Сафійскі сабор (Канстантынопаль)

Сафійскі сабор (па-грэцку: Ἁγία Σοφία; па-турэцку: Ayasofya) — былы праваслаўны сабор, потым — мячэт, цяпер — музэй, сусьветна вядомы помнік бізантыйскай архітэктуры, сымбаль «залатых часоў» Бізантыі.

Выгляд на Сафійскі сабор

У часы Бізантыйскай імпэрыі сабор знаходзіўся ў цэнтры Канстантынопалю каля імпэратарскага палаца. У цяперашнія часы знаходзіцца ў цэнтры Стамбула, у раёне Султанахмэт. Пасьля захопу горада асманамі ў 1453 годзе Сафійскі сабор быў ператвораны ў мячэт, а ў 1935 годзе атрымаў статус музэю. У 1985 годзе сабор разам зь іншымі помнікамі гістарычнага цэнтра Стамбула быў залічаны ў склад Сусьветнае спадчыны ЮНЭСКО[1].

Больш чым тысяча гадоў Сафійскі сабор быў самым вялікім храмам у сьвеце, да таго моманту, пакуль ня быў пабудаваны Сабор Сьвятога Пятра ў Рыме. Вышыня сабора — 55,6 мэтраў, дыямэтар купала — 31 мэтар.

Гісторыя

рэдагаваць

Першыя збудаваньні

рэдагаваць
 
Фрагмэнты базылікі Тэадосіюса

Сабор быў пабудаваны ў 324337 гадох пры бізантыйскім імпэратары Канстантыне I[2]. У Сакрата Схалястыка будаўніцтва першага храма, званага Сафіяй, адносіцца да кіраваньня імпэратара Канстанцыюса II[3]. Аднак на думке некаторых навукоўцаў Канстанцыюс толькі пашырыў пабудову Канстантына[4]. Сакрат Схалястык паведамляе дакладную дату асьвячэньня храма: «па ўзьвядзеньні Эўдоксіюса на біскупскі пасад сталіцы, асьвечана была вялікая царква, вядомая пад імем Сафіі, што здарылася ў дзясятае консульства Канстанцыюса й трэцяе кесарства Юліяна, у пятнаццаты дзень месяца лютага»[5]. З 360 па 380 гады Сафійскі сабор знаходзіўся ў руках арыянаў. Імпэратар Тэадосіюс I у 380 годзе перадаў сабор праваслаўным і 27 лістапада асабіста ўвёў у сабор Рыгора Багаслова, неўзабаве абранага новым канстантынопальскім арцыбіскупам[6].

Гэты храм згарэў падчас народнага паўстаньня ў 404 годзе[7]. Пабудаваная ізноў царква была зьнішчана пажарам 415 году. Імпэратар Тэадосіюс II загадаў выбудаваць на гэтым жа месцы новую базыліку, што было выканана ў тым жа годзе. Базыліка Тэадосіюса згарэла ў 532 годзе падчас паўстаньня «Ніка». Ейныя руіны былі выяўленыя толькі ў 1936 годзе падчас раскопак на тэрыторыі сабора.

Канстантынаўскі й Тэадосіеўскі храмы былі вялікімі пяцінэфнымі базылікамі[8]. Беднае ўяўленьне пра яе даюць толькі археалягічныя знаходкі, якія дазваляюць меркаваць толькі пра ейныя вялікія памеры й багаты мармуравы строй. Таксама, грунтуючыся на ейных старажытных апісаньнях, робяць выснову, што над ейнымі бакавымі нэфамі разьмяшчаліся двухярусныя галерэі, падобныя пабудаванай адначасова зь ёй базылікі Сьвятой Ірыны[8].

Будаўніцтва Юстыніянавай базылікі

рэдагаваць
 
Анёл паказвае Юстыніяну мадэлю сабору Сьвятой Сафіі

Згодна зь Янам Малялям, храм згарэў 13 студзеня 532 году падчас паўстаньня Ніка[9]. Праз сорак дзён пасьля пажару імпэратар Юстыніян I загадаў на ягоным месцы пабудаваць новую царкву з тым жа назовам, якая павінна была стаць па ягонай задуме упрыгажэньнем сталіцы й служыць выразам велічы імпэрыі[10]. Для ўзьвядзеньня грандыёзнага храма Юстыніян выкупіў у прыватных уласьнікаў бліжэйшыя вучасткі зямлі й загадаў зьнесьці па іх існыя пабудовы. Для кіраўніцтва працамі Юстыніян запрасіў лепшых архітэктараў таго часу: Ісыдара Мілецкага і Антэмія Тральскага, якія раней зарэкамендавалі сябе ўзьвядзеньнем царквы Сьвятых Сергія і Вакха. Пад іхных кіраўніцтвам працавала штодня па 10 тысяч працаўнікоў[10].

 
Будаўніцтва сабору (мініютура х кронікі Канстантына Манасіі)

На пабудову быў выкарыстаны найлепшы будаўнічы матэрыял. Мармур прывозілі з Праконіса, Нумідыі, Карыста й Ераполісу. Таксама ў Канстантынопаль паводле імпэратарскага цыркуляру[11] звазіліся архітэктурныя элемэнты старажытных пабудоваў, як то з Рыма былі дастаўленыя восем порфіравых калёнаў, узятых з храма Сонца, а з Эфэсу восем калёнаў зь зялёнага мармуру[10]. Акрамя мармуровых упрыгожваньняў Юстыніян, з мэтай надаць храму небывалы бляск і раскошу, выкарыстаў на ягонае ўпрыгожваньне золата, срэбра, слановую костку.

Пышнасьць храма да такой ступені дзівіла народную фантазію, што склаліся легенды аб непасрэдным удзеле ў ягоным збудаваньні нябесных сілаў. Паводле адной легендзе, Юстыніян хацеў пакрыць золатам сьцены Сьвятой Сафіі ад падлогі да скляпеньняў, але астролягі прадраклі, што «ў канцы стагодзьдзяў прыйдуць вельмі бедныя цары, якія, з мэтай захапіць усе багацьця храма, зрыюць яго да падмурку», і імпэратар, які клапаціўся пра сваю славу, абмежаваў раскошу пабудовы[12].

Будаўніцтва сабора паглынула тры гадавыя прыбыткі Бізантыйскай імпэрыі. «Саламон, я перасягнуў цябе!» — такія словы прамовіў, паводле паданьня, Юстыніян, увайшоўшы ў пабудаваны сабор і маючы на ўвазе легендарны Ерусалімскі Храм[13]. Урачыстае асьвячэньне храма 27 сьнежня 537 году зьдзейсьніў канстантынопальскі патрыярх Міна.

  1. ^ Гістарычныя мясьціны Стамбула на Unesco.org
  2. ^ Хранаграфія Тэафана Бізантыўскага, год 5816 / 316
  3. ^ Сакрат Схалястык. «Царкоўная гісторыя». Кн. II, гл. 16
  4. ^ Кондаков Н. П. «Византийские церкви и памятники Константинополя» — М.: Индрик, 2006. — С. 116.
  5. ^ Сакрат Схалястык. «Царкоўная гісторыя». Кн. II, гл. 43
  6. ^ Карташёв А. В. «Вселенские соборы» — Клин, 2004. — С. 159.
  7. ^ Карташёв А. В. Вселенские соборы — Клин, 2004. — С. 460.
  8. ^ а б Колпакова Г.С. «Искусство Византии. Ранний и средний периоды» — М.: Азбука, 2010. — С. 77. — 528 с. — (Новая история искусства). — ISBN 978-5-9985-0447-1.
  9. ^ Joannis Malalae Clironographia. Rec. L. Dindorf. Bonnae, 1831. P. 474
  10. ^ а б в Успенский Ф. И. «История Византийской империи VI-IX веков». — М.: Мысль, 1996. — С. 331. — ISBN ISBN 5-244-00838-2
  11. ^ Диль Ш. Юстиниан и Византийская цивилизация в VI веке. — СПб.: Типография Альтшулера, 1908. — С. 481.
  12. ^ Диль Ш. Юстиниан и Византийская цивилизация в VI веке. — СПб.: Типография Альтшулера, 1908. — С. 482.
  13. ^ Карев А.В., Сомов К.В. История христианства. Byzantium.ru

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сафійскі сабор (Канстантынопаль)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў