Валяр’ян Пратасевіч
Валяр’я́н Пратасе́віч (Пратасе́віч-Шушко́ўскі; каля 1505, маёнтак Шушкова каля мястэчка Крайску Менскага павету — 31 сьнежня 1579[1], Вільня) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (з 1544), біскуп луцкі (з 1549) і віленскі (з 1556)
Валяр’ян Пратасевіч | |
Герб Дравіца | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1505 Шушкова Менскага павету |
Памёр | 31 сьнежня 1579 Вільня |
Пахаваны | |
Род | Пратасевічы |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пратасевіч.
У 1533 годзе атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне мястэчка Майшаголу.
Біяграфія
рэдагавацьЗ шляхецкага роду Пратасевічаў гербу Дравіца. Службовую кар'еру пачаў у канцылярыі вялікага князя літоўскага, у 1532—1544 гадох быў пісарам канцылярыі вялікай княгіні Боны. З 1533 году стаў пробашчам у Крожах[2], адначасна стаў канонікам жамойцкім, а ў 1537 — віленскім.
У 1544 годзе атрымаў урад пісара вялікага літоўскага і сакратара Жыгімонта Аўгуста, да 1549 году кіраваў «рускай» канцылярыяй. У 1547—1549 гадох быў канонікам у Віленскім біскупстве. Браў удзел у некалькіх соймах Вялікага Княства Літоўскага, займаўся дыпляматычнымі справамі.
27 траўня 1549 году атрымаў прызначэньне на біскупа луцкага. У 1550 годзе выдаў статут сябраў катэдральнай капітулы, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на абавязак бесьперапыннага жыхарства пры катэдры і ўдзелу ў харавых малітвах. У 1554 годзе склікаў дыяцэзіяльны сынод, які праходзіў 22—24 красавіка пры касцёле Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў месьце Янаве Падляскім. Абвясьціў на сынодзе дэкрэт, дзе асуджаліся пратэстанцкія прапаведнікі, якія дзеялі ў Падляскім ваяводзтве (Сымон Зак, Геранім Пякарскі зь места Белай і Валянтын Душа) і былі пад апекай старосты берасьцейскага Мікалая Радзівіла «Чорнага». У 1555 годзе стаў біскупам віленскім (афіцыйна з 10 красавіка 1556 году).
Супрацьстаяў націску Рэфармацыі за часамі яе найвялікшага ўздыму, але ў змаганьні з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Разумеючы, што ня ў стане самастойна супрацьстаяць руху пратэстантаў, у 1553 годзе адправіў зварот да папскага нунцыя Камэндоні з просьбай аб запрашэньні ў Вялікае Княства Літоўскае езуітаў. У 1563—1564 гадох у Варшаве вёў пасьпяховыя перамовы з прадстаўніком ордэна езуітаў Балтазарам Гастовінам. У выніку ў Аўстрыйскай правінцыі ордэна пачалі рыхтаваць манахаў-езуітаў дзеля дзейнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Паставіў свой подпіс над Віленскім прывілеем 1563 году аб роўных правах хрысьціянскай шляхты. У 1566—1577 гадох ачольваў камісію з рэдагаваньня Літоўскага Статуту. Быў прыхільнікам аб’яднаньня Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім на прынцыпах фэдэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 году ад ягонага імя падпісаў прадстаўнік А. Р. Мялескі.
Сваімі ахвяраваньнямі ў 1568—1569 гадох стварыў матэрыяльную базу для функцыянаваньня Віленскага езуіцкага калегіюму, урачыста адкрытага 17 ліпеня 1570 году. Рабіў ахвяраваньні на будаваньне касьцёлаў і адкрыцьцё каталіцкіх навучальных установаў.
У 1570-я гады пераканаў перайсьці ў каталіцтва сваіх апанэнтаў князёў Радзівілаў. Сын Мікалая Радзівіла «Чорнага» Юры стаў у 1574 годзе ягоным каад’ютарам (памочнікам-намесьнікам).
Пакінуў тастамэнт, паводле якога перадаў уласную багатую бібліятэку Віленскага калегіюму; ацалелыя да нашых дзён кнігі захоўваюцца ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту. Спачыў у Віленскай Катэдры пад алтаром Святога Крыжа.
Галерэя
рэдагаваць-
Невядомы мастак, XVIII ст.
-
Фрэска ў Вялікім Двары Віленскага ўнівэрсытэту, XVIII ст.
-
Невядомы мастак, 1836 г.
-
Невядомы мастак, 1901 г.
У картцы да артыкула падаецца партрэт XIX ст. пэндзля Я. Марачынскага, які цяпер захоўваецца ў Летувіскім мастацкім музэі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 464.
- ^ Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск, 2001.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
- Wileński słownik biograficzny. — Bydgoszcz, 2002. ISBN 83-87865-28-1.