Ягор Марціновіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Марціновіч.
Яго́р Алякса́ндравіч Марціно́віч (нар. 3 верасьня 1988, Менск, БССР, СССР) — беларускі журналіст, галоўны рэдактар выданьня «Наша Ніва», палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі.
Ягор Марціновіч | |
Дата нараджэньня | 3 верасьня 1988 (36 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст |
Месца працы | |
Бацька | Алесь Марціновіч |
Маці | Тацяна Мушынская[d] |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і пісьменьнікаў Алеся Марціновіча й Тацьцяны Мушынскай(be). Мае брата Дзяніса, гісторыка й журналіста. Скончыў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (2006), факультэт журналістыкі БДУ (2011).
З 2009 году працуе ў газэце «Наша Ніва». З 1 сакавіка 2017 году ейны галоўны рэдактар[1].
Пры Марціновічу выданьне зрабіла стаўку на інтэрнэт. З 1 ліпеня 2016 году «Наша Ніва» стала выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца разьвіцьцю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў дзьвух вэрсіях (на беларускай і расейскай мовах). У чэрвені 2018 году спыніўся рэгулярны выхад папяровай газэты, «Наша Ніва» існуе толькі ў электроннай форме як партал (у траўні 2018 году яго наведалі 475 тысячаў карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак)[2].
Палітычны перасьлед
рэдагавацьСа жніўня 2020 году доступ да сайту «Нашай Нівы» «nn.by» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь быў заблякаваны з-за асьвятленьня парталам пратэстаў у Беларусі[3]. 25 лістапада пасьля трох месяцаў улады разблякавалі сайт «Нашай Нівы», першы з сотні забароненых рэсурсаў.
23 верасьня 2020 году сілавікі рэжыму Лукашэнкі зладзілі ператрус на кватэры Марціновіча й канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады й носьбіты інфармацыі[4]. Яго дапыталі ў Сьледчым камітэце, пасьля чаго ён тры дні сядзеў у адзіночнай камэры[4]. Акрамя таго, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп[4]. Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненьні да «Нашай Нівы»[4].
8 ліпеня 2021 году ў памяшканьні, дзе працавала рэдакцыя, а таксама ў кватэрах і дамах супрацоўнікаў «Нашай Нівы» адбыліся ператрусы[5]. Былі затрыманыя Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэклямы Андрэй Скурко, галоўная бухгальтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асьцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько[5][6]. Паводле інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара зьбівалі па затрыманьні[7]. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы»[5].
У пачатку жніўня праваабаронца Андрэй Палуда расказаў са словаў Марціновіча, што яму «апранулі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі ён хацеў выйсьці з аднаго пакоя ў той пакой, дзе праходзіў ператрус, — яго білі. Ён робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна — і хуткую дапамогу [спачатку] не хацелі пускаць да сьледчага [які яго дапытваў пасьля ператрусу]»[8].
З моманту затрыманьня дамэннае імя перастала працаваць. Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала доступ да сайту па заяве Генэральнай пракуратуры, пры гэтым рэдакцыі так і не паведамілі, якія парушэньні знайшлі дзяржорганы[5]. Пасьля разгрому ў Беларусі рэдакцыя «Нашай Нівы» зьехала за мяжу й пачала працу пад новым дамэнным імем «nashaniva.com».
12 ліпеня 2021 году сумеснай заяваю дзесяці арганізацыяў, у тым ліку «Вясны», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускага ПЭН-цэнтру, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі вязьнямі[9][10].
Пазьней Вольга Раковіч і Андрэй Дынько былі вызваленыя. Але Андрэй Скурко й Марціновіч застаюцца за кратамі. 29 ліпеня 2021 году стала вядома, што ім выставілі абвінавачваньне па ч. 2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня групаю асобаў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканьня была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Сьледчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Менэнэрга» быў нанесены ўрон у 3500 BYN. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася[11].
15 сакавіка 2022 году Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч атрымалі па два з паловай гады калёніі за нявыплату камунальных паслугаў[12].
Узнагароды й прэміі
рэдагаваць- Прэмія «Свабода прэсы» «Рэпартэраў бязь межаў» (2015)[13]
- Конкурс БАЖ «Вольнае слова» (2015[14], 2016, 2017).
Сям’я
рэдагавацьЖонка — журналістка Адар’я Гуштын.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар
- ^ nashaniva.by
- ^ Information Ministry about blocked websites: Creating conflict between society and state (анг.). Белсат (2020-09-08).
- ^ а б в г Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik (ням.). Рэпартэры бязь межаў (2020-10-06). Праверана 2020-10-06 г. Архіўная копія ад 2020-10-06 г.
- ^ а б в г Massive crackdown on independent media throughout Belarus (анг.). Белсат (2021-07-08). Праверана 2021-07-08 г.
- ^ Силовики пришли в издание «Наша Ніва»: у сотрудников и в офисе провели обыски, сайт недоступен (обновляется) (рас.). ZERKALO.IO(be) (2021-07-08). Праверана 2021-07-08 г.
- ^ «Мы давно к этому готовились». Что будет с «Нашай Нівай» после блокировки сайта и ареста сотрудников (рас.). ZERKALO.IO(be) (2021-07-12). Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-13 г.
- ^ «Надзелі на галаву баксёрскі шлем і лупілі»: праваабаронца Андрэй Палуда распавёў, як збівалі Ягора Марціновіча
- ^ Илья Коваль. (2021-07-13) В Беларуси ряд сотрудников издания "Наша Нива" признали политзаключенными (рас.). Нямецкая хваля. Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-13 г.
- ^ Праваабаронцы прызналі палітвязнямі чатырох супрацоўнікаў "Нашай Нівы" (бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-07-12). Праверана 2021-07-13 г. Архіўная копія ад 2021-07-12 г.
- ^ У «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар.
- ^ Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко далі па два з паловай года калоніі (бел.). Новы час (2022-03-15). Праверана 2022-04-01 г.
- ^ Наталья Радина и Егор Мартинович стали лауреатами премии "Свобода прессы" организации "Репортеры без границ" (рас.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (2015-12-11). Праверана 2020-08-02 г.
- ^ Нашаніўцы Марціновіч, Гардзіенка і Панкавец — сярод пераможцаў конкурсу «Вольнае слова» Грамадзтва. Наша Ніва (7 траўня 2015). Праверана 20 кастрычніка 2021 г.