Банк Летувы
Банк Летувы — галоўны банк Летувы, заснаваны ў верасьні 1922 году ў Коўне.
Банк Летувы | |
лет. Lietuvos bankas | |
Эмблема | |
Абрэвіятура | БЛ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 27 верасьня 1922 (102 гады таму) |
Тып | банк |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | падтрыманьне цэнавой устойлівасьці |
Штаб-кватэра | Старое Места, Татарская вул., д. 4[1] |
Месцазнаходжаньне | Вільня |
Каардынаты | 54°41′9″ пн. ш. 25°16′57″ у. д. / 54.68583° пн. ш. 25.2825° у. д.Каардынаты: 54°41′9″ пн. ш. 25°16′57″ у. д. / 54.68583° пн. ш. 25.2825° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Летува |
Сяброўства | Банк міжнародных разьлікаў (Швайцарыя), Міжнародны валютны фонд (ЗША), Эўрапейскі цэнтральны банк (Нямеччына) |
Афіцыйныя мовы | летувіская |
Старшыня | Гедзімінас Шымкус |
Намесьнікі | Аста Куніёшы, Раймондас Куодзіс |
Сябры Ўправы | Марыюс Юргілас, Сімонас Крэпшта[2] |
Начальніца аддзелу банкаўскага і страхавога нагляду | Рэната Багданеня |
Асноўныя асобы | Рута Меркявічутэ, Арунас Райшуціс[3] |
Кіроўны орган | Управа |
Матчына кампанія | Сойм Летувы |
Зьвязаныя кампаніі | «Летувіская мынца»[4] |
Бюджэт | ▲193,521 млн эўра (2021 год)[5] |
Колькасьць супрацоўнікаў | 600 (2022 год)[6] |
Сайт | lb.lt |
Ад часу аднаўленьня дзейнасьці ў 1990 годзе галаўная сядзіба месьцілася ў Вільні[6]. Паводле 126-га артыкула Канстытуцыі Летувы 1992 году, кіраваўся Ўправай у складзе старшыні, яго намесьнікаў і іншых сябраў Рады. Пры гэтым, Сойм Летувы прызначаў старшыню Ўправы на 5 гадоў на прапанову прэзыдэнта Летувы. Згодна з 67-м артыкулам Канстытуцыі Сойм Летувы таксама прызначаў дзяржаўнага рэвізора ў банку, якога паводле 84-га артыкула прапануе на пасаду таксама прэзыдэнт Летувы[7]. У 20-м артыкуле Закону «Аб Банку Летувы» ягоны статутны капітал вызначаўся ў памеры 60 млн эўра. Паводле 23-га артыкула Закону запас Банку Летувы меў быць прынамсі 5-кратна большым за статутны капітал і папаўняцца за кошт чыстага прыбытку банку. Лішкі прыбытку ў памеры да 70 % ад сярэднегадавога прыбытку за апошнія 3 гады маглі пералічваць у дзяржаўны бюджэт Летувы да 1 траўня[8].
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле 8-га артыкула Закону «Аб Банку Летувы» 1994 году, меў паўнамоцтвы:
- выпускаць банкноты;
- ажыцьцяўляць грашовую палітыку;
- распараджацца золатавалютным запасам;
- распрацоўваць аплатныя сыстэмы і спрыяць устойлівасьці разьлікаў за каштоўныя паперы;
- зьбіраць статыстычныя зьвесткі ад прадпрыемстваў, установаў мясцовага самакіраваньня і дзяржаўных установаў
- выступаць у якасьці даверанага скарбніка Міністэрства фінансаў Летувы
- наглядаць за фінансавым рынкам;
- вырашаць пазасудовыя спрэчкі між банкамі і спажыўцамі іх паслугаў;
- складаць плацежны балянс, рахункі міжнародных укладаньняў і грашовыя рахункі Летувы;
- пазычаць камэрцыйным банкам Летувы;
- выпускаць манэта;
- ажыцьцяўляць макрапалітыку на карысьць устойлівасьці банкаў дзеля іх унёску ў гаспадарчы рост;
- выступаць у якасьці ўстановы вырашэньня міжбанкаўскіх спрэчак[8].
