру паводле рэлігійнае прыналежнасьці й рэгіёну.

У 1960-х гг. некаторымі палітыкамі была прапанаваная г.зв. Формула Чынабу, згодна зь якой Кашмір прапаноўвалася падзяліць між Пакістанам і Індыяй паводле перавагі асобаў таго ці іншага веравызнаньня сярод насельніцтва розных рэгіёнаў Кашміру. Пры прыняцьці гэтае дарожнае мапы ў склад Пакістану мусілі былі б адысьці Кашмірская даліна ды іншыя сумежныя раёны на поўнач ад ракі Чынаб (ад якой праект і атрымаў назву), іншыя раёны, дзе ў насельніцтве пераважалі асобы іншых вызнаньняў (у прыватнасьці, Джаму), плянавалася перадаць Індыі[32].

Кіруецца Рэгіён Насельніцтва Дзель мусульманскага
насельніцтва
Дзель індуісцкага
насельніцтва
Дзель будысцкага
насельніцтва
Насельніцтва іншага вызнаньня
Індыяй Кашмірская даліна ~4 млн. 95% 4%
Джаму ~3 млн. 30% 66% 4%
Ладакг ~0,25 млн. 46% 50% 3%
Пакістанам Гілгіт-Балтыстан ~1 млн. 99%
Азад-Кашмір ~2,6 млн. 100%
Кітаем Аксай-Чын

Палітычны статус

рэдагаваць

Паводле індыйскага заканадаўства, уся тэрыторыя гістарычнага рэгіёну Кашмір, у тым ліку ўласна кантраляваная краінай ягоная частка, зьяўляюцца тэрыторыяй індыйскага штату Джаму і Кашмір, які быў утвораны ў 1956 годзе пасьля прыняцьця закону аб новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле краіны.

Пасьля шэрагу ўзброеных выступаў у штаце ў 2010 годзе тагачасны прэм’ер-міністар Індыі Манмаган Сынгг заявіў пра гатоўнасьць наданьня штату аўтаноміі пры ўмовах дасягненьня кансэнсусу па пытаньні статусу гэтае тэрыторыі[33]. Разглядаючы ўсе тэрыторыі рэгіёну як адну з тэрыторыяў Індыі, урад краіны падкрэсьлівае юрыдычнае замацаваньне ўваходжаньня княства Кашмір у склад Індыі[34], што, паводле сьцьвярджэньняў афіцыйных органаў краіны, адпавядае заканадаўству Вялікабрытаніі (Акт аб урадзе Індыі 1935 году, Акт аб незалежнасьці Індыі 1947 году) і нормам міжнароднага права. Уваходжаньне ў склад Індыі было зацьверджанае Ўстаноўчым сходам княства, які, як сьцьвярджае ўрад Індыі, на той момант зьяўляўся адзіным прадстаўнічым палітычным органам тэрыторыі. Рэзалюцыя №47 Рады Бясьпекі ААН ад 1948 году (гл. вышэй) урадам Індым разглядаецца як састарэлая з прычыны значнага зьмяненьня дэмаграфіі й геаграфіі рэгіёну ад часу яе прыняцьця. Акрамя таго, афіцыйная Індыя не падзяляе ідэалёгіі Пакістану аб г.зв. «тэорыі дзьвюх нацыяў», якая ў першай палове ХХ ст. абгрунтоўвала стварэньне асобнае дзяржавы для мусульманаў Індастану і зыходзячы зь якой нярэдка высоўваюцца высновы аб неабходнасьці ўключэньня Кашміру ў склад Пакістану з прычыны перавагі мусульманскага насельніцтва ў рэгіёне.

У галіне дэмакратычных інстытутаў афіцыйная Індыя настойвае на існаваньні мірных і легальных мэтадаў палітычнае барацьбы, пры дапамозе якіх маюць рэалізоўвацца ў тым ліку патрабаваньні насельніцтва Кашміру[35]. Урад краіны выступае супраць узброеных мэтадаў рэалізацыі палітычных інтарэсаў, якія, паводле сьцьвярджэньняў афіцыйных органаў Індыі, інсьпіруюцца з боку Пакістану[36][37][38][39][40]. На адрас Пакістану ўрад Індыі, спасылаючыся на зьвесткі праваабарончых арганізацыяў, высоўвае абвінавачаньні ў сфэры поўнага выкананьня грамадзянскіх свабодаў і асноўных правоў чалавека, а таксама эканамічнага разьвіцьця рэгіёну.

24 сьнежня 2008 году ў штаце Джаму і Кашмір былі праведзеныя рэгіянальныя выбары, яўка на якіх, нягледзячы на заклікі сэпаратыстаў байкатаваць выбары, склала амаль 50%[41]. 5 студзеня наступнага году да прысягі быў прыведзены новы галоўны міністар штату Амар Абдула — сябра Індыйскага Нацыянальнага Кангрэсу, які выступіў у кааліцыі зь перамоглай на выбарах праіндыйскай партыяй Нацыянальная канфэрэнцыя Джаму і Кашміру[42].

Афіцыйныя пасадоўцы Індыі таксама заяўляюць аб выкарыстаньні з боку Пакістану мэтадаў прапаганды, закліканыя да выкліку антыіндыйскіх поглядаў у рэгіёне[43]. Частка VII рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН №1373, якая забараняе інфармацыйную або палітычную ці дыпляматычную падтрымку ўзброеным паўстанцам, на думку афіцыйнай Індыі, парушаецца з боку Пакістану ў выглядзе падтрымкі такіх тэрарыстычных арганізацыяў як Джаіш-э-Магамад і Лашкар-э-Тайба; урад Індыі лічыць патрэбным кантроль за выкананьнем гэтае рэзалюцыі.

Пакістан

рэдагаваць
 
Расьцяжка ў сталіцы Пакістану месьце Ісламабад у гонар Дня салідарнасьці з Кашмірам.

З тэрыторыяў, якія па інда-пакістанскай вайне апынуліся пад кантролем Пакістану, большая частка была вылучаная ў г.зв. Агенцтва паўночных тэрыторыяў (цяпер Гілгіт-Балтыстан) з адміністрацыйным цэнтрам у мястэчку Гілгіт, у складзе Азад Кашміру засталося толькі 2 169 км² тэрыторыяў, прылеглых з паўднёвага захаду да лініі спыненьня агню. Сталіцай Азад Кашміру зьяўляецца места Музафарабад, фармальна гэтае палітычнае ўтварэньне мае статус дзяржавы, асацыяванай з Пакістанам, і ўласныя ўзброеныя сілы.

Афіцыйныя органы ўлады Пакістану разглядаюць увесь Кашмір як спрэчную тэрыторыю, канчатковы статус якой мае быць вызначаным згодна з волевыяўленьнем ягонага насельніцтва. Урад краіны выступае супраць дамовы аб далучэньні Кашміру да Індыі і сьцьвярджае, што магараджа Сынгг быў непапулярным кіраўніком, які выкарыстоўваў гвалт для падаўленьня волевыяўленьня мясцовага жыхарства[44]. Паводле сьцьвярджэньняў урадоўцаў краіны, напрыканцы 1940-х гг. урад Пакістану й магараджа Кашміру падпісалі пагадненьне аб міры, якое было парушанае Індыяй у выглядзе ўводу войскаў да далучэньня Кашміру да Індыі. Тым ня менш, Індыя не далучалася да падпісаньня пагадненьня. Акрамя таго, у якасьці прыкметы непрыхільнасьці ідэі знаходжаньня Кашміру ў складзе Індыі Пакістан разглядае існаваньне ўзброеных рухаў на тэрыторыі штату; на карысьць прысутнасьці Кашміру ў складзе Пакістану таксама выступаюць палажэньні тэорыі дзьвюх нацыяў.

У дыпляматычным дачыненьні ўлады Пакістану падкрэсьліваюць невыкананьне Індыяй рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН, у якіх ставілася рэкамэндацыя аб правядзеньні рэфэрэндуму ў Кашміры, на якім было б пастаўленае пытаньне аб дзяржаўнай прыналежнасьці рэгіёну[15]. Пакістанскія органы ўлады адзначаюць шырокае выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня, што зьдзяйсьняецца індыйскімі ўзброенымі сіламі ў Кашміры па-за судовым расьсьледваньнем, аднак паводле сьцьвярджэньняў індыйскіх органаў улады дадзеныя забойствы ажыцьцяўляюцца ў выніку антытэрарыстычных апэрацыяў. Паводле шэрагу сьведчаньняў, большая частка дадзеных забойстваў застаюцца нерасьсьледванымі, вінаватыя часта пазьбягаюць пакараньня[45].

5 лютага ў Пакістане адзначаецца г.зв. Дзень салідарнасьці з Кашмірам.

Кітайская Народная Рэспубліка

рэдагаваць

Гісторыя тэрытарыяльных прэтэнзіяў Кітайскае Народнае Рэспублікі ў Кашміры сыходзяць у пачатак ХХ ст., калі Кітай адмовіўся ад брытанскага праекту брытанска-кітайскае мяжы, паводле якога прадугледжвалася ўключэньне паўночнага ўсходу Кашміру ў склад Брытанскай Індыі[14]. Неафіцыйна гэтая частка рэгіёну вядомая як Аксай-Чын, гэтыя тэрыторыі поўнасьцю кантралююцца КНР пасьля інда-кітайскае вайны 1962 году; у адміністрацыйна-тэрытарыяльным дачыненьні рэгіён падзелены між Сіньцьзян-Уйгурскім і Тыбэцкім аўтаномнымі раёнамі.

У 1963 годзе была падпісаная кітайска-пакістанская дамова, паводле якой Пакістан перадаваў КНР паўночны ўсход кантраляванай Пакістанам часткі Кашміру, г.зв. Шаксгамскую даліну, якая ўрэшце стала падпарадкоўвацца Ташкурган-Таджыцкаму аўтаномнаму павету акругі Кашгар Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну. Дадзеная зьмена мяжы не прызнаецца ўрадам Індыі.

Канфлікты на Лініі кантролю

рэдагаваць

Напрыканцы ХХ ст. Індыя пачала адбудоўваць канструкцыі, мэтаю якіх стала агароджваньне фактычнае лініі мяжы ў Кашміры. Супраць будаўніцтва выступіў урад Пакістану, паводле меркаваньня якога дадзеныя мерапрыемствы парушалі Сымлскія пагадненьні. Афіцыйная Індыя сьцьвярджае пра зьніжэньне інфільтрацыі баевікоў пасьля збудаваньня агароджы. У 2002 годзе тагачасны прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф выступіў з гатоўнасьцю праверыць факт пранікненьня ўзброеных баевікоў у індыйскую частку Кашміру.

Іншай прычынай канфліктаў зьяўляецца разьмежаваньне басэйну шэрагу рэк, якія маюць вытокі ў Кашміры. Так, у 1947 годзе між Пакістанам ды Індыяй разгарэўся канфлікт з прычыны водакарыстаньня ракі Інд у сельскагаспадарчых і энэргетычных мэтах, аднак у гэтым жа годзе канфлікт быў вырашаны дзякуючы працы Сырыла Рэдкліфа, паводле рашэньня якога рэчышча Інду разьмяжоўвалася на дзьве роўназначныя часткі. Акрамя гэтага, была ўсталяваная Лінія кантролю, якая аднесла да гаспадарчае галіны Пакістану ніжнюю частку басэйну ракі, верхнюю — Індыі.

У 1948 годзе тагачасны прэзыдэнт Сусьветнага банку Юджын Блэк прапанаваў уласны плян па вырашэньні пытаньня водакарыстаньня Інду, аднак неўзабаве Індыя здолела перакрыць бары-даабскую ірыгацыйную сыстэму, чым былі выкліканыя вялікія страты ў пасяўной гаспадарцы Пакістану. Праблема разьмежаваньня водакарыстаньня ў Індзе паводле сьцьвярджэньняў уладаў Пакістану зьяўлялася адной з найгалоўнейшых мэтаў тагачаснага ўраду Індыі[46]. 19 верасьня 1960 году ў Карачы тагачасным прэм’ер-міністрам Індыі Джавагарлалам Нэру й прэзыдэнтам Аюбам Ханам была падпісаная Дамова аб водах Інду, паводле якой у выключную сфэру выкарыстаньня Пакістану траплялі тры заходнія прытокі Інду, Джэлам, Чынаб і ўласна Інд (якія маюць вытокі на тэрыторыі Індыі), тры ўсходнія прытокі (Сатледж, Раві й Біс), з умоваю недапушчэньня памяншэньня або адтэрмінаваньня забесьпячэньня вадою Пакістану, трапілі ў сфэру карыстаньня Індыяй, што прызнаецца Індыяй і дагэтуль.

Зносіны Пакістану з узброенымі фармаваньнямі Кашміру

рэдагаваць

Урадавымі органамі Індыі неаднаразова прадастаўляліся сьведчаньні, паводле якіх афіцыйны Пакістан аказваў падтрымку шэрагу сэпаратысцкіх узброеных груповак у Кашміры. У адным з уласных інтвэрвію былы прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф прызнаў факт аказаньня дапамогі пры фармаваньні гэтых груповак і дапушчэньня іх існаваньня з боку ўладаў краіны, прычынаю чаго сталі пляны аб прымусовым прыцягненьні Індыі да перамоваў[47].

У 2009 годзе тагачасны прэзыдэнт Пакістану Асыф Зардары прызнаўся ў стварэньні з боку Пакістану ўзброеных груповак, мэтаю чаго зьяўлялася зьдзяйсьненьне інтарэсаў краіны ў Кашміры й барацьба супраць індыйскіх сілаў у рэгіёне[48]. Падобнага перакананьня прытрымліваўся таксама былы прэм’ер-міністар Індыі Манмаган Сынгг, які ў 2010 годзе адзначаў гатоўнасьць да вырашэньня кашмірскага пытаньня пасьля заканчэньня аказаньня падтрымкі тэрарыстам з боку Пакістану[49].

Ранейшыя, а таксама больш позьнія зьвесткі ўраду Вялікабрытаніі сьведчылі пра існаваньне кантактаў паміж Міжведамаснай разьведкай Пакістану і такімі тэрарыстычнымі групоўкамі як Лашкар-э-Тайба, Джаіш-э-Магамад ды Гаркат-уль-Муджагедын, якія вядуць вайсковую дзейнасьць у індыйскай частцы Кашміру[50][51]. У прыватнасьці, паводле падобных сьведчаньняў пры ўдзеле Міжведамаснае разьведкі краіны вялася падрыхтоўка й абсталяваньне баевікоў у пакістанскім Кашміры й правінцыі Панджаб, гэтае ж ведамства працавала над пастаўкай узбраеньня баевікам у індыйскай частцы рэгіёну[52][53]. Акрамя гэтага, высоўваліся абвінавачаньні ў супрацоўніцтве гэтага ведамства зь сеткаю былога антысавецкага руху маджагедаў у Аўганістане, якую міжведамасная разьведка краіны прымяняла для ажыцьцяўленьня апэрацыяў супраць індыйскіх войскаў у Кашміры[54]. Высоўваліся падазрэньні ў супрацоўніцтве міжведамаснае разьведкі краіны з Аль-Каідай, пасьля чаго навучаныя радыкалы выкарыстоўваліся ў Кашміры[55]. Супрацоўніцтва з кашмірскімі баевікамі прыпісвалася таксама іншым разьведвальным ведамствам Пакістану[56]. Паводле шэрагу паведамленьняў, разьведка краіны, а таксама ўзброеныя сілы Пакістану спрыяюць таемнаму перацінаньню Лініі кантролю добраахвотнікамі[57].

Правы чалавека

рэдагаваць

Абвінавачваньні ў парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні насельніцтва індыйскае часткі Кашміру высоўваліся ў адрас як узброеных баевікоў, так і ў адрас узброеных сілаў Індыі.

Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, пачынаючы з 1989 году ў кантраляванай Індыяй частцы Кашміру было забіта ад 50 тыс. да амаль 100 тыс. прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва[58]. Некаторыя іншыя праваабарончыя арганізацыі прадстаўляюць сьведчаньні аб забойстве некалькі соцень жыхароў індыйскае часткі Кашміру прадстаўнікамі індыйскіх узброеных сілаў падчас дэманстрацыяў, пазбаўленьня волі або нявыбарчага прымяненьня сілы[59][60][61][62]. Урад Індыі адмаўляе шырокае выкарыстаньне катаваньняў і адзначае, што прэцэдэнты незаконнага выкарыстаньня сілы маюць адзінкавы й непастаянны характар[60].

Згодна з шэрагам паведамленьняў, з 1990 году ў індыйскай частцы Кашміру адбылося больш за трыста выпадкаў зьнікненьня людзей[63][64]. Паведамленьні індыйскае нацыянальнае камісіі па правох чалавека адзначаюць знаходжаньне 2730 трупаў у безыменных пахаваньнях па ўсім Кашміры, якія прыпісваюцца ахвярам незаконных забойстваў і выкраданьняў з боку індыйскіх сілавых ведамстваў[65][66][67]. Іншыя сілавыя ведамствы таксама зазнавалі абвінавачваньні з боку індыйскіх праваабарончых арганізацыяў у выкарыстаньні прымусовае працы мясцовага насельніцтва[68]. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі падкрэсьліваюць неабходнасьць скасаваньня Закону аб грамадзкай бясьпецы, які дазваляе затрыманьне да двух гадоў без высоўваньня абвінавачаньня[69][70]. У 1958 годзе ўрадам Індыі быў прыняты Акт аб спэцыяльных паўнамоцтвах узброеных сілаў, згодна зь якім было затрымана каля 20 тыс. насельнікаў Кашміру, гэты заканадаўчы дакумэнт таксама зьведвае рэзкую крытыку з боку праваабарончых арганізацыяў[70][71][72].

22 кастрычніка 1993 году атрад індыйскага войска адкрыў агонь па працэсіі ў мястэчку Біджбэгара (захад штату Джаму і Кашмір), у выніку чаго загінула 40 чалавек, 150 было паранена. У расьсьледваньні інцыдэнту ўдзельнічаў урад штату; было ўсталявана, што адкрыцьцё страляніны было неабгрунтаваным.

Даклад Індыйскага цэнтральнага бюро па расьсьледваньнях сьцьвярджае аб забойстве індыйскімі вайскоўцамі сямі мірных жыхароў Кашміру ў 2000 годзе[73][74].

Агульная пазыцыя індыйскага вайсковага кіраўніцтва настойвае на тым, што блізу 97% выпадкаў неправамернага выкарыстаньня сілы зьяўляюцца сфальсыфікаванымі або ненэўтральна трактаванымі[75].

У сваю чаргу, у 2006 годзе Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю, дзе адзначаўся факт чыстак з боку ісламісцкіх груповак у індыйскім Кашміры, якія праніклі ў рэгіён у 1989 годзе і пачалі кампанію выцясьненьня індуісцкага насельніцтва, у выніку якой прыкладна 400 тыс. жыхароў індыйскае часткі Кашміру індуісцкага веравызнаньня былі забітыя або змушаныя пакінуць рэгіён. Іншыя інфармацыйныя рэсурсы паведамляюць пра падрыхтоўку ісламісцкіх арганізацыяў Кашміру Міжведамаснай разьведкай Пакістану, пасьля чаго гэтыя ўзброеныя групоўкі прыступалі да прымусовага выцясьненьня жыхароў Джаму і Кашміру індуісцкага вызнаньня[76]. Індыйскі ўрад прадпрымае высілкі па вяртаньні прымусова выселеных індуістаў Джаму і Кашміру, акрамя таго, паводле аднаго зь лідэраў кашмірскіх сэпаратыстаў Індыі, індуісты Кашміру зьяўляюцца аднымі зь іх суайчыньнікаў, абароне якіх будуць спрыяць і сэпаратысты. Тым ня менш, большая частка вымушаных перасяленцаў застаецца пражываць у Джаму і ня лічаць мажлівым вяртаньне ў ранейшыя месцы пражываньня пры ўмовах, што сэпаратысты будуць заставацца ў рэгіёне[77]. Зьвесткі ЦРУ паведамляюць прынамсі пра 506 тыс. уцекачоў з індыйскага Кашміру, зь якіх прыблізна палова зьяўляюцца індуістамі[78]. Камісія Аб’яднаных Нацыяў па правох чалавека паведамляе пра прыкладна 1,5 млн. уцекачоў, якія аселі ў пакістанскай частцы Кашміру пасьля спэцапэрацыяў індыйскіх вайскоўцаў супраць тэрарыстаў у Кашміры[30].

Даклад Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў на 2008 год паведамляе толькі аб частковым узроўні выкананьня грамадзянскіх свабодаў у індыйскай частцы Кашміру[66].

24 верасьня 2013 году тагачасны вярхоўны галоўнакамандуючы індыйскімі ўзброенымі сіламі Віджай Кумар Сынгг заявіў пра фінансаваньне армейскімі структурамі палітыкаў Кашміру з мэтаю падтрыманьня правапарадку ў Джаму і Кашміры, практыка чаго цягнулася ажно з самага падзелу Брытанскай Індыі. Таксама Сынгг адзначыў, што індыйскія спэцслужбы практыкавалі хабарніцтва дзеля зрынаньня палітычных партыяў, якія плянавалі скасаваньне акту аб спэцыяльных паўнамоцтвах узброеных сілаў у 2010 годзе[79][80].

Пакістан

рэдагаваць

На адрас кіраўніцтва Пакістану высоўваюцца прэтэнзіі ў існаваньні дыскрымінацыі на рэлігійным грунце й прыцісканьні свабоды слова й антыўрадавых акцыяў пратэсту, якія адбываюцца ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміру[30].

У 2006 годзе праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch былі высунутыя абвінавачаньні ў незаконных катаваньнях журналістаў і палітычных актывістаў у Азад Кашміры з боку Міжведамаснае разьведкі краіны й ейных узброеных сілаў[81]. Акрамя агульных палітычных свабодаў, урад Пакістану крытыкуецца за недастатковае прадстаўніцтва Кашміру ў палітычным жыцьці дзяржавы[82]. Паводле інфармацыі Камісіі па правох чалавека Пакістану, Міжведамасная разьведка краіны зьдзяйсьняе адвольныя арышты, фізычныя пакараньні, забойствы й інфармацыйнае сачэньне ў кантраляванай Пакістанам частцы Кашміру[30].

Дадзеныя Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў вызначаюць узровень выкананьня грамадзянскіх свабодаў у пакістанскай частцы Кашміру як несвабодны[30]. Са сьнежня 1993 году ў пакістанскіх рэгіёнах Кашміру распаўсюджанае дзеяньне закону аб блюзьнерстве, у рамках якога прадугледжанае таксама сьмяротнае пакараньне. Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН адзначае таксама значнае абмежаваньне правоў жанчынаў у пакістанскім Кашміры, якое праяўляецца ў абмежаваньнях на атрыманьне адукацыі й выбары шлюбнага партнэра, якія існуюць таксама ў іншых правінцыях Пакістану, аднак адзначаецца, што г.зв. ганаровыя забойствы й згвалтаваньні ў рэгіёне адбываюцца радзей, ніж у іншых рэгіёнах краіны[30]. У сьнежні 2009 году ў месьце Музафарабад адбыліся пікеты, адной з мэтаў якіх было, у прыватнасьці, асуджэньне нібыта фальсыфікацыі вынікаў мясцовых выбараў

Урад Пакістану адмаўляе ў наданьні статусу пятае правінцыі рэгіёну Гілгіт-Балтыстан (складае цэнтар і поўнач кантраляванай Пакістанам часткі Кашміру), спасылаючыся на рэзалюцыю ААН ад 1948, нягледзячы на фактычны кантроль Пакістану над гэтай тэрыторыяй[83][84]. Паводле інфармацыі Міжнароднае крызіснае групы, насельніцтва рэгіёну незадаволенае нежаданьнем плянаў цэнтральнага ўраду Пакістану аб перадачы рэгіянальных паўнамоцтваў мясцовым выбарным прадстаўнікам, а ў самім рэгіёне набіраюць папулярнасьць рух за незалежнасьць рэгіёну й экстрэмісцкія групоўкі, да чаго спрычыніліся парушэньні палітычных правоў тубыльцаў. Рад чальцоў Эўрапарлямэнту выказваюць занепакоенасьць з прычыны парушэньня правоў чалавека ў Гілгіт-Балтыстане й заклікаюць улады Пакістану ўсталяваць дэмакратычныя інстытуты ў рэгіёне[85]. Разам з тым, ужо ў 2009 годзе ўрад Пакістану рэалізаваў пакет захадаў па аўтанамізацыі Гілгіт-Балтыстану, у выніку якіх Гілгіт-Балтыстан фактычна атрымаў статус, роўны зь іншымі правінцыямі краіны (аднак без канстытуцыйнага замацаваньня дадзеных паправак)[83][86]. Рэформы прадугледжваюць перадачу мясцовых паўнамоцтваў ад цэнтральнага ўраду Пакістану да выбарнага заканадаўчага сходу, ачольванага галоўным міністрам[83][86].

Аўтанамізацыя Гілгіт-Балтыстану крытыкуецца як нібыта мэханізм хаваньня фактычнае ўлады Пакістану над гэтай тэрыторыяй, таксама палітычная лібэралізацыя ў рэгіёне бачыцца крытыкамі як падрыў легітымацыі пакістанскага кіраваньня ў рэгіёне[84][87]. Некаторыя актывісты, якія выступаюць супраць уключэньня Кашміру ў склад Пакістану, таксама разглядаюць аўтанамізацыю рэгіёну з адмоўнага боку, праз што падчас выбараў у заканадаўчы сход рэгіёну была зладжаная дэманстрацыя, якая набрала трыста актывістаў[84].

Картаграфія

рэдагаваць
 
Кашмірскі рэгіён паводле картаграфічнага выданьня ААН.

Аналягічна зь іншымі спрэчнымі тэрыторыямі, картаграфічная прыналежнасьць усяго Кашміру залежыць ад публікацыі мапаў у адной з краінаў, якая зьяўляецца ўдзельніцай тэрытарыяльнае спрэчкі.

