Пружанскі аэрадром
Пружа́нскі аэрадро́м №207[1] разьмяшчаўся ля вёскі Куплін за 3 км ад Пружанаў.
Мінуўшчына
рэдагавацьАэрадром пабудаваны ў 1937 року, за польскім часам, на выкупленым у шляхцянкі Задарноўскай полі між Кулікамі і Купліном. Пасьля нападу Савецкага Саюзу на Польшчу прыстасаваны для патрэбаў Чырвонай арміі. Са сьнежня 1939 року на ім базіраваліся 33-і зьнішчальны авіяцыйны полк[2] (камандоўца — маёр А. І. Акулін) і 74-ы штурмавы авіяцыйны полк 10-й зьмяшанай авіяцыйнай дывізіі 4-е арміі. Перад пачаткам вайны зь Нямеччынай у Пружанах і Купліне былі згрупаваныя таксама 43-я зэнітная батарэя супрацьпаветранай абароны, 197-ы, 198-ы і 199-ы батальёны аэрадромнага абслугоўваньня, 159-я і 160-я аэрадромна-тэхнічныя роты, 74-ы хімузвод.
У 1941 року камандаваньне Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) паведамляла пра нездавальняючае разьмяшчэньне аэрадрому, праблемах з палівам, будматэрыяламі, мэханізмамі, рабочымі. Яшчэ ўлетку 1940 року па выніках праверкі былі зробленыя высновы:
У 33-м ЗАП (Пружаны) адсутнічае ўсялякая насьцярожанасьць, асабовы склад на чале з камандзірамі „супакоіўся“ і пра баявую падрыхтоўку ня думае. Лётны састаў разьмешчаны ў горадзе на вялікай адлегласьці ад аэрадрому, на збор па трывозе патрабуецца 1,5-2 гадзіны. | ||
Трагедыя Куплінскага аэрадрома // Раённыя будні. — 16—20 ліпеня 2011. — № 55—56. |
Увесну 1941 року для мясцовых сялянаў нават была ўведзеная платная працоўная і гужавая павіннасьць з мэтаю ўдзелу ў абаронным будаўніцтве. Была распачатая пабудова новае ўзьлётнае паласы даўжынёй у 3 км і складу авіябомбаў ля ўрочышча Воўчы Лес. Плянавалася абнаўленьне матэрыяльнае часткі авіяпалкоў, самалёты якіх («І-16» і «І-153») саступалі апошнім мадыфікацыям нямецкіх машын. У 33-і ЗАП для азнаямленьня паступілі 2 асобнікі зьнішчальнікаў «МіГ-3», а ў 74-ы ШАП — два штурмавікі «Іл-2». Для палётаў на іх, аднак, не было паліва.
Паколькі аэрадром разьмяшчаўся на месцы былога польскага, немцы ведалі пра яго з захопленых у верасьні 1939 дакумэнтаў польскага Генэральнага штабу. Акрамя таго, у пачатку 1941 року яны правялі здымку тэрыторыі, дзе назіралася вялікая згрупаванасьць тэхнікі.
У 33-м зап у пачатку Вялікай Айчыннай вайны служылі м. інш. Сьцяпан Гудзімаў, Герой Савецкага Саюзу Іван Лавейкін(ru)[3] і Фёдар Мачалаў.
Баявыя дзеяньні
рэдагаваць15 чэрвеня 1941 року ў памежных вайсковых акругах пачалася выдача боепрыпасаў, водпускі былі скасаваныя. 21 чэрвеня была вучэбная трывога, адпрацоўка разгрупаваньня эскадрыльлі і перахопу варожых самалётаў.
33-і зап
рэдагаваць33-і зьнішчальны авіяполк меў 37 лётчыкаў, 44 самалёты «І-16» (7 зь якіх нядзейныя).
22 чэрвеня 1941 року паміж 1-й і 2-й гадзінамі ночы аэрадром быў абстраляны са «Шторха». Пасьля беспасьпяховае спробы зьвязацца са штабам у Кобрыні была абвешчаная трывога, 3 эскадрыльлі накіраваліся ў кірунку Берасьця. Прыкладна а 3-й ночы зьявіўся другі самалёт-разьведчык. Мачалаў, Барынаў і Тарантаў узьняліся ў паветра, каб пасадзіць яго. Каля Берасьця адбыўся адзін зь першых паветраных баёў, у якім камандзір зьвяна Фёдар Мачалаў зьбіў самалёт. Эскадрыльлі, што вылецелі з Купліна раней, сутыкнуліся над Берасьцем з трыма групамі нямецкіх бамбардоўнікаў і зьнішчальнікаў, аднак ня здолелі супрацьстаяць.
А 3:40 нямецкія бамбардоўнікі «He-111» пад прыкрыцьцём «Ме-109» нанесьлі ўдары па 26 аэрадромах, у тым ліку Куплінскім. Пры заходзе на другі круг нямецкім самалётам давялося ўступіць у бой з падасьпелымі эскадрыльлямі, што вярнуліся з-пад Берасьця. Яшчэ двойчы былі адбітыя атакі «He-111» на падыходах да аэрадрому.
Калі савецкія самалёты селі на зямлю дзеля запраўкі і папаўненьня боепрыпасаў, былі нанесеныя далейшыя бомбавыя ўдары дванаццацьцю «Ju-88», цягам гадзіны аэрадром вынішчаўся кулямётным і гарматным агнём «Ме-109», дробнакалібернымі касэтнымі асколачнымі бомбамі, г. зв. «чортавымі яйкамі». Узьняцца ў паветра ня здолеў ніводзін самалёт 33-га зап, акрамя дзяжурнае пары Цімашэнка — Гудзімаў. У гэтым баі Сьцяпан Гудзімаў зьдзейсьніў паветраны таран і загінуў. Матэрыяльная частка 33-га авіяпалку была зьнішчаная[4]. Нямецкія экіпажы дакладвалі, што «на савецкіх аэрадромах самалёты стаялі як на парадзе, у лінію, не пацэліць па іх было немагчыма».
Да 10-е гадзіны раніцы не засталося ніводнага самалёту, здольнага падняцца ў паветра[5]. Асобавы склад палку атрымаў загад перабазіравацца на аэрадром у Пінску. 24 чэрвеня адтуль яны таварнымі эшэлонамі былі накіраваныя ў Маскву.
23 чэрвеня на аэрадром, які спрабавалі абараніць некалькі параненых, увайшлі танкі. Жаўнеры 17-й танкавае дывізіі вэрмахту зафіксавалі разбурэньні Куплінскага аэрадрому на фатаздымках.
74-ы шап
рэдагавацьЗьвестак пра падзеі ў 74-м штурмавым авіяпалку вельмі мала. Напрыканцы траўня[6] ці ў пачатку чэрвеня[7] ён быў перадысьлякаваны на аэрадром у Малыя Зводы за 12 км ад граніцы. Верагодна, частка самалётаў (пятнаццаць «І-153» і два Іл-2) засталіся ў Купліне.
У часе нападу на аэрадром нямецкіх бамбардоўнікаў усе самалёты 74-га шап знаходзіліся на зямлі без паліва і былі зьнішчаныя, не пасьпеўшы падняцца ў паветра. Асабовы склад забраў дакумэнты, сьцяг і пешшу і на раварох адышоў на ўсход. Капітан М. І. Белавусаў пасьля ўсіх узарваў склад і адышоў у бок Івацэвічаў, але трапіў у палон.
Нямецкія войскі
рэдагавацьПраз тыдзень пасьля пачатку вайны Пружанскі аэрадром быў выкарыстаны для нямецкіх самалётаў. Тутэйшых вяскоўцаў прымусілі наводзіць парадак.
Памяць
рэдагавацьУ 1971 року ў гонар лётчыкаў 33-га зьнішчальнага авіяпалку быў пастаўлены помнік ля гарадзкога возера.
У 1972 быў усталяваны помнік Сьцяпану Гудзімаву ў мескім сквэры на вуліцы Чырвонаармейскай.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ К.Б.Стрельбицкий. (27 чэрвеня 2010) Шифры аэродромов ЗОВО 1941г. (рас.). Музей авиационной техники-Боровая. Праверана 22 студзеня 2012 г.
- ^ 33-й истребительный авиационный полк ПВО (рас.) Авиаторы второй мировой Праверана 4 траўня 2011 г.
- ^ skw. (5 сьнежня 2007) Аэродром Пружаны 1978-1980гг (рас.) Форум вертолетчиков Праверана 14 сьнежня 2011 г.
- ^ Марк Солонин. На мирно спящих аэродромах… (рас.) Праверана 4 траўня 2011 г.
- ^ skw. (7 сьнежня 2007) Аэродром Пружаны 1978-1980гг (рас.) Форум вертолетчиков Праверана 14 сьнежня 2011 г.
- ^ Дмитрий Дьяков. В огненном небе войны // Белорусская военная газета. — 22 чэрвеня 2011. — № 111.
- ^ Николай Качук. Они разбили аэродромы, но не сломили сердца! // Беларусь сегодня. — 23 чэрвеня 2001.
Літаратура
рэдагаваць- Натальля Пракаповіч. Трагедыя Куплінскага аэрадрома // Раённыя будні. — 16—20 ліпеня 2011. — № 55—56.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьПружанскі аэрадром — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Вайсковыя пахаваньні авіятараў на мескіх могілках Пружаны(недаступная спасылка) (рас.)
- Нямецкія фатаздымкі пружанскага аэрадрому (рас.)
- Аэрадромы каля Пружанаў і загінулыя лётчыкі(недаступная спасылка) (рас.)