Золатавалютны запас

афіцыйны запас золата і замежнай валюты ў галоўным банку і ведамстве скарбу краіны

Золатавалю́тны запа́с — афіцыйны запас золата і замежнай валюты ў галоўным банку і ведамстве скарбу краіны, а таксама ў міжнародных валютна-крэдытных арганізацыях.

Улучае: 1) замежныя валюты, што служаць сродкам міжнародных плацяжоў, 2) супольныя міжнародныя валютныя адзінкі (эўра), 3) спэцыяльныя правы запазычаньня ў Міжнародным валютным фондзе (МВФ; Вашынгтон, ЗША), 4) правы на аўтаматычнае атрыманьне сродкаў у МВФ, 5) афіцыйны залаты запас. Сусьветныя золатавалютныя запасы складалі: у 1980 годзе — $409,8 млрд (42%) у валюце і $563,3 млрд у золаце па рынкавай цане, у 1990 годзе — $907,3 млрд (72%) у валюце і $361,5 млрд у золаце, у 1994 годзе — $1186,4 млрд і $348,7 млрд адпаведна. На канец 1994 году асноўнымі ўладальнікамі золатавалютных запасаў былі прамысловаразьвітыя дзяржавы — $927,6 млрд (60%), у тым ліку ЗША мелі $163,6 млрд (11%), Японія — $135,2 млрд і Нямеччына — $113,9 млрд. Разьвіцьцёвыя краіны валодалі запасамі на астатнія $607,5 млрд. На той час асноўную частку валютных запасаў складалі рэзэрвовыя валюты: амэрыканскі даляр — $585,2 млрд (49% валютных запасаў), нямецкая марка — $151,1 млрд і японская ена — $83,4 млрд. У міжнародных разьліках выкарыстоўваюць у асноўным валютныя запасы[1].

Беларусь

рэдагаваць

На 1 студзеня 1999 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь валодаў залатым запасам у памеры 1,3 тоны банкаўскіх зьліткаў, што захоўваліся ў Цэнтральным сховішчы Нацбанку. Наступныя 2 гады залаты запас больш як падвойваўся штогод: за 2000 год — з 2 тонаў да 4,4 тоны, за 2001 год — да 10,1 тоны. Толькі аднойчы залаты запас зьмяншаўся — цягам 2003 году з 11,9 да 11,5 тоны (-3%). У 2004 годзе ён вырас амаль удвая да 20,2 тоны. Надалей залаты запас пастаянна рос і 1 студзеня 2019 году дасягнуў 41,2 тоны[2].

На 1 студзеня 2003 году Нацбанк Беларусі меў $477,8 млн золатавалютанага запасу ў вызначэньні Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Зь іх $416,4 млн (87%) складалі замежныя валюты, $60,4 млн — золата, $0,3 млн — спэцыяльныя правы запазычаньня (СПЗ) ў МВФ і $0,7 млн — іншыя сродкі (дамовы перакуплі). На пачатак 2013 году золатавалютны запас Беларусі дасягнуў найбольшай вартасьці ў $8,095 млрд. Адначасна найбольшай рынкавай вартасьці дасягнулі залаты запас — $2,286 млрд (33,3 тоны) і іншыя сродкі ў выглядзе дамоваў перакуплі — $ 2 001,2 млн. На пачатку 2012 году валютны запас дасягнуў найбольшага памеру ў $4 488,7 млн. Пагатоў яго доля была найбольшай — 92% — на пачатку 2004 і 2008 гадоў. Найменшая яго доля складала 38% на пачатку фінансавага крызісу ў Беларусі 2011 году. Найменшая вартасьць залатога запасу складала $37,4 млн на пачатку 2004 году. Таксама цягам 2004—2008 гадоў у складзе золатавалютнага запасу Беларусі адсутнічалі СПЗ[3].

На 1 студзеня 2019 году золатавалютны запас Беларусі складаў $7 157,6 млн. Зь іх $4 203,5 млн (59%) прыпадала на валютны запас, у тым ліку $3 949,5 млн у выглядзе ўкладаў, зь якіх $3 520,9 млн у банках з галаўным аддзяленьнем за межамі краіны, што падае справаздачнасьць. Яшчэ $254 млн знаходзілася ў каштоўных паперах. Залаты запас складаў 1,5 млн чыстых тройскіх унцыяў або $1 934,7 млн. СПЗ складалі $517,1 млн. Сярод іншых сродкаў на $502,2 млн дамовы перакуплі складалі $499,2 млн. Пагатоў цягам 2019 году (кароткатэрміновыя) чыстыя выдаткі сродкаў у замежнай валюце мелі скласьці $5 924,6 млн (83% запасу). Зь іх загадзя ўсталяваныя выдаткі мелі скласьці $4 246,2 млн (72% выдаткаў). Абумоўленыя выдаткі мусілі скласьці $1 678,4 млн, зь іх налічвалася $1 009,5 млн закладных парукаў за даўгавыя абавязкі[4].

Золатавалютны запас Беларусі[2][3][4]
Пачатак году Замежныя валюты, млн $ (%) Золата, млн $ (тонаў) Спэц. правы запазы-чаньня, млн $ Іншыя сродкі, млн $ Разам, млн $ Каротка-тэрміновыя выдаткі, млн $ (% ад запасу)
2003 416,4 (87%) 60,4 (11,9) 0,3 0,7 477,8
2004 460,7 (92%) 37,4 (11,5) 0 0,8 498,9
2005 690,4 (90%) 79,4 (20,2) 0 0,4 770,2
2006 1 105,6 (85%) 190 (25) 0 0,9 1 296,5 -313,5 (24%)
2007 1 067,2 (77%) 314,4 (26,2) 0 1,3 1 382,9 -704,1 (51%)
2008 3 866,2 (92%) 230 (26,3) 0 86 4 182,2 -1 514 (36%)
2009 2 605,5 (85%) 374,1 (26,6) 1 80,5 3 061,1 -1 521,3 (50%)
2010 2 519,9 (45%) 821,1 (28,7) 578,4 1 733,1 5 652,5 -1 906,3 (34%)
2011 1 907,7 (38%) 1 599,8 (30,2) 567,7 955,5 5 030,7 -3 830 (76%)
2012 4 488,7 (57%) 1 904,7 (31,7) 572,4 950,1 7 915,9 -4 204,5 (53%)
2013 3 240,2 (40%) 2 286 (33,3) 567,5 2 001,2 8 095 -5 209,2 (64%)
2014 3 738,2 (56%) 1 713,9 (35) 571,7 627,1 6 650,9 -5 810,8 (87%)
2015 2 882,8 (57%) 1 637,1 (36,5) 538,7 0,5 5 059,1 -7 869,4 (156%)
2016 1 953,7 (47%) 1 432,2 (38,1) 515,2 274,7 4 175,8 -7 916,2 (190%)
2017 2 420,1 (49%) 1 720,3 (39,1) 499,8 286,9 4 927,2 -5 774,3 (117%)
2018 4 282,2 (59%) 1 939,9 (40,2) 529,5 563,7 7 315,3 -6 558,8 (90%)
2019 4 203,5 (59%) 1 934,7 (41,2) 517,1 502,2 7 157,6 -5 924,6 (83%)
  1. ^ Вадзім Драздоў. Золатавалютныя рэзервы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 105. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  2. ^ а б Залаты запас // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
  3. ^ а б Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь па мэтадалёгіі МВФ (архіў з 2003 году) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 лютага 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
  4. ^ а б Міжнародныя рэзэрвовыя актывы і ліквіднасьць Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце на 01.01.2019 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць