Воўчын
Во́ўчын[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Пульве. Цэнтар сельсавету Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 508 чалавек. Знаходзіцца за 55 км на паўднёвы захад ад Камянцу, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск.
Воўчын лац. Voŭčyn | |
Вуліца да касьцёла | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Камянецкі |
Сельсавет: | Воўчынскі |
Вышыня: | 137 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 508 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1631 |
Паштовы індэкс: | 225083 |
СААТА: | 1240817016 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°17′6″ пн. ш. 23°18′39″ у. д. / 52.285° пн. ш. 23.31083° у. д.Каардынаты: 52°17′6″ пн. ш. 23°18′39″ у. д. / 52.285° пн. ш. 23.31083° у. д. |
± Воўчын | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Воўчын — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, часовая пахавальня апошняга караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама царква Сьвятога Мікалая, помнік архітэктуры XVIII ст., які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Чартарыйскіх (барока, XVIII ст.).
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Воўчын упамінаецца ў XVI ст. як мястэчка Берасьцейскага павету, уладаньне Солтанаў. Першым вядомым гаспадаром Воўчынскага ключа быў Аляксандар Солтан, па сьмерці якога ў 1554 годзе мястэчка паводле спадчыны перайшло да ягонага сына Івана. У 1586 годзе Яраслаў Солтан, імаверна, сын Івана, разам з жонкай Марыяй збудавалі тут царкву ў гонар Сьвятога Мікалая.
У пачатку XVII ст. Воўчынскі ключ перайшоў да роду Гасеўскіх. Паводле фундацыі Аляксандра Гасеўскага ў мястэчку ў 1639 годзе ўзьвялі першы драўляны касьцёл. А. Гасеўскі і ягоная жонка Ева з Пацаў падзялілі маёнтак паміж сынамі наступным чынам: старэйшы сын, Крыштап атрымаў у спадчыну Стары Воўчын і фальварак Грымяча, а малодшы, Вінцэнт — Новы Воўчын. Неўзабаве ўсе фальваркі апынуліся зноў у адных руках.
У 1708 годзе Тэрэза Гасеўская выйшла замуж за Казімера Сапегу і тэстамэнтам запісала Воўчын разам з фальваркамі Шчытнікамі, Грымячай, Лютай і іншымі на мужа. У 1710 годзе К. Сапега прадаў Воўчын і Радванічы Якубу Генрыку Флемінгу і яго першай жонцы Францішцы Ізабэле з Сапегаў. 3 атрыманых сродкаў Казімер Сапега фундаваў узьвядзеньне ў Воўчыне палаца і адбудову зьнішчаных швэдамі фальваркаў, сядзібаў і гаспадарак для мясцовых сялянаў. Наступным гаспадаром Воўчынскіх маёнткаў быў князь Казімер Чартарыйскі. Ягоная дачка Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага, які збудаваў тут палац і касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў 1733 годзе. Каля 1738 году ад С. Панятоўскага маёнтак выкупіў Фрыдэрык Міхал Чартарыйскі. Чартарыйскія ўзьвялі пышны 36-пакаёвы палац, пры ім тэатар і аранжарэю. У 1769 годзе барскія канфэдэраты забралі зь мястэчка 7 гарматаў і шмат амуніцыі[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Воўчын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1828 годзе мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, пазьней Марчэўскіх. У 1880-я гады ў Воўчыне было 102 двары, касьцёл, царква, юдэйскі малітоўны дом, народная школа, 24 крамы, вадзяны млын, штогод праводзіліся 3 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Воўчын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Фаервэрк у гонар зашлюбін Адама Чартарыйскага і Ізабэлы з Флемінгаў, 1761 г.
-
Рэшткі палаца Чартарыйскіх. І. Рышкевіч, 1898 г.
-
Касьцёл. Абмеры, 1868 г.
-
Касьцельная брама па маскоўскай перабудове, да 1900 г.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Воўчын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[3].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Воўчын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1938 годзе ў касьцёле адбылося пахаваньне парэшткаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, перавезеных сюды з Санкт-Пецярбургу (у 1995 годзе перададзеныя да Варшаўскай катэдры)[4].
У 1939 годзе Воўчын увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год тут было 162 двары, на 1992 год — 193, на 1996 год — 202.
-
Будынак бібліятэкі Чартарыйскіх
-
Царква па надбудове купала-цыбуліны
-
Касьцёл, галоўная брама
-
Касьцёл, брама
-
Касьцёл, труна С. А. Панятоўскага
-
Плябанія
-
Адміністрацыя гміны
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 539 муж., зь іх духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 463, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 72, жабракоў 2[5]; 1885 год — 804 чал.
- XX стагодзьдзе: 1970 год — 460 чал.; 1992 год — 502 чал.[6]; 1996 год — 547 чал.[7]; 1999 год — 552 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 508 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Воўчыне працуюць сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Капліца Сьвятога Ўладзімера (XIX ст.)
- Каплічка прыдарожная (1-я палова XX ст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1729—1733)
- Могілкі: старыя хрысьціянскія; юдэйскія
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (XVIII ст.; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Млын (XIX ст.)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Палацава-паркавы комплекс Чартарыйскіх (1750-я)
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, скульптура
-
Касьцёл, інтэр’ер да рэстаўрацыі
-
Плябанія
-
Адміністрацыя гміны
-
Даўняя камяніца
-
Старая гаспадарчая пабудова
Асобы
рэдагаваць- Вінцэнт Корвін-Гасеўскі (каля 1620—1662) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
- Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732—1798) — апошні кароль і вялікі князь
- Зыгмунд Фогель (1764—1826) — мастак часоў падзелаў Рэчы Паспалітай
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 166.
- ^ Szpilewski G. Wołczyn // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 867.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Wołczyn(недаступная спасылка), Internetowa encyklopedia PWN (пол.)
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
- ^ Міронаў В., Шаблюк В. Воўчын // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 364.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 280.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887.