Пружанскае гета

нацысцкае гета ў часе Другой сусьветнай вайны

Пружа́нскае ге́та (па-нямецку: Ghetto Prużana/Pruschana[1]) — жыдоўскае гета ў Пружанах, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі. Існавала ў 1941—1943 роках, займала тэрыторыю ў цэнтры Пружанаў. Сюды былі зьвезеныя жыды з вакольных мястэчак: Белавежы, Блудзеню, Бярозы, Гайнаўкі, Заблудаву, Івацэвічаў, Камянцу, Малечу, Новага Двару, Ружанаў, Слоніму, Стоўпцаў, Шарашову, — а таксама дэпартаваныя 4,5 тыс. габрэяў зь Беластоку[2]. Насельніцтва гета паводле розных ацэнак складала ад 10[3] да 12[4] тыс. чалавек.

Пружанскае гета
Ghetto Prużana
Помнік забітым пружанскім жыдам на колішніх жыдоўскіх могілках
Помнік забітым пружанскім жыдам на колішніх жыдоўскіх могілках
Разьмяшчэньне Пружана
Дата зьяўленьня 25 верасьня 1941
Дата зьнікненьня 31 студзеня 1943
Тып закрытае
Іншыя назвы Ghetto Pruschana
Выканаўцы СС
Старшыня юдэнрату Іцхак Яновіч
Пружанскае гета ў Вікісховішчы

Кіраваў парадкам у гета юдэнрат[прыбраць шаблён] з 24 чалавек на чале з Іцхакам Яновічам, Зэевам Шрайбманам ды Эліезэрам Шэінам. Дзейнічала ўласная паліцыя, суд, шпіталь, дзіцячы садок. Насельнікі гета працавалі на прымусовых працах па-за тэрыторыяй гета: на аэрадроме, фэрмах, на дарожных працах, уборцы сьнегу, здабычы торфу, дзядоўніка, карчаваньні пнёў. На тэрыторыі гета знаходзілася пажарная станцыя, якая абслугоўвала ўсё места. Такім чынам магчыма было здабываць дадатковае харчаваньне для дзяцей і хворых.

Пружанскае гета было зьнішчанае пасьля выяўленьня ў ім партызанаў-падпольнікаў. Большасьць ягоных вязьняў былі вывезеныя чатырма цягнікамі ў канцлягер Аўшвіц[5][6][7], частка расстраляная ў Слабудцы, частка — на Броннай гары[8]. Ацалелыя пасьля ліквідацыі (уцекачы ў пружанскія лясы або выратаваныя войскамі саюзьнікаў) — некалькі сотняў чалавек — эмігравалі ў Аргентыну, ЗША, Ізраіль, Кубу.

Стварэньне рэдагаваць

Пружаны былі акупаваныя 23 чэрвеня 1941, а 10 ліпеня ў месьце зьявілася гестапа і была створаная польская паліцыя. Паліцыянты адразу ж выдалі немцам 18 жыдоў, якія «супрацоўнічалі з бальшавікамі» (хоць сярод іх былі й людзі, якія насамрэч ня мелі да гэтага ніякага дачыненьня)[9]. Яны былі расстраляныя.

15 ліпеня нямецкімі ўладамі быў выдадзены загад пра неабходнасьць стварэньня цягам трох дзён юдэнрату ў складзе 5 чалавек. За невыкананьне патрабаваньня пагражалі расстраляць 100 чалавек[10]. У першы склад юдэнрату ўвайшлі Завэль Сэгель (анг. Zavel Segel), які пасьпеў пажыць у Данцыгу і ведаў нямецкую мову; Вэлвэль Шрайбман, Лявіцкі, Штрайхер і Мэір Моціл[11].

Пазьней, са стварэньнем гета, колькасьць чальцоў юдэнрату была павялічаная да 24. Кіраўніком юдэнрату стаў Іцхак Яновіч, сіяніст, вельмі заможны чалавек (забіты ў газавай камэры ў Біркенаў 2 лютага 1943 року разам з жонкай Валяй і сынам Мардэхаем). Зэеў Шрайбман стаў ягоным намесьнікам, Эліезэр Шэін з Лодзі — галоўным памочнікам. Завэль Сэгель адказваў за сувязь з акупацыйнай уладай, Шлома Юдэвіч займаўся разьмеркаваньнем ежы[12]. Сярод іншых чальцоў юдэнрату былі таксама доктарка Гольдфайн са шпіталю, які знаходзіўся ў будынку былой польскай гімназіі, з мужам[13]; рэдактар сіянісцкае газэты «Пружэнэр штыме» Абрагам Брэсцкі.

20 ліпеня гестапа запатрабавала ад юдэнрату сабраць цягам наступных трох дзён два кіляграмы золата, дзесяць кіляграмаў срэбра і 500 тыс. савецкіх рублёў. Нягледзячы на некаторае задавальненьне працай юдэнрату (ён намагаўся сьцішыць пратэсты жыдоў і запрашаў да «парадку»), мясцовыя жыхары не лічылі яго чальцоў здраднікамі. Дзеля перайманьня досьведу пружанскага юдэнрату места наведвалі жыды зь Беластоку, Слоніму, Пінску, Берасьця і іншых местаў[9].

Акупанты распачалі ўнікальную спробу стварыць у Пружанах жыдоўскае места (ням. Judenstadt). Усе жыды, у тым ліку і маленькія дзеці, былі абавязаныя насіць на грудзёх і на сьпіне па жоўтай нашыўцы. Ім таксама было забаронена хадзіць па ходніках. Пасьля выйшла забарона на пражываньне жыдоў на вуліцах Пацэвіча і 3 траўня з прылеглымі завулкамі. Урэшце, 25 верасьня 1941 было абвешчана пра стварэньне гета ў межах вуліцаў Дамброўскай і Кобрынскай да мосту, Берасьцейскай да скрыжаваньня з Шарашоўскай, і прылеглых завулкаў[12]. Усе «хрысьціяне» (маюцца на ўвазе прадстаўнікі ўсіх іншых нацыянальнасьцяў) з гэтай тэрыторыі былі выселеныя на ўскрайкі места ці ў вакольныя вёскі. 20 кастрычніка тэрыторыя гета была абнесеная дротам, сюды перамясьцілі ўсіх пружанскіх жыдоў. Узімку 1942, калі тэрыторыя гета была зьменшаная, пераселеныя жыхары атрымалі дазвол вярнуцца ў свае хаты[8].

Жыцьцё ў гета рэдагаваць

 
Жоўтая зорка на выставе ў Jüdisches Museum Westfalen (Дорстэн, Нямеччына)

Пачынаючы з восені 1941 нацысты зьвезьлі ў Пружану больш за 6,5 тыс. грамадзянаў жыдоўскай нацыянальнасьці з 14 населеных пунктаў[14] (Белавежа, Блудзень, Бяроза, Гайнаўка, Заблудаў, Івацэвічы, Камянец, Малеч, Новы Двор, Ружаны, Слонім, Стоўпцы, Шарашоў). 18—21 верасьня 1941 у Пружану былі дэпартаваныя 4,5 тыс. жыдоў зь Беластоку[2]. На Хватцы быў абсталяваны санітарны прапусьнік, празь які праганялі ўсіх прыбылых[8].

3 студзеня 1942 року нацысты наклалі на жыдоў чарговую кантрыбуцыю, забраўшы мехавыя шубы, ваўняную вопратку і іншыя цёплыя рэчы. Былі канфіскаваныя фотакамэры, грамафоны, грамплястынкі; за ўзьвядзеньне гета быў выстаўлены рахунак на суму 750 тыс. марак, пасьля яшчэ на 500 тыс.[15]. У лютым новы мэр Пружанаў Кошман (ням. Koschman) запатрабаваў трэцюю кантрыбуцыю грашыма і рэчамі.

Акрамя 18 чалавек, забітых у першы дзень прыходу ў Пружану гестапаўцаў, нацысты не займаліся зьнішчэньнем жыхароў гета. Некалькі чалавек, тым ня меней, былі забітыя пры спробах уцёкаў з гета. Аднак нярэдкімі былі візыты жаўнераў на ягоную тэрыторыю, падчас якіх адбываліся зьбіцьці, зьдзекі і рабаваньні. 1 лістапада 1942 року гета было аточанае ўзброенымі жаўнерамі. Выхад зь яго быў забаронены, у тым ліку й людзям, якія мелі працаваць па-за тэрыторыяй. Група інтэлектуалаў, урачоў, юрыстаў і інш., вырашыўшы не чакаць горшага, сабраліся ў хаце Вэлвэля Шрайбмана дзеля групавога самагубства. Зачыніўшыся, яны ўсе зрабілі ін’екцыі атруты. Аднак ейная доза апынулася несьмяротнай, і загінуў толькі адзін чалавек[16]. Ачапленьне гета было зьнятае празь некалькі дзён.

Колькасьць насельніцтва гета паводле розных ацэнак складала ад 10[3] да 12[4] тыс. чалавек. Доктарка Вольга Гольдфайн, якая ўратавалася з гета падчас ягонай ліквідацыі, называе нават лічбу 18 тыс., зь якіх 6 тыс. загінулі ўзімку 1941—1942 рр. з-за халадоў, голаду і зьбіцьцяў[15].

Хаты былі перанаселеныя, сутачнай нормы харчаваньня (200 грамаў хлеба і некалькі бульбін) не хапала для паўнавартаснага харчаваньня. Напачатку сяляне прывозілі ў гета хлеб і агародніну (малочныя і мясныя прадукты былі катэгарычна забароненыя), але потым уваход на яго тэрыторыю быў забаронены. Асобныя пружанцы таемна праносілі на тэрыторыю гета мяса ды масла, каб вымяняць іх па высокіх коштах на золата[8]. Магчымасьць здабываць прадукты мелі жыды, якія працавалі на прымусовых працах па-за тэрыторыяй гета: на аэрадроме, фэрмах, на дарожных працах, уборцы сьнегу, здабычы торфу, карчаваньні пнёў.

 
Жыды з апазнавальнымі знакамі на магілёўскай вуліцы

Пра харчаваньне для хворых у шпіталі і для дзетак клапаціўся юдэнрат; для бяздомных таксама існавалі бясплатныя сталоўкі. Хоць афіцыйна штодзённая порцыя хлеба складала 1/8 фунту, юдэнрат знаходзіў магчымасьць даваць больш ежы. Яна паступала ў юдэнрат ад працаўнікоў, якія працавалі за межамі гета, а таксама кантрабанднымі шляхамі. Напрыклад, атрымоўвалася праносіць ежу падчас выхадаў на млын (немцы давалі юдэнрату муку, якая малолася па-за межамі гета). На тэрыторыі гета знаходзілася пажарная станцыя, якая абслугоўвала ўсё места. Падчас выклікаў жыдоўскія пажарнікі мелі магчымасьць таксама набываць і прывозіць харчаваньне[9].

Юдэнрат атрымаў у нацыстаў дазвол на здабычу ля Семянчы і Купліна дзядоўніку, а таксама на магчымасьць выкарчоўваць пні ля Чахцу. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваліся ў гета для ацяпленьня хат.

У будынку былой польскай гімназіі разьмяшчаўся шпіталь, дырэктарам якога быў прафэсар Штрайхер, галіцыйскі жыд. Ён ня меў мэдыцынскае адукацыі, а сваю мянушку «прафэсар» атрымаў за тое, што да вайны выкладаў у жыдоўскай школе[9]. Лекі даводзілася набываць па вельмі высокіх коштах, таму лекаваньне каштавала дорага. Аднак мэдыцынскую дапамогу атрымоўвалі ўсе, каму яна была патрэбная: у выпадку адсутнасьці грошай хворых лекавалі дарма.

Аднойчы, калі ўсе вакольныя гета ўжо былі ліквідаваныя, у Пружанах успыхнула эпідэмія тыфу. Супрацоўнікі шпіталю вырашылі трымаць гэты факт у сакрэце ад немцаў, бо гэта магло б стаць прычынаю ліквідацыі гета. Вельмі хутка ўсе хворыя былі ізаляваныя і неўзабаве вылечаныя. Нават ня ўсе насельнікі гета даведаліся пра гэты інцыдэнт[9].

У хаце Гольдбэрга па вул. Кобрынскай дзейнічаў дзіцячы садок, які даглядалі жонка старшыні юдэнрату і сястра сакратара. Старэйшыя дзеці навучаліся ў прыватных хатах у найманых рэпэтытараў.

Жыдоўская паліцыя займалася падтрыманьнем парадку ў гета і зьбіраньнем падаткаў для юдэнрату. Меўся ўласны судзьдзя, які разьбіраў невялікія спрэчкі. Напрыклад, найбольшым прысудам за ўвесь час існаваньня гета стаў адміністратыўны арышт на адну ноч. Калі ж парушальнік трапляўся другі раз, юдэнрат мог накіраваць яго ў працоўны лягер у Белавежу.

Падпольле рэдагаваць

Увесну 1942 ў геце былі створаныя падпольныя арганізацыі. На чале адной стаялі Арон Гальдштэйн, Ёсэф Разэн і Іцхок Шарашоўскі, другой кіравалі Іцхок Фрыдбэрг і Шмарыягу Эльман[4].

Іцхок Фрыдбэрг з групай працаўнікоў штодзень накіроўваўся на працу ў нямецкія казармы на паўдарозе да Лінова. Там ён выявіў склад трафэйнай савецкай зброі, якую часткамі пераносілі на тэрыторыю гета. Кулі хавалі пад падэшвамі, гранаты прывязвалі да ног, адмыслова апранаючы дзеля гэтае мэты штаны з шырокімі каляшынамі. Са стрэльбаў прыносілі толькі мэталёвыя дэталі; драўляныя часткі адмыслова вырабляў на тэрыторыі гета чалавек па мянушцы Мядоўнік, прывезены зь Беластоцкага гета. Уся зброя захоўвалася ў таемным сховішчы на Кобрынскай вуліцы[17].

Падпольнікі нават мелі плянам пракапаць з гета тунэль, які б праходзіў пад палямі Галендры праз Балотную вуліцу і выходзіў на зямлю ля млына Бараноўскага, па дарозе да млына Круцеля[17]. Аднак празь цяжкасьць яго зьдзяйсьненьня плян ня быў рэалізаваны.

Жыд па імю Шмэрль Эльман (анг. Shmerl Elman) працаваў у хаце нямецкага камісара Пружанаў. Сярод ягоных абавязкаў было ацяпленьне маёнтку, таму ён меў магчымасьць пакідаць хату дзеля падвозкі дроваў. Даведаўшыся, што непадалёк, па дарозе на Палянова, дзе быў аэрадром, нацысты збудавалі майстэрню па рамонце савецкага ўзбраеньня, Эльман паведаміў гэтую інфармацыю падпольнікам. Маючы дазвол ад камісара, ён на ўласным возе правёз схаваную зброю на тэрыторыю гета[17].

Юдэнрат на чале з Іцхакам Яновічам не падтрымліваў дзейнасьць падпольных арганізацыяў, баючыся, што гэта падвяргае небясьпецы жыцьцё жыхароў гета. Яны лічылі, што пружанскія жыды ня будуць зьнішчаныя, у доказ прыводзячы тое, што да гэтае пары ўсе гета вакол Пружанаў ужо былі ліквідаваныя, а Пружана мела асаблівы статус юдэнштату. Юдэнрат нават пераразьмеркаваў Фрыдбэрга з групай у 20 чалавек на працу ў кірунку Белавежы, дзе будавалася дарога да Камянцу праз пушчу. Аднак на гэтай працы ён скантактаваўся з савецкімі партызанамі, якія хаваліся ў лясох. Кантакт зь імі быў наладжаны празь месьціча па прозьвішчы Астапук (Астапчук?), які двойчы таемна пракрадаўся на тэрыторыю гета па таемным праходзе, які пачынаўся ў закінутым хляве на вуліцы Кобрынскай[17].

Дзякуючы дзейнасьці падпольных арганізацыяў некалькі сотняў вязьняў гета здолелі ўцячы ў лясы, дзе ўвайшлі ў склад партызанскіх атрадаў.

27 студзеня 1943 начальнік пружанскага гестапа нечакана наведаўся ў сядзібу юдэнрату. У гэты час там знаходзіліся два ўзброеныя партызаны, якія прыйшлі зь лесу дзеля перамоваў[9]. Яны здолелі ўцячы; падчас страляніны быў забіты жыдоўскі вартаўнік, два сябры юдэнрату параненыя, астатнія арыштаваныя. Лёс гета быў вырашаны. Падчас ягонае ліквідацыі ўсе сябры юдэнрату трапілі ў Аўшвіц, дзе выжылі толькі 2 чалавекі.

Ліквідацыя рэдагаваць

 
Адзін зь відаў таварных вагонаў, якія выкарыстоўваліся для дэпартацыяў

Наступным ранкам гета было аточанае аддзеламі СС. А 6-й ранку ў будынак, дзе разьмяшчаўся юдэнрат, прыбыў шэф гестапа і абвясьціў, што насельнікі вуліцы Дамброўскага і прылеглых завулкаў (прыкладна 2600 чалавек), у тым ліку дзеці, старыя і хворыя асобы, будуць дэпартаваныя на прымусовыя працы ў Сылезію[16]. У гэты час прадстаўнікі юдэнрату яшчэ спрабавалі дамовіцца з гестапаўцамі, якія паабяцалі, што рашэньне будзе тычыцца толькі мужчынскага насельніцтва[9]. Аднак пазьней стала відавочна, што акупанты не стрымалі сваё абяцаньне.

Увечары 28 студзеня рынкавая плошча запоўнілася сялянскімі вазамі, на якія сталі загружаць жыдоў. З сабой было дазволена ўзяць толькі невялікія клункі, грошы, упрыгажэньні і каштоўнасьці. Вазы накіроўваліся на чыгуначную станцыю Аранчыцы і разьмяркоўваліся па вагонах. Да 31 студзеня 1943 року гета было ліквідаванае. Большасьць ягоных вязьняў былі вывезеныя чатырма цягнікамі ў канцлягер Аўшвіц[5][6][7], частка расстраляная ў Слабудцы, частка — на Броннай гары[8].

Насельнікі гета, вывезеныя пры яго зьнішчэньні ў канцлягер Аўшвіц[18]
№ цягніка Адпраўленьне са станцыі Лінова Прыбыцьцё ў Аўшвіц Колькасьць людзей Дзяцей да 10 гадоў Прыбылі ў Аўшвіц Накіраваныя ў газавыя камэры
дарослыя мужчыны жанчыны
Pj99 29 студзеня 1943 30 студзеня 1943 2612 518 602 327 275 2010
Pj101 30 студзеня 1943 31 студзеня 1943 2450 457 281 249 32 2169
Pj103 31 студзеня 1943 31 студзеня 1943 2834 750 483 303 180 2351
Pj104 1 лютага 1943 2 лютага 1943 1265 95 399 294 105 866
9161 1820 1765 1173 592 7396

Уцекачы падчас ліквідацыі рэдагаваць

На самым пачатку ліквідацыі гета некалькі арганізаваных групаў падпольнікаў здолелі ўцячы праз выхад з боку Шарашоўскай вуліцы, дзе сьпярша стаяла толькі ахова з польскіх паліцыянтаў. Калі гэты шлях быў перакрыты, частка падпольнікаў паспрабавала з боем прарваць ачапленьне на вуліцы Пацэвіча і ў некаторых іншых месцах[9]. Частка зь іх пры гэтым загінула.

Адзін з атрадаў уцекачоў з гета схаваўся ў лясох ля Замошша. Прадукты і зброю здабывалі ў вакольных вёсках, зіму перабывалі ў зямлянках. Пасьля нападу на сялянаў 17 лютага 1943 вяскоўцы данесьлі нацыстам пра дзейнасьць жыдоўскіх партызанаў з пружанскага гета. Лес быў аточаны, немцы забілі 14 чалавек і схапілі палонных[17]. Яшчэ горшым быў лёс уцекачоў, якія схаваліся ў лясох ля Навадворцаў. Яны былі схопленыя сялянамі і перададзеныя нацыстам. Выжылі прыкладна 2/3 уцекачоў.

Празь некалькі дзён пасьля ліквідацыі гета група партызанаў увайшла ў Пружану і ўзарвала будынак, у якім разьмяшчалася гестапа (гэта была хата Машэ Бэрштэйна на вуліцы 3 траўня)[9].

Яшчэ некаторыя людзі здолелі ўцячы з вазоў ужо па дарозе ў Лінова, скарыстаўшыся тым, што яны ахоўваліся ня вельмі надзейна.

Пружанцы ў канцлягерох рэдагаваць

Людзі перавозіліся ў перапоўненых вагонах: па 120 чалавек замест 30-ці. У першых трох цягніках мужчыны і жанчыны перавозіліся паасобку, у чацьвертым, па згадках Залмана Юрэвіча, ён ехаў разам з усёй сваёй сям’ёй[9]. Ён таксама згадвае, што шлях да канцлягеру Аўшвіц-Біркенаў доўжыўся тры дні, падчас якіх частка людзей памерла.

Аўшвіц II-Біркенаў рэдагаваць

 
Брама да крэматорыяў IV і V у Аўшвіц-Біркенаў

Пасьля прыбыцьця іхняга цягніку ў Біркенаў усе былі падзеленыя на дзьве групы: прыдатных да працы і непрыдатных (у тым ліку жанчыны зь дзецьмі), якія адразу былі накіраваныя ў газавыя камэры. У той час крэматорыі яшчэ не былі скончаныя, і зьнішчэньне людзей адбывалася ў двух будынках, называных «белым» і «чырвоным» паводле колеру сьценаў.

Па падліках Юрэвіча, зь 10 тыс. пружанскіх жыдоў у першую групу ўвайшлі 2 тыс. чалавек (1200 мужчынаў і 800 жанчынаў)[9]. У Біркенаў яны правялі 6 тыдняў, спалі на дошках у чатырох бараках №№16-19, харчаваліся некалькімі бульбінамі і 3/4 бруднай вады ў дзень. Праз тыдзень іхняя колькасьць ад голаду і катаваньняў скарацілася настолькі, што выжылыя аб’ядналіся ў двух бараках. Некаторыя, асабліва жанчыны, не вытрымлівалі катаваньняў і самі прасіліся ў газавыя камэры[16].

7 кастрычніка 1944 року ў Біркенаў выбухнула паўстаньне жыдоўскіх зондэркамандасаў(de) (яны працавалі ў газавых камэрах і крэматорыях і пражывалі асобна ад іншых вязьняў). Паўстанцы забілі некалькіх сс-аўцаў і ўзарвалі 4-ы крэматорый выбухоўкай, зробленай жанчынамі на заводзе амуніцыі. Адной з жанчынаў, якая была адказнай за падрыхтоўку выбухоўкі, была ўраджэнка Пружанаў Эстэр Вайсблюм, якая перад вайной пражывала ў Варшаве. Яна разам зь яшчэ адной жанчынай была выкрытая і павешаная яшчэ да пачатку паўстаньня[9].

Аўшвіц I рэдагаваць

 
Канцлягер Аўшвіц I

Праз 6 тыдняў пражываньня ў канцлягеры большасьць пружанцаў была пераведзеная ў Аўшвіц за 1,5 кілямэтры ад Біркенаў. У параўнаньні зь Біркенаў тут было лягчэй: штодзённая порцыя складала 250 г хлеба, маленькі кавалак маргарыну, кавалачак сасіскі і рэдкі суп. Тут яны працавалі ў абутковай і кравецкай майстэрнях, у пякарні, на вырубцы дрэваў, пабудове заводу і інш. Адзін з пружанцаў уладкаваўся памочнікам капа(de)[9], якія выконвалі адміністрацыйныя паручэньні нацыстаў.

Тым ня меней, колькасьць пружанцаў пастаянна скарачалася празь зьнясіленьне і хваробы. Тады было вырашана арганізаваць ўласнымі магчымасьцямі дапамогу хворым, бо такім людзям у канцлягеры пагражала накіраваньне ў крэматорый. Быў створаны Камітэт дапамогі, які займаўся здабываньнем дадатковае ежы для хворых (у тым ліку і праз кантакты з капа), усталяваньнем кантактаў між пружанцамі, наглядам за хворымі, дабіваўся іхняга пераводу на лягчэйшыя працы і інш.

Зьнішчэньне жыдоў зьдзяйсьнялася і ў Аўшвіцы. Час ад часу нацысты выстройвалі палонных у шэраг і выбіралі зь іх тых, хто будзе накіраваны «ў трубу», прычым гэта не абавязкова былі хворыя ці нямоглыя людзі. Залман Юрэвіч згадвае адзін з эпізодаў, калі яны здолелі ўратаваць ад спаленьня ў крэматорыі аднаго з пружанцаў:

  Аднойчы мы ўбачылі Мэндэля Бодгаса з Пружанаў (цяпер ён жыве ў ЗША) у адной з такіх лініяў. Гершэль Мароўскі зьвярнуўся да «капа», зь якім мы мелі «стасункі», і папрасіў яго ўратаваць Мэндэля Богдаса зь лініі. Капа зрабіў гэта, і мы схавалі нашага пружанца.  

—Залман Юрэвіч, Pruzhany jews in ghettos and camps.

Тым ня меней, у Аўшвіцы з 2 тыс. пружанскіх жыдоў выжылі толькі 200 чалавек[9].

Эвакуацыя рэдагаваць

Глядзіце таксама: Марш сьмерці
 
Помнік на ўваходзе ў канцлягер Грос-Розэн

З набліжэньнем савецкіх войскаў нацысты вырашылі эвакуяваць лягер. 18 студзеня 1945 вязьні былі выведзеныя зь яго тэрыторыі, атрымаўшы дадатковую вопратку і ежу. У шпіталі засталіся толькі хворыя. Група, у якую трапіў Залман Юрэвіч, празь дзьве ночы (рухаліся толькі начамі) дасягнула вёскі Лэсьляў(pl), дзе была загружаная ў вагоны і перавезеная ў канцлягер Грос-Розэн. Тут яшчэ частка вязьняў загінула ад голаду і зьнямогі[9].

Адсюль вязьні час ад часу пераводзіліся ў іншыя лягеры. Залман Юрэвіч праз тры тыдні трапіў сьпярша ў Бухэнвальд, пасьля ў Візынген (Wissingen?), праз 5 тыдняў — у Алях(de) за 5 км ад Дахаў. За 10 дзён, які вязьні правялі ў Аляху, яны не атрымоўвалі ежы ўвогуле. Толькі падчас наступнае перавозкі ў вагонах ім выдавалі штодзённую порцыю хлеба і маргарыну[9].

28 красавіка цягнік спыніўся на паўдарозе між Мюнхэнам і Гарміш-Партэнкірхенам, бо далей чыгуначныя шляхі былі заблякаваныя. 29 красавіка прыйшла гуманітарная дапамога ад Чырвонага Крыжа, 30 красавіка зьявіліся амэрыканскія вайскоўцы.

Па вызваленьні рэдагаваць

У бліжэйшай вёсачцы група, у якой знаходзіліся 10 пружанцаў, правяла месяц. 1 чэрвеня яны былі пераведзеныя амэрыканцамі ў лягер для перамешчаных асобаў Фэльдафінг. З часам сюды зь іншых лягероў зьехаліся ацалелыя жыды з Пружанаў, Шарашова, Малеча і іншых вакольных мястэчак, і неўзабаве іхняя колькасьць перавысіла 100 чалавек.

 
Памятныя знакі на польскай, ангельскай, ідышы і іўрыце ў канцлягеры Аўшвіц-Біркенаў

Даведаўшыся, што ў лясох ля Фэльдафінгу хаваецца група афіцэраў СС, на іх вышук накіравалася група паліцыянтаў зь лягеру. Падчас перастрэлкі загінуў паліцыянт Давыд Кабізэцкі, ураджэнец Пружанаў. Ягонае пахаваньне перарасло ў дэманстрацыю пратэсту супраць нацызму[9].

Пружанская група наладзіла кантакты з амэрыканскімі жаўнерамі, празь якіх здолела зьвязацца з пружанскімі эмігрантамі ў ЗША. Адтуль у лягер таксама пачала прыходзіць гуманітарная дапамога. Камітэт дапамогі пружанцам у Нью-Ёрку (анг. The Pruziner Relief Committee of New York) з удзелам жыдоў зь Філадэлфіі, Чыкага, Кубы і Аргентыны заснаваў фундацыю дзеля выхадцаў з Пружанаў. Яны таксама дапамаглі з афармленьнем іміграцыйных картак. Большасьць выжылых пружанскіх жыдоў эмігравала ў ЗША, частка пераехала да родных у Ізраіль, Кубу, Аргентыну.

Шторок у першую нядзелю лютага пружанскія жыды ў ЗША адзначалі Дзень памяці мучанікаў[9].

Знакамітыя вязьні рэдагаваць

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Geschichte — Die jüdische Gemeinde vor 1989 (ням.) Białystok. Virtual Shtetl (31 сакавіка 2012). Праверана 11 ліпеня 2014 г.
  2. ^ а б Павел Полян. Первая обобщающая монография о Холокосте на территории СССР // «Заметки по еврейской истории». — верасень 2005. — № 9 (58).
  3. ^ а б Анатолий Гурин. (14 студзеня 2006) В поисках утраченного (рас.). Беларусь сегодняПраверана 11 ліпеня 2014 г.
  4. ^ а б в Пружаны (рас.). Российская еврейская энциклопедия. Праверана 11 ліпеня 2014 г.
  5. ^ а б 1943 timeline (анг.) The Holocaust chronicle. Publications International, Ltd. Праверана 11 ліпеня 2014 г.
  6. ^ а б Philip Riteman. Oration honouring Philip Riteman, given by Shane O’Dea, Public orator (анг.) Honour Roll. Memorial University of Newfoundland. Праверана 11 ліпеня 2014 г.
  7. ^ а б Aida Brydbord - Part II (анг.) Women of Valor: Partisans and Resistance Fighters. Judy Cohen. Праверана 11 ліпеня 2014 г.
  8. ^ а б в г д Віктар Рачко. Сямейная тайна // Раённыя будні. — 13 лістапада 2013. — № 89 (9634). — С. 5.
  9. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Zalman Urievich. Pruzhany jews in ghettos and camps (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 20 сьнежня 2011 г.
  10. ^ Ilya Ehrenburg, Vasily Grossman. The Story of Dr. Olga Goldfain // The Complete Black Book of Russian Jewry / Translated and edited by David Patterson. — Transaction Publishers, 2003. — С. 172. — ISBN 978-0-7658-0069-5
  11. ^ Zavel Segel. Remembrances of Pruzhany's guetto (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 22 сьнежня 2011 г.
  12. ^ а б Avraham Har’shalom (Friederg). Judenrat in Pruzany (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  13. ^ Aida Brydbord. My Story of the Shoa (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 15 сьнежня 2011 г.
  14. ^ И. А. Альтман. Глава 3. Гетто и лагеря на территории СССР // Холокост и еврейское сопротивление на оккупированной территории СССР: Учеб.пособие для студентов высш. учеб, заведений / Под ред. проф. А Г. Асмолова. — Москва: Фонд «Холокост», 2002. — 320 с. — ISBN 5-83636-007-7
  15. ^ а б Ilya Ehrenburg, Vasily Grossman. The Complete Black Book of Russian Jewry / Translated and edited by David Patterson. — Transaction Publishers, 2003. — С. 173. — ISBN 978-0-7658-0069-5
  16. ^ а б в Abraham Breski. Pruzhany’s Saint Kehila destruction summary (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  17. ^ а б в г д Berel Kirshner. Getting weapons (анг.). Pruzhany uyezd research organization. Праверана 19 сьнежня 2011 г.
  18. ^ Avraham Harshalom (Fridberg). Figures and other data of jews evacuated from Pruzhany ghetto (анг.) Pruzhany uyezd research organization. Puro and Jose Serlin. Праверана 12 сьнежня 2011 г.
  19. ^ Tilford Bartman (16 красавіка 2000) On the Fifty-Seventh Anniversary of the Bialystok Ghetto Rebellion (анг.) Zabludow Memorial Website Праверана 20 сьнежня 2011 г.

Літаратура рэдагаваць

  • Ішла вайна свяшчэнная // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 145.
  • Еленская И. Э., Розенблат Е. С. Пружаны // Холокост на территории СССР: Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман.. — М.: РОССПЭН, 2009. — С. 821—822. — 1143 с — 1000 экз. — ISBN 978-5-8243-1296-6.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць