Новы Двор
Но́вы Двор[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Нявішы. Цэнтар сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 540 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Шчучыну, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка; на аўтамабільнай дарозе Астрына — Радунь.
Новы Двор лац. Novy Dvor | |
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі | |
Магдэбурскае права: | XVII стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Шчучынскі |
Сельсавет: | Навадворскі |
Насельніцтва: | 540 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1514 |
Паштовы індэкс: | 231540 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°51′0″ пн. ш. 24°29′0″ у. д. / 53.85° пн. ш. 24.48333° у. д.Каардынаты: 53°51′0″ пн. ш. 24°29′0″ у. д. / 53.85° пн. ш. 24.48333° у. д. |
± Новы Двор | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Новы Двор — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік традыцыйна беларускай драўлянай архітэктуры XVIII ст.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Новы Двор датуецца 1480 годам, калі тут збудавалі касьцёл. У дакумэнтах 1499 году ўпамінаецца намесьнік навадворскі. Пазьней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча ў трыманьне біскупу віленскаму. У XVI ст. існавалі аднайменныя каралеўскае мястэчка і двор, якія ўваходзілі ў склад Гарадзенскай эканоміі. У 1561 годзе пры правядзеньні «валочнай памеры» Новы Двор пераплянавалі. У гэты час тут існавалі касьцёл, плябанія, Рынак (меў форму квадрата) і 8 вуліцаў: Васілішкаўская, Астрынская, Дубіцкая, Берштанская (Берштаўская), Касьцельная, Забалотная, Дворная, вуліца «з канца пляцаў рынкавых». Разам налічвалася 102 вулічныя і 14 рынкавых пляцоў, на якіх разьмяшчаліся 104 двары. Местачкоўцы карысталіся Магдэбурскім правам; штогод праводзіліся 2 кірмашы, 2 разы на тыдзень — таржкі. У адпаведнасьці з каралеўскай уставай жыхары з кожнага дома плацілі 2 грошы, а тыя, хто меў валокі зямлі — 3 грошы і г. д. Сярод рамесьнікаў былі краўцы, шаўцы, кушнеры, кавалі, сталяры, сьлесары, ганчары, пекары і іншыя. Існаваў таксама аднайменны двор (сядзіба), які налічваў 2 вуліцы, агароды і іншыя землі.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Новы Двор увайшоў у склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. У 1749 годзе тут збудавалі новы драўляны касьцёл.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новы Двор апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. На 1829 год у мястэчку было 40 будынкаў (18 хрысьціянскіх і 22 юдэйскія).
Жыхары Новага Двора бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864). У сакавіку 1863 году каля мястэчка карныя расейскія войскі разьбілі паўстанцкі аддзел Лідзкага павету на чале зь Людвікам Нарбутам. На 1863 год — 62 жылыя дамы, на 1886 год — 63 двары. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі касьцёл, 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Новы Двор занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Двор абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Новы Двор апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Шчучынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 126 будынкаў, у 1937 годзе дзеялі касьцёл і царква, працавала пошта, праводзіліся таргі.
У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Васілішкаўскага раёну (з 20 студзеня 1960 году ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год тут было 160 двароў, на 1998 год — 275, на 1 студзеня 2001 году — 258. У 2000-я гады Новы Двор атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Рынак. В. Равенская, 1938 г.
-
Сынагога, да 1939 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 404 чал., у тым ліку 105 хрысьціянаў і 299 юдэяў[3]; 1860 год — 501 чал.; 1863 год — 348 чал.; 1869 год — 509 чал.[4]; 1886 год — 708 чал.[5]; 1897 год — 822 чал., у тым ліку 664 юдэі
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 977 чал.; 1919 год — 691 чал.; 1921 год — 655 чал.; 1937 год — 655 чал.; 1940 год — 821 чал.; 1998 год — 695 чал.[6]; 1999 год — 669 чал.; 2000 год — 659 чал.[7]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 611 чал.[8]; 2010 год — 540 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Новым Двары працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
рэдагавацьВуліцы і пляцы
рэдагавацьУ Новым Двары існавалі Астрынская, Васілішкаўская, Гарадзенская і Цагельная вуліцы, якія зьбягаліся да пляцу Рынку[9].
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Капліца (1882)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1749)
- Сынагога
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Капліца
-
Сынагога
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 374.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
- ^ Krzywicki J. Nowydwór (4) // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. — S. 294
- ^ Мальцаў У. Новы Двор // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 333.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 372.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
- ^ Sefer zikaron le-kehilat Shchuchin, Vasilishki, Ostrin, Novidvor, Ruzhanka / Ed. L. Losh. Tel Aviv: Former Residents of Shchuchin and vicinity in Israel, 1966. P. 381.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.