Антон Сялява

(Перанакіравана з «Антоні Сялява»)

Антон Сялява[a] (сьвецкае імя Анастас; каля 1583, Полацкае ваяводзтва — 1655, Тыкоцін) — царкоўны дзяяч і пісьменьнік, базылянін. Уніяцкі архібіскуп Полацкі (з 1624), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі (з 1640), протаархімандрыт Ордэна базылянаў Сьвятога Васіля Вялікага (з 1642).

Антон Сялява
лац. Anton Sialava
Антон Сялява
Антон Сялява
V архібіскуп Полацкі
1624 — 1655
ПапярэднікЯзафат Кунцэвіч
НаступнікГаўрыла Календа
V мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі
1640 — 1655
ПапярэднікРафал Корсак
НаступнікГаўрыла Календа
IV протаархімандрыт Ордэну базылянаў сьвятога Васіля Вялікага
1642 — 1655
ПапярэднікПахом Война-Аранскі
НаступнікЯкуб Суша
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Анастас Сялява
Нарадзіўся 1583
Памёр 5 кастрычніка 1655(1655-10-05)
Пахаваны
Род Сялявы
Рэлігія праваслаўе, потым уніяцтва
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіў з праваслаўнага полацкага шляхецкага роду гербу ўласнага. У 1612 годзе ўступіў у Ордэн базылянаў, у 1617 годзе высьвячаны на сьвятара. Духоўны вучань полацкага ўніяцкага архібіскупа сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча), зь якім ён пэўны час жыў у адной кельлі. У 1616—1619 гадох навучаўся ў Грэцкім калегіюме ў Рыме. Ад 1622 году архімандрыт базылянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні, а таксама манастыроў у Наваградку і Жыдычыне.

Па мучаніцкай сьмерці полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча кіеўскі мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі ў 1623 годзе намінаваў Антона Сяляву на архікатэдру ў Полацку, а ў 1624 годзе яго высьвяцілі на біскупа. Ад 1639 году генэральны вікары Кіеўскай мітраполіі. Быў наступнікам мітрапаліта Рафала Корсака на Кіеўскай і Галіцкай мітрапалічай катэдры з рэзыдэнцыяй у Вільні (1641—1655), захаваў за сабой полацкую біскупскую катэдру. Адначасна ад 1642 году, насуперак пастановаў першай генэральнай капітулы базылянскага ордэна, як і яго мітрапаліт-папярэднік, дабіўся захаваньня за сабою пасады протархімандрыта, даўшы базылянам пісьмовую гарантыю, што пасьля яго сьмерці пасада протархімандрыта ордэна ня будзе зьвязаная зь мітрапалічаю годнасьцю. Браў удзел у судовых спрэчках з праваслаўнымі герархамі, асабліва на тэрыторыі Полацкае архіяпархіі — Язэпам Бабрыковічам, Сыльвэстрам Косавым.

У 1645 годзе працягнуў справу мітрапаліта Язэпа Руцкага і пачаў перамовы з праваслаўнымі пра царкоўнае зьяднаньне ўніятаў і праваслаўных Кіеўскай мітраполіі і стварэньне агульнага патрыярхату, аднак сьмерць Кіеўскага праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы ў 1647 годзе спыніла перамовы.

Будучы хворым, у 1648 годзе перадаў кіраваньне Чынам сьвятога Васіля Вялікага а. Сымону Яцкевічу-Стаўравецкаму, генэральнаму кансультару Ордэна і Быценьскаму ігумену, аднак у сувязі з ваеннымі дзеяньнямі склікаць капітулу для выбараў новага протаархімандрыта не атрымалася і да сваёй сьмерці А. Сялява так і застаўся протаархімандрытам базылянаў.

Клапаціўся пра адукацыю сьвятароў, умацаваньне і паляпшэньне манаскага жыцьця. Быў фундатарам жаночага базылянскага манастыра ў Менску, манахіні якога мусілі займацца апекаю бедных дзяўчынак, і выдзяліў на гэтыя мэты грошы. Адчыніў сэмінарыю ў 1652 годзе пры манастыры.

У цяжкія для Зьяднанай Царквы часы казацкіх паўстаньняў і вайны з Масковіяй (1648—1654), калі існавала пагроза самому існаваньню Ўніяцкай царквы, вымушаны быў туляцца па краіне. Да таго ж мітрапаліту даводзілася бараніць Уніяцкую Царкву ад дыскрымінацыйнай палітыкі польскай лацінскай герархіі, якая грэбліва ставілася да Зьяднанай Царквы, якая прыняла шэраг зьняважлівых пастановаў адносна яе, прымушала вернікаў плаціць дзесяціну лацінскім сьвятарам і нават дамагалася поўнага зьнішчэньня Уніі зь пераводам вернікаў на лацінскі абрад.

Істотна спрычыніўся да бэатыфікацыі ў Рыме свайго папярэдніка на полацкім архібіскупскім пасадзе Язафата Кунцэвіча. Пад канец свайго жыцьця быў ужо моцна хворы і амаль асьлеп. У студзені 1655 году даручыў кіраваньне Кіеўскай мітраполіяй Гаўрылу Календу, а сам мусіў жыць на выгнаньні ў базылянскім манастыры ў Супрасьлі. Пакідаючы Полацак у 1655 годзе, здолеў забраць з сабою ў Супрасьль найбольшую каштоўнасьць Уніяцкай Царквы — труну зь целам блаславёнага Язафата, уратаваўшы яе ад маскоўскіх войскаў, што імкнуліся зьнішчыць усякую памяць пра сьвятога.

Памёр недалёка ад Супрасьля ў Тыкоціне на Падляшшы. Як падае хроніка супрасьлеўскага манастыра, «убягаючы перад Масквой зь Белай Русі, прыбыў да Супрасьля, а адтуль выехаў у Тыкоцін, рэзыдаваў там жа нейкі час у супрасьлеўскім двары пры царкве, дзе цяжка захварэў і памёр. Быў перавезены ў Супрасьль і пахаваны ў фундатарскім склепе».

Аўтарству А. Сялявы належаць: палемічны твор «Антыэленхас» (Вільня, 1622), скіраваны супраць «Эленхасу» Мялеція Сматрыцкага, і «Жыцьцё слугі Божага Язафата» (1625)[1].

Папярэднік
Язафат Кунцэвіч
Архібіскуп Полацкі
1624—1655
Наступнік
Гаўрыла Календа
Папярэднік
Рафал Корсак
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі
1640—1655
Наступнік
Гаўрыла Календа
Папярэднік
Пахом Война-Аранскі
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Васіля Вялікага
1642—1655
Наступнік
Якуб Суша
  1. ^ Іншая форма імя: Антоні Сялява (польск. Antoni Sielawa)
  1. ^ Сяргей Казуля. Антоній Сялява // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 649.

Літаратура

рэдагаваць