Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту
| |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Адрас | Унівэрсытэцкая вуліца |
Каардынаты | 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д.Каардынаты: 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. |
Архітэктурны стыль | готыка, рэнэсанс, барока, клясыцызм |
Заснавальнік | Таварыства Ісуса |
Дата заснаваньня | 1570 |
Будаваньне | 1570—1873 гады |
Будынкі: Вялікі двор • Касьцёл Сьвятых Янаў
| |
Вядомыя насельнікі | Тамаш Жыцкі, Ян Зноска, Ян Рустэм, Джозэф Саўндэрс, Караль Падчашынскі |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту | |
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту на Вікісховішчы |
Анса́мбль Ві́ленскага ўнівэрсытэ́ту — помнік архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Ўнівэрсытэцкай вуліцы[a]. Твор архітэктуры, у якім выявіліся пераважныя ў Вялікім Княстве Літоўскім стылі — готыка, рэнэсанс, барока (у тым ліку віленскае) і клясыцызм. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Комплекс будынкаў Віленскага ўнівэрсытэту займае квартал, абмежаваны вуліцамі Ўнівэрсытэцкай, Сьвятаянскай, Замкавай і Скопа. Складаецца з 13 карпусоў, злучаных адзін з адным, касьцёла Сьвятых Янаў і званіцы, якія ўтвараюць 13 унутраных двароў рознай велічыні і пляну. У наш час рэпрэзэнтуе Летуву ў парку Міні-Эўропа (Брусэль) сярод найвыдатнейшых эўрапейскіх славутасьцяў[1].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьАнсамбль пачаў фармавацца каля 1570 году ва ўжо забудаваным камяніцамі квартале, што знаходзіўся ў валоданьні віленскіх біскупаў. Найбольш раньнія гатычныя элемэнты будынкаў датуюцца першай паловай XVI стагодзьдзя[2]. Заснаваная ў 1578 годзе езуіцкая акадэмія набывала новыя дамы, пашыраючы тэрыторыю комплексу ў паўночным і ўсходнім кірунках.
У 1611—1613 гадох вялося будаваньне галоўнага будынка калегіюму. У 1670 годзе пачалося будаваньне новага калегіюму, якое ішло ў некалькі этапапаў: у 1671, 1677—1679, 1681, 1686—1690, 1728—1736 гадох. Будынкі адбудоўваліся па пажарах 1737 і 1748 гадоў.
У будынках ансамблю разьмяшчаліся паводле чаргі езуіцкі калегіюм, ператвораны ў 1579 годзе ў акадэмію, з 1781 году — Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі з 1803 году ў будынках разьмясьціўся імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт. Па ліквідацыі расейскімі ўладамі ўнівэрсытэту ў 1832 годзе — Музэй старажытнасьцяў і Віленская археалягічная камісія, пазьней Публічная бібліятэка і архіў, а таксама дзьве мужчынскія гімназіі.
Увесь час дзейнічала астранамічная абсэрваторыя.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1919—1939 гадох у будынках разьмяшчаўся ўнівэрсытэт Стэфана Баторыя. Па Другой сусьветнай вайне ў памяшканьнях ансамблю месьцяцца адміністрацыя, бібліятэка, філязофскі, гістарычны і філялягічны факультэты Віленскага ўнівэрсытэту.
Па аднаўленьні незалежнасьці Летувы (1990 год) наведваньне комплексу ўвайшло ў праграмы турыстычных экскурсіяў і візытаў кіраўнікоў дзяржаваў ды іншых высокіх гасьцей. Яго наведвалі Далай лама (2001 год), папа рымскі Ян Павал II (2003 год), каралева Нідэрляндаў Бэатрыкс (2008 год). У кастрычніку 2006 году ўнівэрсытэт наведалі каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, герцаг Эдынбурскі Філіп і прынц Чарлз у суправаджэньні прэзыдэнта Летувы Валдаса Адамкуса[3]. У траўні 2009 году ва ўнівэрсытэцкіх будынках і дварах пабывала гішпанская каралеўская пара Хуан-Карлас I і каралева Соф’я[4]. У сакавіку 2010 году ўнівэрсытэт падчас свайго афіцыйнага візыту наведаў прэзыдэнт Славеніі Даніла Цюрк з жонкай[5].
Ансамбль адкрыты дзеля платнага наведваньня ў сакавіку — кастрычніку з 9 да 18 гадзінаў, у лістападзе — лютым з 10 да 17 гадзінаў (уваход з двара Бібліятэкі ў двор Сарбевія); касьцёл Сьвятых Янаў адкрыты дзеля наведваньня з панядзелка да суботы з 10 да 17 гадзінаў. У двор Міцкевіча і двор Гуцэвіча ў летні час таксама можна прайсьці ў буднія дні празь піўны рэстаран «Аўла» (раней кавярня «Жалтвіксьле») на Замкавай вуліцы.
Архітэктура
рэдагавацьВялікі Двор
рэдагавацьВялікі Двор[b] (ранейшая назва — двор Скаргі[c]) утвараюць паўночны і заходні карпусы XVI стагодзьдзя, касьцёл Сьвятых Янаў, узьведзеная ў XVII стагодзьдзі званіца і збудаваныя ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя паўднёвы корпус і аўла. На фасадзе паўночнага корпусу памятная дошка лац. Academia et Universitas Societatis Jesu Erecta anno 1580. Пры рэканструкцыі па пажары 1610 году зьявілася адкрытыя галерэі — на двух паверхах паўночнага корпусу і на першым паверсе заходняга корпусу.
У пачатку XVIII стагодзьдзя ўнівэрсытэт набыў дамы месьцічаў на Сьвятаянскай вуліцы, на паўднёвым баку двара. На іх месцы збудавалі навучальня корпус з адкрытымі галерэямі на першым і другім паверхах. На пляцы, які далучаецца да званіцы, збудавалі новую аўлу паводле праекту, як мяркуецца, архітэктара Яна Гляўбіца. 11 чэрвеня 1762 году адбылося яе ўрачыстае адкрыцьцё. У 1810 годзе яе перабудоўваў архітэктар Міхал Шульц. Па пажарах 1737 і 1749 гадоў над паўночным і заходнім карпусамі надбудавалі трэці паверх, тады ж стварылі барокавы фасад касьцёла.
У галерэях Вялікага двара на 50 памятных дошках адзначаюцца імёны выдатных выхаванцаў і выкладчыкаў унівэрсытэту — славуты' навукоўцаў, паэтаў, мастакоў Канстанціна Шырвіда, паэта Мацея Казімера Сарбеўскага, Жыгімонта Лаўксьміна, гісторыка Альбэрта Каяловіча, прыродазнаўцы Георга Форстэра, архітэктара Лаўрына Гуцэвіча, мастака Францішка Смуглевіча, астранома Марціна Пачобут-Адляніцкага, матэматыка Францішка Нарвойша, філёляга Готфрыда Эрнста Гродэка, батаніка Людвіга Баянуса, мастака Яна Рустэма, лекара, біёляга і хіміка Анджэя Сьнядэцкага, мэдыка Ёзэфа Франка, прававеда й гісторыка Ігната Даніловіча, натураліста Станіслава Баніфацыя Юндзіла, паэтаў Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, філёзафа Льва Карсавіна ды многіх іншых.
На фрэсках пілястраў паўночнага і заходняга крыла выяўляюцца герб унівэрсытэту, партрэты біскупа Валяр’яна Пратасевіча, палкаводца Яна Караля Хадкевіча, каралёў Аўгуста Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1929 годзе да 350-годзьдзя ўнівэрсытэту ў нішах будынка аўлы паставілі алегарычныя фігуры Ісьціны і Прыгажосьці (скульптар Баляслаў Балзукевіч). Яны не захаваліся. Цяпер у нішах стаяць стылізаваныя фігуры студэнтаў. Над фасадам аўлы надпіс лац. Alma Mater Vilnensis. На першым паверсе дзейнічае кавярня, вядомая паводле неафіцыйнай назвы «морг». У двары адбываюцца ўрачыстасьці з нагоды пачатку й заканчэньня навучальных гадоў.
Двор абсэрваторыі
рэдагавацьДвор абсэрваторыі[d] (ранейшая назва — двор Пачобута[e]) — найстарэйшы дзядзінец ансамблю. Ніжнія паверхі будынкаў адносяцца да XV стагодзьдзя. Двор утварыўся ў XVI стагодзьдзі з будынкаў езуіцкай калегіі, таму яго называлі дваром калегіюму.
Цяперашнюю форму двор атрымаў у пачатку XVII стагодзьдзя. У XVII—XVIII стагодзьдзях тут вырошчвалі лекавыя расьліны і ў паўднёвым крыле месьцілася аптэка. У 1753 годзе на сродкі Альжбеты Пузыны (з Агінскіх) збудавалі ўласна абсэрваторыя. У канцы XVIII стагодзьдзя ў гэтым жа будынку месьціліся канцылярыя і архіў Адукацыйнай камісіі.
На будынку астранамічнай абсэрваторыі фрызам праходзіць надпіс — цытата з Вэргіліюса: лац. Addidit antiquo virtus nova lumina coelo («Адвага дае старому небу новае сьвятло»). Ніжэй: лац. Haec domus Uraniae est: Curae procul este profanae: Temnitur hic humilis tellus: Hinc itur ad astra («Гэта дом Ураніі. Ідзіце прэч, прафаны! Тут зьневажаюць нікчэмную Зямлю: адсюль падымаюцца да зорак»). Яшчэ ніжэй зьмяшчаецца надпіс у памяць 150-годзьдзя Адукацыйнай камісіі і рэформы асьветы. Будынак аздабляецца дарычным фрызам з знакамі задыяку ў мэтопах.
На сьцяне заходняга корпусу знаходзіцца памятная дошка з тэкстам на польскай мове ў памяць Марціна Пачобут-Адляніцкага, прафэсара астраноміі і рэктара ўнівэрсытэту.
Двор бібліятэкі
рэдагавацьДвор бібліятэкі[f] сфармаваўся ў канцы XVI стагодзьдзя. У XVII—XVIII стагодзьдзях быў закрытым гаспадарчым дваром унівэрсытэту. Пры капітальнай перабудове суседняга генэрал-губэрнатарскага палацу ў пачатку XIX стагодзьдзя адзін з карпусоў разабралі. Пазьней двор ад вуліцы аддзяляў мур з брамай у стылі клясыцызму, але і яго разабралі. Цяпер двор выглядае як невялікі пляц. Яго ўтвараюць 3-павярховы фасад аднаго з найстарэйшых будынкаў ансамблю — будынак бібліятэкі, ня менш старога корпусу былой астранамічнай абсэрваторыі (направа) і корпус гістарычнага факультэту налева.
Надбудову ўласна абсэрваторыі над ранейшым 3-павярховым паўночным корпусам будынка былой езуіцкай калегіі аздабляюць пілястры з фрэскамі XVIII стагодзьдзя, якія паказваюць матэматычныя і астранамічныя прыборы і сымбалі сямі найбуйнейшых плянэтаў над вокнамі. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя абсэрваторыю аздаблялі дзьве барокавыя вежы. Заходняя вежа ў выніку перабудовы 1838—1842 гадоў стала ніжэйшай. На ёй стаяў тэлескоп, які згарэў ў пажары 1867 году. Верхні паверх ўсходняй вежы разабралі. На ёй у 1863 годзе ўсталявалі выраблены ў Эдынбургу электрычны гадзіньнік. Ягоны мэханізм рэгуляваўся астранамічнымі прыборамі, таму яны паказвалі вельмі дакладны час. Вайскоўцы на Замкавай гары ў тэлескоп, пазычаны астраномамі, сачылі за гадзіньнікам і паводле іх сьведчаньняў роўна апоўдні стралялі з гарматы. У 1990-я гады ўсходнюю вежу адрэстаўравалі. Яе верхавіну аздабляе герб Пратасевічаў і флюгер з манаграмай ордэну езуітаў[6].
У заходнім куце паводле праекту архітэктара Стэфана Нарэмбскага ў 1938 годзе зрабілі тры аркі. У 1964 годзе да 250-годзьдзя пачынальніка летувіскай мастацкай літаратуры Крысьціёнаса Данэлайціса ў нішы паставілі яго скульптуру (скульптар Канстанцінас Багданас). Ва ўсходнім куце месьціцца цэнтральны ўваход ва ўнівэрсытэт.
Налева ад яго камэмэратыўныя дзьверы ў памяць 450-годзьдзя першай летувіскай кнігі «Катэхізіс» Марцінаса Мажвідаса (скульптар Ёнас Мяшкялявічус) з выявай найважнейшых постацяў і падзеяў гісторыі летувіскай культуры. Верхняя частка гранітнага парталу важыць каля 9 тон, бакавіны — каля 6 тон, рухомая бронзавая створка дзьверы — каля 300 кг. Дзьверы, на стварэньне, выраб і мантаж якіх выдаткавалі паўмільёну літаў (што выклікала крытыку ў адрас былога рэктара ўнівэрсытэту, летувіскага палітыка Раландаса Павіленіса), лічацца найдаражэйшымі ў Летуве.
У верхняй частцы дзьвярэй разьмяшчаюцца бронзавыя партрэты Мікалая Крыштапа Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў ў 1579 годзе друкарню ў Вільні (пазьней друкарня Віленскай акадэміі, 1585 год), дзе ў 1613 годзе надрукавалі першую арыгінальную мапу Вялікага княства Літоўскае «Magni Ducatus Lithuaniae caeterarumque regionum illi adiacentium exacta descriptio»; віленскага біскупа Валяр’яна Пратасевіча, які заснаваў віленскі езуіцкі калегіюм (1570 год) і яе бібліятэку; папы рымскага Грыгорыюса XIII, які зацьвердзіў 29 кастрычніка 1579 году булу аб заснаваньні Віленскай акадэміі і ўнівэрсытэту; кардынала Юрыя Радзівіла, які зьвярнуўся да папы з просьбай аб наданьні правоў акадэміі Віленскаму калегіюму; вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, які перадаў езуіцкаму калегіюму сваю бібліятэку (каля 5000 тамоў); караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, які падпісаў прывілей ад 1 красавіка 1579 году аб рэарганізацыі езуіцкаага калегіюму ва ўнівэрсытэт.
Пасярэдзіне разьмяшчаецца герб унівэрсытэту і надпіс «Першай летувіскай кнізе 1547—1997» (лет. Pirmajai lietuviškai knygai 1547—1997). На створках дзьвярэй адлюстроўваецца першая старонка «Катэхізіса» Мажвідаса і выдадзенага ў Вільні ў 1595 годзе зборніка пропаведзяў на летувіскай мове «Пасьціла» Мікалоюса Даўкшы, ніжэй — віды ўнівэрсытэтаў Кёнігсбэргу («Калыска летувіскай кнігі») і Вільні («Ачаг летувіскай навукі»), партрэты першага летувіскага мовазнаўцы Канстанціна Шырвіда, бацькі летувіскай гістарыяграфіі Сыманаса Даўкантаса, патрыярха летувіскага нацыянальнага адраджэньня Ёнаса Басанавічуса, знакамітага кніганошы часоў забароны на летувіскі друк лацінскім шрыфтам Юргіса Белініса, таксама Вінцаса Кудзіркі і біскуп Мацея Валанчэўскага, братоў Вацловаса Біржышкі і Міколаса Біржышкі, пісьменьніка Вінцаса Мікалайціса-Пуцінаса. Налева ўнізе — сцэна ў старадаўняй друкарні, налева — выява скрыптара або пісьменьніка і тэкст з прысьвечанай унівэрсытэту паэмы «Дрэва пазнаньня» Юсьцінаса Марцінкявічуса «Тым людзям, што падымалі дах слова, тым кнігам, што калыхалі нашы калыскі» (лет. Tiems žmonėms žodžio stogą kėlusiems, toms knygoms mūsų lopšį supusioms). Дзьверы ўрачыста адкрылі 21 траўня 2001 году.
На 3-павярховым будынку гістарычнага факультэту вісіць памятная дошка ў памяць знаходжаньня ў Вільні ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, які жыў і тварыў тут у 1829—1831 гадох. Жыўшы ў Вільні, ён браў урокі маляваньня ў мастака Яна Рустэма, які жыў ў гэтым будынку.
У будныя дні двор Бібліятэкі функцыянуе як аўтамабільная стаянка для работнікаў унівэрсытэту. 1 верасьня тут праходзяць урачыстасьці пачатку новага навучальнага року ва ўнівэрсытэце.
Аркавыя праходы вядуць ў двары Сарбевія і Даўкшы.
Двор Сарбевія
рэдагавацьДвор Сарбевія[g] атрымаў сваю назву ў гонар Мацея Казімера Сарбеўскага, польскага лацінскага паэта. На заходнім крыле над брамай месьціцца памятная дошка зь белага мармуру пра заслугі Сарбевія — паэта-ляўрэата, якога папа рымскі Урбан VIII увянчаў лаўровым вянком і ўзнагародзіў мэдалём.
Да самых старых пабудоваў двара належаць будынкі ў яго паўднёвай частцы, якія ў асноўным захавалі структуру XVII стагодзьдзя. Архітэктар Караль Падчашынскі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя перабудаваў паўднёвы корпус і ўсе тры паверхі ўмацаваў масіўнымі контрфорсамі.
Ва ўсходнім корпусе ў часы езуіцкай акадэміі разьмяшчаліся стайні. Па рэканструкцыі, праведзенай да 400-годьдзя ўнівэрсытэту (1979 год), у гэтым корпусе разьмясьціўся цэнтар літуаністыкі і ўнівэрсытэцкая кнігарня лет. Littera. Скляпеньні і пілёны кнігарні аздабляюцца фрэскі Антанаса Кмеляўскаса з выявамі заснавальніка езуіцкай калегіі біскупа Валяр’яна Пратасевіча, рэктара Галоўнай школы астранома Марціна Пачобута-Адляніцкага, выбітных выкладчыкаў і выхаванцаў Віленскага ўнівэрсытэту — мастакоў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма, гісторыкаў Іяхіма Лялевеля і Сыманаса Даўкантаса, мэдыка Ёзэфа Франка, паэтаў Адама Міцкевіча і Юліюша Славацкага, усходазнаўца Восіпа Кавалеўскага ды іншых.
У паўночным корпусе былі кватэры прафэсараў унівэрсытэту. Корпус у 1799—1801 гадох рэканструяваў архітэктар Міхал Шульц. На трэцім паверсе была яго ўласная кватэра. Інтэр’ер чатырох пакояў Шульц дэкараваў ляпнымі арнамэнтамі і формамі розных ордэраў і чытаў тут лекцыі, выкарыстоўваючы сваю кватэру як наглядны дапаможнік. Сёньня гэта адзін зь нешматлікіх захаваных клясыцыстычных інтэр’ераў жылога дому ў Вільні. Пазьней тут жылі графік прафэсар Джозэф Саўндэрс, архітэктар Караль Падчашынскі. Цяпер у былой кватэры Шульца разьмяшчаецца дэканат філялягічнага факультэту[7]. 26 чэрвеня 2011 году адбылося адкрыцьцё памятнай дошкі, усталяванай на гэтым будынку, у гонар ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, паэта Чэслава Мілаша, які навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце; ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Летуве Януш Скалімоўскі, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Бенедзіктас Юодка ды іншыя[8][9]. Аўтар памятнай дошкі з барэльефам Мілаша і тэкстам на летувіскай, польскай і лацінскай мовах скульптар Арвідас Алішаўскас[10].
Двор Даўкшы
рэдагавацьДвор Даўкшы[h] атрымаў сваю назву ад летувіскіх уладаў у гонар Мікалоюса Даўкшы, каталіцкага каноніка, аднаго з стваральнікаў летувіскай пісьменнасьці. У будынках, якія ўтвараюць двор, разьмясьціўся гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Двор сфармаваўся ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. У XVII стагодзьдзі збудавалі паўднёвы корпус, у сярэдзіне XVIII стагодзьдзя — 2-павярховы заходні і 1-павярховыя паўночны і ўсходні, у якіх былі зроблены стайні.
У пачатку XVIII стагодзьдзя на трэцім паверсе паўднёвага корпусу знаходзілася кватэра рэктара Ўладзіслава Даўкшы. У паўднёвым крыле з боку двара захаваўся рэнэсансны фасад.
У 1803 годзе над паўднёвым і заходнім карпусамі надбудавалі трэці паверх. На другім, пазьней на трэцім паверсе заходняга корпусу жыў мастак прафэсар Ян Рустэм. У яго браў урокі Тарас Шаўчэнка, у памяць пра што на будынку з боку двара бібліятэкі ўсталявалі памятную дошку з барэльефнай выявай паэта і тэкстам на летувіскай і ўкраінскай мовах.
На другім паверсе таго ж дому жыў матэматык, які пэўны час займаў пасаду дэкана фізычна-матэматычнага факультэту Тамаш Жыцкі. Цяпер памяшканьні яго былой кватэры займае дэканат гістарычнага факультэту. Над кватэрай Жыцкага на трэцім паверсе жыў прафэсар палітычнай эканоміі Ян Зноска. Заходні корпус двара рэканструяваўся, з прыстасаваньнем памяшканьняў пад кватэры прафэсараў, паводле праекту і пад назіраньнем архітэктара Міхала Шульца[11].
Двор Смуглевіча
рэдагавацьДвор Смуглевіча[i], перайменаваны летувіскімі ўладамі ў двор Даўкантаса[j]. Сваю гістарычную назву атрымаў у гонар мастака Францішка Смуглевіча, цяперашнюю афіцыйную — у імя выхаванца Віленскага ўнівэрсытэту Сыманаса Даўкантаса, летувіскага гісторыка і пісьменьніка-асьветніка. На сьцяне паўночнага корпусу над аркай разьмяшчаецца барэльеф Даўкантаса (скульптар Р. Казлаўскас). У цэнтры двара расьце дуб; яго саджанец з родных месцаў Даўкантаса ўрачыста высадзілі падчас сьвяткаваньня 400-годьдзя Віленскага ўнівэрсытэту (1979 год).
Двор утвараюць будынкі розных часоў. З паўднёвага боку двор замыкае будынак, у якім разьмяшчаюцца інстытут замежных моваў Віленскага ўнівэрсытэту і Віленскі інстытут ідыш, з усходняй — лац. Domus Philologiae з катэдрамі, аўдыторыямі і чытальнымі залямі філялягічнага факультэту.
На сьцяне паўночнага корпусу, побач з уваходам у інстытут ідыш, месьціцца памятная пліта ў памяць Оны Шымайце (1894—1970), праведніцы сьвету. Яна падчас Другой сусьветнай вайны працавала ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту і дапамагала вязьням Віленскага гета. З дазволу акупацыйных уладаў зьбіраць у гета кнігі, узятыя студэнтамі да вайны зь бібліятэкі, яна насіла ў гета прадукты, выносіла з гета лісты і запіскі вязьняў. Схопленую пры спробе вывесьці з гета габрэйскую дзяўчынку, Ону Шымайце катавалі і потым адправілі ў канцэнтрацыйны лягер[12].
У паўднёва-ўсходнім куце двара захаваўся каштоўны фрагмэнт рэнэсанснага атыку. Паўднёвы будынак узводзіўся на мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў дзеля гаспадарчых патрэбаў: тут разьмяшчаліся стайні, цясьлярскія майстэрні, бровар, склады. Корпус па перабудове ў канцы XVIII стагодзьдзя аддалі пад прафэсарскія кватэры. Падчас рэстаўрацыі памяшканьняў катэдры перакладу на сьцяне адной з былых кватэраў выявілі фрагмэнт фрэскі, на якім захавалася дата — 1794 год.
