Соф’я Слуцкая

беларуская шляхцянка, праваслаўная сьвятая
(Перанакіравана з «Соф'я Слуцкая»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Слуцкая.

Со́ф’я Слу́цкая (1 траўня 1585, Слуцак, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 9 (19) сакавіка 1612, м. Амелева, цяпер Ігуменскі раён, Менская вобл., Беларусь) — беларуская праваслаўная сьвятая і асьветніца Вялікага Княства Літоўскага[3].

Соф’я Слуцкая
лац. Sofja Słuckaja
Соф’я Юр’евічаўна Алелькаўна
Соф’я Слуцкая
Соф’я Слуцкая
Сьвятая
Сьвецкае імя Соф’я Радзівіл
Нарадзілася 1 траўня 1585
Слуцак, Наваградзкі павет, Вялікае Княства Літоўскае
Памерла 19 сакавіка 1612
маёнтак Амелева, Ігуменская воласьць, Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае
Шануецца Беларускі экзархат, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква[1]
Услаўленая Каля 1643 г.
Кананізаваная 3 красавіка 1984 (40 гадоў таму)
У ліку Праведная
Галоўная сьвятыня Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу (Менск)
Дзень памяці 1 красавіка
Патрон Слуцка і хворых жанчынаў, дзяцей; сужонства, ад голаду, пажару і галаўнога болю, пры цяжбе з уладай
Падзьвіжніцтва Крыжанашэньне ў шлюбе[2]

Біяграфія

рэдагаваць

Дачка слуцкага князя Юрыя III і Барбары з Кішкаў[3], апошняя з княскага роду Алелькавічаў. Верагодна, выхоўвалася ў дзяцінстве ў праваслаўі, але на працягу свайго сьвядомага жыцьця была каталічкай.

У раньнім веку страціла бацьку, адразу за ім сышла з жыцьця і маці. Па сьмерці дзядзькоў Аляксандра (1591 год) і Яна Сымона (1592 год) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства зь местамі Слуцкам і Капылём, мястэчкамі Раманавам, Старобінам, Любаньню, Пясочным і Ленінам, 32 фальваркі.

Сіратой апекваліся сваякі Хадкевічы: староста жамойцкі Юры, па ягонай сьмерці — кашталян віленскі і староста берасьцейскі Геранім. Яны запазычылі князям Радзівілам значныя грашовыя сумы і вырашылі выплаціць даўгі пасагам Соф’і, якую сасваталі за нясьвіскага князя Януша Радзівіла, сына ваяводы віленскага Крыштапа. Напярэдадні вясельля абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух кланаў, і Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы рашуча абвясьцілі, што не жадаюць адмаўляцца ад нявесты і падалі на Хадкевічаў у суд. Вырак суду на карысьць Радзівілаў вельмі ўдарыў па гонару апекуна Соф’і. Новы дзень вясельля прызначылі на 1 кастрычніка 1600 году, на сьвята Пакрова Багародзіцы. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я заставалася праваслаўнай[3]. У якасьці адступнога Хадкевічы атрымалі 360 080 злотых, 500 валокаў зямлі і скасаваньне доўгу[1].

20 ліпеня 1600 году жаніх Януш Радзівіл зьвярнуўся да папы рымскага Клімэнта VIII (1592—1605) з прашэньнем аб дазволе на шлюб, дзе згадвалася: «мною было дакладна прадпісана, каб сама дзяўчына магла жыць з мною, каталіком, безь перашкоды адносна ейнае рэлігіі». 1 кастрычніка ў праваслаўным саборы Берасьця адбылося вянчаньне паводле праваслаўнага абраду. У выніку наступных рознагалосьсяў з папскім стальцам муж перайшоў у кальвінізм[1].

У 1604 годзе неўзабаве па родах памёр нованароджаны сын Мікалай. У 1608 годзе — дачка Кацярына[1].

Шмат увагі надавала дабрачынным справам, падтрымлівала праваслаўныя цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве. Ахвяравала сродкі для пабудовы лякарань для бедных, учыняла паломніцтвы ў сьвятыя мясьціны. Дамаглася ад мужа здабыцьця ў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы (1587—1632) граматы, паводле якой у Слуцкім княстве забаранялася прымушаць праваслаўных хрысьціянаў да пераходу ў склад Уніяцкай царквы[4] і адбіраць царкоўную маёмасьць у праваслаўных прыходаў і манастыроў[2]. Брала ўдзел у якасьці праваслаўнай братчыцы ў Слуцкім Зьмяненскім брацтве[1].

Памерла 19 сакавіка 1612 году, нарадзіўшы дачку Кацярыну, якая таксама памерла ў той самы дзень[2].

 
Помнік у месьце Слуцку

Княгіню пахавалі ў Слуцкім Трайчанскім манастыры. Да цынкавай грабніцы прымацавалі герб слуцкіх князёў Алелькавічаў. На вонкавым баку грабніцы зьмясьціл надпіс літымі літарамі: «1612 года, сакавіка 19, спачыла дабраверная Соф’я, княгіня слуцкая Алелькаўна Юр’евічаўна, Альгердава племя, і пакладзена была ў Слуцку, у манастыры Сьвятой Жываначальнай Тройцы». Паэт Салямон Рысінскі, які працаваў пісарам пры мужы, прысьвяціў ёй пасьмяротную эпітафію[1]:

Ты захавалася ў сузор’і Слуцкім адзіна,
Паміж літоўскімі, славай найяскравейшая першая дачка!
Хіба ты ня меней рыцар, чым горды муж твой вялікі?
Моц якая, наляцеўшы, нечакана цябе забрала

— Салямон Рысінскі, Эпітафія Соф'і Слуцкай

Да 1904 году мошчы захоўваліся пад алтаром Спаскай царквы Траецкага манастыра ў Слуцку, адкуль грабніцу перанесьлі ў зімнюю капліцу манастыра. У 1912 годзе мошчы зьмясьцілі пад правым клірасам Траецкага сабору Слуцка. 21 лютага 1930 году раку грабніцы адчыніла дзяржаўная камісія з удзелам начальніка аддзела Бабруйскага выканаўскага камітэту Антонава, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Чарвакова і кіраўніка Бабруйскай лякарні Сурава ў прысутнасьці настаяцеля Траецкага сабору япіскапа Слуцкага БАПЦ Мікалая (Шамяцілы). У пратаколе з прыкладаньнем заключэньня і фатаздымкаў адзначалася нятленьне мошчаў пры адсутнасьці адмысловага бальзамаваньня цела[1].

Затым мошчы даставілі ў музэй Беларускага мэдычнага інстытуту (Менск), адкуль пасьля нямецкага захопу Менску ў 1941 годзе перанесьлі ў катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу (Менск), дзе мошчы захоўваюцца дагэтуль[1].

Кананізацыя

рэдагаваць

Неўзабаве сярод месьцічаў пайшлі чуткі пра дзівосы, што адбываліся ля труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як сьвятую, але кананізавалі княгіню значна пазьней, у 1984 годзе.

У 2000 годзе да 2000-годзьдзя хрысьціянства быў усталяваны помнік Соф’і Слуцкай[5]. У 2009 годзе ў Менску асьвяцілі новую царкву ў гонар сьвятой Соф’і Слуцкай.

У наш час сьвятыя мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Катэдральным саборы Сашэсьця Сьвятога Духу ў Менску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Пытаньне веры

рэдагаваць

У 2008 годзе беларуская архівістка Вольга Бабкова выявіла ў зборах Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі непадпісаны[6] дакумэнт ад 6 лютага 1600 г., дзе ад імя Соф’і Алелькавіч пры заключэньні шлюбнай дамовы зь Янушам Радзівілам сьцьвярджалася, што яна зьяўлялася каталічкай[7][8]. Пагатоў на 6 лютага 1600 годзе Соф’я Алелькавіч ужо была паўналетняй, то бок правамоцнай[6].

У культуры

рэдагаваць

Пэрсанаж рамана Юзафа Крашэўскага «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841) і гістарычнай драмы Ўладзіслава Сыракомлі «Магнаты і сірата» (1859).

Радавод Соф’і Слуцкай
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
16. Сямён Алелькавіч
 
 
 
 
 
 
 
8. Юры I Алелькавіч
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
17. невядома
 
 
 
 
 
 
 
4. Юры II Алелькавіч
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
9. невядома
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
2. Юры III Алелькавіч
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
5. невядома
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
1. Соф’я Слуцкая
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
3. Барбара з Кішак
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
  1. ^ а б в г д е ё ж Сохвія Слуцкая // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 5 студзеня 2016 г.
  2. ^ а б в Ёсіф Заяц. Самая багатая нявеста Рэчы Паспалітай // Ігуменскі тракт. — 30 красавіка 2013. — № 3 (27118). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Соф’я // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 497.
  4. ^ Мітрапаліт Філарэт. Пасланьне на Раство Хрыстова // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2012. — № 3 (27118). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ В Слуцке пройдёт крестный ход, посвящённый 10-летию со дня установки памятника Софии Слуцкой, Інфа-Кур’ер  (рас.)
  6. ^ а б Япіскап Антоній. Яшчэ раз пра веравызнаньне сьвятой Сафіі Слуцкай // Слуцкая япархія, 6 студзеня 2015 г. Праверана 5 студзеня 2016 г.
  7. ^ В. Бабкова: «Я бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру», Радыё Свабода, 3 лістапада 2008 г.
  8. ^ Як лаяліся сярэднявечныя мінчукі і пра што марылі тагачасныя аптэкары?(недаступная спасылка), Эўрапейскае радыё для Беларусі, 9 красавіка 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць