Дрыса
Дры́са (з 1962 году — Верхнядзьві́нск[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Дрысе пры ўтоку яе ў Дзьвіну. Адміністрацыйны цэнтар Дрысенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7306 чалавек[1]. Знаходзіцца за 175 км на паўночны захад ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Полацак — Дзьвінск; чыгуначная станцыя на лініі Полацак — Дзьвінск.
Дрыса лац. Drysa | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1386 | ||||
Горад з: | 1938 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Дрысенскі | ||||
Вышыня: | 108 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 7306 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2151 | ||||
Паштовы індэкс: | 211631 | ||||
СААТА: | 2210501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°46′0″ пн. ш. 27°56′0″ у. д. / 55.76667° пн. ш. 27.93333° у. д.Каардынаты: 55°46′0″ пн. ш. 27°56′0″ у. д. / 55.76667° пн. ш. 27.93333° у. д. | ||||
± Дрыса | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дрыса — места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і царква Сьвятога Мікалая, помнікі архітэктуры XIX ст.
Назва
рэдагавацьТрадыцыйная гістарычная назва места — Дрыса. Гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі, на якой узьнікла паселішча. Тым часам гідронім, на думку географа Вадзіма Жучкевіча, мае балтыйска-фінскае паходжаньне ад асновы driksne — 'рака'[2]. Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Дрысь, Дриса, Дриза.
У 1962 годзе савецкія ўлады перайменавалі Дрысу ў «Верхнядзьвінск» з прычыны надуманай[3][4] немілагучнасьці назвы. З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Дрыса ў якасьці афіцыйнай[5].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПаводле археалягічных зьвестак, даўняе паселішча існавала тут ужо ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Дрысу зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага і датуецца 1386 годам, калі князь Андрэй Полацкі захапіў тутэйшы замак[6]. Аднак на думку сучасных дасьледнікаў гэтая інфармацыя не выклікае даверу[7].
Першыя надзейныя зьвесткі пра Дрысу зьмяшчаюцца ў нататках Жыгімонта Гербэрштайна і датуюцца 1517 годам[7]. Яшчэ раней пад 1503 годам у пагадненьні паміж вялікім князем Аляксандрам і маскоўскім гаспадаром Іванам III упамінаецца воласьць Дрыса, падпарадкаваная Полацку. У 1546 годзе ўпершыню дакумэнтальна ўпамінаецца Дрысенскі замак, узьвядзеньне якога было моцным штуршком да разьвіцьця паселішча ня толькі як фартэцыі, але і як важнага эканамічнага цэнтру Полацкага ваяводзтва. Замак знаходзіўся ў беспасярэднім кіраваньні ваяводы полацкага Давойны, які прызначаў сюды сваіх намесьнікаў.
У першай палове XVI стагодзьдзя Дрыса была гандлёвым цэнтрам на Дзьвіне, уладаньнем вялікіх князёў. Мясцовае насельніцтва займалася пераважна купляй-продажам лесу. У 1547 годзе тут заснавалі лясную камору, празь якую ішоў гандаль з усходнімі суседзямі. За часамі Інфлянцкай вайны Дрысу спустошылі маскоўскія захопнікі, на 1586 год ад яе засталося толькі 5 будынкаў[6]. У 1641 годзе соймавая канстытуцыя скасавала ў месьце спагнаньне прыватных мытных збораў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дрыса апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, сьпярша ў Пскоўскай, з 1776 году ў Беларускай, а з 1802 году — у Віцебскай губэрні. У 1777 годзе яна атрымала статус места (паўторна) і стала цэнтрам павету. У 1778 годзе адбылося зацьверджаньне рэгулярнага пляну Дрысы. 27 верасьня 1781 году паселішча атрымала герб: «у залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж»[8]. У вайну 1812 году каля места знаходзіліся ўмацаваныя пазыцыі расейскіх войскаў на чале з М. Барклаям-дэ-Толі («Дрысенскі лягер»).
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у ваколіцах Дрысы адбыліся актыўныя вайсковыя дзеяньні. На 1864 год у месьце было 28 кварталаў, 2 пляцы; працавалі 4 дробныя прадпрыемствы з 28 работнікамі. У 1866 годзе непадалёку ад Дрысы прайшла чыгунка Полацак — Дзьвінск. Аднайменная чыгуначная станцыя стала адным з галоўных пунктаў вывазу лёну за мяжу. Вялікія страты Дрысе наносілі паводкі: як сьведчыць «Памятная кніжка Віцебскай губэрні на 1864», у 1865 годзе вялікая паводка затапіла ўсё места, апрача 7 будынкаў. Чарговая буйная паводка адбылася ў 1878 годзе. На 1905 год існавалі 525 драўляных і 25 мураваных будынкаў, 14 саматужных прадпрыемстваў, меская і прыходзкая вучэльні, ніжэйшая рамесная школа, лякарня, аптэка.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дрысу занялі войскі Нямецкай імпэрыі[9].
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрыса абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Пустынскай воласьці Дрысенскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дрыса ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дрысу вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году Віцебскай вобласьці). У 1925 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка, аднак 27 верасьня 1938 году Дрыса зноў атрымала статус места. З 3 ліпеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
25 сьнежня 1962 году савецкія ўлады перайменавалі Дрысу ў «Верхнядзьвінск». 26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Дрысы з Пагоняй, а 28 лютага 2011 году — новы мескі сьцяг[11].
-
Панарама Дрысы на здымку С. Пракудзіна-Горскага
-
Саборная царква, 1912 г.
-
Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
-
Паміж вуліцай Дзьвінскай і Новай Каменнай
-
Вуліца Гейжанаўская. Вучэльня
-
Вуліца Паштовая
-
Пошта
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1797 год — 1310 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1838 год — 828 чал., зь іх пэрсанальнай шляхты 12, разначынцаў 12, сьвятароў з радзінамі 10, адстаўных вайскоўцаў з жонкамі 14, купцоў 3, мяшчанінаў 754, аднадворцаў 3, дваровых людзей 3, чалавек унутранай варты 116, кантаністаў 45[12]; 1848 год — 1036 чал.; 1866 год — 2079 чал.; 1881 год — 3077 чал., зь іх 2219 каталікоў[13]; 1897 год — 4238 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 5750 чал.; 1939 год — 2,7 тыс. чал.; 1959 год — 3,6 тыс. чал.; 1969 год — 4,9 тыс. чал.[14]; 1991 год — 8,1 тыс. чал.[6]; 1995 год — 8,5 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,7 тыс. чал.; 2009 год — 7360 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 7335 чал.[17]; 2017 год — 7320 чал.[18]; 2018 год — 7306 чал.[1]
Адукацыя
рэдагавацьУ Дрысе працуюць гімназія, агульнаадукацыйная школа, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў.
Культура
рэдагавацьДзеюць дом культуры, бібліятэка, дом рамёстваў.
У месьце выдаецца раённая газэта «Дзьвінская праўда».
Забудова
рэдагавацьПлян
рэдагавацьПаводле ранейшага генэральнага пляну забудовы Дрысы 1970 году новае будаваньне вялося ўздоўж рэк Дзьвіны і Дрысы ў гістарычнай частцы места. У паўднёвай частцы зьявіўся мікрараён з 5-павярховымі дамамі. Згодна з новым генэральным плянам 1981 году пры ўезьдзе ў места з паўночнага ўсходу ўтварыўся новы мікрараён. Вядзецца будаваньне катэджаў. Прамысловая зона разьмяшчаецца пераважна ў паўночнай частцы места.
Вуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
Гагарына вуліца | Старамаскоўская вуліца[b] |
Карла Маркса вуліца | Дзісьненскі тракт |
Ленінградзкая вуліца | Паштовая вуліца |
? | Гейжэнаўская вуліца |
? | Дзьвінская вуліца |
? | Новая Каменная вуліца |
? | Рынак пляц |
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Дрысы |
---|
|
Транспарт
рэдагавацьПраз Дрысу праходзіць аўтамабільная дарога Р18 (граніца Расеі — Шаркоўшчына — Казяны), непадалёк ад места — Р20 (Віцебск — граніца Латвіі).
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьДрыса — цэнтар традыцыйнага мастацкага ткацтва[19]. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы (цяпер на рэканструкцыі), прыватным міні-гатэлі (насупраць Дому побыту) ці ў прыватных аграсядзібах.
Славутасьці
рэдагаваць- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (1809)
- Могілкі юдэйскія
- Помнік ахвярам вайны 1812 году
- Царква Сьвятога Мікалая (1819)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Замак (XVI стагодзьдзе)
- Царква Сьвятых Барыса і Глеба (XIX ст.)
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, брама
-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Даўняя камяніца
-
Чыгуначная станцыя
-
Аўтобусная станцыя
-
Мост цераз раку Дрысу
Асобы
рэдагаваць- Ніна Вайтовіч (1913—1976) — беларускі мовазнавец
- Алена Фраленка (нар 1915) — навуковец-мэдык
- Валеры Шчасны (нар. 1951) — мастак
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
- ^ Назва часоў Расейскай імпэрыі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 109.
- ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 146.
- ^ Вячорка В. Як расейскія пісьменьнікі пакрыўдзілі старажытны беларускі горад // Радыё Свабода, 20 чэрвеня 2016 г.
- ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы, Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
- ^ а б в Зайцава В., Цярохін С. Верхнядзвінск // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 249.
- ^ а б Варонін В. Дрыса // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 605.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 159.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)
- ^ Гісторыя Дрысы: Дарэвалюцыйны пэрыяд(недаступная спасылка), Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 179.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 110.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Верхнядзвінскага р-на. У 2 кн. Кн. 1. — Мн.: Паліграфафармленне, 1999. — 521, [1] с., [6] л. іл. ISBN 985-6351-06-5.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.