Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны

Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны — орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем польскіх уладаў у 1919—1921 гадох.

Пячаць Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны з Пагоняй, 1919 г.

Утварылася 9—10 чэрвеня 1919 году на Беларускім зьездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У першы склад прэзыдыюму ўвайшлі: Клаўдзі Дуж-Душэўскі (старшыня), Міхаіл Кахановіч (віцэ-старшыня), Ян Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Янка Чарапук, сьвятар Кушнеў, ксёндз М. Пятроўскі і інш.

Выступала ў абарону сацыяльных і нацыянальных правоў беларускага народа, спрыяла разьвіцьцю беларускай школы, выдавецкай справы, каапэрацыі, займалася дабрачыннасьцю на карысьць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сіротаў.

Знаходзілася пад уплывам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, якая стаяла ў апазыцыі да польскіх улад. У палітычнай дзейнасьці прытрымлівалася актаў БНР за незалежную і дэмакратычную беларускую рэспубліку. У 1919 годзе, калі Рада БНР фактычна не функцыянавала, прэтэндавала на ролю галоўнага палітычнага цэнтру беларускага вызваленчага руху.

2 жніўня 1919 году ініцыявала стварэньне Беларускай ваеннай арганізацыі (пазьней пераўтворана ў Беларускую ваенную камісію), 15 ліпеня 1919 году — выдавецкага таварыства «Веда» (кіраўнік Я. Станкевіч). 22 верасьня 1919 году ў Вільні арганізавала настаўніцкія курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускіх школ (навучалася больш за 70 настаўнікаў зь Віленшчыны і Гарадзеншчыны). Спробы стварэньня прафэсійнага беларускага тэатру ў Вільні не былі рэалізаваны. 3 18 верасьня 1919 году выдавала інфармацыйны бюлетэнь Рады лацінкай і кірыліцай на шапірографе (выйшла больш за 10 нумароў). У верасьні 1919 у склад Рады кааптаваны прадстаўнікі ад Беларускага настаўніцкага саюза ў Вільні, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Віленскага Белнацкома, Віленскага саюзу каапэрацыі і іншых арганізацыяў: А. Карабач, Ф. Ярэміч, Ф. Кушаль, В. Ластоўскі, І. Канчэўскі і інш. 18 верасьня 1919 году ў новы склад прэзыдыюму Рады ўвайшлі Б. Тарашкевіч (старшыня), М. Кахановіч, А. Карабач (віцэ-старшыні), В. Ластоўскі (сакратар), Ф. Ярэміч (скарбнік).

На працягу сваёй дзейнасьці Рада неаднаразова выступала з пратэстамі супраць рэпрэсій і рэквізіцый у беларускіх жыхароў, арыштаў беларускіх нацыянальных дзеячаў, закрыцьця беларускіх школ. Ініцыіявала збор подпісаў за аднаўленьне закрытай Будслаўскай беларускай гімназіі. У пачатку 1920 году з прычыны адсутнасьці Б. Тарашкевіча абавязкі старшыні выконваў Карабач. У гэты час у сувязі з моцным палітычным і адміністрацыйным уціскам улад Рада фактычна спыніла сваю дзейнасьць. Яе функцыі па апекаваньні беларускіх школ, па разьвіцьці культурна-асьветнай і каапэратыўнай справы ў рэгіёне ўзялі на сябе Часовы Беларускі нацыянальны камітэт у Менску, Беларуская Цэнтральная школьная рада, Цэнтральны беларускі саюз сельскай гаспадаркі і інш. Спробы актывізаваць працу Рады ў канцы 1920 — пачатку 1921 году посьпеху ня мелі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1. — Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага, 1998.
  • Ляхоўскі У. Беларуская спрана падчас польскай акупацыі 1919—1920 гг. // Спадчына. № 6, 1994.