Юдэнрат
Юдэнра́т (па-нямецку: Judenrat, мн. Judenraete, Judenräte — «габрэйская рада») — адміністрацыйны ворган габрэйскага самакіраваньня ў часы Другой сусьветнай вайны, які па ініцыятыве нямецкіх акупацыйных уладаў у прымусовым парадку засноўваўся ў кожным гета для забесьпячэньня выкананьня нацысцкіх загадаў, якія датычыліся габрэяў[1].
Першыя юдэнраты
рэдагавацьПершыя марыянетачныя органы габрэйскага «самакіраваньня» нямецкае кіраўніцтва стварыла ў Нямеччыне, у Вене і ў Празе, але называліся яны яшчэ па-рознаму і падпарадкоўваліся розным інстанцыям (часьцей за ўсё гестапа). Толькі пасля акупацыі Польшчы гітлераўцы ўніфікавалі палітыку ў дачыненьні да юдэнратаў, і сам гэты тэрмін упершыню зьявіўся ў сакрэтнай інструкцыі шэфа гестапа Р. Гайдрыха кіраўнікам айнзацгруп 21 верасьня 1939 году: «Ува ўсіх габрэйскіх абшчынах павінна быць створана рада габрэйскіх натабляў, па магчымасьці з уплывовых асобаў і рабінаў. Рада павінна складацца з 24 габрэяў-мужчын (колькасьць залежыць ад колькасьці абшчыны). Ён павінен быць цалкам адказным (у літаральным сэнсе слова) за дакладнае і няўхільнае выкананьне ўсіх інструкцый, якія ўжо распрацаваны і якія яшчэ будуць распрацаваны»[2].
Першыя юдэнраты былі створаныя ў акупаванай Польшчы восеньню 1939 году па загаду Гайдрыха ўжо праз некалькі тыдняў пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны[1].
Па меры пашырэньня нямецкіх тэрыторый юдэнраты былі створаныя ўва ўсіх акупаваных краінах, акрамя Францыі, Бельгіі і Грэцыі, — меркавана таму, што Нямеччына не зьбіралася гэтыя краіны анэксаваць. Але і на гэтых тэрыторыях нацысты загадвалі габрэйскім абшчынам прызначыць старастаў для забесьпячэньня выкананьня загадаў акупацыйнае ўлады.
Тэрытарыяльная зона адказнасьці і падсправаздачнасьць юдэнратаў вар’іраваліся бяз пэўнай сыстэмы. Юдэнрат мог адказваць як за горад ці мястэчка, так і за цэлы раён. У Нямеччыне, Галандыі, Славакіі, Румыніі і ў Пратэктараце Багемія і Маравія юрысдыкцыя юдэнрату распаўсюджвалася на ўсю краіну[1].
У асобных выпадках габрэі самастойна стваралі свае ворганы самакіраваньня яшчэ да атрыманьня загаду аб стварэньні юдэнратаў. Такія дзеяньні былі выкліканыя неабходнасьцю ў любым выпадку арганізаваць жыццё абшчыны, мець прадстаўнічы ворган для перамоваў з уладамі і подкупу службовых асобаў з мэтай абароны габрэяў, для прадухіленьня рабаваньняў і беспарадкаў ды неабходнасьцю ўпарадкаваньня адпраўкі габрэяў на прымусовыя працы. У Камень-Кашырскім, напрыклад, такі ворган самакіраваньня праіснаваў 3 месяцы[2].
Структура і паўнамоцтвы юдэнрату
рэдагавацьЮдэнрат, у адпаведнасьці зь інструкцыяй Гайдрыха, у абавязковым парадку ствараўся ў кожным населеным пункце з габрэйскім насельніцтвам на ўсіх акупаваных немцамі тэрыторыях. Калі колькасць габрэяў у гэтым месцы перавышала 10 000 чалавек, юдэнрат прызначаўся з 24 членаў, калі менш — з 12 чалавек. Кіраўнік юдэнрату часта называўся «юдэнэльтэстэр» (ням.: Judenältester) — габрэйскі стараста.
У многіх габрэяў існавала ілюзія, што служба ў юдэнраце хоць у нейкай ступені гарантуе захаваньне жыцьця, і з гэтай прычыны штат работнікаў юдэнрату пры магчымасьці штучна пашыраўся. Да таго ж супрацоўнікі юдэнрату і габрэйскай паліцыі атрымлівалі большую ўзнагароду і большую пайку, чым іншыя вязьні гета.
Старшыня юдэнрату («габрэйскі стараста») адзін кантактаваў зь нямецкімі ўладамі, з-за чаго насельніцтва гета часьцяком лічыла, што немцы зь ім лічацца, — хоць у рэчаіснасьці стараста толькі перадаваў і ажыцьцяўляў загады акупантаў. Пры вялікай колькасьці абавязкаў, ускладзеных на юдэнраты, ніякай рэальнай улады габрэйскія рады ня мелі, нямецкія акупацыйныя ўлады зь імі зусім не лічыліся, і максімум, што ўдавалася юдэнратам, — толькі часова адтэрмінаваць чарговае масавае забойства вязьняў або адпраўку габрэяў у лагеры зьнішчэньня.
Сябры і склад юдэнратаў
рэдагавацьУ Эўропе членамі юдэнратаў прызначаліся многія вядомыя габрэйскія грамадскія дзеячы, актывісты габрэйскіх палітычных партый, рэлігійных і дабрачынных арганізацый. На тэрыторыі Савецкага Саюзу немцы таксама імкнуліся ствараць юдэнраты з аўтарытэтных у дадзенай суполцы габрэяў. У прыватнасьці, ад рэлігійных дзеячаў чакалася, што яны, па-першае, добра ведаюць усіх мясцовых габрэяў, а па-другое, будуць добра служыць у юдэнраце ці ў якасьці габрэйскага старасты з-за незадаволенасьці пераследам савецкім рэжымам юдаізму. Там, дзе не знаходзілася рэлігійных аўтарытэтаў, гітлераўцы часта ставілі на гэтыя пасады мясцовых паважаных настаўнікаў ці лекараў[1].
Імкненьне немцаў прызначаць членамі юдэнрату вядомых габрэйскіх дзеячаў гісторыкі тлумачаць некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта давала магчымасьць падмацаваць свае загады аўтарытэтам кіраўнікоў гета і пазьбегнуць тым самым магчымых хваляваньняў. Па-другое, зь іншага боку, выкананьне нацысцкіх загадаў гэтых жа кіраўнікоў зневажала ў вачах вязьняў і памяншала іх патэнцыйныя магчымасьці ўзначаліць супраціў. Па-трэцяе, захаваньне ранейшага кіраўніцтва абшчыны ўсыпляла пільнасьць габрэяў і дазваляла працягнуць час да канчатковага зьнішчэньня гета. І, па-чацвёртае, паважаныя члены юдэнрату былі асабліва зручныя ў якасьці заложнікаў, — таму што калі нацысты без ваганьняў забівалі нават такіх вядомых людзей, то звычайныя вязьні разумелі, што яны ў вачах немцаў наогул нічога ня значаць[2].
У большасьці выпадкаў габрэі не хацелі працаваць у юдэнратах. Асноўная прычына гэтага — каб ня дзейнічаць супраць саміх жа габрэяў і не пакрыць сябе ганьбай, частка — таму што рызыка перавышала меркаваныя карысьці. Таксама далёка ня кожны быў здольны трываць пастаянныя прыніжэньні, непазьбежныя пры працы ў юдэнраце. Напрыклад, у горадзе Вялікія Лукі старшынёй юдэнрату прызначылі 65-гадовага Лабаса, які штодня быў абавязаны казаць немцам наступную фразу: «Я, жыд Лабас, дакладваю вам… што ўсе жыды на месцы…», і калі каго з габрэяў не хапала, Лабаса бязьлітасна зьбівалі. Аднак нехта павінен быў клапаціцца пра сваіх братоў-габрэяў у нечалавечых умовах гета, і габрэі ў рэшце рэшт звычайна пагаджаліся на працу ў юдэнраце ў надзеі дапамагчы выратаваць сваіх[1][2][3].
Большай часткай жаданых членаў юдэнрату, старшыні і яго намесьніка абіралі мясцовыя габрэі, але нацысты заўсёды кантралявалі гэта і рашэньне габрэяў абавязкова зацьвярджалася нямецкай адміністрацыяй[1].
Часам кіраўніком юдэнрату прызначалі і выпадковых людзей. Напрыклад, у Вільні, не знайшоўшы рабінаў, немцы даручылі арганізацыю юдэнрату першаму які трапіў сынагагальнаму служку; у Эўпаторыі членамі юдэнрату немцы паставілі першых трапіўшых ім дзесяць габрэяў[2].
Забойствы членаў юдэнратаў
рэдагавацьСклад усіх юдэнратаў хутка зьмяняўся. Многіх членаў юдэнратаў нацысты забівалі або адпраўлялі ў лагеры сьмерці нароўні са звычайнымі вязьнямі гета. У Заходняй Эўропе былі забітыя немцамі амаль 90% кіраўнікоў гета, а на акупаванай частцы СССР загінулі практычна ўсе. Забівалі тых, хто выклікаў незадаволенасьць або падазрэньні ў гітлераўцаў, неадкладна забівалі недастаткова пакорлівых. У выніку аўтарытэтныя дзеячы габрэйскіх абшчын, прызначаныя на пачатку ўтварэньня гета, паступова замяняліся людзьмі, адзінай вартасьцю якіх была безумоўная паслухмянасьць. Напрыклад, 3 ліпеня 1942 году немцы загадалі старасьце Баранавіцкага гета Б. Ісаксону скласьці сьпіс вязьняў для зьнішчэньня, на што ён адказаў: «Я не Бог, каб вырашаць, каму жыць, а каму паміраць», — і быў расстраляны разам зь іншымі, адабранымі без яго ўдзелу. Кіраўнік Львоўскага гета Ёзэф Парнэс адмовіўся прадастаўляць сьпісы для працоўных лагераў: «Абшчына і органы былі створаны не для таго, каб адпраўляць габрэяў на сьмерць», і быў забіты нацыстамі, а яго пераемнікі Адольф Ротфельд, Эдуард Эберзон і Ландсберг ужо не супраціўляліся рашэньням нямецкіх уладаў[2].
За непадпарадкаваньне юдэнраты нішчыліся неадкладна. У тым жа Львоўскім гета з чатырох старшыняў юдэнрату сваёй сьмерцю памёр толькі адзін, а траіх усё роўна забілі немцы. У Менскім гета расстралялі дваіх старшыняў юдэнрату, у Віленскім таксама двух і яшчэ некалькіх чальцоў юдэнрату. У Лідзкім гета і ў гета ў Манастыршчыне і Хіславічах першы юдэнрат расстралялі ў поўным складзе[2].
Нярэдка члены юдэнрату канчалі жыцьцё самагубствам у роспачы ад немагчымасьці перашкодзіць забойствам вязьняў або іх дэпартацыі ў лагеры сьмерці. Так, даведаўшыся пра дэпартацыі, наклаў на сябе рукі Адам Чарнякоў — кіраўнік Варшаўскага гета. Некаторых членаў юдэнратаў забілі байцы габрэйскага супраціву. Толькі ў Грэцыі і Нідэрляндах статус старасты даваў сапраўдны шанец на выжываньне[2].
Функцыі і дзейнасьць юдэнратаў
рэдагавацьПершапачаткова юдэнраты адказвалі за перамяшчэньне габрэяў зь невялікіх населеных пунктаў у месцы, дзе былі створаны гета, за разьмяшчэньне і ўладкаваньне вязьняў, а таксама за збор габрэяў у выпадку іх вываду за межы гета.
З часам функцыі юдэнратаў пашыраліся, і яны несьлі адказнасьць за ўсё, што адбывалася ўнутры гета, і за рэалізацыю адміністрацыйных і эканамічных мераў, накіраваных немцамі супраць габрэяў. Гэта ўключала забесьпячэньне гаспадарчага жыцьця і парадку, спыненьне кантрабанды, забеспячэньне харчаваньнем, прызначэньне і разьмеркаваньне працоўных на прымусовыя працы, збор грашовых сродкаў і кантрыбуцыяў, выбар кандыдатаў для працы ў працоўных лагерах і выкананьне распараджэньняў нацыстаў. Юдэнрат кантраляваў таксама і іншыя адміністрацыйныя структуры ўнутры гета (там, дзе яны былі): габрэйскую паліцыю, пажарную частку, ахову здароўя, сацыяльныя службы, статыстычны ўлік, працу адукацыйных структураў і сынагогаў[1].
Забеспячэньне харчаваньнем
рэдагавацьЮдэнраты разьмяркоўвалі мізэрныя харчовыя пайкі, якія выдзяляліся немцамі на вязьняў гета, а былі гета, дзе не выдавалася наогул аніякай ежы. Немцам атрымалася зрабіць голад другім па маштабе (пасьля непасрэднага забойства) сродкам знішчэньня габрэяў. Напрыклад, у гета Лодзі з 200 тысячаў вязьняў ад голаду загінула палова. У гета Коўна габрэі, якія працавалі на прымусовых працах, атрымлівалі на тыдзень 1400 грамаў хлеба і 250 грамаў каніны, непрацуючыя — палову ад гэтага. У гета Барысава 150 грамаў хлеба ў дзень давалі толькі працуючым, у гета ў Шпалі і ў Вяліжы вязьняў наогул не кармілі, у Смаленскім гета ад голаду памерлі сотні людзей[1][2].
У многіх гета юдэнраты прыкладалі вялікія намаганьні, арганізуючы нелегальную дастаўку ежы для вязьняў — шляхам недазволеных закупак або выменьваньнем прадуктаў і тайнай дастаўкай іх у гета. За «кантрабанду» прадуктаў пакараньнем у большасьці выпадкаў быў расстрэл. Напрыклад, у Віленскім гета юдэнрат кантрабандным шляхам часам увозіў цэлыя вазы з прадуктамі, набытымі ў летувісаў, маскіруючыся вывазам сьмецьця ці памерлых вязьняў. Вельмі рэдка юдэнратам атрымоўвалася вымаліць у немцаў афіцыйны дазвол купіць ежу па-за гета. Але і тады ў гета часта мала што даходзіла. Напрыклад, у Львоўскім гета юдэнрат пасьля велізарных намаганьняў здолеў атрымаць паўтары тоны пасылак з прадуктамі і медыкаментамі — але большую частку атрыманага немцы і паліцаі адабралі.
Юдэнраты арганізоўвалі па меры магчымасьці вырошчваньне агародніны на кожным кавалку зямлі, ладзілі для паміраючых ад голаду сталовыя, — напрыклад, у Берасьцейскім гета амаль 25% вязьняў хоць нешта елі дзякуючы клопату юдэнрату. У Варшаве, Беластоку і іншых гета юдэнраты змаглі нейкі час падтрымліваць частку людзей ежай, цяплом і адзеньнем[2]. У Шчучынскім гета юдэнрат забясьпечваў хворых гарачым супам і арганізаваў мінімальнае харчаваньне для самых незабясьпечаных.
Медыцына і гігіена
рэдагавацьГабрэяў змушалі існаваць у гета ва ўмовах поўнай антысанітарыі — вязьні пакутавалі ад цеснаты, голаду, холаду, адсутнасьці каналізацыі і водаправоду, вошаў, гнойных ран, непасільнай працы. Хваробы ў гета былі нормай, а не выключэньнем. Лекараў не хапала, лекаў не было ўвогуле. У такіх умовах арганізацыя любой, нават самай мізэрнай медыцынскай дапамогі і падтрыманьне хоць нейкага ўзроўня гігіены былі сталым клопатам юдэнратаў. Самай простай мерай гігіены былі лазьні, і ў шматлікіх гета юдэнраты змаглі іх арганізаваць. Вядомыя нават выпадкі, калі без даведкі аб наведваньні лазьні ў некаторых гета не выдавалі харчаваньне[2].
У некаторых буйных гета юдэнраты дабіліся ад немцаў дазволу адкрыць бальніцу, але ў большасьці выпадкаў акупанты не дазвалялі габрэям арганізоўваць медыцынскую дапамогу. Напрыклад, у Калузе кіраўнік гета Фрэнкель на просьбу адкрыць амбулаторыю атрымаў адмову. А ў Віленскім гета бальніца (пры мізэрнай колькасьці лекаў) мела чатыры адзьдзяленьні, рэнтгенаўскі кабінет, лабараторыю і штат са 150 чалавек.
Сьмяротнасьць у гета была ў 4—10 разоў вышэйшая, чым сярод астатняга акупаванага насельніцтва. Пры пагрозе эпідэмій немцы ў большасці выпадкаў проста зьнішчалі гета цалкам, але ў большасьці гета юдэнраты змаглі папярэдзіць масавыя эпідэміі. Шпіталізаваць інфекцыйных хворых было немагчыма, бо гэта магло стаць вядома немцам. З гэтых меркаваньняў, з мэтай бясьпекі, хворым на інфекцыйныя хваробы (асабліва тыфам) габрэям часта нават паведамлялі выдуманы дыягназ і лячылі ўпотай.
Часам шпіталь у гета станавіўся пасткай. Напрыклад, у 1941 годзе ў Ковенскім гета немцы спалілі бальніцу, у якой знаходзіліся 60 хворых і медыцынскі персанал, але юдэнрат быў вымушаны рызыкнуць і зноў адкрыць новую бальніцу, таму што нават пры амаль поўнай адсутнасьці лекаў і інструментаў габрэям-лекарам атрымлівалася лячыць многіх хворых вязьняў[2].
Перад юдэнратам і лекарамі ў гета ўвесь час стаялі найцяжэйшыя маральныя дылемы. Напрыклад, штодня даводзілася вырашаць, каму зь вязьняў найперш даць наяўныя лекі. Страшныя праблемы спарадзіла нямецкая забарона нараджаць жанчынам гета. Кіраўніцтва гета пад страхам сьмерці было абавязана неадкладна паведамляць аб кожным выпадку цяжарнасьці, і тады гітлераўцы звычайна забівалі ўсю сям’ю. У выпадку ўтойваньня факту цяжарнасьці ці родаў небясьпека пагражала ўсяму гета. Прыходзілася прымаць усе меры супраць родаў, і лекарам прыходзілася рабіць аборты нават жанчынам на 8-м месяцы цяжарнасьці, каб коштам жыцьця дзіцяці (якога ўсё роўна забьюць немцы) паспрабаваць выратаваць будучых маці і іх мужоў. З запісу ў дзёньніку сакратара юдэнрату ў гета Шаўляя[2]:
«У дадатак да ўсіх нашых прыніжэньняў і дэмаралізацыі мы змушаныя стаць забойцамі ўласных дзяцей. У гэтыя чорныя дні ў гета знаходзіліся тры жанчыны ў апошняй стадыі цяжарнасьці. Штодзённы кантроль не даваў няшчасным магчымасьці схавацца самім і выратаваць будучых дзяцей. У роспачы яны ўпрасілі лекараў вырабіць ім заўчасныя роды, а дзяцей вынішчыць. Гэта было зроблена на прыватнай кватэры. Яны нарадзіліся жывымі і здаровымі. Адзін быў незвычайнай прыгажосці. Усе яны забітыя пры дапамозе шпрыца і пахаваныя нават не на могілках, а ў адным з закуткаў гета. Лепш так, чым ад нямецкай рукі».
Барацьба зь бяздомнасьцю
рэдагавацьШмат намаганьняў юдэнраты прыклалі на вырашэньне праблемы бяздомных вязьняў — іх усіх расьсялялі, так што амаль ніхто не аказваўся без прыстанку. Дабіцца гэтага было вельмі цяжка. Напрыклад, у Варшаўскім гета габрэяў — трэцюю частку насельніцтва горада — набівалі па 13-15 чалавек у пакой, і ўся гэтая маса людзей туліліся на 5% гарадзкой плошчы. Аднаму жыхару гета ў Горадні належала ня больш за 1 квадратны метр жыльля. У Вяліжзкім гета 500 габрэяў сагналі ў сьвінарнік на месца 300 сьвіней[2].
Культура і адукацыя ў гета
рэдагавацьАкрамя актыўнага, юдэнраты аказвалі, у першую чаргу, духоўны супраціў немцам. Пры найменшай магчымасьці габрэйскія рады прабавалі ўладкаваць у гета хоць нейкія культурныя мерапрыемствы. У становішчы немінучай сьмерці канцэрты і сьпектаклі ратавалі шматлікіх вязьняў ад роспачы.
Габрэям забаранялася вучыць сваіх дзяцей, але ў гета вязьні парушалі гэтую забарону пры любой магчымасьці. У тых рэдкіх выпадках, калі немцы ўсё ж дазвалялі вучыць дзяцей, школа часта станавілася пасткай — немцы ў першую чаргу імкнуліся забіць габрэйскіх дзяцей як непрацаздольны цяжар, а ў школе іх было вельмі зручна схапіць адразу і ў вялікай колькасьці. Напрыклад, у Ковенскім гета юдэнрат пасьля доўгіх пакутлівых ваганьняў усё ж вырашыў не дапусціць, каб дзеці засталіся невукамі, і пачаў навучаць каля 500 вучняў у двух школах, адкрытых ва ўмовах страшнай цеснаты гета. Нават пасьля таго, як 26 жніўня 1942 году немцы катэгарычна забаранілі любое выкладаньне ў гета, габрэі Коўна працягнулі вучыць дзяцей употай[2].
Фінансавая дзейнасьць
рэдагавацьЮдэнратам, якія вялі бесперапынную барацьбу за жыцьцё гета, пастаянна патрабаваліся грошы. Працаўнікі юдэнрату павінныя былі атрымліваць зарплату, жылы фонд патрабаваў рамонту, шпіталі павінныя былі закупляць лекі, прытулкам былі неабходныя грошы на ўтрыманьне дзяцей, трэба было набываць дадатковыя прадукты для галадоўнікаў, школам патрэбныя былі грошы на навучаньне дзяцей. Таксама патрабаваліся грошы на падтрыманьне чысьціні вуліцаў, аплату водаправоду, электрычнасьці і каналізацыі. Бесьперапынна ўзьнікалі непрадбачаныя, але жыцьцёва неабходныя выдаткі на подкуп немцаў і паліцаяў для выратаваньня ад чарговага масавага забойства, для вызваленьня арыштаваных ці паслабленьняў на прымусовых працах[2].
Грошы ў юдэнрат паступалі з адзінай крыніцы — ад саміх вязьняў гета. Яны, знаходзячыся на мяжы жыцьця і сьмерці, усё роўна, дзеля грамадзкай неабходнасьці, былі змушаныя знаходзіць магчымасьць і плаціць юдэнрату падаткі. Таксама юдэнраты атрымлівалі грошы, змушана прадаючы прадукты па коштах вышэй закупачных, атрымліваючы плату за медыцынскія і камунальныя паслугі і спаганяючы штрафы. Юдэнраты звычайна былі вымушаныя мець дзьве касы — адну, афіцыйную, прад’яўлялі для праверкі немцам, а іншую, таемную, са сьмяротнай рызыкай зьбіралі на хабары і нелегальнае набыцьцё прадуктаў[2].
У шэрагу гета існавала ўласная сурагатная валюта[4], тады як дзейныя банкноты мясцовай валюты або нямецкай маркі звычайна канфіскоўваліся пад страхам сьмяротнага пакараньня. Так, у гета Варшавы і Кракава выкарыстоўваліся польскія злотыя з асаблівымі «габрэйскімі» наддрукамі, якія не дазвалялі выкарыстоўваць іх па-за межамі гета. У Лодзінскім гета функцыянавала ўласная марка, а ў Тэрэзінскім — Тэрэзіэнштацкая крона[5].
Супрацоўніцтва з акупацыйнай уладай
рэдагавацьЭ. Берковіч. Вера пасьля Катастрофы: gazeta.rjews.net. Дата зварота: 18 сакавіка 2023. «…усякая жорсткасьць, зьдзейсьненая вязьнямі… у адносінах да сваіх таварышаў, — віна немцаў, іх найвялікшае злачынства… Існуе велізарная розьніца паміж жорсткасьцю катаў і жорсткасьцю ахвяр. Першыя, упэўненыя, што яны гаспадары сьвету, якія тлусьцеюць на нарабаваным, па ўласнай волі выбралі шлях служэньня злу. Другія — няшчасныя ахвяры, мараль якіх зламана жахлівым варварствам. Жорсткасьць першых — ненатуральная. Жорсткасьць другіх — натуральны вынік няўяўнай бесчалавечнасьці забойцаў. Наадварот, немагчыма зразумець, як атрымалася пераважнай большасьці вязьняў захаваць сваё чалавечае аблічча да самага канца і нават дасягнуць такіх вышынь самаахвяраваньня!» |
Лёс юдэнратаў непазьбежна быў жахлівы. Немцы стваралі юдэнраты для дапамогі ў зьнішчэньні габрэяў і толькі для гэтага. Калі юдэнрат супраціўляўся гэтай нямецкай праграме, то яго зьнішчалі (як, напрыклад, у Львоўскім гета).
Спачатку сябры юдэнратаў спадзяваліся выйграць час, выконваючы ўсе патрабаваньні немцаў: зьбіралі грошы, здавалі футра і каштоўнасьці, гналі людзей на прымусовыя працы. Але незалежна ад дзеяньняў і паводзінаў юдэнратаў, прынцыповай мэтай немцаў усё роўна заставалася поўнае зьнішчэньне габрэяў. Аднак многія працаўнікі габрэйскіх радаў не маглі паверыць, што ў немцаў сапраўды ёсьць план «канчатковага вырашэньня габрэйскага пытаньня», які выракае габрэяў на поўнае зьнішчэньне. Таму нават пасьля неаднаразовых «акцый» (такім эўфемізмам гітлераўцы называлі арганізаваныя імі масавыя забойствы) многія сябры юдэнратаў імкнуліся растлумачыць гэта толькі імкненьнем немцаў пазбавіцца ад непрацаздольных вязьняў і зьменшыць выдаткі на ўтрыманьне гета. Так паводзілі сябе кіраўнікі мноства юдэнратаў — напрыклад, Бараш у гета Беластоку, Генс у Вільні, Чарнякоў у Варшаве, Гершон Ліберман у Глыбоцкім гета, якія не маглі паверыць, што нацысты сапраўды дамагаюцца фізычнага зьнішчэньня ўсіх габрэяў[2].
У выпадку відавочнага невыкананьня патрабаваньня немцаў сьмерць наганяла сяброў юдэнратаў адразу, таму максімум, што маглі рабіць габрэйскія рады, — гэта выконваць загады гітлераўцаў наколькі можна блага, імкнучыся адтэрмінаваць або зьмякчыць антыгабрэйскія дзеяньні ўладаў. Але частка чальцоў юдэнратаў лічыла, што калі бесьпярэчна выконваць патрабаваньні немцаў, то можна дамагчыся паслабленьняў. Таксама ў юдэнратах часта імкнуліся паказаць каштоўнасьць працы вязьняў гета для гаспадаркі Нямеччыны, якая ваюе (палітыка «выратаваньня праз працу») і тым самым выратаваць як мага больш габрэяў. Былі шырока распаўсюджаныя ілюзіі: «выжывем, калі будзем патрэбныя», «праца дзеля жыцьця». З гэтай мэтай юдэнраты стваралі і з усіх сіл падтрымлівалі патрэбныя гітлераўцам вытворчасьці. Напрыклад, Бараш у Беластоцкім гета арганізаваў фабрыкі, якія працавалі для нямецкай арміі, і нават зрабіў выставу, каб паказаць карыснасьць гета для Нямеччыны. Але, у рэшце рэшт, гэта ніколі не дапамагала ні ў водным гета, і габрэі ў Беластоку былі забітыя — хоць і крыху пазьней, але гэтак жа, як і ў іншых гарадах[1][2].
У абстаноўцы поўнай безвыходнасьці адны юдэнраты адмаўляліся выдаваць габрэяў, іншыя дзеля выратаваньня абшчыны ахвяравалі яе частку і згаджаліся ўдзельнічаць у адборы вязьняў на бліжэйшае зьнішчэньне, каб прадухіліць ці хаця б адтэрмінаваць далейшыя забойствы. У прыватнасьці, кіраўнік юдэнрату Лодзінскага гета Хаім Румкоўскі ўгаворваў вязьняў не супраціўляцца адпраўцы ў канцлагеры дзяцей з гета, каб такім коштам выратаваць астатніх.
Па гэтых прычынах юдэнраты нярэдка былі вымушаныя канфліктаваць з габрэйскім падпольлем унутры гета. Часам гэта кончылася сутыкненьнямі: так, у Варшаве Габрэйская баявая арганізацыя (па-польску: Żydowska Organizacja Bojowa) атакавала габрэйскую паліцыю, у Віленскім гета адбылася сутычка, зьвязаная са справай Ісаака Вітэнберга, ва Ўсходняй Верхняй Сылезіі старшыня юдэнрату Мошэ Мэрын нават абвясьціў вайну падпольшчыкам. Падобная сытуацыя была ў Кракаве і іншых месцах.
Удзел у Супраціве
рэдагавацьБольшасьць прадстаўнікоў юдэнратаў не прымалі ідэю ўцёкаў, сыходу ў лясы ці партызанскага ўзброенага супраціву. Але значная колькасьць чальцоў юдэнрату і кіраўнікоў гета бралі ўдзел у арганізацыі і вядзеньні ўзброенай барацьбы з нацыстамі і актыўна падтрымлівалі сувязь з Рухам Супраціву, напрыклад у Менскім гета і ў Гета ў Лахве.
Некаторыя юдэнраты непасрэдна ўдзельнічалі ў падпольных арганізацыях, іншыя супрацоўнічалі зь імі ў пэўнай ступені, але заўсёды спрабуючы адначасова ратаваць і габрэяў у гета, і, вядома, саміх сябе, і змагацца з гітлераўцамі. Кіраўнікі гета паводзілі сябе ў гэтых адносінах зусім па-рознаму — Румкоўскі ў Лодзі ўсімі сіламі змагаўся з падпольлем, Г. Ландаў у Кішынёўскім гета не дапамагаў, але і не перашкаджаў падпольшчыкам, а ў Шаўлі і Луцку старшыні юдэнратаў самі прабавалі ўзброіць вязьняў і пачаць паўстаньне[2].
У гета Беластоку старшыня юдэнрату Бараш спачатку садзейнічаў Супраціву, аказваючы ўсялякую дапамогу і садзейнічаньне Мардэхаю Тэненбаўму — арганізатару і кіраўніку габрэйскага супраціву, і нават перадаваў праз яго грошы і золата варшаўскаму падпольлю для закупкі зброі. Бараш спыніў дапамогу Супраціву толькі ў лютым 1942 году, калі немцы забілі больш за 10 000 габрэяў Беластоцкага гета, і Бараш вырашыў дзейнічаць максімальна асьцярожна, спрабуючы выратаваць пакінутых[2].
Таксама сябры падпольнага Супраціву актыўна пранікалі і ўваходзілі ў склад юдэнратаў, таму што гэта давала нашмат большыя магчымасьці для барацьбы з акупантамі[2].
Па меркаваньні шэрагу дасьледнікаў, уяўленьне пра кіраўнікоў юдэнратаў, якія паслухмяна вялі габрэяў як «авечак на бойню», не адпавядае рэчаіснасьці. Амаль 30% кіраўнікоў габрэйскіх радаў у гета супрацьстаялі немцам усімі даступнымі спосабамі — што нашмат больш, чым, напрыклад, доля ўдзельнікаў Супраціву ва ўрадах акупаваных краінаў[2].
Пасьля вайны
рэдагавацьУ часы нямецкае акупацыі пераважная большасьць сяброў юдэнратаў былі забітыя нацыстамі. Аднак пасьля прыходу Чырвонай Арміі савецкія ўлады паставіліся да нямногіх тых, хто выжыў з сяброў юдэнратаў, як да «фашысцкіх памагатых», і пакінутыя ў жывых былі рэпрэсаваныя — часьцей за ўсё расстраляныя.
У выніку разгорнутай прапаганды, у 1970—1980-х гадах у савецкай публіцыстыцы Галакост згадваўся, практычна толькі калі патрабавалася абвінаваціць юдэнраты ў супрацы з нацыстамі. Савецкае кіраўніцтва не задумвалася аб абсурднасьці абвінавачваньня габрэяў як «фашысцкіх памагатых» — нягледзячы на тое, што, незалежна ад аказаных паслуг, мэтай нацыстаў было поўнае зьнішчэньне ўсіх габрэяў[3].
Таксама ў СССР апавяданьні пра «супрацоўніцтва юдэнратаў з фашыстамі» сталі неад’емнай часткай антысіянісцкай прапаганды,— хоць ніякага дачыненьня ні да Ізраіля, ні да сіянізму яны ня мелі. Для гэтага савецкія журналісты спецыяльна адбіралі фатаграфіі, дзе на вопратцы сяброў юдэнрату абавязкова была бачная шасьціканцовая зорка, што падавалася як доказ сіянісцкай дзейнасьці[3].
Крытыка дзеяньняў юдэнратаў
рэдагавацьУжо з моманту стварэньня юдэнратаў іх дзейнасьць выклікала супярэчлівыя меркаваньні. Частка людзей лічыла чальцоў юдэнратаў толькі памагатымі нацыстаў і прыстасаванцамі, жадаючымі выжыць любой цаной. Іншыя разумелі, што праца ў юдэнраце давала хоць нейкую магчымасьць ратаваць габрэяў і дапамагаць супраціву. Мноства вязьняў усімі спосабамі прабавалі шкодзіць і перашкаджаць працы юдэнратаў — хтосьці ўхіляўся ад падаткаў і прымусовых працаў, хтосьці наогул адмаўляўся ад супрацоўніцтва з габрэйскімі радамі, у некаторых гета нават адбываліся забастоўкі і дэманстрацыі супраць юдэнратаў. Аднак пры безапеляцыйных абвінавачваньнях юдэнратаў у добраахвотнай дапамозе немцам трэба ўлічваць той факт, што юдэнраты былі вымушаныя кіраваць абшчынай гета ў зусім новых, невядомых у мінулым умовах[2].
Іегуда Баўэр[6]: «Трэба памятаць галоўнае: злыднямі і катамі былі немцы. Габрэі былі ахвярамі». |
У складзе юдэнратаў аказваліся і тыя, якія любой цаной і за кошт іншых вязьняў прабавалі атрымаць асабістыя выгады і пазьбегнуць сьмерці. Пры любым разглядзе дзейнасьці юдэнратаў яны ўсё ж супрацоўнічалі зь немцамі, а частка іх працаўнікоў дапамагала арганізоўваць масавыя забойствы, падтрымлівала габрэйскую паліцыю ўнутры гета, брала хабары і за кошт чужых жыцьцяў працягвала сваю. І хоць у большасьці выпадкаў юдэнраты выконвалі распараджэньні нямецкіх улад, і прымалі рашэньне ахвяраваць аднымі чальцамі абшчыны дзеля іншых — «адрэзаць руку, каб выратаваць усё цела», і прымушалі людзей выходзіць на найцяжэйшыя працы, і абдзіралі вязьняў, зьбіраючы «кантрыбуцыі» для нацыстаў, і не заўсёды маглі дапамагчы галодным і хворым, і сярод іх трапляліся і вымагальнікі, і злодзеі, і бессардэчныя людзі, але, нягледзячы на гэта, пераважная большасьць вязьняў гета атрымлівала ад юдэнратаў дапамогу і была ім удзячная[1][2].
Ідэя юдэнратаў «праца дзеля жыцьця» падтрымлівалася абсалютнай большасьцю насельнікаў гета амаль безумоўна. Нават баявыя падпольшчыкі гета, увесь час канфліктуючы з юдэнратамі, ніякім чынам не пярэчылі супраць іх існаваньня і ў пераважнай большасьці выпадкаў не выступалі супраць іх у адкрытую — бо выдатна разумелі неабходнасьць іх працы і ўсе складанасьці іх спроб бесперапыннага выратаваньня гета[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і Яд Вашэм. Энцыкляпэдыя Катастрофы. Юдэнрат Архіўная копія
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э А. Кардаш. «Юдэнрат»
- ^ а б в А. Кагановіч. Габрэі Рэчыцы ў гады нямецкае акупацыі, 1941—1943 гг. Архіўная копія ад 2014-12-30 г.
- ^ BANKNOTES OR STAMPS FOR A GHETTO?
- ^ Тэрэзіэнштацкія кроны. Банкноты «ўзорнага гета»
- ^ В. Лазарыс. Уся праўда пра Юдэнрат
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|