На другім паверсе ўсходняга корпусу разьмяшчаецца вэстыбюль музаў з сграфіта вядомага графіка і скульптара Рымтаўтаса Гібавічуса, якая адлюстроўвае дзевяць музаў (1969 год). Доўгі калідор вядзе да іншага вэстыбюлю, аздобленага апошняй фрэскай Гібавічуса. Яна адлюстроўвае найболь вядомых гісторыкаў, паэтаў, мастакоў, архітэктараў Летувы, большай часткай зьвязаных зь Віленскім унівэрсытэтам. Ад вэстыбюлю музаў калідор налева вядзе да чытальнай залі замежных моваў. У калідоры перад чытальнай заляй захаваліся старадаўнія драўляныя бэлькі столевага перакрыцьця. Чытальная заля аздабляецца фрэскай Шарунаса Шымулінаса «Мажвідас на фоне Рагайне». Калідор на першым паверсе вядзе да катэдры клясычнай філялёгіі. Вэстыбюль перад ёю аздабляеца мазаікай Віталіса Трушыса, якая адлюстроўвае летувіскіх паганскіх богаў і багінь — Пяркунаса, Габіі, Медэйны ды іншых пэрсанажаў летувіскай міталёгіі[13].
З калідору першага паверху па-лацінску: Domus Philologiae можна патрапіць у двор Станевіча. З самога двара Смуглевіча можна прайсьці ў двор Міцкевіча і двор Аркадаў.
Двор Аркадаў
рэдагавацьДвор Аркадаў[k] ад вуліцы Скопа аддзяляе дом, набыты ўнівэрсытэтам у 1815 годзе. У 1832 годзе паводле праекту архітэктара Караля Падчашынскага ў ім зрабілі кватэры для вучняў гімназіі. Паводле праекту архітэктара Лявіцкага ў 1873 годзе будынкі паўночнай часткі двара Смуглевіча злучылі крытай галерэяй на масіўных чатырохкутных калёнах, утварыўшы невялікі панадворак з аркамі і нішамі. Двор рэканструяваўся ў 1974 годзе паводле праекту архітэктара Э. Урбаненэ. Дэкаратыўная мэталёвая брама вядзе на вуліцу Скопа.
Двор Гуцэвіча
рэдагавацьДвор Гуцэвіча[l] атрымаў сваю назву ў гонар выхаванца і выкладчыка Віленскага ўнівэрсытэту (у той час Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага) Лаўрына Гуцэвіча, адметнага прадстаўніка архітэктуры клясыцызму.
Двор утварыўся па перабудовах XIX стагодзьдзя. Будынкі вакол яго ў 1775 годзе набыла Адукацыйная камісія, дзякуючы чаму ўнівэрсытэцкі комплекс пашырыўся да Замкавай вуліцы. У гэтых будынках разьмяшчалася артылерыйская школа, у якім Лаўрын Гуцэвіч чытаў лекцыі з матэматыкі, тапаграфіі і фартыфікацыі.
У сьцяне паўночнага корпусу месьціцца дошка ў памяць Лаўрына Гуцэвіча з барэльефам архітэктара (скульптар Канстанцінас Багданас). Доўгі вузкі праход злучае двор Гуцэвіча з дваром Аркадаў. Двор рэстаўраваўся ў 1972 годзе паводле праекту архітэктара Эляны Ўрбаненэ. З двара вядзе ўваход у Цэнтар арыенталістыкі і ў сутарэньні, якія займае з 1990 году адзін з студэнцкіх тэатраў Віленскага ўнівэрсытэту — тэатар «Мінімум» (пад кіраўніцтвам рэжысэра Рымантаса Венцкуса); заля зьмяшчае 45 гледачоў[14].
Двор Міцкевіча
рэдагавацьДвор Міцкевіча[m] атрымаў сваю назву ў гонар выхаванца Віленскага ўнівэрсытэту Адама Міцкевіча, беларускага польскамоўнага паэта. Двор сфармаваўся па рэканструкцыі другой паловы XIX стагодзьдзя. Брама злучае яго з Замкавай вуліцай і дваром Смуглевіча. З усходняга боку ў XVI стагодзьдзі было тры дамы, у другой палове XVIII стагодзьдзя аб’яднаных у адзін будынак. Іх перадаў унівэрсытэту біскуп Ігнаці Якуб Масальскі ў 1775 годзе. Паўднёвае крыло збудавалі ў канцы XVIII стагодзьдзя. У 1873 годзе паводле праекту архітэктара Лявіцкага забудавалі заходнюю частку двара.
Двор Станевіча
рэдагавацьДвор Станевіча[n] часам не ўлучаюць у склад ансамблю Віленскага ўнівэрсытэту, бо тры з чатырох будынкаў, якія ўтвараюць яго, не належаць унівэрсытэту. Атрымаў сваю назву ў гонар выхаванца і выкладчыка ўнівэрсытэту Сымона Станевіча, летувіскага паэта, фальклярыста і гісторыка. Вузкі і доўгі двор разьмяшчаецца на поўдзень ад двара Міцкевіча. На яго выходзяць вокны доўгіх калідораў першага і другога паверху філялягічнага факультэту, катэдры францускай філялёгіі, якая была катэдрай славянскай філялёгіі.
Доўгі 2-павярховы дом, які выходзіць на Замкавую вуліцу, і гаспадарчыя пабудовы ў глыбіні двара датуюцца мяжой XVI—XVII стагодзьдзяў. Паводле праекту архітэктара Лявіцкага ў 1873 годзе будынкі калідорамі другога паверху злучыліся з карпусамі ансамблю Віленскага ўнівэрсытэту. Фасады двара з драўлянымі бальконнымі галерэямі абнаўляліся ў 1966—1968 гадох паводле праекту архітэктара Станіславаса Мікулёніса.
Двор Шырвіда
рэдагавацьДвор Шырвіда[o] атрымаў сваю назву ў гонар Канстанціна Шырвіда, езуіта, складальніка польска-лацінска-летувіскага слоўніка і аднаго з пачынальнікаў летувіскай пісьменнасьці.
У двор вядзе нешырокі праход паміж паўночным крылом Вялікага двара і касьцёлам Сьвятых Янаў. Ва ўсходняй частцы двара стаіць 2-павярховы будынак рызьніцы касьцёла. З поўначы ўнівэрсытэцкі двор адгароджваецца дэкаратыўным ажурным мэталічным плотам. Тут жа адзін зь дзясяткаў «белых анёлачкаў» скульптара Вайдаса Рамошкі, якія з 2004 годзе ўсталёўваюцца ў розных, часам нечаканых, кутках Вільні[15]. На двор з поўдня выходзіць паўночны нэф касьцёла з трыма капліцамі, сярод іх вылучаецца капліца Сьвятога Станіслава Косткі з купалам.
Двор Старой друкарні
рэдагавацьДвор Старой друкарні[p] разьмяшчаецца за дваром Абсэрваторыі. У заходняй частцы двара была аптэка, ва ўсходняй — друкарня езуіцкай акадэміі, заснаваная ў 1586 годзе.
Тут выйшлі з друку «Катэхізіс» (1595 год), першая кніга на летувіскай мове, выдадзеная ў Літве, і «Пасьціла» (1599 год) М. Даўкшы, «Слоўнік трох моваў» і зборнік пропаведзяў «Пункты казаньняў» (абедзьве 1629 год) К. Шырвідаса. Нягледзячы на рэлігійны зьмест гэтых выданьняў, яны адыгралі вялікую ролю ў гісторыі летувіскай мовы, літаратуры і асьветніцтва[16].
У 1970 годзе на Сьвятаянскай вуліцы, на месцы дома, разбуранага падчас Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе, збудавалі 3-павярховае сховішча бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту (паводле праекту архітэктараў Алдоны Швабаўскенэ і А. Брусокаса). У фасад яе зь Сьвятаянскай вуліцы ў 1970 году ўмуравалі памятную дошку ў памяць 400-годзьдзя бібліятэкі (мастак Рымтаўтас Гібавічус) з датамі юбілею 1570—1970 гадоў. Старэйшы на дзесяць гадоў за сам унівэрсытэт век бібліятэкі тлумачыцца тым, што яе заснавалі пры адкрытым у 1570 годзе езуіцкім калегіюме, які ў 1579 годзе ператварылі ў акадэмію і ўнівэрсытэт.
У двары разьмяшчаюцца службовыя памяшканьні бібліятэкі і аддзел рэстаўрацыі.
У 1805 годзе друкарню перадалі Юзэфу Завадзкаму, друкару і выдаўцу, які пераехаў у Вільню ў 1803 годзе. Юзэф Завадзкі займаўся выданьнем і продажам, сярод іншага, падручнікаў і кніг з розных галінаў навукі. У 1816 годзе ён адкрыў тут кнігарню. У 1828 годзе Юзэф Завадзкі страціў тытул унівэрсытэцкага друкара і мусіў пакінуць унівэрсытэцкія памяшканьні[17].
У 1999 годзе на сьцяне старой унівэрсытэцкай друкарні з боку Сьвятаянскай вуліцы зьмясьцілі дошку ў памяць Юзэфа Завадзкага, які ў чэрвені 1822 году выдаў першы зборнік славутага пазьней беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча польск. Ballady i romanse («Баляды і рамансы»). Гэтым зборнікам, якія зьявіўся маніфэстам польскага рамантызму[18], пачалася новая рамантычная эпоха ў польскай літаратуры[19].
Двор бурсы
рэдагавацьДвор бурсы ўтвараюць будынкі XVI—XVIII стагодзьдзяў, якія неаднаразова перабудоўваліся, у іх па працяглым рамонце зь лютага 2005 годзе разьмяшчаецца філязофскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.
Уваход з гістарычнага Палацавага пляцу (цяпер пляц Сыманаса Даўкантаса), на які выходзіць галоўным фасадам Біскупскі (Прэзыдэнцкі) палац і палац дэ Рэўсаў з клясыцыстычным портыкам аўтарства архітэктара Марціна Кнакфуса.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
1582 г.
-
1781 г.
-
Ф. Смуглевіч, 1785—1786 гг.
-
Ю. Главацкі, 1815 г.
-
М. Янушэвіч, 1835 г.
-
М. Янушэвіч, 1835 г.
-
М. Янушэвіч, 1836 г.
-
М. Янушэвіч, 1837 г.
-
Ч. Манюшка, 1842—1854 гг.
-
1850 г.
-
1850 г.
-
1863 г.
-
В. Гразноў, XIX ст.
-
XIX ст.
-
XIX ст.
-
XIX ст.
-
К. Памяноўскі, 1877 г.
-
Я. Краеўскі, 1877 г.
-
Ю. Ярмужынскі, 1877 г.
-
1877 г.
-
1877 г.
-
М. Дабужынскі, 1910 г.
-
Ф. Рушчыц, 1917 г.
-
Г. Паўль, 1917 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1899 г.
-
1899 г.
-
Я. Булгак, 1912 г.
-
Я. Булгак, 1912—1915 гг.
-
Я. Булгак, 1913 г.
-
Я. Булгак, 1916 г.
-
Я. Булгак, 1918 г.
-
Я. Булгак, 1919 г.
-
1929 г.
-
1929 г.
-
1929 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1937 г.
-
Я. Булгак, да 1938 г.
-
Я. Булгак, да 1938 г.
-
В. Вячорак, 1938 г.
-
Я. Булгак, да 1939 г.
-
В. Буйка, да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
Я. Булгак, да 1939 г.
-
Я. Булгак, 1939 г.
-
Я. Булгак, 1939 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Афіцыйны адрас — Universiteto g. 3, 4, 5
- ^ лет. Didysis kiemas
- ^ польск. dziedziniec Skargi
- ^ лет. Observatorijos kiemas
- ^ польск. dziedziniec Poczobuta
- ^ лет. Bibliotekos kiemas
- ^ лет. M. K. Sarbievijaus kiemas, польск. dziedziniec Sarbiewskiego
- ^ лет. M. Daukšos kiemas
- ^ польск. dziedziniec Smugliewicza
- ^ лет. S. Daukanto kiemas
- ^ лет. Arkadų kiemelis
- ^ лет. L. Stuokos-Gucevičiaus kiemas
- ^ лет. A. Mickevičiaus kiemas, польск. dziedziniec Mickiewicza
- ^ лет. S. Stanevičiaus kiemas
- ^ лет. K. Sirvydo kiemas
- ^ лет. Senosios spaustuvės kiemas
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Міні-Эўропа ў Брусэлі (анг.)
- ^ Пазднякоў В. Віленская акадэмія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 412.
- ^ Палова летувісаў жыве ў боязі перад Расеяй. REGNUM. Праверана 18 чэрвеня 2009 г. (рас.)
- ^ В Литву прибыла королевская чета Испании. Литовский курьер. Праверана 18 чэрвеня 2009 г. (рас.)
- ^ В Литву с визитом прибывает президент Словении. Delfi (10 марта 2010). Праверана 12 марта 2010-03-12 г. (рас.)
- ^ Vilniaus universiteto Bibliotekos kiemas (лет.). Vilniaus universitetas (2009-01-05). Праверана 11 лютага 2009 г.
- ^ Nijolė Bulotaitė. (сакавіка 2009) Vilniaus universiteto M. K. Sarbievijaus kiemas (лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 4 марта 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Грыбаўскайтэ: Чэслаў Мілаш аб'ядноўвае летувіскі і польскі народы ru.DELFI.lt. LT Delfi (27 чэрвеня 2011 р.). Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Č. Milošas — pasaulio pilietis, jungiantis lietuvių ir lenkų tautas (лет.) Diena. UAB "Diena Media News" (2011-06-26). Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Viktoras Denisenko (2011-06-27) Vilniaus universitete atidengta paminklinė lenta „paskutiniam LDK piliečiui“ (лет.) Universiteto naujienos. Vilniaus universitetas. Праверана 2011-06-29 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Nijolė Bulotaitė. (7 красавіка 2009) Vilniaus universiteto Mikalojaus Daukšos kiemas (лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 7 красавіка 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Любовь Салимова. (23 сентября 2008) Цветы в гетто не росли… Праверана 19 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Nijolė Bulotaitė. (17 чэрвеня 2009) Simono Daukanto kiemas (лет.). Vilniaus universitetas. Праверана 18 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- ^ Vilniaus universiteto teatras «Minimum» (лет.)
- ^ Vilniuje nutūps angeliukas (лет.)
- ^ Папшис А. Вильнюс. — Вильнюс: Минтис, 1977. С. 48.
- ^ Juozapas Zavadskis (лет.)
- ^ Стахеев Б. Ф. Польская литература (первой половины XIX в.) // История всемирной литературы: В 9-ти т. Т. 6. — М.: Наука, 1989. С. 477—492.
- ^ Marta Szymańska, Poszukiwanie Absolutu. Jedność antynomii i aprioryczna nieskończoność (пол.)
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4