Мікалай Лапіцкі
Мікала́й Лапі́цкі (13 сьнежня [ст. ст. 30 лістапада] 1907, в. Грэлікі, Вялейскі павет — 8 жніўня 1976, Беларускі адпачынкавы цэнтар «Бэлэр-Менск», штат Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі царкоўны дзяяч.
Мікалай Лапіцкі | |
Фатаграфія Мікалая Лапіцкага, апублікаваная ў 2012 годзе | |
Род дзейнасьці | сьвятар, рэлігійны і грамадзкі дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 13 сьнежня [ст. ст. 30 лістапада] 1907 |
Месца нараджэньня | в. Грэлікі, Вялейскі павет |
Дата сьмерці | 8 жніўня 1976 |
Месца сьмерці | Беларускі адпачынкавы цэнтар «Бэлэр-Менск», штат Нью-Ёрк, ЗША |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Месца працы | |
Бацька | Сцяпан Грышкевіч[d] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лапіцкі.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПад час першай сусьветнай вайны — з бацькамі ў бежанстве. Па вяртаньні ў 1918 годзе распачаў вучобу ў расейскай прыватнай гімназіі ў Вялейцы. Пасьля двух гадоў навукі перайшоў у пятую клясу Віленскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. У часе вучобы ў сэмінарыі захапіўся творчасьцю Зьмітрака Бядулі, асобныя творы якога, як напрыклад, апавяданьне «Малітва малога Габрусіка», ведаў на памяць[1].
У траўні 1930 году скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю. Далейшую навуку прадоўжыў на факультэце праваслаўнага багаслоўя Варшаўскага ўнівэрсытэту. У ліпені 1934-га, атрымаўшы дыплём, ён быў рукапакладзены ў сьвятарскі сан і прызначаны на прыход у павятовыя Ашмяны. Бліскуча абараніў магістарскую працу на тэму «Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім з часоў панаваньня Ўладыслава Ягайлы»[2].
12 ліпеня 1932 году ажаніўся з Валянцінай Трафімюк, дачкой багатага землеўладальніка зь Беласточчыны.
За беларускую мову і патрыятычныя казаньні быў пераведзены ў глухую вёску Сьцяфанпольле на Дзісеншчыне.
У гады Другой сусьветнай вайны займаецца пошукам і вызваленьнем з канцлягераў ваеннапалонных беларусаў, сам трапляе ў рукі нямецкай Службы Бясьпекі, а вярнуўшыся на волю, пераязджае ў Менск.
Удзельнік усебеларускага царкоўнага сабору ў 1942 годзе на якім было абвешчана стварэньне Беларускай Аўтакефальнай Царквы. Прызначаны настаяцелем менскай Чыгуначнай царквы.
З 1944 г. у эміграцыі. У 1946-м разам зь Беларускім царкоўным камітэтам склікаў у Рэгенсбургу зьезд духавенства і вернікаў з заходніх акупацыйных зонаў Нямеччыны. Зьезд катэгарычна выступіў супроць уваходу беларускіх япіскапаў у склад Расейскай зарубежнай царквы.
Пасьля пераезду ў ЗША — настаяцель прыходу сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі. Стварае пры царкве школу беларусазнаўства, выдае часопіс «Царкоўны Сьветач»..
Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.
Раптоўна памёр 8 жніўня 1976 году ў Беларускім адпачынкавым цэнтры «Бэлэр-Менск» каля мясцовасьці Глен Спэй у штаце Нью-Ёрк. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Юры Гарбінскі. ПРАДМОВА (А. МІКАЛАЙ ЛАПІЦКІ)
- ^ Імёны Свабоды: Мікалай Лапіцкі Радыё Свабода 12 сьнежня 2006