Трайпл
«Трайпл» (анг. Triple — патройны) — беларускае прыватнае прадпрыемства, заснаванае ў 1992 годзе ў Менску.
«Трайпл» | |
Тып | Таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | Лістапад 1992 |
Заснавальнікі | Юры Чыж |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, пр. Пераможцаў, д. 51, корп. 2 |
Галіна | Будаўніцтва, гандаль, сельская гаспадарка, турызм, харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | Антыбіётык, бэтон, жытло, мэбля, напой, цэгла |
Чысты прыбытак | $65,5 млн (2014) |
Даччыныя кампаніі | «Аскаргатэрмінал», Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў, ФК «Дынама Менск», «НафтаХімТрэйдынг», «ПрасторМаркет», «Ракаўскі бровар» |
Дзейнасьць
рэдагавацьНа 2015 г. «Трайпл» будаваў жытло ў менскім мікрараёне Ўручча і пасёлак Лагожаск (Лагойскі раён) на 48 катэджаў. Будаўнічыя матэрыялы выраблялі даччыныя прадпрыемствы Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў (Берасьцейская вобласьць), сумеснае ЗАТ «КварцКрэйдаПрам» (Хаціслаў, Маларыцкі раён, Берасьцейская вобл.) і сумеснае ТАА «Трайпл-Дэкор» (алюмінавы профіль). «АкваТрайпл» ад 16 лістапада 1994 г. вёў вытворчасьць безалькагольных напояў у плястыкавых пляшках ад паў- да 6 літраў. Даччынае сумеснае ЗАТ «ПрасторМаркет» ажыцьцяўляла збыт харчаваньня, у тым ліку страваў уласнай вытворчасьці, праз 5 гіпэрмаркетаў «Прастор» (анг. «ProStore») у Менску. Даччынае сумеснае ТАА «НафтаХімТрэйдынг» збывала паліва праз 10 аўтамабільных заправачных станцыяў (АЗС) у Берасьцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласьцях. Клюб дабрабыту «Эво» аказваў паслугі аздараўленьня ў Менску.
Даччынае ЗАТ «Аскаргатэрмінал» аказвала паслугі складзкога разьмяшчэньня на мытнях у нацыянальным аэрапорце Менск, Магілёве і Менскім раёне (вёска Шчытамірычы). Гарналыжны курорт «Лагойск» (Менская вобласьць) падаваў паслугі ў галіне спартова-аздараўляльнага турызму (валейбол, водны спорт, сумо і футбол). Даччынае ТАА «Ракаўскі бровар» падавала паслугі грамадзкага харчаваньня(en) у Менску праз аднайменныя страўню і бровар, францускія кавярню і страўню «Залаты грабеньчык» (франц. La Crête d’or), 3 кавярні «Салодкі фальварак» і адну «У Францішка». Таксама ў Менску месьціўся гадавальнік сярэднеазіяцкіх аўчарак(en) «Трайпл». Даччынае ТАА «ТрайплФарм» вырабляла парашковыя антыбіётыкі ў Лагойску (Менская вобл.). Сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-Агра» (в. Чудзенічы, Лагойскі раён) займаўся жывёлагадоўляй і расьлінаводзтвам. Таксама «Трайплу» належалі футбольны клюб «Дынама Менск» і Лядовая арэна Бярозы (Берасьцейская вобл.).
Мінуўшчына
рэдагавацьУ лістападзе 1992 г. былы кіраўнік энэргаслужбы аднаго з карпусоў Менскага трактарнага заводу[1] Юры Чыж заснаваў прадпрыемства «Трайпл» для гуртовага збыту харчаваньня і прамысловых тавараў. У 1993 г. набыў некалькі грузавікоў для перавозу тавараў. З пачатку 1994 г. прадпрыемства стала ўдзельнікам Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозьнікаў (БАМАП) і пачало падаваць паслугі адпаведных грузаперавозак. У траўні пачалося будаўніцтва ўласнай вытворчасьці безалькагольных напояў у плястыкавай тары (ПЭТ(en)) і мэблі з плястмасы (ПВХ(en)). У сьнежні выпусьцілі першыя вырабы. У жніўні 1997 г. заснавалі даччынае прадпрыемства «Ракаўскі бровар», у склад якога ўлучылі аднайменныя страўню на 430 месцаў і піўны бровар, кулінарыю і кавярню на 45 месцаў «Салодкі фальварак». Адначасна ўтварылі ўласныя праектную працоўню і будаўнічую ўправу. У лістападзе 1999 г. вылучылі даччыныя сумесныя ТАА «Трайпл-Тэхна» для вытворчасьці мэблі з плястыку і алюміну ды «АкваТрайпл» для вырабу напояў, мінэральнай і пітной вады. У сьнежні «Трайпл» набыў 54% паёў футбольнага ЗАТ «Дынама-Менск». У траўні 2002 г. «Трайпл» асвоіў збыт нафтапрадуктаў і адчыніў у Менску крамы адзеньня марак «Бродўэй» (Нью-Ёрк, ЗША), «Максімо» (Кемніц, зямля Саксонія, Нямеччына) і «Ўупі» (Нью-Ёрк).
У траўні 2003 г. «Трайпл» пачаў будаўніцтва ў Лагойскім раёне (Менская вобласьць) першага ў Беларусі гарналыжнага курорту. У сьнежні на курорце ўвялі ў дзеяньне першы спуск з 4-мясцовым крэславым пад’ёмнікам. У ліпені 2004 г., паводле Ўказу прэзыдэнта ад 14 чэрвеня 2004 г. № 280, СВК «Верагі» плошчай 1672 га з цэнтрам у вёсцы Чудзенічы (Астрошыцкі сельсавет, Лагойскі раён) перадалі даччынаму «Трайпл-Агра», які стаў пастаўляць харчаваньне на курорт. У 2005 г. курорт збудавалі ў складзе гасьцініцы, пункту пракату, дому аздараўленьня, крытых тэнісных пляцовак, адчыненых пляцовак для футболу і пляжнага валейболу, 2 штучных азёраў для купаньня і рыбалкі, некалькіх гарналыжных трасаў.
Таксама ў 2003 г. пачалі будаваць першы гіпэрмаркет «Прастор» (анг. «ProStore»), які адчынілі ў ліпені 2006 году. У лістападзе 2009 г. і красавіку 2010 г. у Менску адчыніліся яшчэ 2 гіпэрмаркеты.
У 2005 г. даччыны «Ракаўскі бровар» адчыніў страўню «Овэртайм» пры Палацы спорту ў Менску. У 2006 г. дадаў страўню францускай кухні «Залаты грабеньчык». У 2010 г. — страўню ўзбэцкай кухні «Бухара» і кавярню марозіва «Жэлато».
Пры канцы 2007 г. «Трайпл» прыдбаў за 319 млн рублёў ($148,5 тыс.)[2] ААТ «Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў», дзе ў красавіку 2009 г. пусьцілі лінію вырабу блёкаў зь ячэістага бэтону магутнасьцю 320 тыс. м³ за год. У ліпені 2010 г. на заводзе пусьцілі вытворчасьць ходнікавай пліткі магутнасьцю 320 тыс. м3 за год.
У лютым 2008 г. «Трайпл» атрымаў у канцэсію найбольшае ў Эўропе (500 млн тонаў) Хаціслаўскае радовішча крэйды і кварцавага пяску (Маларыцкі раён, Берасьцейская вобласьць)[3]. Адначасна «Трайпл» пачаў будаўніцтва інфраструктуры для вынасу вайсковых частак зь Менску і Менскага раёну ў іншыя мясцовасьці. Вызваленыя такім чынам ад войска сталічныя і ваколічныя пляцоўкі «Трайпл» стаў атрымліваць для будоўлі жытла. У 2009 г., паводле ўказу прэзыдэнта, даччыны «Трайпл-Вялес» (у наступным «Вялес-Міт») прыдбаў Маладэчанскі мясакамбінат. У 2010 г. у Лагойску адчынілася даччынае прадпрыемства «ТрайплФарм» для вырабу антыбіётыкаў. У 2011 г. у Менску адчынілі клюб дабрабыту «Эво». У 2014 г. «Трайпл» стаў 10-ым найбольш прыбытковым прадпрыемствам краіны[4].
Санкцыі ЭЗ
рэдагаваць23 сакавіка 2012 году Эўрапейская рада(be) дадала Юрыя Чыжа і ягоныя кампаніі, у тым ліку «Трайпл» і дачынныя да яе, да Чорнага сьпісу Эўразьвязу[5][6]. 6 лістапада 2015 году санкцыі супраць Чыжа й ягоных актываў былі зьнятыя[7][8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ягор Марціновіч, Адар'я Гуштын. На дзяржаву працаваць ня буду // Газэта «Наша ніва», 25 верасьня 2013 г. Праверана 31 траўня 2015 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2007 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 4 сьнежня 2014 г.
- ^ Уладзімер Люкевіч. «Трайпл» атрымала ў канцэсію Хаціслаўскае радовішча крэйды // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 29 лютага 2008 г. Праверана 31 траўня 2015 г.
- ^ Ягор Марціновіч. «Беларуськалій», «Трайпл», банкі — топ-20 самых прыбытковых кампаній краіны за год // Газэта «Наша ніва», 29 траўня 2015 г. Праверана 31 траўня 2015 г.
- ^ Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus
- ^ ЕС обнародовал черный список из 12 человек и 29 компаний (рас.). TUT.BY (2012-03-25). Праверана 2012-03-25 г. Архіўная копія ад 2012-03-25 г.
- ^ Санкцыі ЕС у дачыненні да Юрыя Чыжа і яго актываў знятыя (бел.). Наша Ніва (2015-10-6). Праверана 2015-10-06 г. Архіўная копія ад 2015-10-06 г.
- ^ ИК. Крутое пике Юрия Чижа: от самого успешного бизнесмена Беларуси к арестанту? «Радыё Свабода», 12.03.2016
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- ФК «Дынама Менск»
- «Аква Трайпл» (рас.)
- «Аскаргатэрмінал» (рас.)
- Гадавальнік сярэднеазіяцкіх аўчарак (рас.)
- «КварцКрэйдаПрам» (рас.)
- Гарналыжны курорт «Лагойск» (рас.)
- «ПрасторМаркет» (рас.)
- Клюб дабрабыту «Эво» (рас.)