Кенатаф
Кенатаф (па-старажытнагрэцку: κενοτάφιον — kenotaphion, ад κενός — "пусты" і τάφος — "магіла") — сымбалічная магіла, у якой няма нябожчыка.
Устанаўліваецца ў выпадку, калі нябожчык загінуў (зьнік безь вестак, патануў і г. д.) у цяжкадаступным месцы, а цела згублена або яго пошук можа прывесьці да новых ахвяраў і яно ня можа быць пахавана на радзіме. Таксама кенатаф усталёўваецца, калі цела крэміравалі, а прах разьвеяны.
Кенатафы служаць для ўшанаваньня памяці аб памерлым і выкананьня памінальных рытуалаў і ўяўляюць сабой збудаваньні розных тыпаў і ступені складанасьці (надмагільле, грабніца, склеп, помнік, бюст, стэля, абеліск, мэмарыял, барэльеф, мэмарыяльная дошка і т. д.). Акрамя таго, у эўрапейскай традыцыі кенатафам часта завецца памятнае збудаваньне, разьмешчанае не над магілай з парэшткамі нябожчыка, а на месцы яго гібелі (нават калі магіла існуе).
У цяперашні час ўстаноўка кенатафа зьяўляецца досыць распаўсюджанай зьявай. Кенатафы можна сустрэць ня толькі ў спэцыяльна прызначаных для гэтага месцах — могілках, а значна часьцей, як было прынята ў старажытных грэкаў і рымлян — напрыклад, на месцы гібелі. Часта кенатафы разьмяшчаюцца ў грамадзкіх месцах (на плошчах, у парках, сквэрах), уздоўж дарог або на месцы раптоўнай сьмерці нябожчыка (напрыклад, ДТЗ).
Падобныя кенатафы прызначаныя для ўшанаваньня памяці і правядзеньня рытуалаў памінаньня ў традыцыйныя, часьцей рэлігійныя памінальныя дні. Будуюцца на сродкі сваякоў ці сяброў памерлага, грамадзкімі арганізацыямі або дзяржавай. Раптоўная гібель блізкага і каханага чалавека — часьцей у аўтамабільнай аварыі, нярэдка некалькіх чальцоў адной сям’і выклікае столькі эмоцыяў, што помніка на могілках здаецца недастаткова і тады на месцы трагедыі ўсталёўваецца кенатаф.