Кіраваньне і будова
рэдагаваць- Управа. Засядала прынамсі штомесяц. Складалася са старшыні, 2-х намесьнікаў і 2-х іншых сябраў у веку да 65 гадоў. Прэзыдэнт Летувы прызначаў намесьнікаў і іншых сябраў ня больш як на 2 тэрміны запар па 6 гадоў на прапанову старшыні. Правамоцная пры ўдзеле прынамсі 3-х сябраў. Ухваляла пастановы большасьцю ў 3 галасы. Распараджалася золатавалютным запасам і паліку нагляду за камэрцыйнымі банкамі. Вызначала выпуск банкнотаў і манэтаў. Засноўвала аддзяленьні і прадстаўніцтвы. Вызначала ўдзел у міжнародных установах і ўхваляла будову банку. Акрэсьлівала ўмовы працы службоўцаў. Выдавала абавязковыя ўказаньні паднаглядным банкам. Зьвярталася ў суд з позвай аб банкруцтве паднагляднага камэрцыйнага банка. Ухваляла каштарыс Банку Летувы, парадак бухгальтарскага ўліку ў банку, гадавую грашовую справаздачу і разьмяшчэньне гадавога прыбытку. Акрэсьлівала парадак закупак і распараджэньня сродкамі Банку Летувы. Вырашала пытаньні пра дазволы на грашовым рынку. Ухваляла рашэньні пра вырашэньне спрэчак між банкамі і спажыўцамі іх паслугаў, а таксама пра распрацоўку аплатных сыстэмаў Банку Летувы. Ухваляла правілы адкрыцьця і вядзеньня рахункаў у Банку Летувы, а таксама аплаты паслугаў аплатных сыстэмаў[8].
На 2022 год Банк Летувы налічваў:
- 12 аддзелаў — 1) банкаўскага і страхавога нагляду, 2) нагляду за фінансавымі паслугамі і рынкамі, 3) права і ліцэнзаваньня, 4) рынкавых апэрацыяў, 5) рынкавай інфраструктуры, 6) фінансавай устойлівасьці, 7) гаспадаркі, 8) дадзеных і статыстыкі, 9) наяўных грошай, 10) інфармацыйных тэхналёгіяў, 11) стратэгіі і кіраваньня, 12) карпаратыўных паслугаў[3];
- 2 падразьдзяленьні — 1) дасьледаваньняў, 2) унутранага аўдыту[9].
Балянс
рэдагавацьНа 31 сьнежня 2021 году сродкі і абавязкі Банку Летувы былі роўныя 38,141 млрд эўра. Сродкі пераважна ўлучалі: 1) патрабаваньні ўнутры Эўрасыстэмы — 44 % (16,83 млрд эўра), 2) каштоўныя паперы асобаў эўразоны ў эўра — 35 % (13,295 млрд эўра), 3) патрабаваньні да асобаў па-за эўразонай у замежнай валюце — 14 % (5,529 млрд эўра), 4) пазыкі банкам эўразоны ў эўра — 4 % (1,628 млрд эўра), 5) золата і дэбіторская запазычанасьць у золаце — 0,8 % (301 млн эўра). Абавязкамі ў асноўным былі: 1) абавязкі перад банкамі эўразоны ў эўра (бягучыя рахункі зь мінімальнымі запасамі) — 41 % (15,591 млрд эўра), 2) абавязкі перад нябанкаўскімі асобамі эўразоны ў эўра — 24 % (8,997 млрд эўра), 3) банкноты ў абарачэньні — 22 % (8,223 млрд эўра), 4) абавязкі перад асобамі па-за эўразонай у эўра — 7 % (2,519 млрд эўра), 5) спэцыяльныя правы запазычаньня ў Міжнародным валютным фондзе (ЗША) — 1,8 % (692 млн эўра). Капітал складаў 1,3 % абавязкаў (505 млн эўра)[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць9 жніўня 1922 году ў Коўне Ўстаноўчы сойм Летувы ўхваліў Закон «Аб грашовай адзінцы», а 11 жніўня — Закон «Аб Банку Летувы». 27 верасьня 1922 году тамсама ў Коўне Ўстаноўчы сход пайшчыкаў «Банку Летувы» абраў 1-м старшынём Управы прафэсара Ўладаса Юргуціса, а ягоным намесьнікам Адомаса Прусаса. Старшыню банку прызначыў прэзыдэнт Летувы Аляксандрас Стульгінскіс. Сябрамі Рады «Банку Летувы» абралі Юльюса Каўпаса, Піюса Граяўскаса і Юозаса Пакніса. 2 кастрычніка 1922 году «Банк Летувы» выпусьціў у абарачэньне часовыя банкноты літаў, якія надрукаваў Ота Эльснэр у Нямеччыне. Цягам лютага—чэрвеня 1923 году Банк Летувы адчыніў 21 аддзяленьне, сярод якіх былі перанятыя касы і 2 новазаснаваныя сядзібы ў Клайпедзе і Кібартах. 3 траўня 1924 году «Банк Летувы» абвясьціў міжнародны конкурс праектаў для свайго новага палацу ў Коўне. У сакавіку 1925 году пачалося будаўніцтва паводле праекту дойліда Міколы Сангайлы. 20 чэрвеня 1924 году Сойм Летувы ўхваліў Закон «Аб манэтах», якія пачалі чаканіць паводле ўзору скульптара Юозаса Зікараса. У студзені 1925 году першыя манэты літаў даставілі ў Клайпедзкі порт. У 1925 годзе ўвялі банкноты ў 500 літаў, а ў 1926-м — у 1000 літаў, што стала найбольшым наміналам у гісторыі летувіскіх грошай. 8 сьнежня 1928 году ў Коўне адчынілі новы палац Банку Летувы. У 1931 годзе «Банк Летувы» стаў сябрам Банку міжнародных разьлікаў (Швайцарыя). За 1931—1939 гады ўзьвялі сядзібы ў 8 мястэчках Летувы. У 1936 годзе ў Коўне заснавалі мынцу, дзе пачалі чаканіць літы ў манэтах. 23 сакавіка 1939 году зачынілі аддзяленьне ў Клайпедзе ў сувязі зь нямецкай акупацыяй гораду. У 1940 годзе «Банк Летувы» разьмясьціў залаты запас у Банку Ангельшчыны і Банку Францыі. 1 жніўня 1940 году ўхвалілі Закон «Аб нацыяналізацыі Банку Летувы». 3 кастрычніка 1940 году «Банк Летувы» ўлучылі ў Дзяржаўны банк СССР. У выніку 24 лістапада 1940 году ў адначаснае абарачэньне ўвялі савецкі рубель, які да 25 сакавіка 1941 году цалкам замяніў літ[10].
13 лютага 1990 году ў Вільні Вярхоўны Савет Летувіскай ССР ухваліў Закон «Аб Банку Летувы», які аднавілі 1 сакавіка 1990 году ў Вільні. 31 кастрычніка 1991 году Банк Летувы атрымаў 1-ю партыю манэтаў у 10, 20 і 50 цэнтаў, а таксама ў 1, 2 і 5 літаў. Іх адчаканіла «Бірмінгэмская мынца» ў Ангельшчыне (графства Заходні Мідлэндс). 5 лістапада 1991 году Вярхоўны Савет Летувы ўхваліў Закон аб «Аб выпуску грошай», паводле якога літ, падзелены на 100 цэнтаў, стаў грашовай адзінкай Летувы. 29 лютага 1991 году Банк Летувы атрымаў 1-ю партыю банкнотаў у літах, якія надрукавала «Амэрыканская банкнотная кампанія» (штат Канэктыкут). 14 лютага 1992 году Банк Летувы спагнаў залаты запас Летувы ў Банку Францыі, а 31 сакавіка 1992 году — у Банку Ангельшчыны. 29 красавіка 1992 году Банк Летувы ўступіў у Міжнародны валютны фонд (ЗША). 30 чэрвеня 1992 году Банк Летувы аднавіў сяброўства ў Міжнародным банку разьлікаў. 1 верасьня 1992 году Банк Летувы перадаў перанятыя ў савецкіх банкаў аддзяленьні створанаму Дзяржаўнаму камэрцыйнаму банку Летувы. Пасьля гэтага ў складзе Банку Летувы засталіся аддзяленьні ў Вільні, Клайпедзе і Коўне. 30 верасьня 1992 году ў Вільні «Летувіская мынца» пачала чаканіць у абарачэньне манэты наміналам у 1, 2 і 5 цэнтаў. 1 кастрычніка 1992 году агульны талён стаў адзінай грашовай адзінкай Летувы замест рубля. 25 чэрвеня 1993 году ў абарачэньне ўвялі літы і цэнты ў манэтах. У 1994 годзе ўхвалілі Закон «Аб надзейнасьці літаў», выпуск якіх Банкам Летувы цалкам пакрылі золатавалютным запасам. Пры гэтым, абменны курс літа прывязалі да даляра ЗША ў суадносінах 4 літы за даляр. 1 сьнежня 1994 году Сойм Летувы ўхваліў новы Закон «Аб Банку Летувы». 2 лютага 2002 году абменны курс літа прывязалі да эўра ў суадносінах 3,4528 літы за эўра. 1 траўня 2004 году Банк Летувы стаў сябрам Эўрапейскай сыстэмы галоўных банкаў (ЭСГБ) у сувязі з уступленьнем Летувы з Эўрапейскі Зьвяз (Бэльгія)[10].
19 лістапада 2007 году Банк Летувы далучыўся да Трансэўрапейскай аўтаматызаванай сыстэмы валавых разьлікаў імгненных пераводаў у рэальным часе (ТАСВРІПРЧ). Гэтая аплатная сыстэма дазволіла камэрцыйным банкам Летувы ажыцьцяўляць імгненныя разьлікі ў эўра. У лістападзе 2011 году Банк Летувы прызнаў неплатаздольным банк «Снорас» і накіраваў позву аб банкруцтве ў Віленскі акруговы суд. 2 студзеня 2012 году Банк Летувы злучыў 3 установы ў Наглядную службу, каб разглядаць спрэчкі між банкамі і спажыўцамі іх паслугаў. 23 траўня 2012 году самалётам даставілі 1-ю і апошнюю партыю літаў у банкнотах, надрукаваных у Заходняй Эўропе. 22 кастрычніка 2014 году ў Віленскі аэрапорт даставілі 1-ю партыю эўра ў банкнотах. 1 студзеня 2015 году ў абарачэньне ў Летуве ўвялі эўра, у выніку чаго Банк Летувы стаў удзельнікам Эўрасыстэмы. 1 студзеня 2016 году Летува стала ўдзельніцай Адзінай прасторы плацяжоў у эўра (АППЭ), якая ўлучала 34 краіны[10].
Старшыні
рэдагаваць- Уладас Юргуціс (27 верасьня 1922 — 31 кастрычніка 1929)
- Уладас Сташынскас (10 чэрвеня 1930 — 30 верасьня 1938)
- Юозас Тубяліс (1 кастрычніка 1938 — 30 верасьня 1939)
- Юозас Пакніс (25 кастрычніка 1939 — 17 верасьня 1940)
- Аляксандрас Дробніс (24 верасьня — 22 чэрвеня 1941)
- Павілас Капусьцінскас (25 чэрвеня 1941 — 19 кастрычніка 1941)
- Юозас Пакніс (29 кастрычніка 1941 — 12 кастрычніка 1942)
- Юозас Бергас (кастрычнік 1942 — 16 чэрвеня 1943)
- Бронюс Павілайціс (13 сакавіка — 28 ліпеня 1990)
- Вілюс Балдзішыс (31 ліпеня 1990 — 10 сакавіка 1993)
- Рамуальдас Высакявічус (23 сакавіка — 21 кастрычніка 1993)
- Казіс Раткявічус (17 лістапада 1993 — 23 студзеня 1996)
- Рэйнольдыюс Шаркінас (15 лютага 1996 — сакавік 2011)
- Вітас Васіляўскас (24 сакавіка 2011 — сакавік 2021)
- Гедзімінас Шымкус (зь 1 красавіка 2021 году)[11]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сувязныя зьвесткі (лет.) // Банк Летувы, 3 лістапада 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ Управа (лет.) // Банк Летувы, 15 верасьня 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ а б Аддзелы (лет.) // Банк Летувы, 31 кастрычніка 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ Кіраваньне і будова (лет.) // Банк Летувы, 23 лістапада 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ а б Ёнас Акеліс, Гедзімінас Шымкус, Юргіта Шаўчуненя. Зборнік фінансавай справаздачнасьці за 2021 год (лет.) // Банк Летувы, 21 красавіка 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ а б Арганізацыйная будова (лет.) // Банк Летувы, 19 красавіка 2022 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ Вітаўтас Ландсбергіс. Канстытуцыя Летувіскай Рэспублікі 1992 году // Партал «Інфалекс», 14 жніўня 2004 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ а б в Альгірдас Бразаўскас. Закон Летувіскай Рэспублікі «Аб Банку Летувы» 1994 году (лет.) // Партал «Інфалекс», 2 студзеня 2022 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ Падразьдзяленьні (лет.) // Банк Летувы, 9 лістапада 2021 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ а б в Гісторыя Банку Летувы (лет.) // Банк Летувы, 28 лютага 2020 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- ^ Гісторыя (лет.) // Банк Летувы, 12 красавіка 2022 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сьціслая статыстыка (анг.) // Банк Летувы, 6 красавіка 2017 г. Праверана 27 траўня 2022 г.
- Выданьні (анг.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |