Клайпедзкі порт
Каардынаты: 55°43′10″ пн. ш. 21°7′14″ у. д. / 55.71944° пн. ш. 21.12056° у. д.
Клайпедзкі порт — дзяржаўны марскі порт Летувы, заснаваны ў ліпені 1252 году.
«Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта» | |
лет. Klaipėdos valstybinio jūrų uosto direkcija | |
Тып | дзяржаўнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 29 ліпеня 1252 (772 гады таму) |
Заснавальнікі | Ганзейскія купцы зь Любэка |
Краіна | Летува |
Разьмяшчэньне | Клайпеда |
Адрас | вул. Яноніё, д. 24 |
Ключавыя фігуры | Арвідас Вайткус[1], Адомас Алекна[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | арэнда зямлі порта, кіраваньне суднаходзтвам у порце |
Матчына кампанія | Міністэрства шляхоў зносін Летувы(lt)[3] |
На 2019 год быў самым паўночным незамярзальным портам на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора. У Клайпедзкім порце на ўласных прычалах працавала 14 перавозчыкаў і вэрф. Гадавая магутнасьць порта складала 65 млн тонаў грузаў. Клайпедзкі порт мог прымаць караблі даўжынёй да 400 мэтраў, шырынёй да 59 мэтраў і ўляганьнем(en) да 13,8 мэтру. Звыш 800 прадпрыемстваў, якія працавалі ў порце, наймалі звыш 58 000 работнікаў і стварылі ў 2018 годзе 6,13 % сукупнага ўнутранага прадукту Летувы. Глыбіня ўваходнага канала порта складала 15,5 мэтру, унутранага канала — 14,5 мэтру. Клайпедзкі порт мог прымаць танкеры грузападымальнасьцю да 170 000 тонаў, сухагрузы(be) — да 100 000 тонаў і кантэйнэравозы — да 15 000 20-футавых кантэйнэраў абсягам па 33,1 м³ кожны. У 2018 годзе быў найбольшым портам Прыбалтыкі паводле пагрузкі кантэйнэраў[4].
Плошча дзялянак сушы пад Клайпедзкім портам складала 552,4619 гектару (5,5 км²). Плошча воднай дзялянкі — 884,9 га (8,8 км²). Агульная даўжыня прычалаў(en) порта без паўднёвага і ўсходняга молаў складала 24,7 км. Даўжыня чыгункі ў порце — 102 км. Даўжыня паўночнага мола — 733 мэтры, паўднёвага мола — 1374 мэтры. Плошча крытых складоў для звычайных грузаў складала 99 380 м² (9,9 га), адкрытых складзкіх пляцовак — 1 045 879 м² (104,5 га). Зьмяшчальнасьць складоў для сыпкіх грузаў складала 933 700 тонаў, для замарожаных грузаў — 66 000 тонаў. Рэзэрвуары для наліўных грузаў мелі абсяг 749 000 м³[5].
Тэрміналы
рэдагавацьНа 2019 год у тэрміналах Клайпедзкага порта працавалі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, АТ «Заходняя верф» (прычалы 129—140) і 14 прадпрыемстваў перавозак на ўласных прычалах:
- 4 прадпрыемствы ў перавалачных тэрміналах — ЗАТ «Галоўны тэрмінал Клайпеды» (прычалы 80, 80а, 81 і 81а), АТ «Клайпедзкая кампанія марскіх грузаў» (прычалы 4—18 і 144—152), ЗАТ «Клайпедзкі кантэйнэрны тэрмінал» і ЗАТ «РНДВ»;
- 2 прадпрыемствы ў круізных (пасажырскіх) тэрміналах — ЗАТ «Тэрмінал круізных суднаў» (прычалы 28—58) і «Галоўны тэрмінал Клайпеды»;
- 2 прадпрыемствы ў кантэйнэрных тэрміналах — АТ «Клайпедзкая Смэлтэ» (прычалы 82—100) і «Клайпедзкі кантэйнэрны тэрмінал» (прычалы 127, 127а, 128, 143 і 143а);
- 8 прадпрыемстваў у звычайных тэрміналах — ЗАТ «Заходняя пагрузка» (прычалы 129—140), ЗАТ «Драўніна-затокавы тэрмінал» (прычалы 141—142), ЗАТ «Грузавы тэрмінал» (прычал № 3), ЗАТ «Клайпедзкі халадзільны тэрмінал» (прычал № 100), АТ «Клайпедзкая нафта» (прычалы 1—2), ЗАТ «Камінэрскі грузавы тэрмінал» (прычалы 118—120), ЗАТ «Тэрмінал сыпкіх грузаў» (прычалы 101—106) і ЗАТ «Бэга» (прычалы 66—72)[6].
