Ян Ліцыні Намыслоўскі

вялікалітоўскі пратэстанцкі дзеяч, пісьменьнік-палеміст і пэдагог

Ян Ліцыні Намыслоўскі (пач. 1560-х, Намыслаў, Сылезія — паміж 1633 і 1636) — вялікалітоўскі пратэстанцкі дзеяч, пісьменьнік-палеміст і пэдагог.

Ян Ліцыні Намыслоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1560-е
Памёр 1630-е
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік

Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі. У 1585 годзе стаў рэктарам арыянскай школы ў Іўі, заснаванай Лаўрэнціем Крышкоўскім. Распрацаваў вучэбную праграму школы, увёў у адукацыйны працэс некалькі новых прадметаў. Пасьля сьмерці мэцэната-арыяніна Яна Кішкі перабраўся ў Наваградак, дзе ў 1593 годзе ўзначаліў мясцовую арыянскую суполку. Зблізіўся зь лідэрамі сацыніянскага руху Сымонам Будным і Фаўстам Соцынам, сам прапаведаваў сацыніянства. Вёў палеміку з езуітам Марцінам Сьміглецкім і кальвіністам Андрэем Волянам[1], удзельнічаў у дыспутах[2].

У 1586 годзе ў Лоскай друкарні выйшаў яго падручнік лёгікі «Дапаможнік для авалодваньня вучэньнем Арыстоцеля», у якім ён не прымаў боскасьць Ісуса Хрыста, у 1589 годзе — зборнік вершаваных выказваньняў павучальнага характару ўласнага сачыненьня «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадзкім жыцьці». У 1592 годзе на польскай мове выдаў працу «Анатомія і гарманічнасьць хрысьціянскага чалавека» (не захавалася, у 1636 годзе перакладзена на нямецкую мову). У 1597 годзе выйшла яго «Зварот да братоў-эвангелістаў», у якім Намыслоўскі заклікаў кальвіністаў да саюзу з арыянамі ў процідзеяньні каталіцкай рэакцыі. У 1598 годзе выдаў палемічную працу «Каталісіс», скіраваную супраць шляхцічаў-кальвіністаў[1].

Грамадзка-палітычныя і рэлігійныя погляды Намыслоўскага на працягу яго жыцьця зьведалі значныя зьмены, дайшло да таго, што ў 1615 годзе ён быў выключаны з сацыянскай абшчыны за атэізм[1]. Паводле поглядаў быў рацыяналістам, дэістам, выступаў за сьвецкае выхаваньне, у якім асноўным лічыў гуманізм і вучэньне пра натуральную мараль[2]. У 1596 годзе погляды Намыслоўскага былі раскрытыкаваныя ў кнізе галяндзкага тэоляга Юніюса[2].

Сентэнцыі Намыслоўскага пераклалі на беларускую мову Якуб Парэцкі ды Юрась Сьвірка[3].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Казуля С. Намыслоўскі…
  2. ^ а б в Лициний Намысловский, Ян…
  3. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Літаратура рэдагаваць

  • Szczucki L. Jan Licyniusz Namyslowski // Studia nad arianizmem. Praca zbiorowa. — Warszawa, 1959. — S. 131—157;
  • Казуля С. Намыслоўскі Ян Ліцыній // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 344—345. — 788 с — ISBN 985-11-0378-0;
  • Лициний Намысловский, Ян // Новейший философский словарь / Под ред. А. А. Грицанова. — Мн., 2009;
  • Подокшин С. А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: Вторая половина XVI — нач. XVII в. — Мн., 1970;
  • Парэцкі Я. І. Іўеўскі педагог Ян Ліцыній Намыслоўскі // Беларуская літаратура. — 1983. — Вып. 11;
  • Парэцкі Я. І. Сентэнцыі іўеўскага пе­дагога // Полымя. — 1988. — № 8;
  • Парэцкі Я. І. Іўеўскі Ларошфуко // Культура. − 1992. — № 17, май.