Дзяньні́ца — штотыднёва грамадзка-палітычная газэта лібэральна-асьветніцкага кірунку, якую заснаваў Зьміцер Жылуновіч у лістападзе 1916 году ў Петраградзе.

Дзяньніца
Тып штотыднёвая
Уладальнік Цішка Гартны
Выдавец Цішка Гартны
Краіна
Галоўны рэдактар Цішка Гартны
Рэдактар Зьміцер Жылуновіч
Заснаваная 14 лістапада [ст. ст. 1 лістапада] 1916
Закрытая 13 студзеня [ст. ст. 31 снежня] 1917
Палітыка грамадзка-палітычная газэта лібэральна-асьветніцкага кірунку
Мова беларуская
Штаб-кватэра Петраград
Дзяньніца ў Вікісховішчы

Выдавалася на беларускай мове ў Петраградзе (14 лістапада [ст. ст. 1 лістапада] 1916 — 13 студзеня [ст. ст. 31 сьнежня] 1917). Рэдактар-выдавец Зьміцер Жылуновіч. Многія матэрыялы скасаваны, газэта выходзіла зь белымі плямамі. Выйшла 7 нумароў. Выданьне спынена з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасьцей.[1][2]

Інфармавала пра дзейнасьць Беларускіх таварыстваў у Петраградзе й Казані па аказаньні дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускую вечарынку ў Петраградзе 12 лістапада 1916 (пастаўлены спектаклі «Як яны жаніліся» А. Валодзьскага й «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага). Асьвятляла гістарычнае мінулае, культурныя здабыткі Беларусі, эканамічнае й палітычнае становішча ў 1-ю сусьветную вайну. Выступала за права народаў нацыянальных меншасьцей Расеі на свабоду і самастойнасьць, за разьвіцьцё нацыянальнай культуры, асьветы, друку. Адстойвала правы беларускага народа на нацыянальнае адраджэньне, навучаньне на роднай мове, выступала за ўнармаваньне беларускага правапісу (нарыс Эдуарда Будзькі«Думкі да граматыкі»).

Друкавалісь мастацкія й публіцыстычныя творы Цішкі Гартнага (пад псэўданімам Зьмітро Капылянін артыкулы «Аб беларускім універсітэце» у №№ 1, 2 і пад крыптанімам Д. Ж-ч ў № 5 «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце», 1-я частка рамана «Бацькава воля», вершы. Максім Багдановіч зьмясціў пад псеўданімам М. Осьмак у № 4 ад 27 лістапада 1916 артыкул «Агляд працы за першы год Менскага аддзела Беларускага таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» — апошняе прыжыцьцёвае выступленне паэта ў беларускім друку.

Зьмяшчалісь творы Канстанцыі Буйло, Язэпа Дылы, Альбэрта Паўловіча, Хведара Чарнышэвіча (пад псеўданімам Тодар Ч-віч), Фабіяна Шантыра (пад крыптонімам Ф. Ш-р) й інш. Паведаміла пра сьмерць Цёткі й падкрэсліла, што гэта «вялікая страта для беларусаў» (№ 6).

  1. ^ Wiimased teated. Ajalehed Walge-Wene keeles. Nowembrikuu algusest hakkasid Petrogradis Walge-Wene keeles kaks ajalehte «Dsianiza» ja «Swietotsh» ilmuma. Esimine ilmub Wene keele tähtedega, teine Ladina kirjaga. Wõlemad on nädalalehed.(эст.) па-беларуску: Апошнія паведамленьні. Газэты на беларускай мове. Дзьве штотыднёвыя беларускамоўныя газэты «Дзяньніца» і «Śvietač» выдадзены ў Петраградзе. Першая з расейскім шрыфтам, а другая лацінкай) // Tallinna Teataja : газэта. — 30 november 1916. — № 275. — С. 1.
  2. ^ Газеты Беларусі, 1776—1975: Рэтрасп. бібліягр. паказ. / Склад. Л. М. Няхайчык і інш.; Навук. рэд. В. У. Скалабан. — Менск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. — С. 34 (№ 303). — 322 с. — 700 ас. — ISBN 985-6020-28-X

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць