Бронная гара

месца нацыскіх масавых расстрэлаў у часе Другой сусьветнай вайны

Бро́нная гара́ — месца масавага зьнішчэньня нямецкімі акупацыйнымі ўладамі мірнага насельніцтва ў гады Другой сусьветнай вайны каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара Бярозаўскага раёна Берасьцейскай вобласьці.

Чыгунка вядзе да месца, дзе ў 1942 годзе немцы забілі больш за 50 000 чалавек, большасьць зь якіх былі габрэямі. Зь левага боку адзін з помнікаў, прысьвечаных забітым

У траўні — чэрвені 1942 году ва ўрочышча выкапана 8 ям даўжынёй 45—60 м, шырынёй 6—6,5 м, глыбінёй 4 м; іх абнесьлі калючым дротам. З Дарагічына, Янава, Гарадцу, Берасьця, Пінску, Кобрыню, Бярозы-Картускай на чыгуначную галінку, якая праходзіла ад цэнтральнай магістралі праз пляцоўку зь ямамі-доламі, дастаўлялі эшалёны зь людзьмі, пераважна з жанчынамі, дзецьмі, старымі. На адмысловых пляцоўках людзей прымушалі распранацца, па драцяных калідорах турылі да ям, загадвалі класьціся шэрагамі і расстрэльвалі з аўтаматаў.

Да лістапада 1942 году тут зьнішчана больш за 50 тысяч чалавек. Каб схаваць сьляды злачынства, у сакавіку 1944 году нямецкія акупацыйныя войскі прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і спальвалі трупы, затым расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя працы.