Надзвычайнае становішча
Надзвычайнае становішча — прававое становішча, якое ўводзіцца ў сувязі з выключнымі абставінамі і дазваляе выкарыстаньне захадаў абароны ад пагрозы і падтрыманьня грамадзкага парадку. Можа ўводзіцца ў выглядзе стану аблогі і ваеннага становішча. Магчымасьць увядзеньня звычайна прадугледжваецца канстытуцыяй[1]. Прадугледжвае ўскладаньне на грамадзянаў і юрыдычныя асобы дадатковых абавязкаў. Уводзіцца ў выпадку стыхійнага бедзтва, тэхналягічнага здарэньня, узброенага сутыкненьня і грамадзкага беспарадку[2].
Беларусь
рэдагаваць24 чэрвеня 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь № 117-З «Аб надзвычайным становішчы». Паводле 1-га артыкула Закону, надзвычайнае становішча азначае часовы прававы парадак дзейнасьці ўстановаў і службовых асобаў, што дапускае прыпыненьне правоў і свабодаў асобаў і ўстановаў і ўскладаньне дадатковых абавязкаў на іх. Паводле 3-га артыкула, падставай для яго ўвядзеньня служыць:
- бедзтва, што выклікала чалавечыя ахвяры, шкоду прыроднаму асяродзьдзю і значныя матэрыяльныя страты, парушыла ўмовы жыцьцядзейнасьці насельніцтва і патрабуе правядзеньня шырокай і безадкладнай выратавальнай працы.
- гвалт з боку згуртаваньня асобаў і ўстановаў, у выніку якога ўзьнікла пагроза жыцьцю людзей і існаваньню дзяржавы[3].
У выпадку бедзтва падставай бывае тэхнагеннае здарэньне і прыроднае (стыхійнае) бедзтва, у тым ліку экалягічнае: эпідэмія і эпізаотыя. Надзвычайнае становішча ўводзіцца ўказам прэзыдэнта Беларусі з унясеньнем яго ў 3-дзённы тэрмін на зацьвярджэньне Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Указ страчвае сілу, калі Савет Рэспублікі зацьвярджае яго меншасьцю галасоў ад свайго поўнага складу. Паводле 9-га артыкула, «Тэрмін дзеяньня надзвычайнага становішча, якое ўводзіцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ня можа перавышаць 30 содняў, а ўводзімага ў яе асобных мясцовасьцях, - 60 содняў». Для падаўжэньня яго тэрміну дзеяньня патрабуецца новы ўказ прэзыдэнта[3].
Захады
рэдагавацьПаводле 11-га артыкула Закона 2002 г. «Аб надзвычайным становішчы», указ прэзыдэнта Беларусі можа прадугледжваць у якасьці захадаў:
- прыпыненьне дзейнасьці дзяржаўных установаў;
- абмежаваньне на выезд і ўезд і на свабоду перасоўваньня;
- усталяваньне дзяржаўнай аховы грамадзкіх перавозак і інфраструктуры жыцьцядзейнасьці насеьніцтва;
- абмежаваньне перамяшчэньня грошай і тавараў і ажыцьцяўленьня паслуг;
- устанаўленьне парадку продажу, набыцьця і разьмеркаваньня харчаваньня і побытавых вырабаў першай неабходнасьці;
- забарону сходаў, вулічных шэсьцяў і пікетаваньня з боку згуртаваньняў асобаў і ўстановаў;
- прыпыненьне стачак на тэрмін да 3 месяцаў;
- абмежаваньне руху і надгляд сродкаў перавозкі;
- прыпыненьне вытворчасьці, у якой выкарыстоўваецца выбуховае, радыяактыўнае, біялягічна і хімічна небясьпечнае рэчыва;
- перамяшчэньне (эвакуацыю) каштоўнасьцяў у бясьпечную мясцовасьць[3].
Пры бедзтве таксама могуць прадугледжвацца:
- часовае адсяленьне жыхароў у жылыя памяшканьні ў бясьпечнай мясцовасьці;
- каранцін;
- перанакіраваньне ўстановаў на вытворчасьць патрэбных пры бедзтве тавараў і зьмяненьне раскладу іх працы, прыцягненьне дзяржаўных матэрыяльных запасаў;
- прызначэньне часовых выканаўцаў абавязкаў кіраўнікоў установаў замест адхіленых за неналежную працу;
- прыцягненьне працаздольнага насельніцтва і сродкаў перавозкі грамадзянаў да безадкладнай выратавальнай працы[3].
Пры гвалце могуць прадугледзіць:
- забарону ва ўсталяваны час знаходзіцца ў грамадзкім месцы (на вуліцы) бяз пропуску і пасьведчаньня асобы (камэнданцкая гадзіна);
- папярэднюю цэнзуру СМІ і арышт друкаваных вырабаў, гукаўзмацняльных, множыльных і радыёперадавальных прыладаў, абмежаваньне акрэдытацыі журналістаў;
- прыпыненьне дзейнасьці грамадзкіх аб'яднаньняў;
- праверку пасьведчаньняў асобы, асабісты надгляд, надгляд рэчаў, жытла і сродкаў перавозкі;
- забарону продажу і часовы адбор зброі, боепрыпасаў, атрутных, выбуховых і радыяактыўных рэчываў, вайсковай тэхнікі, забарону продажу сьпіртовых вырабаў і абмежаваньне продажу лекаў, што зьмяшчаюць дурманлівыя і псыхатропныя рэчывы;
- выдварэньне іншагародніх парушальнікаў абмежаваньняў[3].
Паводле 14-га артыкула, на час надзвычайнага становішча адкладаюцца выбары і рэфэрэндум. 14-м артыкулам таксама дапускаецца скасаваньне з боку прэзыдэнта Беларусі заканадаўства установаў дзяржаўнага кіраваньня. Для забясьпячэньня парадку надзвычайнага становішча выкарыстоўваюць сілы і сродкі Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўнутраныя войскі, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. Таксама могуць прыцягнуць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь і памежныя войскі Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Рэспублікі Беларусь. Паводле 24-га артыкула, прыцягнутым да выратавальнай працы грамадзянам выплочваецца заробак. Урад Беларусі пакрывае пацярпелым грамадзянам маёмасную шкоду і дае жытло[3]
Мінуўшчына
рэдагавацьУ СССР надзвычайнае становішча абвяшчалі падчас міжэтнічных хваляваньняў у Азэрбайджанскай (Карабаская вайна), Армянскай і Ўзбэцкай ССР[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Надзвычайнае становішча // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 329. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
- ^ Генадзь Маслыка. Надзвычайнае становішча // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 119. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ а б в г д е А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб надзвычайным становішчы» // Зьвязда : газэта. — 6 ліпеня 2002. — № 157-158 (24536-24537). — С. 6. — ISSN 1990-763x.