З 1961 году ў Індыі прынятыя папраўкі ў закон аб крымінальным праве, якія зрабілі незаконным выключэньне з абрысаў Індыі ўсёй тэрыторыі Кашміру або ягонае часткі на мясцовых мапах або публікацыю картаграфічнае прадукцыі, адрознай ад публікацыяў дзяржаўнага картаграфічнага ведамства Індыі, Агляду Індыі.

Пакістанскае заканадаўства прадугледжвае пакараньне за выданьне картаграфічнае прадукцыі, дзе штат Джаму і Кашмір не пазначаны ў якасьці спрэчнае тэрыторыі. Картаграфічныя выданьні Кітаю, як правіла, у якасьці тэрыторыяў КНР пазначаюць тэрыторыі Шаксгамскае даліны, а таксама Аксай-Чын.

Нэўтральныя краіны галоўным чынам у якасьці інда-пакістанскае й інда-кітайскае дзяржаўнае мяжы ў рэгіёне выкарыстоўваюць Лінію кантролю й Лінію фактычнага кантролю, спрэчныя тэрыторыі звычайна пазначаюцца адпаведным чынам. Картаграфічныя выдавецтвы Пакістану й нэўтральных краінаў сьцьвярджаюць аб выкарыстаньні зьвестак ААН.

Афіцыйныя картаграфічныя выданьні ААН пазначаюць у якасьці адміністрацыйна-тэрытарыльных межаў як адміністрацыйна-тэрытарыяльную мяжу Гілгіт-Балтыстану й Азад Кашміру зь іншымі рэгіёнамі Пакістану, так і адміністрацыйна-тэрытарыяльную мяжу між Джаму і Кашмірам ды іншымі штатамі Індыі. Шаксгамская даліна звычайна прызнаецца ў якасьці тэрыторыі Кітаю, у раёне ледавіку Сіячэн мяжа не пазначаецца ніякім чынам наагул.

Сучасныя праекты

рэдагаваць

На цяперашні час Індыя працягвае заяўляць аб сваім сувэрэнітэце на ўсёй тэрыторыі гістарычнага рэгіёну Кашмір, у той час як Пакістан разглядае гэтыя тэрыторыі як спрэчныя і настойвае на ранейшых плянах аб правядзеньні плебісцыту ў рэгіёне, у якасьці ўласных тэрыторыяў Кітай разглядае Аксай-Чын і Шаксгамскую даліну.

Паведамляецца, што ў неафіцыйным дачыненьні Пакістан гатовы абмежавацца дэмілітарызацыяй Кашміру й пераходам Кашмірскае даліны ў склад Азад Кашміру або выкананьнем г.зв. Формулы Чынабу. У сваю чаргу, Формула Чынабу ставіцца пад сумнеў палітыкамі Кашміру, аднак шэраг палітыкаў, у прыватнасьці, кіраўнік партыі Нацыянальная канфэрэнцыя Джаму і Кашміру Саджад Лун, дапускаюць падзел індыйскае часткі Кашміру паводле рэлігійнае прыкметы.

Некаторыя палітолягі ўказваюць на мажлівасьць таго, што за апошнім часам зьнешнепалітычная дактрына Пакістану адносна Кашміру мае памякчыцца ў сувязі з правалам у Каргільскім канфлікце і тэрактам 11 верасьня 2001 году ў ЗША[88]. Адзначаецца, што рэзалюцыі ААН па кашмірскім пытаньні страцілі актуальнасьць[89].

Трэці бок канфлікту настойвае на поўным сувэрэнітэце Кашміру як ад Індыі, так і ад Пакістану.

Афіцыйныя органы ўлады Індыі сьцьвярджаюць пра перавагу ў кашмірскім грамадзтве імкненьня да знаходжаньня рэгіёну ў складзе Індыі. Так, паводле зьвестак 2002 году 61% ад насельніцтва індыйскага Кашміру ўсьведамляе сябе ў якасьці грамадзянаў Індыі і толькі 6% ад ягонага насельніцтва аддавала перавагу пакістанскай самаідэнтыфікацыі. Тым ня менш, гэтая падтрымка ў асноўным аказаная Джаму і Ладакгам, тады як у Кашмірскай даліне толькі 9% ад насельніцтва лічаць лепшым выйсьцем знаходжаньне рэгіёну ў складзе Індыі[90]. Апытаньні 2007 году паведамляюць аб прыхільнасьці ідэі поўнае незалежнасьці Кашміру сярод 87% ад насельніцтва Кашмірскае даліны, дасьледаваньні арганізацыі Chatham House паведамляюць аб падтрымцы ідэі сувэрэнітэту Кашміру сярод 43 і 44% ад насельніцтва індыйскага й пакістанскага Кашміру адпаведна[91][92].

Пасьля росту напружанасьці ў сувязі з тэрактамі ў сьнежні 2001 году (гл. вышэй) з 10 чэрвеня наступнага году пачаўся адвод войскаў Індыі й Пакістану зь Лініі кантролю, а перамоўны працэс быў узноўлены. 26 лістапада 2003 году кіраўніцтва абедзьвюх краінаў дамовілася аб падтрымцы спыненьня агню на інда-пакістанскай мяжы (у тым ліку фактычнай, якая праходзіць у Кашміры), што стала першым двухбаковым спыненьнем агню за апошнія амаль пятнаццаць гадоў. У лютым наступнага году Пакістан аказаў ціск на прапакістанскія тэрарыстычныя групоўкі ў індыйскай частцы Кашміру, былі дасягнутыя дамоўленасьці пра ўзнаўленьне транспартнага руху між пакістанскай і індыйскай часткамі Кашміру, а таксама аб эканамічным супрацоўніцтве.

У 2005 годзе тагачасны прэзыдэнт Пакістану генэрал Мушараф ды шэраг іншых палітыкаў краіны паспрабавалі прыбегнуць да вырашэньня кашмірскага канфлікту дзякуючы Формуле Чынабу. Праект быў удакладнены г.зв. плянам Дыксана, паводле якога прадугледжвалася захаваньне Ладакгу й Гілгіт-Балтыстану ў складзе Індыі ды Пакістану адпаведна, падзел Джаму на дзьве роўназначныя часткі й правядзеньне рэфэрэндуму ў Кашмірскай даліне[93]. Аднак 5 сьнежня наступнага году Мушараф паведаміў, што Пакістан поўнасьцю адмовіцца ад уласных прэтэнзіяў у выпадку, калі Індыя прыме шэраг мірных прапановаў прэзыдэнта, у тым ліку паэтапны вывад войска з рэгіёну, стварэньне мясцовага самакіраваньня, захаваньне статус-кво ў дачыненьні межаў Кашміру й стварэньне агульнага нагляднага органу над рэгіёнам з удзелам прадстаўнікоў Пакістану, Індыі і Кашміру[94]. Таксама прэзыдэнт краіны заявіў пра гатоўнасьць адмовіцца ад ранейшых рэзалюцыяў ААН адносна Кашміру, але падобныя праекты не былі прынятыя кіраўніцтвам Індыі.

