Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч (Літавор-Храптовіч; 4 студзеня 17294 сакавіка 1812) — дзяржаўны, гаспадарчы, навуковы і культурны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Сакратар сьвецкі (1764—1773), падканцлер (1773—1793) і апошні канцлер вялікі літоўскі (1793—1795).

Яўхім Храптовіч
лац. Jaŭchim Chraptovič
Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч
Яўхім Ігнаці Юзэф Храптовіч

Герб «Адравонж»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 студзеня 1729
Ясянец каля Наваградку
Памёр 4 сакавіка 1812 (83 гады)
Варшава
Пахаваны
Род Храптовічы
Бацькі Марцыян Храптовіч
Рэгіна з Войнаў
Жонка Канстанцыя з Пшазьдзецкіх
Дзеці Ірэней, Адам
Дзейнасьць паэт, дыплямат, публіцыст, перакладнік, дзяржаўны службовец, палітык, афіцэр
Подпіс Выява аўтографу

Быў старостам аршанскім, жосьлінскім, старадубскім[1]. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1773)[2] і Белага Арла (1773)[3].

Па сьмерці бацькі ў 1766 годзе атрымаў маёнткі Шчорсы ў Наваградзкім павеце, Зэмбін у Менскім павеце, Пышну ў Полацкім ваяводзтве, Халопенічы ў Аршанскім павеце і іншыя, пазьней набыў Бешанковічы і Пачаевічы ў Полацкім ваяводзтве, Вішнеў і Славенск у Ашмянскім павеце, Грыцкавічы і Нежыцы ў Аршанскім павеце.

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкага роду Храптовічаў гербу «Адравонж», сын Марцыяна і Рэгіны Вайнянкі. Першую адукацыю атрымаў дома ў маёнтку Шчорсах Наваградзкага павету. Пазьней навучаўся ў Вільні, Нясьвіжы, Заходняй Прусіі.

У 1752 годзе атрымаў свой першы ўрад стольніка наваградзкага. У 1753 годзе абіраўся дэпутатам Гарадзенскага павету на Галоўны Трыбунал. У 1754, 1756, 1758, 1764, 1766 гады абіраўся паслом ад Наваградзкага павету на соймы Рэчы Паспалітай.

28 сьнежня 1764 году па каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымаў урад сакратара вялікага літоўскага. У 1765 годзе быў маршалкам Галоўнага Трыбуналу.

У 1769—1772 гадох вандраваў у Нямеччыну, Францыю, Ангельшчыну, Галяндыю, Аўстрыю, нібыта для паляпшэньня здароўя. У рэальнасьці, на загад караля, мусіў нэўтралізоўваць дзейнасьць паслоў Барскай канфэдэрацыі ў Эўропе. 6 кастрычніка 1773 году атрымаў урад падканцлера вялікага літоўскага. У тым жа годзе яго прызначылі камісарам дэпартамэнту Віленскай акадэміі і школаў Вялікага Княства Літоўскага пры навастворанай Адукацыйнай камісіі. У 1778 годзе ўвайшоў у склад Пастаяннай Рады, дзе ўзначаліў Дэпартамэнт замежных інтарэсаў. 22 верасьня 1784 году прыняў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў сваім родавым маёнтку ў Шчорсах. У 1791 годзе заняў пасаду міністра замежных справаў Рэчы Паспалітай і ўвайшоў у «Варту Законаў». 14 чэрвеня 1793 году атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. У 1793—1795 гадох лячыўся за мяжой.

 
Я. Храптовіч. Дж. Б. Грасі, 1795 г.

У 1795—1812 гадох жыў у Варшаве. Адыйшоў ад палітычных справаў, займаўся навукай. 4 сакавіка 1812 году памёр у Варшаве. Спачыў у касьцёле капуцынаў.

Ажаніўся ў 1766 годзе з Канстанцыяй, дачкой падканцлера вялікага літоўскага Антонія Тадэвуша Пшазьдзецкага. У шлюбе меў 4 сыны і дачку.

Палітычныя погляды

рэдагаваць

На працягу ўсяго жыцьця быў адданым прыхільнікам караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста. Бараніў ягоныя інтарэсы на соймах і сойміках. З часам зрабіўся галоўным рэпрэзэнтантам манарха на землях Вялікага Княства Літоўскага. Адносіны да іншых магнацкіх радоў залежылі ад іх лаяльнасьці да караля. У 1780—1785 гадох быў адным з галоўных ініцыятараў судовай справы супраць Тызэнгаўза, спрабуючы такім чынам ліквідаваць небясьпечнага канкурэнта ў барацьбе за прыхільнасьць шляхты ВКЛ.

На Чатырохгадовым Сойме прапанаваў праект агульнага разьмежаваньня ўладаньняў у ВКЛ. Канстытуцыю 3 траўня прыняў, але з насьцярогай. Менавіта ён пераканаў караля ў 1792 годзе перайсьці на бок Таргавіцкай канфэдэрацыі.

Быў прыхільнікам добрасуседзкіх дачыненьняў з Расейскай імпэрыяй.

Гаспадарчая дзейнасьць

рэдагаваць

Правёў значныя гаспадарчыя пераўтварэньні на сваіх землях. У 1770—1776 гадох паводле праекту замежных архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля збудаваў у Шчорсах палацава-паркавы ансамбль.

У 70-я гады XVIII ст. істотна рэарганізаваў у сваіх маёнтках гаспадарку, якая зрабілася адной з найлепшых у ВКЛ. Усе працы ў фальварках Шчорсаў выконвалі толькі наёмныя работнікі (зь ліку сялянаў). Ураджайнасьць збожжа была вельмі высокай, таксама пэўныя посьпехі мелі жывёлагадоўля і пчалярства.

Пераўтварыў сялянаў у прыгонных арандатараў: замест паншчыны яны мусілі выпочваць трэць ураджаю грашыма. За кошт павелічэньня гаспадарчай самастойнасьці палепшыўся сялянскі побыт[4].

Будаваў для сялянаў школы, аптэкі, наймаў лекараў. Гэта спрыяла таму, што многія сяляне з Расейскай імпэрыі, шукаючы лепшую долю, уцякалі менавіта ў ягоныя маёнткі[4].

Збудаваў у Шчорсах адзін зь першых на Беларусі ветракоў[1]. У 1778 годзе заснаваў мэталюргічны завод у Вішневе.

Асьветніцтва

рэдагаваць

У канцы жыцьця актыўна займаўся навуковай дзейнасьцю. Быў прыхільнікам тэорыі фізыякратызму.

У 1802 годзе ў Варшаве выйшла ягоная праца «Аб штогадовым нацыянальным узнаўленьні» («О reprodukcji corocznej krajowej»), а ў 1814 годзе — «Аб натуральным праве» («O prawie natury»), у якіх адстойваў менавіта гэтую тэорыю.

Пісаў вершы, у тым ліку і на беларускай мове[5][6], артыкулы на сельскагаспадарчыя тэмы. Для пацьверджаньня свайго шляхецтва напісаў «Памятку пра род Літавораў Храптовічаў ад першых зьвестак да 1795 г.», апублікаваную ў 1890—1891 гады.

  1. ^ а б Спірыдонаў М. Храптовіч Іахім Ігнацы Юзаф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 718.
  2. ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Św. Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 177.
  3. ^ Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008. — Warszawa, 2008. S. 212.
  4. ^ а б Спірыдонаў М. Храптовіч Іахім Ігнацы Юзаф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 719.
  5. ^ Мальдзіс А. Беларусіка ў польскіх рукапісных зборах // «Вяртанне» № 6, 1999. С. 158.
  6. ^ Яновіч С. Пад знакамі Арла й Пагоні. — Крынкі: Offset-Print, Białystok, 2003.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць