Сымон Рак-Міхайлоўскі

беларускі грамадзка-палітычны дзяяч
(Перанакіравана з «С. Рак-Міхайлоўскі»)

Сымон Аляксандравіч Рак-Міхайлоўскі, пс.: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак; Крыптанімы: С. Р., Р.-М., Сымон Р., Сымон Р-к (2 (14) красавіка 1885, в. Максімаўка, Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён — 27 лістапада 1938, Менск) — беларускі публіцыст, рэдактар, паэт, грамадзка-палітычны дзяяч. Пасол сейму Другой Рэчы Паспалітай. Арганізатар і чалец ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай народнай рады. Аўтар музыкі на словы Максіма Багдановіча «Зорка Вэнэра».

Сымон Рак-Міхайлоўскі
лац. Symon Rak-Michajłoŭski
Пасол польскага Сэйму
1922 — 1927
Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада
1917 — 1917
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 2 (14) красавіка 1885
Максімаўка, Вялейскі павет
Памёр: 27 лістапада 1938(1938-11-27) (53 гады)
Менск, БССР
Партыя: БСГ,
БСРГ,
КПЗБ,
ВКП(б)
Дзеці: двое
Адукацыя:

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1900—1904 вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі; потым настаўнічаў на Маладэчаншчыне. У час рэвалюцыі 1905—1907 за распаўсюджаньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зьняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым вымушаны зьехаць у Крым. У 1912 у Фэадосіі скончыў пэдынстытут. Вярнуўся на радзіму. Арганізоўваў беларускія школы. Стаў чальцом БСГ.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 мабілізаваны ў расейскае войска. Ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»).

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 сябра Рады БНР. У 1918—1919 сябра Беларускай вайсковай камісіі.

У 1918—1920 жыў у Горадні, працаваў у беларускай гімназіі. Рэгулярнай публіцыстычнай творчасьцю пачаў займацца з 1919. У 1920—1922 дырэктар Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.

У 1922 абраны дэпутатам сейму Другой Рэчы Паспалітай ад Блёку нацыянальных меншасьцяў. Ад 1923 чалец Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 — Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 намесьнік старшыні ЦК БСРГ. Ад 1926 сябра КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клюбу БСРГ»; сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. У 1926 годзе стаў Старшынём Наглядальнае рады Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні.

Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15 студзеня 1927. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 на «працэсе 56-і» асуджаны да 12 гадоў турмы. Паводле рашэньня апэляцыйнага суду вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэту «Змаганьне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930 перабраўся ў Менск.

Зь лютага 1931 і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 быў чальцом ЦВК БССР.

Арыштаваны ДПУ БССР 16 жніўня 1933 у Менску па адрасе: вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 рашэньнем судовай калегіі АДПУ СССР як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягероў. Адпраўлены на Салаўкі. 5 верасьня 1937 этапаваны ў Менск, дзе 14 лістапада 1938 «асобай тройкай» НКУС БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА 18 красавіка 1956. Асабовая справа Р. № 10182-с (спынена 16 жніўня 1956) захоўваецца ў архіве КДБ РБ.

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

  • Гутарка аб беларускай мове. Мн., 1919;
  • Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клюбу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. Вільня, 1924;
  • Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Вільня, 1926.
  • Турэмны дзённік Сымона Рак-Міхайлоўскага // Куфэрак Віленшчыны. 2007. № 1 (12). С. 48—97.

Літаратура

рэдагаваць