Бешанковічы

мястэчка ў Беларусі
(Перанакіравана з «Бешанкавічы»)

Бешанко́вічы — мястэчка ў Беларусі, на левым беразе Дзьвіны. Адміністрацыйны цэнтар Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6597 чалавек[1]. Знаходзяцца за 51 км ад Віцебску, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно. Рачная прыстань.

Бешанковічы
лац. Biešankovičy
Агульны выгляд мястэчка
Агульны выгляд мястэчка
Герб Бешанковічаў Сьцяг Бешанковічаў
Першыя згадкі: XV стагодзьдзе
Магдэбурскае права: 4 кастрычніка 1634
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Бешанковіцкі
Вышыня: 142 м н. у. м.
Насельніцтва: 6597 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2131
Паштовы індэкс: 211350
СААТА: 2205551000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°2′45″ пн. ш. 29°27′28″ у. д. / 55.04583° пн. ш. 29.45778° у. д. / 55.04583; 29.45778Каардынаты: 55°2′45″ пн. ш. 29°27′28″ у. д. / 55.04583° пн. ш. 29.45778° у. д. / 55.04583; 29.45778
Бешанковічы на мапе Беларусі ±
Бешанковічы
Бешанковічы
Бешанковічы
Бешанковічы
Бешанковічы
Бешанковічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бешанковічы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.

Паводле найбольш папулярнага меркаваньня, тапонім Бешанковічы ўтварыўся ад слова бешань — 'моцная плынь на сярэдзіне ракі'[2]. На думку беларускага географа Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы — прозьвішча Бешанковіч[3].

Паводле мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гістарычная форма назвы паселішча — Бе́шанкавічы. Яна адпавядае той жа словаўтваральнай мадэлі, што і Алёхнавічы, Асіпавічы і Радашкавічы[4].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Бешинковичи (1567 год)[5].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Паводле паданьня, Бешанковічы знаходзіліся на месцы сучаснай вёскі Мількавічаў, на левым беразе Дзьвіны, вышэй за ўток у яе ракі Крывінкі. Пазьней іх перанесьлі на 6 км ніжэй[6]. Першы пісьмовы ўпамін пра Бешанковічы датуецца 1447 годам (паводле А. Сапунова[7]) або 1460 годам (паводле гісторыка А. Турчыновіча[8]) у зьвязку з пабудовай тут царквы Сьвятога Ільлі вялікім князем Казімерам. У пачатку XVІ ст. вёска ўваходзіла ў склад Крывінскай воласьці Полацкага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Друцкіх-Саколінскіх. Паводле рэвізіі Полацкага замка 1552 году, тут было 34 двары[9].

 
Палац Храптовічаў. Н. Орда, 1876 г.

У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 году — у валоданьні аршанскага маршалка М. Андравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімер Леў Сапега, па чым яны пачалі імкліва разьвівацца і атрымалі статус мястэчка. Ужо 4 кастрычніка 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Бешанковічам Магдэбурскае права і дазвол на 2 кірмашы ў год і таргі штотыдзень. У 1650 годзе Казімер Леў Сапега збудаваў тут касьцёл. З канца XVІІ стагодзьдзя Бешанковічамі валодалі Агінскія, у мястэчку пачалі будавацца камяніцы. У Вялікую Паўночную вайну ў 1708 годзе тут стаялі расейскія войскі, тройчы спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I.

Зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя Бешанковічы — места, у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтар ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты[10]; працаваў гасьціны двор[11]. Для эканамічнага разьвіцьця Бешанковічаў важнае значэньне меў адзін з найбольшых у Беларусі штогадовых кірмашоў (29 чэрвеня — 27 ліпеня), на які прыяжджалі беларускія, расейскія і заходнеэўрапейскія купцы[10]. У 1770-я гады Міхал Казімер Агінскі збудаваў у месьце палац, заклаў парк зь некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.

 
Праект царквы-мураўёўкі, 1863 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) задзьвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Па сьмерці І. Агінскага ў 1775 годзе места перайшло да Яўхіма Храптовіча, які збудаваў тут новы палац[11]. На 1785 год у літоўскай частцы было 1000 двароў, дзеялі касьцёл і царква[11].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павету; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 году з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі францускія войскі, некалькі дзён тут разьмяшчаўся штаб Напалеона. У верасьні 1821 году на агляд расейскай гвардыі ў мястэчка прыяжджаў маскоўскі гаспадар Аляксандар I.

На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі расейская народная вучэльня, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крамаў, у навакольлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XІХ стагодзьдзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 году Дзьвіной з Вулы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 году — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX ст. — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходзкая школа, 3 народныя вучэльні, 127 крамаў, лякарня.

У Першую сусьветную вайну Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе, сюды перанесьлі цэнтар Лепельскага павету (у красавіку — верасьні 1918 году цэнтар Бешанковіцкага павету).

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бешанковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР; у Лепельскім (1919—1923) і Бачэйкаўскім паветах (1923—1924). У 1924 годзе Бешанковічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай акругі. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 25 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі герб і сьцяг Бешанковічаў[12].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1750 год — 5,5 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 2359 чал. (1159 муж. і 1200 жан.), зь іх шляхты 35 муж. і 36 жан., духоўнага стану каталіцкага 1 муж., духоўнага стану праваслаўнага 4 муж. і 3 жан., купцоў-юдэяў 25 муж. і 28 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 529 муж. і 529 жан., мяшчанаў-юдэяў 497 муж. і 530 жан., сялянаў зямянскіх 42 муж. і 58 жан., аднадворцаў 3 муж. і 1 жан., адстаўных салдатаў 8 муж. і 3 жан., дваровых людзей 15 муж. і 12 жан.[13]; 1868 год — 3205 чал.; 1880 год — 4638 чал.[14]; 1897 год — 4423 чал (2071 муж. і 2352 жан.), зь іх 1193 праваслаўных, 48 каталікоў, 3182 юдэяў[15]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 4,3 тыс. чал.; 1968 год — 4,5 тыс. чал.[16]; 1969 год — 4,7 тыс. чал.; 1977 год — 5,5 тыс. чал.; 1992 год — 9437 чал.[17]; 1995 год — 9,1 тыс. чал.[18]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,2 тыс. чал.; 2005 год — 8,1 тыс. чал.; 2006 год — 8,0 тыс. чал.; 2009 год — 7344 чал.[19] (перапіс); 2010 год — 7,3 тыс. чал.; 2016 год — 6701 чал.[20]; 2017 год — 6647 чал.[21]; 2018 год — 6597 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Бешанковічах працуюць 2 агульнаадукацыйныя, дзіцяча-юнацкая спартовая, музычная школы.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць дом культуры, дом рамёстваў, бібліятэка.

У мястэчку выдаецца раённая газэта «Зара».

Забудова

рэдагаваць

Паводле генэральных плянаў (1969 і 1979 гады) Бешанковічы разьвіваецца пераважна ў паўднёва-заходнім кірунку. Цэнтар забудоўваецца 2—3-павярховымі жылымі дамамі. Вядзецца будаўніцтва катэджаў. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-заходняй частках.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Абазоўскага вуліца Берагавая вуліца[22]
Валадарскага вуліца Макараўская шаша
Інтэрнацыянальная вуліца Рынкавая вуліца
Савецкая вуліца Папярочная Рынкавая вуліца
Свабоды вуліца Лепельская вуліца

У Бешанковічах таксама існавалі вуліцы Лагавая, Набярэжная, Палявая, Слабада і Чашніцкая, а таксама Віленскі завулак. Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бешанковічаў
  • ААТ «Бешанковіцкі льнозавод»
  • КУВП «Бешанковіцкая рымарская фабрыка»
  • РУП «Бешанковіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў»
  • Малочны завод
  • Камбінат будматэрыялаў

Транспарт

рэдагаваць

Празь Бешанковічы праходзяць аўтамабільныя дарогі: магістраль М3 (Менск — Віцебск), Р111 (Бешанковічы — Чашнікі), Р113 (Сянно — Ушачы).

Рэгулярныя аўтобусныя маршруты злучаюць мястэчка зь Менскам, Віцебскам, Полацкам, Лепелем, Чашнікамі, Вушачамі ды іншымі.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць
 
Царква Сьвятога Прарока Ільлі

Працуе Бешанковіцкі гістарычна-краязнаўчы музэй. Меская гасьцініца мае афіцыйны адрас вуліца Камуністычная, 22. Дзее дом паляўнічага.

Мястэчка — вядомы цэнтар традыцыйных ганчарных вырабаў, г. зв. «бешанковіцкай керамікі»[23].

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
 
«Дуб Напалеона» да сьпілаваньня

Паводле легенды, нібы ў 1812 годзе францускі імпэратар Напалеон I пазаваў мастаку Альбрэхту Адаму менавіта пад гэтым дрэвам. Дуб сьпілавалі 28 кастрычніка 2010 году, ён праіснаваў каля чатырохсот гадоў. Дрэва было каля 30 мэтраў у вышыню і мела ў папярочніку каля 2-х мэтраў. Раней дрэва атачаў плот, таксама існавала таблічка пра тое, што гэта помнік прыроды, які ахоўваецца дзяржавай[24].

  • Касьцёл Сьвятых Казімера і Рафала (1650)
  • Сынагога
  • Царква на Задзьвінскай Слабодцы (XVIII ст.)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Геральдыка (рас.). Бешенковичский районный исполнительный комитетПраверана 28 ліпеня 2011 г.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 27—28.
  4. ^ Вячорка В. (19.03.2016) "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё СвабодаПраверана 23 чэрвеня 2017 г.
  5. ^ Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3. — Петроград, 1915. С. 476.
  6. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бешанковіцкага р-на. — Мн., 1991. С. 18.
  7. ^ Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор. — Витебск: Губернская типография, 1890. С. 32.
  8. ^ Турчинович И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. С. 115.
  9. ^ Грынявецкі В. Бешанковічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 325.
  10. ^ а б Крачкоўскі А., Марозава А. Бешанковічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 26.
  11. ^ а б в Грынявецкі В. Бешанковічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 326.
  12. ^ Указ Президента Республики Беларусь № 36 от 20 января 2006 г. «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»(недаступная спасылка)
  13. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 415.
  14. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 223.
  15. ^ Населенные места Российской империи в 500 и более жителей с указанием всего наличного в них населения и числа жителей преобладающих вероисповеданий, по данным первой всеобщей переписи населения 1897 г. - Санкт-Петербург : типография "Общественная польза", 1905. - X, 270, 120 с.
  16. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  17. ^ Крачкоўскі А. Марозава А. Бешанковічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 25.
  18. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 135.
  19. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Паўлоўская Л. Бешенковичский район: окунёмся в историю // Зара, 24 сакавіка 2022 г.
  23. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 45.
  24. ^ Дуб Напалеона ў Бешанковічах сьпілавалі (рас.)

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць