Она Шымайце
Она Шыма́йце (па-летувіску: Ona Šimaitė; 6 студзеня 1894, Акмяны, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя ― 17 студзеня 1970, Кармэй-ан-Парызі, Францыя) ― летувіская літаратарка, бібліятэкарка, грамадзкая дзяячка і праведніца народаў сьвету[4].
Она Шымайце | |
Ona Šimaitė | |
Імя пры нараджэньні | Она Шымайце |
---|---|
Дата нараджэньня | 6 студзеня 1894[1][2] |
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 17 студзеня 1970[1][2] (76 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Грамадзянства | Летува |
Прафэсія | Бібліятэкарка |
Гады дзейнасьці | 1940-1970 |
Вядомая як | Як праведніца народаў сьвету, выратавальніца габрэяў Віленскага гета |
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў Акмянах у беднай сям’і 6 студзеня 1894 году. У 8 гадоў разам з бацькамі паехала ў Рыгу, дзе скончыла пачатковую і сярэднюю школу. З пачаткам Першай сусьветнай вайны сям’я эвакуявалася ў Расею[5].
У 1914—1919 гадах вывучала пэдагогіку ў Маскоўскім унівэрсытэце. Слухала лекцыі на юрыдычным факультэце. Працавала выхавальніцай для беспрытульных дзяцей у розных навучальных установах[5].
У маладосьці была набожнай каталічкай, але ў выніку рэвалюцыі ў Расеі яна згубіла веру ― надалей вызначалася як атэістка і анархістка[6].
У 1922 вярнулася ў Летуву. Жыла ў Коўне. У 1922—1924 гадах працавала настаўніцай у жыдоўскай пачатковай школе. У 1924 годзе пачала вывучаць гуманітарныя навукі ў Ковенскім унівэрсытэце. Сябравала зь літаратарамі левых поглядаў, у тым ліку з Казісам Борутай[7].
У 1922—1937 гадах зь невялікімі перапынкамі працавала перакладніцай у амбасадзе СССР у Коўне[7].
У 1940 г. пераехала ў Вільню. Яна займалася каталягізацыяй кнігаў, была загадніцай аддзелу старадрукаў[7].
Была чаліцай Таварыства бібліятэкараў Летувы[7].
Замуж не выйшла і дзяцей ня мела. Размаўляла на летувіскай, польскай, расейскай, францускай, нямецкай мовах і крыху на ідыш[8].
Пасьля вайны тры гады правяла ў Ізраілі, астатні час — у Францыі, дзе працавала бібліятэкаркай. Памерла каля Парыжу ў доме састарэлых, ейнай магілы няма, бо сваё цела ахвяравала навуцы[9].
Праведніца народаў сьвету
рэдагавацьЗ пачаткам нямецкай акупацыі, калі ў Вільні было створана гета, стала дапамагаць габрэям, пранікаючы ўнутр, каб нібыта забраць у студэнтаў пазычаныя ў бібліятэцы кнігі. Прыгэтым яна праносіла ў гета ежу і малагабарытную зброю, а адтуль падкрадня выносіла і ратавала дзяцей і гістарычныя дакумэнты. Падпольніца знаходзіла людзей, якія былі гатовыя падрабляць дакумэнты для тых, хто зьбіраўся ўцякаць з гета і забясьпечвала іх сувязь зь зьнешнім сьветам як кур’ерка. Свой дом Она таксама выкарыстоўвала як часовы прытулак для габрэяў[6].
У красавіку 1944 году была арыштаваная гестапа. Яе катавалі і зьбіраліся пакараць сьмерцю, але пасьля выплаты рэктарам унівэрсытэту выкупу яе перавезьлі ў Дахаў, адкуль затым перавезьлі ў іншы канцлягер на тэрыторыі Францыі. З гэтага лягеру Она Шымайце была вызваленая войскамі саюзьнікаў[6].
15 сакавіка 1966 году Ізраільскі інстытут Яд ва-Шэм прызнаў Ону Шымайце праведніцай народаў сьвету і высадзіў у ейны гонар дрэва[8].
Літаратурная спадчына
рэдагавацьУ 1940—1941 друкавалася ў «Głos Wileński»[8].
Пасьля вайны займалася перакладамі кнігаў, пісала рэцэнзіі, артыкулы, лісты, вяла дзёньнікі. Пісала ўспаміны пра летувіскіх пісьменьнікаў, апісвала ліставаньне з жыхарамі Віленскага гета, рыхтавала публікацыі пра летувісаў і жыдоў часоў нямецкай акупацыі. Яна дапамагала ў зборы матэрыялаў для зборніка паэзіі Юргіса Балтрушайціса «Poezja». За мяжой яна зьбірала матэрыялы і адпраўляла іх у Летуву для бібліяграфіі Мікалоюса Чурлёніса[10].
Пра Віленскае гета яна пісала ў жыдоўскай прэсе Францыі, Ізраіля, ЗША, Аргентыны і ПАР. У 1953—1969 гадах яна мела шэраг сустрэчаў з габрэямі, якія перажылі Халакост, запісвала іх успаміны[6].
У Летувіскай нацыянальнай бібліятэцы М. Мажвідаса, Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук, бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту, Летувіскім архіве літаратуры і мастацтва і Дзяржаўным жыдоўскім музэі Гаона ў Вільні захоўваюцца ейныя лісты і дзёньнікі[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в https://righteous.yadvashem.org/?searchType=righteous_only&language=en&itemId=4017488&ind=NaN
- ^ а б Šimaitė Ona (1894 - 1970 ) // The Righteous Among the Nations Database (анг.)
- ^ https://www.15min.lt/media-pasakojimai/ona-simaite-516
- ^ Vladas Žukas, Ona Šimaitė, [у:] Prisiminimų puslapiai: pažinti kultūros žmonės, t. 1, Vilnius, 2002, s. 350.
- ^ а б Ona Šimaitė — gyvenimą paskyrusi kitų gėriui, Bernardinai.lt, 10 lipca 2018, https://www.bernardinai.lt/2018-07-11-ona-simaite-gyvenima-paskyrusi-kitu-geriui/
- ^ а б в г Žydus iš Vilniaus geto gelbėjusi Ona Šimaitė: tylioji didvyrė anarchistės širdimi, 15min.lt, https://www.15min.lt/media-pasakojimai/ona-simaite-516
- ^ а б в г Rimantas Stankevičius, «Vardas, tapęs legenda», Lietuvos gyventojų genocido ir rezistencijos tyrimo centras, 2004-03-15, http://www.genocid.lt/Leidyba/15/ATMINTIS.htm
- ^ а б в Vladas Žukas, Prisiminimų puslapiai: pažinti Kultūros žmonės, vol. 1: Ona Šimaitė, Vilnius, 2002, p. 350—382.
- ^ «La bibliothécaire lituanienne Ona Simaite amenait de la nourriture aux Juifs dans le Ghetto de Vilno, elle aida à cacher de nombreux … | Encyclopédie multimédia de la Shoah», encyclopedia.ushmm.org,https://encyclopedia.ushmm.org/content/fr/photo/lithuanian-rescuer-ona-simaite
- ^ а б Kazys Kęputis Šimas, Ona Šimaitė — Pasaulio tautų teisuolė, Vilnius, 2006.