Прыро́да — арганічны й неарганічны матэрыяльны сьвет, Сусьвет, ва ўсёй сукупнасьці й сувязях ягоных формаў, зьяўляецца аб’ектам чалавечай дзейнасьці й пазнаньня, асноўны аб’ект вывучэньня навукі, уключаючы тое, што было створана дзейнасьцю чалавека. Менавіта ў такім, шырокім разуменьні прырода вывучаецца прыродазнаўствам, то бок сукупнасьцю навук пра свет, якія ставяць перад сабой мэту адкрыцьця законаў прыроды. У гэты шырокі панятак таксама ўваходзіць больш вузкі, то бок навакольнае асяродзьдзе ў геафізычным, геахімічным, кліматычным і біялягічным вымярэньні.

У розных ужываньнях слова «прырода» часьцяком спасылаецца на геалёгію й дзікую прыроду. Прырода можа ставіцца да усіх біялягічных царстваў, а ў некаторых выпадках да працэсаў, зьвязаных з неадушаўлёнымі прадметамі, напрыклад, як яны існуюць і зьмяняюцца бяз узьдзеяньня на іх, як то надвор’е й геалёгія Зямлі, а таксама да матэрыі й энэргіі, зь якіх гэтыя рэчы складаюцца. Тэрмін часьцяком разумеецца як «натуральнае асяродзьдзе», або сукупнасьць пустэльняў, дзікіх жывёлаў, камянёў, лесу, пляжаў, і ў цэлым тых рэчаў, якія не былі істотна зьменены умяшаньнем чалавека, або якія захоўваюцца нягледзячы на ўмяшаньне чалавека. Напрыклад, прамысловыя аб’екты й чалавечае ўзаемадзеяньне як правіла, не разглядаецца як частка прыроды, калі не кваліфікуецца як, напрыклад, «чалавечая прырода» або «уся прырода». Гэта традыцыйная канцэпцыя натуральных рэчаў, якая праводзіць розьніцу паміж натуральным і штучным, пры якім штучнае разумеецца як тое, што было створана сьвядомасьцю чалавека ці ягоным розумам. У залежнасьці ад канкрэтнага кантэксту, тэрмін «прыродны» можа таксама адрозьніваць рэчы ад ненатуральнага, звышнатуральнага або сынтэтычнага паходжаньня.

ЗямляРэдагаваць

Асноўны артыкул: Зямля
 
Фотаздымак Зямлі з космасу, які быў зроблены экіпажам карабелю «Апалён-17» ў 1972 годзе.

Зямля ёсьць ​​адзінай плянэтай, якая мае жыцьцё, і ейныя прыродныя асаблівасьці зьяўляюцца прадметам многіх сфэраў навуковых дасьледаваньняў. У Сонечнай сыстэме гэта трэцяя плянэта, бліжэйшая да Сонца; самая вялікая плянэта зямной групы й пятая паводле велічыні ў цэлым. Найбольш характэрнымі для яе кліматычнымі асаблівасьцямі зьяўляюцца два вялікія палярныя рэгіёны, дзьве адносна вузкія ўмераныя зоны й шырокі экватарыяльны трапічны й субтрапічны рэгіён[1]. Колькасьць ападкаў залежыць ад месца знаходжаньня на паверхні й вар’іруецца ад некалькіх мэтраў вады ў год да менш мілімэтру. 71% паверхні Зямлі пакрыты салёна-воднымі акіянамі. Астатняя частка складаецца з кантынэнтаў і астравоў, большасьць зь якіх заселеныя ў Паўночным паўшар’і.

Зямля разьвівалася дзякуючы геалягічным і біялягічным працэсам, якія пакінулі сьляды першапачатковых умоваў. Зьнешняя паверхня падзеленая на некалькі паступова мігруючых тэктанічных плітаў. Унутры плянэта складаецца з тоўстага плясту мантыі й жалезнага ядра, якое стварае магнітнае поле. Ядро складаецца зь цьвёрдага ўнутранага начыньня й зьнешняй вадкай абалонкі. Канвэктыўны рух у ядры генэруе электрычныя токі, якія апасродкава ствараюць геамагнітнае поле.

Атмасфэрныя ўмовы істотна зьмяніліся ад першапачатковых умоваў праз наяўнасьць формаў жыцьця[2], якія стварылі экалягічны балянс, які, у сваю чаргу, стабілізаваў паверхневыя ўмовы. Не зважаючы на ​​шырокія рэгіянальныя ваганьні клімату ў залежнасьці ад шыраты й іншых геаграфічных фактараў, сярэдні клімат у сусьветным маштабе даволі стабільны[3], а ваганьні сярэдняй тэмпэратуры гістарычна зрабілі сур’ёзны ўплыў на экалягічны балянс і фактычную геаграфію Зямлі[4][5].

Атмасфэра й кліматРэдагаваць

Асноўны артыкул: Атмасфэра Зямлі
 
Маланка, якую назіраюць на паверхні Зямлі.

Атмасфэра Зямлі ёсьць ключавым фактарам ​​падтрыманьня экасыстэмы. Тонкі пляст газаў, які ахінае Зямлю, трымаецца на месцы гравітацыяй. Паветра ў асноўным складецца з азоту, тлену, вадзяной пары, са значна меншымі колькасьцямі вуглякіслага газу, аргону й іншых элемэнтаў. Атмасфэрны ціск нязменна зьніжаецца зь зьмяненьнем вышыні. Азонавы пляст гуляе важную ролю ў зьмяншэньні колькасьці ультрафіялетавага выпраменьваньня, якое дасягае паверхні Зямлі. Паколькі ДНК арганізмаў лёгка пашкоджваецца ультрафіялетам, гэта служыць як абарона жыцьця на паверхні. Атмасфэра таксама затрымлівае цяпло ў начны час, тым самым зьніжаючы дзённыя перапады тэмпэратуры.

 
Тарнада ў цэнтральнай Аклагоме.

Зямное надвор’е мае месца амаль выключна ў ніжняй частцы атмасфэры й служыць канвэктыўнай сыстэмай для пераразмеркаваньня цяпла[6]. Акіянічныя плыні зьяўляюцца яшчэ адным важны фактарам ​​вызначэньня клімату, асабліва падводная тэрмагалінавая цыркуляцыя, якая разьмяркоўвае цеплавую энэргію з экватарыяльных акіянаў у палярныя рэгіёны. Гэтыя плыні дапамагаюць зьменшыць розьніцу тэмпэратуры паміж зімой і летам ва ўмераных зонах. Акрамя таго, без пераразьмеркаваньня цеплавой энэргіі акіянічнымі цячэньнямі й атмасфэрай, тропікі былі б значна гарачыя, а палярныя рэгіёны значна халаднейшыя.

Надвор’е можа ўплываць як карысна, гэтак і мець шкоднае ўзьдзеяньне. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я, як то тарнада, ураганы й цыклёны, могуць вызваляць вялікую колькасьць энэргіі на сваім шляху, наносячы значныя разбурэньні вынікам чалавечае працы. Паверхневая расьліннасьць склалася прыстасаваўшыся да сэзонных зьмяненьняў надвор’я, і ​​рэзкія зьмены, якія доўжацца ўсяго некалькі гадоў, могуць рабіць драматычны ўплыў як на расьліннасьць, гэтак і на жывёлаў, якія залежаць ад росту расьліннасьці й сілкуюцца ёй.

Клімат ёсьць сукупнасьцю доўгатэрміновых тэндэнцыяў надвор’я. Вядома, што на клімат уплываюць розныя фактары, уключаючы акіянічныя плыні, паверхневыя альбэда, парніковыя газы, зьмены сонечнай асьвятляльнасьці й зьмены арбіты Зямлі. Зыходзячы з гістарычных запісаў, Зямля, як вядома, перажывала рэзкія кліматычныя зьмены ў мінулым, у тым ліку ў ледавіковы пэрыяд. Клімат рэгіёну залежыць ад шэрагу фактараў, асабліва шыраты. Шыротная паласа паверхні з падобнымі кліматычнымі прыкметамі ўтварае кліматычны рэгіён. Існуе шэраг такіх рэгіёнаў, пачынаючы ад трапічнага клімату на экватары да палярнага клімату ў паўночным і паўднёвым ускрайках. На надвор’е таксама ўплываюць сэзоны, якія ўзьнікаюць у выніку нахілу восі Зямлі адносна ейнае арбітальнае плоскасьці. Такім чынам, у любы момант лета й зімы адна частка Зямлі непасрэдна падвяргаецца большаму ўзьдзеяньню сонечных прамянёў. Гэтае ўзьдзеяньне чаргуецца праз тое, што Зямля абарачаецца па арбіце. У любы момант часу, незалежна ад сэзону, паўночнае й паўднёвае паўшар’і маюць супрацьлеглы час году, як то, калі ў Беларусі зімовы пэрыяд, ва Ўругваі, якія месьціцца ў паўднёвым паўшар’і, у гэты час назіраецца летні пэрыяд.

Надвор’е ёсьць даволі хаатычнай сыстэмай, якая лёгка зьмяняецца невялікімі зьменамі навакольнага асяродзьдзя, таму дакладнае прагназаваньне надвор’я абмежаванае толькі некалькімі днямі[7]. У цэлым па ўсім сьвеце адбываюцца дзьве рэчы, як то тэмпэратура ў сярэднім падвышаецца, а рэгіянальны клімат зьведвае прыкметныя зьмены[8].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ «World Climates». Blue Planet Biomes.
  2. ^ «Calculations favor reducing atmosphere for early Earth». Science Daily.
  3. ^ «Past Climate Change». U.S. Environmental Protection Agency.
  4. ^ «History of Climate Change». NASA.
  5. ^ «The Discovery of Global Warming». American Institute of Physics.
  6. ^ Miller, G.; Spoolman, Scott (2007). «Environmental Science: Problems, Connections and Solutions». Cengage Learning. ISBN 978-0-495-38337-6.
  7. ^ Stern, Harvey; Davidson, Noel (May 25, 2015). «Trends in the skill of weather prediction at lead times of 1—14 days». Quarterly Journal of the Royal Meteorological Society. 141 (692). С. 2726—2736. — DOI:10.1002/qj.2559.
  8. ^ «Tropical Ocean Warming Drives Recent Northern Hemisphere Climate Change». Science Daily.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Прыродасховішча мультымэдыйных матэрыялаў