Антыбальшавіцкі блёк народаў
Антыбальшаві́цкі блёк наро́даў — міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе і Азіі.
Антыбальшавіцкі блёк народаў | |
анг. Anti-Bolshevik Bloc of Nations | |
Абрэвіятура | АБН |
---|---|
Папярэднік | Камітэт паняволеных народаў(uk) |
Дата ўтварэньня | 16 красавіка 1946 (78 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 1996 |
Тып | Няўрадавая |
Юрыдычны статус | Міжнародная арганізацыя |
Мэта | Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі |
Штаб-кватэра | Мюнхэн (Баварыя, Нямеччына) |
Сяброўства | 18 грамадзкіх аб’яднаньняў ад 14 народаў |
Генэральны сакратар | Ц. Пакорны |
Прэзыдэнт | Яраслаў Стэцько(en) |
Старшыня Рады | Радаслаў Астроўскі |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Сусьветная антыкамуністычная ліга(en) |
Утварэньне
рэдагавацьІдэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 году ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы» («рэвалюцыйнага ходаньня») супраць «камунізму», прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канфэрэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі: капітан В. Ермаковіч і старэйшы лейтэнант Г. Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад псэўданімам «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канфэрэнцыі). У 1944 годзе ў Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваны канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16 красавіка 1946 г. у Пазінгу каля Мюнхэна ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацыяў народаў Усходняй Эўропы й Азіі.
Дзейнасьць
рэдагавацьАБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў заходніх краінаў, у якіх перасьцерагаў іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай», арганізуе мітынгі й прэс-канфэрэнцыі. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказвае падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вядзе шырокую прапаганду. У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі — гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры — эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў зь іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі (у тым ліку з Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігай, у склад якое ўвайшоў у 1967, і Эўрапескай Радай Свабоды), актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга.
Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімер Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімер Пеляса й Міхась Сенька. Апроч таго ў склад Блёку ўваходзілі наступныя арганізацыі:
- Аб’яднаная Гетманская Арганізацыя (Украіна)
- Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў
- Баўгарскі Нацыянальны Фронт
- Вугорскі вызвольны рух
- Грузынская Нацыянальная Арганізацыя
- Зьвяз Эстонскіх Змагароў за волю
- Казацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
- Камітэт «Вольная Армэнія»
- Латыская асацыяцыя за змаганьне супраць камунізму
- Летувіскі Рух Адраджэньня
- Нацыянальны Туркестанскі Злучаны Камітэт
- Славацкі Вызваленчы Камітэт
- Харвацкі Нацыянальны Вызвольны Рух
- Чэскі Нацыянальны Камітэт
- Чэскі Рух за Свабоду
- Эстонскі вызвольны рух
Аднак найбольшую актыўнасьць праяўлялі ўсё ж украінскія арганізацыі. Сваю дзейнасьць Блёк спыніў у 1996 у сувязі з выкананьнем пастаўленых мэтаў, аднак яшчэ сёньня існуюць асобныя групы АБН у ЗША, Бэльгіі, Італіі, Аўстраліі, Аргентыне, як то Амэрыканскія Сябры АБН, куды ў свой час уваходзіў былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш Старэйшы. Моладзевыя сэкцыі дзейнічаюць у ЗША й Вялікай Брытаніі.
Кіраўніцтва
рэдагавацьПрэзыдэнты АБН
рэдагаваць- 1946—1986 Яраслаў Сэмэнавіч Стэцько (1912—1996)
- 1986—1996 Яраслава Ёсіпаўна Стэцько (1920—2003), жонка
Старшыні Народнае Рады АБН
рэдагавацьВ.Берзіньш, В.Каюм-Хан, Ф.Дзюрчанскі, Ф.Фаркас дэ Кісбарнак і Р.Астроўскі
Генэральныя Сакратары
рэдагавацьН.(Ніно ?)Накашыдзэ й Ц.Пакорны
Сродкі масавае інфармацыі
рэдагаваць- «ABN Correspondence» («Карыспандэнцыя АБН»; 1950—1996, на ангельскай, нямецкай і францускай, пасьля толькі на ангельскай)
- «Resistencia y Liberación» («Рэзыстанс і Вызваленьне»; Буэнас-айрэс)
- «L’est européen» («Эўрапеец»; Парыж)