Пяхота — род войскаў, якія ваююць пераважна ў пешым баі (на ўласных нагах).

У сучасным сьвеце пяхота можа выкарыстоўваць матарызаваны транспарт. Доўгі час пяхота выкарыстоўвала пераважна ручную зброю (стралковую), у сучасных умовах (XXI стагодзьдзе) можа выкарыстоўваць шырокае кола ўзбраеньня (уключаючы ракетнае). У сувязі з разьвіцьцём тэхнікі й сродкаў дастаўкі можна правесьці наступную клясыфікацыю пяхоты:

  • мотастралкі (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — аўта й бранетэхніка)
  • марская пяхота (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — марскі/рачны транспарт)
  • паветраныя дэсантнікі (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — авіятэхніка).

Гісторыя

рэдагаваць
 
Каралеўскія Ірляндзкія стралкі пад час Пэршай сусьветнай вайны (1916)

За некаторымі выключэньнямі, большасьць арміяў у гісторыі былі пабудаваныя на падставе пяхоты. Віды ўзбраеньняў зьмяняліся, але нязьменным заставаўся прынцып пешай бойкі. Пехацінцы перасоўваліся й вялі бой на ўласных нагах (асабліва ў даіндустрыяльны пэрыяд), хаця зараз яны могуць быць дастаўленымі на месца бою з дапамогай розных транспартных сродкаў.

У старажытнасьці пяхота была добра ўзброенымі бандамі, што біліся ў хаатычна згуртаваных шэрагах пад камандваньнем аднаго лідэра, што аддаваў загады непасрэдна голасам. Але перавагі уніформы, абсталяваньня й узбраеньня прывялі да развіцьця баявых фармацый дзеля выкананьня тактычных манэўраў падчас бойкі.

Арганізацыя пяхоты пачалася з балянсаваньня паміж цяжкаўзброеннымі фармацыямі (як Грэчаская фаланга), што біліся ў правільных шыхтах і больш лёгкаўзброенымі, але й больш мабільнымі войскамі (як Рымскі легіён), што маглі больш хутка перасоўвацца па полі бою й выкарыстоўваць усе мажлівасьці на сваю карысьць, калі яны з’яўляліся. Праблемы з мабільнасьцю, узбраеньнем й абаронай (панцырам) дапаўняліся дадатковымі фактарамі, якія трэба было вырашаць.

Антычны пэрыяд

рэдагаваць

Пяхота была асноўнай баявой адзінкай Антычнага пэрыяду. Прыклады баявых фармацыяў таго пэрыяду — грэчаскія фалангі й легіёны Рымскай імпэрыі. У адрозьненьне ад добра арганізаваных фалангаў і легіёнаў, большасьць арміяў старажытнага сьвету была ўкамплектаваная нерэгулярнымі ваярамі (часьцей за ўсё наймітамі), што насілі менш брані й біліся ў адкрытых фармацыях.

Пасьля таго, як Рымская імпэрыя распалася й была захоплена германскімі плямёнамі (Вандаламі, Готамі, Вісготамі) у 5 стагодзьдзі нашай эры, з-за недахопу палітычных й ваенных рэсурсаў, патрэба ў такога кшалту баявых адзінках зьнікла амаль што да Сярэднявечча.

Сярэднявечча

рэдагаваць

Большую палову сярэднявечча ў войсках панавала кавалерыя (вершнікі, ваяры на конях), што складалася з асобных рыцараў. Рыцары часьцей за ўсё паходзілі са шляхты, а пехацінцаў набіралі ў асноўным з простага насельніцтва. Гэта ўскладніла разьвіцьцё пяхотнай тактыкі й узбраеньня.

Напрыканцы сярэднявечча былі распрацаваныя доўгія дзіды, а таксама зброя дальняга бою (лукаў), каб было што супрацьпаставіць перавазе кавалерыі ў мабільнасьці й хуткасьці.

Новы час

рэдагаваць

Хоць лукі й выкарыстоўваліся нават пасьля вынаходжаньня агнястрэльнае зброі, тэхналягічнае разьвіцьцё дазволіла гэтай зброі атрымаць першынство нават перад ангельскім доўгім лукам у якасьці улюбёнай зброі пяхоты. Таксама было найшмат лягчэй навучыць пехацінцаў карыстацца агнястрэльнай зброяй, чым лукам (дні ці тыдні да сярэдняга ўзроўню валоданьня, у параўнаньні з гадамі для доўгага луку). У фармацыях камбінаваліся агнястрэльная зброя й доўгія дзіды для супрацьстаяньня кавалерыі (але з вынаходжаньнем штыку патрэба ў дзідах зьнікла).

Да вынаходжаньня чыгункі ў XIX стагодзьдзі, пяхотныя арміі дабіраліся да месца бойкі пехатою ці, зрэдку, на караблі.

Марскія пехацінцы ўпершыню зьявіліся ў XVI стагодзьдзі ў Гішпаніі (Infanteria de Marina), а ў XVII стагодзьдзі ў астатніх краінах Эўропы, у тым ліку ў Вялікай Брытаніі. З-за таго, што Брытанія не была кантынэнтальнай дзяржавай, ёй не патрабавалася вялікая армія, але пяхота была неабходная для мажлівых прытарнаваньняў і высадак на кантынэнт. Тыповы каралеўскі марскі баявы карабель мог узяць на борт каля 600 чалавек. Зь іх 120—180 былі каралеўскімі марскімі пехацінцамі. Яны звычайна мелі сваю палубу й не займаліся мараходствам. Фармавалі дэсантныя атрады, абаранялі карабель падчас абардажу, чынілі пашкоджаную зброю й гарматы пасьля бойкі.

20—21 стагодзьдзі

рэдагаваць

Напрыканцы 19 стагодзьдзя й пазьней некаторыя дзяржавы ўжывалі веласыпедную пяхоту (кшалту італьянскіх Bersaglieri), але сапраўдную мабільнасьць пяхота пачала набываць у 20-х гадох 20 стагодзьдзя, калі зьявіўся матарызаваны транспарт і, суадносна, матарызаваная пяхота. Другая сусьветная вайна паказала неабходнасьць абароны пяхоты падчас перасоўваньняў, што было адлюстравана ў распрацоўцы браніраванага транспарту для перавозкі пяхоты.

Падчас Другой сусьветнай вайны шырокае распаўсюджаньне атрымалі паветраныя дэсантнікі, што адыгралі ключавую ролю ў некаторых бойках у Эўропе.

Падчас вайны ў Віетнаме армія ЗША ўпершыню выкарыстала верталёты дзеля хуткай дастаўкі вялікай колькасьці пехацінцаў на вялікія адлегласьці.

Сёньня дастаўка пехоты з дапамогай верталётаў называецца «паветраны штурм».Сучасную матарызаваную пяхоту падчас бойкі падтрымліваюць браніраваныя атакуючыя машыны (танкі), артылерыя й авіяцыя, але існуе й лёгкая пяхота, што не выкарыстоўвае матарызаванага транспарту. Але роля пяхоты пачынае зьмяншацца па-першае з-за разьвіцьця новых тэхналёгій, што не патрабуюць прысутнасьці людзей на полі бою, а па-другое з-за таго, што сучасныя палітыкі намагаюцца ўстрымацца ад «татальнай вайны» й зьвесьці колькасьць чалавечых ахвяраў да мінімуму.