Кантэйнэрныя лініі
рэдагавацьНа 2019 год у Клайпедзкім порце працавалі прадстаўніцтвы 19 кантэйнэрных лініяў з 15 дзяржаваў:
- 5 з 4 дзяржаваў Азіі, у тым ліку 2 з Кітаю — ТАА «Гандлёвае суднаходзтва Хёндэ» (Сэул, Паўднёвая Карэя), ТАА «Акіянічны сецявы экспрэс» (Сынгапур, акруга Марской бухты, праезд Затокаў, д. 7), ТАА «Кітайская кампанія акіянічнага суднаходзтва» (Шанхай, Кітай), «Усходняя заморская кантэйнэрная лінія» (Ганконг, Кітай), ТАА «Янміньскія марскія перавозкі» (Цзілун, Тайвань);
- адна з Паўночнай Амэрыкі — «Атлянтычная кантэйнэрная лінія» (Ўэстфілд, штат Нью-Джэрзі, ЗША);
- 13 з 10 дзяржаваў Эўропы, у тым ліку 3 зь Нямеччыны і 2 з Даніі — «Марская фрахтавая кампанія» (Парыж, Францыя), ААТ «Кантэйнэравозы» (Эспаа, Фінляндыя), АТ «Зялёны насільшчык» (Гётэборг, Швэцыя), ПАТ «Далёкаўсходняе марское параходзтва» (Масква, Расея), ТАА «Паўднёваамэрыканскае параходзтва Гамбурга» (Нямеччына), АТ «Хапаг-Лойд» (Гамбург, Нямеччына), АТ «Ісьляндзкае параходнае таварыства» (Рэйк’явік, Ісьляндыя), «Лінія Маерск» (Капэнгаген, Данія), «Лініі Ман» (Хэрыч, графства Эсэкс, Ангельшчына), АТ «Сяродземнаморская суднаходная кампанія» (Жэнэва, Швайцарыя), ААТ «Марская повязь» (Клайпеда, Летува), ТАА «Дружынныя лініі» (Гамбург, Нямеччына), АТ «Уніфідэр» (Оргус, Данія)[7].
Пасажырскія лініі
рэдагавацьНа 2019 год пасажырскае параходзтва з Клайпедзкага порта ажыцьцяўлялі тры прадпрыемствы:
- «Аб'яднаная параходная кампанія» (Капэнгаген, Данія) — у Кіль (Нямеччына) і Карлсгамн (акруга Блэкінге, Швэцыя);
- ААТ «Сьмілтынскі паром» (Клайпеда, вул. Нёмана, д. 7) — на Курскую пярэспу;
- ТАА «ТТ-Лінія» (Любэк, Нямеччына) — у Ростак (Нямеччына) і Трэлеборг (акруга Сконэ, Швэцыя)[8].
Ад красавіка да кастрычніка 2018 году ў Клайпедзкі порт зайшло 58 круізных караблёў пад сьцягамі 10 краінаў:
- адной краіны Акіяніі — Маршалавы астравы (11);
- 4 краінаў Паўночнай Амэрыкі — Багамы (17), Бэрмуды (4), Панама (3) ды Сьвяты Вінцэнт і Грэнадзіны (2);
- 5 краінаў Эўропы — Мальта (10), Італія (7), Партугалія (2), Летува (1) і Нідэрлянды (1)[9].
Цягнікі
рэдагавацьНа 2019 год кантэнэрныя перавозкі з Клайпедзкага порта ажыцьцяўляліся чыгункай 7-ю цягнікамі у 2 краіны Азіі і 5 краінаў Эўропы:
- «Вікінг» хадзіў тройчы на тыдзень празь Вільню (Летува), Менск (Беларусь) і Кіеў у Адэсу (Украіна), а таксама празь Менск, Бэлц (Малдова) і Бухарэст (Румынія) у Стамбул (Турэччына);
- «Сонца» — празь Менск, Смаленск і Самару (Расея), Астану і Алматы (Казахстан) да сяла Дастык у Алакольскім раёне (Алмацінская вобласьць);
- «Балтыйскі вецер» — тройчы на месяц празь Менск і Самару ў Кастанай (Казахстан);
- «Мэркурый» — у Маскву (Расея);
- «Віленскі шатл» і «Віт экспрэс» — двойчы на тыдзень у Вільню;
- «Нёман» — у Менск[10].
Мінуўшчына
рэдагаваць29 ліпеня 1252 году куршаўскі япіскап і намесьнік Лівонскага ордэну падпісалі Дамову аб пабудове Мэмэльскага замку. Пры замку ганзейскія купцы зь Любэка (цяпер Нямеччына) абсталявалі порт. Пазьней у порце сталі спыняцца караблі купцоў з Брэмэну. У 1550-я гады купцы з Гданьску завалілі мэмэльскі порт камянямі, што абмежавала заход у порт караблямі малой грузападымальнасьці. У 1743 годзе ў Мэмэлі (Прусія) адчынілі кантору гандлю драўнінай, што зрабіла порт найбольшым у гандлі драўнінай у Прыбалтыцы. За 1797 год у рачным порце прынялі звыш 300 караблёў для пагрузкі драўніны. У 1820 годзе порт ачысьцілі ад камянёў, што зноў даволіла прымаць вялікагрузныя караблі да 1850-х гадоў. Паводле Вэрсальскай мірнай дамовы 1919 году порт перадалі дзяржавам Антанты. У 1920 годзе ў Мэмэлі разьмясьцілі францускі гарнізон. 15 студзеня 1923 году 1090 летувіскіх вайскоўцаў занялі Мэмэль(be). 24 студзеня 1923 году Сойм Летувы ухваліў далучэньне Клайпедзкага краю(be). 8 траўня 1924 году ў Парыжы 4 дзяржавы Антанты (Брытанія, Францыя, Італія і Японія) падпісалі з урадам Летувы Пагадненьне аб Мэмэльскім краі(en), які прызналі за апошнім разам з портам[11].
20 сакавіка 1939 году міністар замежных справаў Ёахім Рыбэнтроп вусна перадаў нямецкі ўльтыматум Летуве, згодна зь якім 22 сакавіка ўрад Летувы вярнуў Нямецкай дзяржаве Мэмэльскі край разам з портам. 28 студзеня 1945 году Чырвоная армія заняла Мэмэль, дзе пасьля эвакуацыі Ўсходняй Прусіі(be) засталося 50 жыхароў. 2 жніўня 1945 году на Патсдамскай канфэрэнцыі старшыні ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР зацьвердзілі перадачу Мэмэля Савецкаму Саюзу, дзе таму вярнулі назву Клайпеда ў складзе Летувіскай СССР. Са савецкім часам Клайпедзкі порт стаў найбольшым рыбалоўным у эўрапейскай частцы СССР. У 1986 годзе ў порце пабудавалі міжнародную марскую паромную пераправу. У 1991 годзе Міністэрства шляхоў зносін Летувы(lt) зацьвердзіла Пастанову аб стварэньні дзяржаўнага прадпрыемства «Дырэкцыя марскіх портаў Летувы». Адначасна заснавалі Кіраўніцтва капітана Клайпедзкага порта, якому ў 1992 годзе надалі статус дзяржаўнага марскога порта. У 1993 годзе ўрад Летувы перайменаваў «Дырэкцыю марскіх портаў Летувы» ў «Дырэкцыю Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», да якой далучылі Кіраўніцтва капітана Клайпедзкага порта. 16 траўня 1996 году зацьвердзілі Закон Летувіскай Рэспублікі № I-1340 «Аб Клайпедзкім марскім дзяржаўным порце», паводле якога ў порце забаранілі прыватызаваць марскія і наземныя дзялянкі, прычалы і водныя збудаваньні, водныя шляхі і каналы. Давернае кіраваньне ўсклалі на Дырэкцыю порта. У 2001 годзе міністар шляхоў зносінаў Летувы падпісаў Загад аб стварэньні Адміністрацыі бясьпечнага суднаходзтва Летувы ў якасьці аддзяленьня Дырэкцыі порта, якую ў 2002 годзе вылучылі ў самастойную ўстанову[11]. У 2003 годзе ў Клайпедзкім порце пабудавалі круізны тэрмінал плошчай 1,2 гектары, якім кіруе АТ «Клайпедзкі суднарамонт». Каля прычалаў круізнага тэрміналу (№ 28—33) маглі швартавацца караблі даўжынёй да 330 мэтраў, шырынёй да 45 мэтраў і ўляганьнем да 8,6 мэтру[12].
У 2003 годзе запусьцілі кантэйнэрны цягнік «Вікінг», які злучыў парты Клайпеды і Адэсы (Ільчэўск). Пры канцы 2011 году цягнік «Сонца» злучыў Летуву з Кітаем. У 2011 годзе беларускія транзытныя грузы склалі 30,5 % (каля 11 млн тонаў) абароту Клайпедзкага порта. Увесну 2013 году суднаходны канал Клайпедзкага порта паглыбілі з 13 да 14,5 мэтру, што дазволіла на 50 % павялічыць колькасьць грузу, што зьмяшчаецца ў адзін сухагруз[13]. У 2013 годзе асноўнымі кліентамі Клайпедзкага порта былі беларускія сыравінныя прадпрыемствы: «Беларуськалій» (Салігорск), «Беларуская нафтавая кампанія», «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць) і «Нафтан» (Наваполацак)[14]. У 2016 годзе грузаабарот Клейпедзкага порту вырас на 4,2 % да 40,139 млн тонаў. Зь іх перавалілі 16,617 млн тонаў сыпкіх грузаў (41,4 %), 12,35 млн тонаў звычайных грузаў (30,8 %) і 11,172 млн тонаў вадкіх грузаў (27,8 %). У порт зайшло 6898 караблёў. Пасажырапаток вырас на 3 % да 350 623 чалавек[15].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Генэральны дырэктар (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 19 лютага 2014 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Капітан порта (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 31 студзеня 2014 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Кіраваньне портам (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 15 ліпеня 2013 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Пра порт (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 14 студзеня 2019 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Асноўныя зьвесткі (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 13 лютага 2018 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Тэрміналы (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 25 сакавіка 2015 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Прадстаўніцтвы кантэйнэрных лініяў (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 10 кастрычніка 2018 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Суднаходныя лініі для пасажыраў (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 10 кастрычніка 2018 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Пара круізнага суднаходзтва (2018 г.) (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 17 студзеня 2019 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Маршруты цягнікоў (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 30 жніўня 2017 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ а б Гісторыя (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 13 лютага 2018 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Пасажырскія тэрміналы (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 13 лютага 2018 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- ^ Вітаўт Жэймант. Існуюць старыя і вельмі цесныя сувязі // Зьвязда : газэта. — 3 кастрычніка 2013. — № 186 (27551). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Аляксандар Шпакоўскі. Каму патрэбна «атамная» спрэчка // Зьвязда. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 2.
- ^ Агляд грузаабароту ў Клайпедзкім порце, тэрмінале Буцінге і іншых партах усходняга ўзьбярэжжа Балтыйскага мора (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 31 сьнежня 2016 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кантакты (рас.) // ДП «Дырэкцыя Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порта», 22 студзеня 2019 г. Праверана 1 лютага 2019 г.
- Група кампаніяў (рас.)
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |