Сафійскі сабор (Полацак)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква саборная Сьвятой Соф’і
| |
Сафійскі сабор
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Полацак |
Каардынаты | 55°29′10.00″ пн. ш. 28°45′31.40″ у. д. / 55.4861111° пн. ш. 28.7587222° у. д.Каардынаты: 55°29′10.00″ пн. ш. 28°45′31.40″ у. д. / 55.4861111° пн. ш. 28.7587222° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Полацкая япархія[d] |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідзтва[d] і віленскае барока |
Аўтар праекту | Ян Гляўбіц |
Дата заснаваньня | XI ст. |
Дата скасаваньня | 1705 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Сайт | sophia.polotsk.museum.by |
Царква саборная Сьвятой Соф’і | |
Царква саборная Сьвятой Соф’і на Вікісховішчы |
Сафійскі сабор — помнік архітэктуры XI—XVIII стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца на правым беразе Дзьвіны, на Верхнім Замку, пад адрасам вуліца Замкавая, 1. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней — Сьвятога Пасаду. У наш час выкарыстоўваецца як музэй і канцэртавая заля. Твор архітэктуры мясцовай школы і віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Полацкі Сафійскі сабор — першы помнік мураванага хрысьціянскага царкоўнага дойлідзтва на беларускіх землях, які меў фундамэнтальнае значэньне ў разьвіцьці мясцовай архітэктуры і вызначыў кірункі яе гістарычна-мастацкага разьвіцьця[1]. Сваім прызначэньнем і велічным маштабам адлюстроўваў уздым і незалежнасьць Полацкага княства. У ім адбываліся найбольш значныя грамадзкія падзеі, тут пачала свой духоўны шлях Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Стаў першым творам сакральнай архітэктуры, цалкам збудаваным у стылістыцы віленскага барока[2]. Утвараў адзіны архітэктуры ансамбль з манумэнтальнымі карпусамі Сафійскага манастыра, зьнішчанымі расейскімі ўладамі ў пачатку XX ст.
Гісторыя
рэдагавацьПолацкае княства
рэдагавацьБудаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі[3]. Яе ўзводзілі з арыентацыяй на бізантыйскія ўзоры і на такія ж цэрквы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што саборную царкву збудавалі на месцы ранейшага капішча, прысьвечанага Перуну або Вялесу[4][5]. Асноўны дасьледнік помніка археоляг Валянцін Булкін у 1970-х гадох выявіў культурны пласт зь сьлядамі пажару, які існаваў да часу будаваньня мураванай царквы і мог належаць пачатковаму драўлянаму будынку[3].
Будаваньне саборнай царквы ў Полацку можна тлумачыць амбіцыямі Ўсяслава Брачыславіча на гегемонію ўва ўсходнеславянскім сьвеце[6]. Зьяўленьне ўласнай Сафіі ня толькі падкрэсьлівала незалежны статус Полацку датычна Кіева, але і давала падставы да параўнаньня места з «Новым Ерусалімам», або «Другім Канстантынопалем». Такім чынам, Полацак разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляваньне цэнтру хрысьціянскага сьвету. Разьмяшчэньне Сафійскага сабору на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзядзінцы было адной з асноўных рысаў, апроч трыкутнай формы гарадоў у пляне і разьмяшчэньня іх на сямі ўзгорках, якая зьвязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусьветным цэнтрам усходнехрысьціянскай рэлігіі — местам Канстантынопалем, саборная царква якога знаходзілася на акропалі грэцкага места Бізантыя[7].
Полацкі Сафійскі сабор упершыню ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV ст.: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[3].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1494—1501 гадох саборную царкву грунтоўна перабудавалі пад абарончы храм з чатырма нарожнымі вежамі. Будынак стаў важным пунктам абароны Полацку. У ім захоўваліся скарбы места, земскія кнігі Полацкага ваяводзтва, адбываліся сходы месьцічаў. Выгляд царквы на 1579 год адлюстраваў на сваёй гравюры С. Пахалавіцкі.
Па складаньні Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе царква стала ўніяцкай. Па пажары і частковым разбурэньні ў 1607 годзе будынак заняпаў, у 1618 годзе архіяпіскап Язафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў яго.
У 1642 годзе царква зноў пацярпела ад пажару, аднак неўзабаве яе аднавілі. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Полацак акупавалі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, які наведаў царкву. Паводле маскоўскага вопісу, «в той церкви… пять сундуков с книгами печатными и с писмеными и со всякими литовскими письмами[8] <…> пять сундуков с рускими и с литовскими и с латынскими с розными книгами»[9]. Да 1667 году будынак гвалтоўна адабралі ў Сьвятога Пасаду ў валоданьне Маскоўскай царквы. Па вызваленьні места царква вярнулася да ўніятаў.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны 11 ліпеня 1705 году маскоўскі гаспадар Пётар I забіў у царкве 6 уніяцкіх сьвятароў і манахаў[10][11][12]. Пра гэтую падзею паведамляе ў Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («Таго ж [1705] року месяца ліпеня 11 дня ў царкве Сьвятой Соф'і сам [гаспадар Пётр I] забіў 4 базылянаў у Полацку»[13]). Па забойстве манахаў Пётар I з выкарыстаньнем расейскіх войскаў гвалтоўна зачыніў царкву і загадаў разьмясьціць у ёй парахавы склад. 1 траўня 1710 году напярэдадні адыходу зь места расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і такім чынам практычна цалкам зьнішчылі помнік[14][15]. Захаваліся толькі руіны алтарных апсыдаў вышынёй да 9 мэтраў.
У 1738 годзе з ініцыятывы і на ўласныя сродкі архіяпіскапа Флярыяна Грабніцкага пачалося аднаўленьне зруйнаванай царквы. Да 1750 году з выкарыстаньнем захаваных фрагмэнтаў архітэктар Ян Гляўбіц[16] збудаваў базыліку ў стылі віленскага барока. У гэты ж час побач з царквой збудавалі манумэнтальны корпус манастыра базылянаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Полацак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак у Сьвятога Пасаду і перадалі яго Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), па чым будынак занядбалі[2]. У пачатку XX ст. расейскія ўлады зруйнавалі манастырскі корпус.
У 1911—1914 гадох праводзіўся капітальны рамонт царквы.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1924 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву і разьмясьцілі ў ёй краязнаўчы музэй. У Другую сусьветную вайну у 1942—1944 гадох у будынку праводзіліся набажэнствы. Пэўны час помнік служыў як збожжасховішча, а потым як архіў.
У 1975 годзе пачалася рэстаўрацыя Сафійскага сабору. У 1985 годзе ў будынку ўсталявалі новы арган «Рыгер-Клос» работы чэскіх майстроў.
Архітэктура
рэдагавацьПершая царква
рэдагавацьПолацкі Сафійскі сабор быў першай мураванай царквой на тэрыторыі Беларусі. Памеры будынка з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Галоўны купал меў у дыямэтры 5,85 мэтру. Архітэктурны разьвязак царквв пераклікаецца з аднайменнымі цэрквамі Кіева і Ноўгарада. Гэта 4-кутны ў пляне будынак зь пяцьцю нэфамі і трыма апсыдамі гранёнай формы. Тры сярэднія нэфы вылучаліся, што стварала ўражаньне выцягнутасьці і набліжала крыжова-купальны будынак да базылікальнага тыпу. Над уваходам разьмяшчаліся княскія хоры, уздоўж сьценаў цэнтральнай апсыды ішоў сынтрон. Да царквы далучаліся хрысьцільня і вежа з усходамі на княскія хоры. Паводле пісьмоваых крыніцаў можна меркаваць, што царква мела 7 купалоў: 4 купалы разьмяшчаліся сымэтрычна ад галоўнага, а хрысьцільня і вежа мелі ўласныя купалы, што стварала своеасаблівы вобраз царквы. Муроўка сьценаў у тэхніцы бізантыйскай кладкі «з схаваным радам». Аснову яе складала чаргаваньне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з роўніцай сьцяны, другі трохі заглыбляўся датычна верхняга і ніжняга. Утвораная ніша запаўнялася вапнавай рашчынай з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сыстэмная кладка «з схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў. Галоўныя адрозьненьні ад Кіева і Ноўгарада — гэта брак галерэяў, няўнасьць троў апсыдаў замест пяці, адкрыцьцё княскіх хораў у цэнтральнае памяшканьне падвойнымі аркамі (абапіраліся на 1 прамежкавы слуп) і наяўнасьць вімы (дадатковы падзел ў апсыднай частцы падкупальнай прасторы), характэрнай для Бізантыі. Як і наўгародзкі, полацкі сабор меў толькі фрэскавы росьпіс, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленьне.
Паводле меркаваньня навукоўцаў (першым гэтую вэрсію выказаў Міхась Ткачоў), у часы найбольш вострых сутыкненьняў з Маскоўскай дзяржавай царкву перабудавалі ў абарончы храм, які падобна вежы-данжону стаў апошнім пунктам абароны места. Перабудаваная Сафія з чатырма абарончымі нарожнымі вежамі, магчыма, была прататыпам абарончага храму, пачынальніцай усяе традыцыі абарончага царкоўнага дойлідзтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Адбудаваная царква
рэдагавацьУ выніку праведзеных ў сярэдзіне XVIII ст. аднаўленчых працаў да царквы з паўднёвага боку прыбудавалі новую апсыду, на поўдні зрабілі ўваход і збудавалі дзьве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі будынка пэрпэндыкулярна да пачатковай. Будынак набыў выгляд 3-нэфавай базылікі, галоўны фасад якой упрыгожваюць дзьве сымэтрычныя вежы вышынёй 50 м.
У інтэр’еры зьявіліся калёны, ляпніна і фігурныя карнізы. Алтарную частку аддзялілі ад цэнтральнага нэфу высокай 3-яруснай перагародкай, да якой на скляпеньні прылягала барэльефная выява Тройцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы расьпісалі і ўпрыгожылі драўлянай скульптурай. З росьпісаў на алтарнай перагародцы захаваліся копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
З мапы С. Пахалавіцкага, 1579 г.
-
З мапы С. Пахалавіцкага, 1579 г.
-
Дольная частка старажытнага абраза
-
З старажытнага абраза
-
З пляну, 1701 г.
-
З пляну, 1707 г.
-
25.07.1812 г.
-
25.07.1812 г.
-
1812 г.
-
1844 г.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
1893 г.
-
1893 г.
-
1898 г.
-
Н. Орда, 1875 г.
-
Паводле Н. Орды, 1880 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1889—1891 гг.
-
1889—1891 гг.
-
1889—1891 гг.
-
1895 г.
-
1893 г.
-
да 1900 г.
-
1905 г.
-
да 1913 г.
-
да 1918 г.
-
1910 г.
-
1912 г.
-
1915 г.
-
1915 г.
-
1915 г.
-
1915 г.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1910 г.
-
1910 г.
-
1916 г.
-
1918 г.
-
1920-я гг.
-
1923 г.
-
1930-я гг.
-
да 1915 г.
-
да 1918 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд
-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
Бакавы фасад
-
Апсыда
-
Уваход
-
Алтар
-
Хоры
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Габрусь Т. Полацкі Сафійскі сабор // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 453.
- ^ а б Габрусь Т. Полацкі Сафійскі сабор // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 454.
- ^ а б в Дук Д. Полоцк 1150. Истоки государственности на белорусских землях // Родина: Российский исторический журнал. — 2012. — № 9. — С. 68.
- ^ Лобач У. Да пытання аб сакральнай тапаграфіі старажытнага Полацка // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24–25 кастрычніка 2007 г.). — Полацк: НПГКМЗ, 2009.
- ^ Кежа Ю. Сакралізацыя княжацкай улады ва ўсходнеславянскіх грамадстве // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2011. — №9. — С. 22.
- ^ Марзалюк І. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11—17 стст. // Гістарычны альманах. — № 5. — 2001.
- ^ Кежа Ю. Сакралізацыя княжацкай улады ва ўсходнеславянскіх грамадстве // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2011. — №9. — С. 19.
- ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 278.
- ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 292.
- ^ Duchiński F. H. Historia o pozabiianiu bazilianów w połockiey cerkwi przez cara moskiewskiego etc. w roku 1705tym, dnia 30 Junia starego. — Paryż, 1863.
- ^ Баўтовіч М. Полацкія мучанікі. — Полацк: Сафія. 2000.
- ^ Арлоў У. Якая роля ў нашай гісторыі належыць Пятру I? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 47.
- ^ Витебская ЛЂтопись, составленная витебскими мЂщанами Стефаномъ Гавриловичемъ АвЂркою 1578—1768
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 262.
- ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 37.
- ^ Чантурыя У., Чарняўская Т., Церашчатава В. Полацкі Сафійскі сабор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 399.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 210Г000606 |