Нацыяналізм
Нацыяналі́зм (па-француску: nationalisme) — палітыка і практыка, ідэалёгія і псыхалёгія ў нацыянальным пытаньні, заснаваныя на прызнаньні нацыяў і іх узаемаадносін асабліва важным фактарам грамадзкага разьвіцьця, прыярытэтнага і прывілеяванага месца, ролі і інтарэсаў пэўнага народу ў сацыяльна-палітычным, эканамічным і культурным жыцьці ўсяго чалавецтва.
Палітычная ідэалёгія нацыяналізму базуецца на тым факце, што нацыя павінна кіраваць сабой, без умяшаньня звонку, што цесна зьвязана з паняткам самавызначэньня нацыі. Нацыяналізм накіраваны на разьвіцьцё і падтрыманьне нацыянальнай ідэнтычнасьці на аснове агульных, сацыяльных характарыстык, як то культура, мова, рэлігія, палітыка і агульнае паходжаньне[1]. Нацыяналізм, такім чынам, імкнецца захаваць культуру нацыі, праз гонар да нацыянальных дасягненьняў, і цесна зьвязаны з патрыятызмам, які, у некаторых выпадках, уключае ў сябе перакананьне, што дзяржава павінна кантраляваць урад краіны і сродкі вытворчасьці[2].
Гістарычна нацыяналізм уяўляе сабой сучасны панятак, які атрымаў сваё разьвіцьцё з XVIII стагодзьдзя. Зь ідэалягічнага погляду нацыяналізм ёсьць большым за сувязь чалавека з сваёй сям’ёй, мясцовай уладай і роднай зямлёй[3]. З палітычнага і сацыялягічнага пункту гледжаньня на сёньня існуюць тры парадыгмы для разуменьня вытокаў і асноваў нацыяналізму. Першая парадыгма выяўляе нацыяналізм як натуральную зьяву, базуючыся на меркаваньні, што народы існавалі заўсёды. Другая парадыгма ёсьць комплексам або гістарычнай пэрспэктывай, якая тлумачыць, што нацыяналізм зьяўляецца дынамічным паняткам і эвалюцыйнай зьявай, якая прасякнутая гістарычным значэньнем, шляхам суб’ектыўных сувязяў краіны да нацыянальных сымбаляў. Трэцяя мадэрнісцкая парадыгма прадугледжвае, што нацыяналізм ёсьць нядаўняй сацыяльнай зьявай, якая патрабуе існаваньня сацыяльна-эканамічных структураў сучаснага грамадзтва[4].
Існуюць розныя вызначэньні таго, што складае нацыю, такім чынам, існуць некалькі розных тыпаў нацыяналізму. Гэта можа быць перакананьне, што грамадзянства павінна быць абмежавана адной этнічнай, культурнай ці рэлігійнай групай, або што шматнацыянальнасьць у адной дзяржаве абавязкова павінна прывесьці да ўсталяваньня правоў на нацыянальную ідэнтычнасьць нават для меншасьцяў[5]. Для нацыяналізму вельмі важнымі ёсьць нацыянальныя сымбалі і сьцягі, гімны, мовы, міты і іншыя атрыбуты нацыянальнай ідэнтычнасьці[6][7].
Гісторыя
рэдагавацьГістарычна нацыяналізм як асобная ідэйна-палітычная плынь пачала складацца ў канцы 18 стагодзьдзя ў сувязі з бурным разьвіцьцём нацыянальных рухаў, станаўленьнем нацыяў і ростам нацыянальнай самасьвядомасьці, разгортваньнем нацыянальна-вызваленчага руху ў калёніях і паўкалёніях. У гэтым пляне, асабліва ў барацьбе супраць каляніялізму, нацыяналізм адыграў станоўчую ролю ў станаўленьні нацыяў, іх кансалідацыі, вызваленьні прыгнечаных народаў, іх самавызначэньні, захаваньні і развіцьці іх самабытнасьці і г. д. Але існуюць і крайнія формы выяўленьня нацыянальных інтарэсаў, якія могуць перарасьці ў сваю процілегласьць — у пачуцьцё нацыянальнай выключнасьці, перавагі над іншымі нацыямі (глядзіце шавінізм). У сучасным сьвеце нацыяналізм — адна з уплывовых і распаўсюджаных ідэйна-палітычных плыней, якія праяўляюцца як у глябальным, так і ў рэгіянальным і дзяржаўных маштабах.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Smith, A.D. (1981). «The Ethnic Revival in the Modern World». Cambridge University Press.
- ^ Nairn, Tom; James, Paul (2005). «Global Matrix: Nationalism, Globalism and State-Terrorism». London and New York: Pluto Press.
- ^ Kohn, Hans (2018). «Nationalism». Encyclopedia Britannica.
- ^ Smith, Anthony (2012). «Nationalism» (2nd ed.). Cambridge. ISBN 978-0-7456-5128-6.
- ^ Kymlicka, Will (1995). «Multicultural Citizenship: A Liberal Theory of Minority Rights». Oxford: Clarendon Press. — С. 16. — ISBN 0-19-827949-3.
- ^ Gellner, Ernest (2005). «Nations and Nationalism» (2nd ed.). Blackwell. ISBN 1-4051-3442-9.
- ^ Canovan, Margaret (1996). «Nationhood and Political Theory». Cheltenham, UK: Edward Elgar. ISBN 1-85278-852-6.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНацыяналізм — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Беларускі нацыяналізм. Даведнік. Беларуская палічка. (бел.)
- Нацыяналізм. Stanford Encyclopedia of Philosophy. (анг.)
- Нацыяналізм. Internet Modern History Sourcebook. Fordham University. (анг.)
- The Nationalism Project. (анг.)
- What Is Nationalism? A Short Guide. Owl Cation. (анг.)
- Nationalism, Its Characteristics, History, and Examples. The Balance. (анг.)