У кастрычніку 2008 году падчас уласнага інтэрвію прэзыдэнт ЗША Барак Абама выказаў намер прадпрыняць захады па вырашэньні праблемы Кашміру, у прыватнасьці, Абама меркаваў удзел былога прэзыдэнта краіны Біла Клінтана ў якасьці адмысловага пасярэдніка[95]. Пазьней у якасьці спэцыяльнага пасланьніка ў Пакістане й Аўганістане Абамам быў прызначаны былы пасол ЗША ў ААН Рычард Голбрук, што было станоўча адзначана прэзыдэнтам Пакістану Асыфам Алі Зардары, але адмоўна ацэнена Індыяй[96][97]. Празь некаторы час Кашмір быў выключаны з мандату Голбрука[98]. Як адзначыла выданьне The Washington Post, гэты крок мог стаць дыпляматычнай саступкай у бок Індыі, што дэманструе пацяпленьне між Індыяй і ЗША[99]. У ліпені 2009 году памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Робэрт О. Блэйк заявіў, што ЗША ня маюць плянаў прызначэньня спэцыяльнага пасланца па кашмірскім канфлікце, назваўшы яго пытаньнем, якое вымагае двухбаковых кантактаў між Індыяй і Пакістанам.

Цяперашнія маніфэстацыі

рэдагаваць

У 2008 годзе індыйскую частку Кашміру ахапіла новая хваля дэманстрацыяў, выкліканая плянамі ўраду штату Джаму і Кашмір перадаць пад ведамства кампаніі, якая займаецца эксплюатацыяй індуісцкага пячорнага рэлігійнага комплексу ў Амарнатгу, тэрыторыі ў пераважна мусульманскай Кашмірскай даліне[100]. Тэрыторыю, якая заняла б плошчу ў 0,40 км², меркавалася выкарыстаць пад патрэбы разьмяшчэньня індуісцкіх паломнікаў, якія штогадова наведваюць шанаваныя ў індуізьме амарнацкія пячоры. У выніку прыцісканьня пратэстаў было забіта прынамсі сорак меркавана няўзброеных і затрымана каля трох соцень іншых пратэстоўцаў[101][102][103]. Адзін зь лідэраў кашмірскі сэпаратыстаў у Індыі Мірваіз Умар Фарук адзначыў, што выкарыстаньне жорсткіх захадаў індыйскім урадам пры разгоне маніфэстацыі магло спрычыніцца да ўсплёску гвалту ў рэгіёне[104]. Занепакоенасьць вынікамі разгону мітынгу выказала Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, якая заклікала распачаць расьсьледваньне супраць вайсковага боку канфлікту[105]. Як лічыцца, да адкрыцьця агню спрычынілася кіданьне камянёў у паліцыянтаў з боку пратэстоўцаў[106][107][108].

Пасьля пратэстаў 2008 году ў Джаму і Кашміры сэпаратысцкі рух у штаце атрымаў новы этап разьвіцьця[107][108]. У траўні й чэрвені 2009 году ў мястэчку Шупіян (паўднёвы захад штату) адбылося згвалтаваньне й забойства дзьвюх мясцовых жанчынаў, што прыпісвалася паліцыі й выклікала новую пратэсную хвалю з антыіндыйскімі палітычнымі патрабаваньнямі. На той момант не назіралася адзінства сярод мясцовых сэпаратысцкіх груповак.

У 2010 годзе ў Кашмірскай даліне пачаўся новы этап выступаў, на чале якіх сталі Сіед Алі Шаг Гілані і Мірваіз Умар Фарук — лідэры Надпартыйнае канфэрэнцыі за свабоду, адной з сэпаратысцкіх арганізацыяў у Джаму і Кашміры. Адным з галоўных патрабаваньняў выступаў стала дэмілітарызацыя штату й незадаволенасьць меркаванымі парушэньнямі правоў чалавека з боку індыйскіх узброеных сілаў. Пратэстоўцы, якія агучвалі сэпаратысцкія лёзунгі, парушылі камэнданцкую гадзіну ў штаце, пасьля чаго пачалі закідваць сілы бясьпекі камянямі й падпальваць урадавыя машыны й будынкі[109][110]. Паліцыя штату й індыйскія ваенізаваныя групоўкі адкрылі агонь па дэманстрантах, у выніку чаго паводле некаторых зьвестак загінула 112 чалавек. У верасьні 2010 году ўрад Індыі абвясьціў аб прыняцьці пакету мераў, закліканых на зьняцьце напружанасьці, пасьля чаго пратэсная хваля пайшла на спад[111].

  1. ^ India (анг.). UCDP Conflict Encyclopedia. Праверана 2 жніўня 2014 г.
  2. ^ Emily Wax. Peaceful Protests In Kashmir Alter Equation for India // The Washington Post. — 2008.
  3. ^ Yaroslav Trofimov. A New Tack in Kashmir. Peaceful Protest Gains in Separatist Fight // The Wall Street Journal. — 2008.
  4. ^ Freedom House. Freedom in the World 2009 — Kashmir [India] // refword. — 2009.
  5. ^ Regional Party Enters Talks for Coalition Government in Jammu and Kashmir // Voice of America. — 2007.
  6. ^ а б в г Кашмирский конфликт // Альманах Войны, история, факты.
  7. ^ Kashmir // Encyclopædia Britannica. — 1911.
  8. ^ Brill, E. J. 4 // Encyclopaedia of Islam. — 1913-1936.
  9. ^ Schofield, Victoria. Kashmir in conflict: India, Pakistan and the unending war. — I. B. Tauris, 2010. — С. 7. — 297 с. — ISBN 978-1-84885-105-4
  10. ^ Schofield, Victoria. Kashmir in conflict: India, Pakistan and the unending war. — I. B. Tauris, 2010. — С. 11. — 297 с. — ISBN 978-1-84885-105-4
  11. ^ Bowers, Paul. Kashmir. — Research Paper 4/28. — International Affairs and Defence, House of Commons Library, 2004.
  12. ^ Пакістанскія ваенныя абстралялі дзесяць індыйскіх пагранічных пастоў на лініі кантролю // Звязда. — 2014.
  13. ^ а б Stein, B. A History of India. — 1st ed. — Oxford: Wiley-Blackwell, 1998. — С. 368. — 448 с. — ISBN 978-0-631-20546-3
  14. ^ а б в г The Kashmir problem // Encyclopaedia Britannica.
  15. ^ а б в Schofield, Victoria. Kashmir's forgotten plebiscite // BBC News. — 2002.
  16. ^ Foreign Minister of Pakistan, on the role of the Security Council in the Pacific Settlement of Disputes (анг.) Pakistan Mission to United Nations Праверана 3 жніўня 2014 г.
  17. ^ а б Kashmir insurgency // BBC News.
  18. ^ Caitlin Huey-Burns. Amnesty International Cites Human Rights Abuse in Kashmir // USNews. — 2011.
  19. ^ Kashmir graves: Human Rights Watch calls for inquiry // BBC News. — 2011.
  20. ^ Anver Suliman. Cry and Anguish for Freedom in Kashmir // Media Monitors Network. — 2000.
  21. ^ India. Human Rights Developments // Human Rights Watch. — 2001.
  22. ^ Peter Chalk. Pakistan's Role in the Kashmir Insurgency // RAND. — 2001.
  23. ^ Zaffar Abbas. Analysis: Is al-Qaeda in Kashmir? // BBC News. — 2002.
  24. ^ Rumsfeld offers US technology to guard Kashmir border // The Sydney Morning Herald. — 2002.
  25. ^ Philip Smucker. Al Qaeda thriving in Pakistani Kashmir // The Christian Science Monitor. — 2002.
  26. ^ John Diamond. Taliban, al-Qaeda linked to Kashmir // Usa Today. — 2002.
  27. ^ Amelia Gentleman. Al Qaeda claim of Kashmir link worries India - Asia - Pacific - International Herald Tribune // The New York Times. — 2006.
  28. ^ 800 ultras active in state: Omar // The Tribune. — 2009.
  29. ^ Amir Mir. Farman Shinwari: New Al Qaeda leader, Kashmir jihad expert // rediff news. — 2012.
  30. ^ а б в г д е Freedom House. Freedom in the World 2008 - Kashmir [Pakistan] // refworld. — 2008.
  31. ^ Hardgrave, Robert. India: The Dilemmas of Diversity. — Journal of Democracy. — С. 54-65.
  32. ^ The future of Kashmir? Scenario seven: The Chenab formula // BBC News.
  33. ^ BJP questions PM's Kashmir autonomy remark // The Times of India. — 2010.
  34. ^ Arvind Lavakare. Legality of Accession Unquestionable // rediff.com.
  35. ^ The Jammu and Kashmir Issue (анг.). Міністэрства замежных справаў Індыі. Праверана 5 жніўня 2014 г.
  36. ^ Pakistan, India meet on Kashmir // CNN.com. — 2005.
  37. ^ Vajpayee: Pakistan a 'terrorist' state // BBC News. — 1999.
  38. ^ Rohde, David. India Renews Call for U.S. to Declare Pakistan a Terrorist State // The New York Times. — 2002.
  39. ^ Ninan Koshy. Commentary: Qualifying as a terrorist state // Asia Times online. — 2000.
  40. ^ Jawed Naqvi. Congress wants Pakistan declared terror state // Dawn News. — 2009.
  41. ^ Kashmiris vote despite boycott call // Aljazeera. — 2008.
  42. ^ Mukhtar Ahmad. Omar Abdullah sworn in, Tara Chand to be deputy CM // Rediff. — Srinagar: 2009.
  43. ^ Press Trust of India. Pak media being anti-India: J&K CM // Express India. — 2006.
  44. ^ Azad Kashmir Regiment (анг.) Афіцыйны партал узброеных сілаў Пакістану Праверана 6 жніўня 2014 г.
  45. ^ India: Prosecute Police for Killings in Jammu and Kashmir // Human Rights Watch. — 2007.
  46. ^ Ayesha Siddiqi. Kashmir and the politics of water // Aljazeera. — 2011.
  47. ^ SPIEGEL Interview with Pervez Musharraf: 'Pakistan is Always Seen as the Rogue' // Spiegel. — 2010.
  48. ^ Dean Nelson. Pakistani president Asif Zardari admits creating terrorist groups // The Telegraph. — 2009.
  49. ^ Remarks by President Obama and Prime Minister Singh in Joint Press Conference in New Delhi, India // Афіцыйны партал адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. — 2010.
  50. ^ Links between ISI, militant groups: Straw // rediff.com. — 2002.
  51. ^ Syed Shoaib Hasan. Why Pakistan is 'boosting Kashmir militants' // BBC News. — 2010.
  52. ^ John Ward Anderson. Pakistan Reportedly Aiding Kashmir Rebels — Despite Assurances To U.S., Military Fueling India Conflict // The Seattle Times. — 1994.
  53. ^ Directorate for Inter-Services Intelligence (ISI) // globalsecurity.com.
  54. ^ The Pakistani Inter-Service Intelligence Directorate's Sponsorship of Terrorism // globalsecurity.
  55. ^ Caldwell, Dan; Robert Williams. Seeking Security in an Insecure World. — 2nd ed. — Rowman & Littlefield, 2011. — С. 103-104. — ISBN 978-1442208032
  56. ^ Camp, Dick. Boots on the Ground: The Fight to Liberate Afghanistan from Al-Qaeda and the Taliban, 2001–2002. — Zenith, 2011. — С. 38. — ISBN 978-0760341117
  57. ^ Ashley J. Tellis. Bad Company – Lashkar-e-Tayyiba and the Growing Ambition of Islamist Militancy in Pakistan // Carnegie Endowment for International Peace. — 2010.
  58. ^ India: Impunity Fuels Conflict in Jammu and Kashmir // Human Rights Watch. — 2006.
  59. ^ Continuing repression in Kashmir — Abuses Rise as International Pressure on India Eases // Human Rights Watch.
  60. ^ а б Document — India: torture continues in Jammu and Kashmir // Amnesty International.
  61. ^ Amnesty International. Amnesty International Report 1996 — India // refworld.
  62. ^ The Kashmir tinderbox // Human Rights Watch. — 2008.
  63. ^ Abuses in the Kashmir Valley // Human Rights Watch.
  64. ^ India: Hold Abusers in Kashmir Accountable // Human Rights Watch. — 2009.
  65. ^ India must investigate unidentified graves // Amnesty International. — 2008.
  66. ^ а б Thousands lost in Kashmir mass graves // Amnesty International. — 2008.
  67. ^ Cathy Scott-Clark. The mass graves of Kashmir // The Guardian. — 2012.
  68. ^ Arif Shafi Wani. Army challenges SHRC jurisdiction // Greater Kashmir. — 2012.
  69. ^ India: Repeal the Armed Forces Special Powers Act // Human Rights Watch. — 2007.
  70. ^ а б Undermining the Judiciary // Human Rights Watch.
  71. ^ Abuses in the Kashmir Valley // Human Rights Watch.
  72. ^ Amnesty International criticises 'tough' Kashmir law // BBC News. — 2011.
  73. ^ Pathribal encounter 'cold blooded murder', CBI tells SC // The Indian Express. — 2012.
  74. ^ Pathribal encounter is cold-blooded murder, CBI tells court // The Hindu. — 2012.
  75. ^ Sarwar Kashani. Why Kashmiris want the hated AFSPA to go // DNA India. — Srinagar: 2011.
  76. ^ 23 years on, Kashmiri Pandits remain refugees in their own nation // rediff.com. — 2012.
  77. ^ Paradise Lost — the Kashmiri Pandits // BBC News.
  78. ^ India // The World Factbook. — Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне ЗША.
  79. ^ Paying ministers nothing new in J&K, former Army chief Gen VK Singh says // The Times of India. — 2013.
  80. ^ Muddasir Ali. JK ministers on Army payroll: Gen Singh // Greater Kashmir. — 2013.
  81. ^ With Friends Like These... // Human Rights Watch. — С. 51.
  82. ^ Seema Sirohi. EU Report Rattles Pakistan // Outlook.
  83. ^ а б в Pallavi Singh Gilgit-Baltistan: A question of autonomy // The Indian Express. — 2010.
  84. ^ а б в Manzar Shigri. Pakistan's disputed Northern Areas go to polls // Reuters. — 2009.
  85. ^ Link aid to Pak with effort in checking terror: Europe parliament // The Indian Express. — London: 2009.
  86. ^ а б Gilgit-Baltistan autonomy // Dawn. — 2009.
  87. ^ Aziz Ali Dad. Discontents in Gilgit-Baltistan // Daily Times. — 2010.
  88. ^ Peter R. Lavoy. Pakistan’s Kashmir Policy after the Bush Visit to South Asia Strategic Insights. — 2006. — В. 4. — № 5.
  89. ^ Maroof Raza. Kickstart Kashmir // The Times of India. — 2002.
  90. ^ Full text of Mori survey on Kashmir 2002 // The Milli Gazette.
  91. ^ 87 pct in Kashmir Valley want independence — poll // Reuters. — 2007.
  92. ^ Robert W. Bradnock. Kashmir: Paths to Peace // King’s College London & Associate Fellow, Asia Programme, Chatham House. — 2010. — С. 15.
  93. ^ Gitanjali Bakshi, Sahiba Trivedi. The Indus Equation // Strategic Foresight Group.
  94. ^ Musharraf pushes Kashmir proposal // BBC News. — 2006.
  95. ^ Joe Klein. Інтэрвію Б. Абамы выданьню Time. — 2008.
  96. ^ Asif Ali Zardari. Partnership With Pakistan // The Washington Post. — 2009.
  97. ^ India warns Obama over Kashmir // Financial Times. — 2009.
  98. ^ Bobby Ghosh. Will Kashmir Be an Obama Foreign Policy Focus? // Time. — 2009.
  99. ^ Kashmir taken out of Holbrooke’s brief, says report // Dawn. — 2009.
  100. ^ Kashmir — missed chances for peace // BBC News. — 2008.
  101. ^ After Uprising, 300 Protestors Arrested in Indian Kashmir // News Blase. — 2008.
  102. ^ Non-violent protest in Kashmir // BBC Radio World Service. — 2008.
  103. ^ Top Kashmir separatists detained // BBC News. — 2008.
  104. ^ Mirwaiz warns of violent upsurge // Dawn. — Srinagar: 2008.
  105. ^ United Nations. Press Release. OHCHR calls for restraint in Indian-administered Kashmir (анг.) Афіцыйны партал Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. Праверана 12 жніўня 2014 г.
  106. ^ Separatists behind stone-pelting incidents: Police // The Tribune. — Srinagar: 2010.
  107. ^ а б Avijit Ghosh. In Kashmir, there's azadi in air // The Times of India. — 2008.
  108. ^ а б Jyoti Thottam. Valley of Tears // Time. — 2008.
  109. ^ Jim Yardley, Hari Kumar. Buildings Are Set Ablaze During Protests in Kashmir // The New York Times. — 2010.
  110. ^ Lidya Polgreen. Kashmiris Storm the Street, Defying Curfew // The New York Times. — 2010.
  111. ^ India to free protesters in Kashmir peace move // Reuters. — 2010.

Літаратура

рэдагаваць
  • Alastair Lamb. Kashmir: A Disputed Legacy 1846–1990. — Hertingfordbury, Herts: Roxford Books, 1991.
  • Alexander Evans. Why Peace Won't Come to Kashmir // Current History. — 2001. — В. 100. — № 645.
  • Andrew Whitehead. A Mission in Kashmir. — Penguin India, 2007.
  • Drew, Federic. The Northern Barrier of India: a popular account of the Jammoo and Kashmir Territories with Illustrations. — 1st edition. — Edward Stanford, London: Light & Life Publishers, 1971.
  • Ijaz Hussain. Kashmir Dispute: An International Law Perspective. — National Institute of Pakistan Studies, 1998.
  • Jaspreet Singh. Seventeen Tomatoes – an unprecedented look inside the world of an army camp in Kashmir. — Montreal: Vehicle Press, 2004.
  • Manoj Joshi. The Lost Rebellion. — New Delhi: Penguin India, 1999.
  • Muhammad Ayub. An Army; Its Role & Rule (A History of the Pakistan Army from Independence to Kargil 1947–1999). — Pittsburgh: Rosedog Books, 2005. — ISBN 0-8059-9594-3
  • Navnita Behera. Demystifying Kashmir. — Washington: Brooking Institute Press, 2006.
  • Navnita Behera. State, identity and violence : Jammu, Kashmir and Ladakh. — New Delhi: Manohar, 2006.
  • Prem Shankar Jha. Kashmir, 1947: rival versions of history. — New Delhi: Oxford University Press, 1996.
  • Robert Johnson. A Region in Turmoil. — London and New York: Reaktion, 2005.
  • Sumantra Bose. The challenge in Kashmir : democracy, self-determination and a just peace. — New Delhi: Sage, 1997.
  • Sumit Ganguly. The Crisis in Kashmir. — Washington, Cambridge: Woodrow Wilson Center Press, Cambridge U.P., 1997.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць