Рэал Мадрыд
«Рэал Мадрыд» (па-гішпанску: Real Madrid Club de Fútbol) — гішпанскі футбольны клюб. Клюб быў заснаваны 6 сакавіка 1902 году і традыцыйна мае белыя колеры з моманту свайго стварэньня. Слова «рэал» у перакладзе з гішпанскай маоы азначае «каралеўскі». Гэты тытул клюб атрымаў ад караля краіны Альфонса XIII у 1920 годзе. Разам з гэтым на лягатыпе клюбу зьявілася каралеўская карона. Свае хатнія матчы клюб праводзіць на стадыёне «Сант’яга Бэрнабэў», які здольны зьмясьціць 81 044 чалавек. Стадыён знаходзіцца ў цэнтры Мадрыду і зьяўляецца хатняй пляцоўкай клюбу з 1947 году. У адрозьненьне ад большасьці эўрапейскіх спартовых арганізацыяў, клюбам кіруюць чальцы спартовага таварыства.
Рэал Мадрыд | ||||||
Поўная назва | Real Madrid Club de Fútbol | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 6 сакавіка 1902 | |||||
Горад | Мадрыд, Гішпанія | |||||
Стадыён |
Сант’яга Бэрнабэў Умяшчальнасьць: 81 044 | |||||
Прэзыдэнт | Флярэнтына Пэрэс[d] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Ля Ліга | |||||
· 2023—2024 | 1 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
Па стане на 2018 год кошт клюбу ацэньваецца ў 3,47 млрд эўра. А сэзоне 2016—2017 гадоў клюб дасягнуў прыбытку ў памеры 674,6 млн эўра, што склала другі паказчык сярод клюбаў сьвету[2][3]. Клюб мае шырокую заўзятарскую аўдыторыю па ўсім сьвеце[4]. «Рэал» зьяўляецца адным з трох заснавальнікаў Ля Лігі, якія ніколі не выляталі з айчыннага найвышэйшага дывізіёну з моманту заснаваньня турніру. Да ліку іншых двух клюбаў адносіцца «Атлетык» і «Барсэлёна». Асноўнымі супернікамі клюбу, матчы зь якімі зьяўляюцца асабліва напружанымі, зьяўляюцца «Барсэлёна» і мадрыдзкі «Атлетыка».
«Рэал» зарэкамендаваў сябе як адзін зь лідэраў гішпанскага і эўрапейскага футболу ў 1950-х гадоў, калі здабыў пяць Кубкаў эўрапейскіх чэмпіёнаў запар. Гэтая каманда, якая складалася з такіх гульцоў, як то Альфрэда Дзі Стэфана, Фэрэнц Пушкаш, Франсіска Хэнта і Раймон Капа, на думку некаторых, верагодна, зьяўляецца лепшай камандай усіх часоў[5][6]. Клюб здабыў больш за 60 айчынных трафэяў. У эўрапейскіх і сусьветных спаборніцтвах клюб таксама выйграў вялікую колькасьць трафэяў. У 2000 годзе «Рэал Мадрыд» быў названы ФІФА найлепшым футбольным клюбам XX стагодзьдзя.
Гісторыя
рэдагавацьЗаснаваньне
рэдагавацьВытокі «Рэалу» вядуць да шэрагу акадэмікаў і студэнтаў Вольнага інстытуту, што месьціўся ў Мадрыдзе да прыходу да ўлады франкістаў. Сярод гэтых акадэмікаў і студэнтаў былі выпускнікі ўнівэрсытэтаў Кембрыджу і Оксфарду, якія ў Ангельшчыне назнаёміліся з новай для Гішпаніі гульнёй. Яны заснавалі таварыства «Скай футбал» (анг. Sky Football), якое было адзіным у Мадрыдзе. Матчы гэтага таварыства праводзіліся раніцай у нядзелю ў Манклёа. У 1900 годзе канфлікт паміж чальцамі таварыства прывёў да выхаду шэрагу гульцоў і стварэньня новага клюбу. Сярод раскольнікаў былі Хуліян Палясіяс, які стаў першым прэзыдэнтам «Рэалу», а таксама браты Хуан і Карляс Падрас. У 1901 годзе гэты новы клюб атрымаў назву «Мадрыд», а афіцыйнай датай стварэньня клюбу стала 6 сакавіка 1902 году[7], калі на паседжаньні новым прэзыдэнтам клюбу стаў Хуан Падрас[8]. 29 чэрвеня 1920 году кароль Гішпаніі Альфонса XIII прысвоіў клюбу тытул каралеўскі (па-гішпанску: real), адгэтуль і сучасны назоў клюбу «Рэал»[9].
З моманту заснаваньня клюб стаў прэтэндаваць на лідэрства ў гішпанскім футболе, то бок ужо ў 1903 годзе ён выйшаў у фінал кубка краіны, аднак прайграў там «Атлетыку» зь Більбао. Зрэшты, празь некалькі гадоў ганаровы трафэй надоўга пераехаў у сталіцу, то бок «Мадрыд» заваёўваў кубак Гішпаніі чатыры разы запар. «Рэал» за гэты час першынстваваў у сталічнай акрузе 16 разоў.
Чэмпіянаты Гішпаніі сталі праводзіцца толькі з сэзону 1929 году, а да таго клюбы вызначалі наймацнейшых па рэгіёнах. У першым жа сэзоне створанага чэмпіянату «Рэал» ішоў на першым радку да сканчэньня сэзону, аднак у апошняй сваёй гульні саступіў басконцам з клюбу «Атлетык», што дало магчымасьць «Барсэлёне» абысьці мадрыдцаў і стаць першым чэмпіёнам краіны[10]. Наступныя некалькі гадоў таксама прайшлі без асаблівых посьпехаў, але ў сэзоне 1931—1932 гадоў «Рэал» атрымаў сваю першую перамогу ў нацыянальным першынстве.
Росквіт і падзеньне
рэдагавацьСант’яга Бэрнабэў стаў прэзыдэнтам «Рэалу» ў 1945 годзе[11]. Пад ягоным старшынствам хатні стадыён клюбу і футбольная акадэмія былі перабудаваныя пасьля таго як падчас грамадзянскае вайны ў Гішпаніі былі зьнішчаны. Акрамя таго, у 1950-я гады былы аматар клюбу Мігель Мальба заснаваў моладзевую акадэмію «Рэалу», якая вядома сёньня як «фабрыка» (гішп. La Fabrica). Пачынаючы з 1953 году Бэрнабэў вырашыў перайсьці да стратэгіі падпісаньня гульцоў сусьветнае клясы з-за мяжы, найбольш важным зь якіх стаўся натуралізаваны аргентынец Альфрэда Дзі Стэфана[12].
У 1955 годзе, паводле ідэі, прапанаванай францускім журналістам і рэдактарам часопісу L’Equipe Габрыэлем Ано, Бэрнабэў, Густаў Шэбэш і шэраг іншых функцыянэраў дамовіліся стварыць турнір для чэмпіёнаў краінаў Эўропы, які ў канчатковым выніку стаў вядомай сёньня Лігай чэмпіёнаў[13]. Да сярэдзіны 1950-х гадоў мадрыдзкі «Рэал» не зьяўляўся галоўным аўтарытэтам у Гішпаніі. Але так здарылася, што якраз у той момант «Рэал» ізноў выйграў першынство, дзякуючы чаму стаў першым гішпанскім дэлегатам у Кубку чэмпіёнаў. Менавіта пад кіраўніцтвам Бэрнабэў «Рэал» стаў адным з самых пасьпяховых клюбаў Гішпаніі і Эўропы тых часоў. Клюб атрымаў перамогі ў першых пяці розыгрышах Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў з 1956 па 1960 гады, уключаўчы вядомы фінал супраць нямецкага «Айнтрахту» ў 1960 годзе на стадыёне Гэмпдэн Парк, калі мадрыдцы зьнішчылі сваіх супернікаў зь лікам 7:3[12]. Посьпехам на міжнароднай арэне спадарожнічалі і перамогі ва ўнутраным чэмпіянаце, якіх у пэрыяд з 1954 па 1969 год набралася 12. Прычым на працягу паўтара дзясятка гадоў атрымлівалася так, што калі мадрыдцы дома і саступалі першынство, то абавязкова атрымлівалі перамогу ў Кубку чэмпіёнаў. Такім чынам, яны стала ўдзельнічалі ў самым прэстыжным эўрапейскім турніры на працягу 15 гадоў запар, упершыню ня трапіўшы ў яго толькі ў 1970 годзе. Свой шосты Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў «Рэал» здабыў у 1966 годзе, перамогшы югаслаўскі «Партызан» зь лікам 2:1, а мадрыдзкая каманда складалася выключна з гульцоў гішпанскай нацыянальнасьці[14]. У тую залатую эпоху ў «Рэале» вызначаліся натуралізаваны аргентынец Альфрэда Дзі Стэфана, які стаў найлепшым футбалістам Эўропы 1957 і 1959 гадоў, француз Раймон Капа, які быў ўладальнікам «Залатога мячу» 1958 году, вугорац Фэрэнц Пушкаш, які быў прызнаны другім футбалістам Эўропы ў 1960 годзе, і Франсіска Хэнта, які стаўся шасьціразовым уладальнікам Кубка чэмпіёнаў. У сярэдзіне 1960-х кампанію «доўгажыхару» Хэнта складалі Хасэ Сантамарыя, Амансіё, Піры.
Але паступова, па меры сыходу вэтэранаў, пераможныя традыцыі ў Эўропе былі згубленыя. «Рэал» адзначыўся разгромнай перамогай над «Барсэлёнай» зь лікам 4:0 у фінале кубка Гішпаніі сэзона 1973—1974 гадоў. У 1978 году «Рэал» набыў Улі Штыліке і Хуаніта, якія, нягледзячы на непадобнасьць гульнявой манеры, на доўгія гады сталі ідаламі мадрыдзкіх заўзятараў. 4 чэрвеня 1980 году мадрыдцы перамаглі ў фінале кубка краіны, апынуўшыся мацней за «Кастыльлю» зь лікам 6:1. На наступны год «Рэал» зноўку нагадаў пра сябе ў Эўропе, дасягнуўшы фіналу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, аднак, у матчы супраць «Лівэрпула» мадрыдцы, ачоленыя трэнэрам Вуядзінам Бошкавым, саступілі зь лікам 0:1. У сьнежні 1983 году трэнэрам «Рэала» стаў Альфрэда Дзі Стэфана.
Наступнага ўзьлёту прыйшлося чакаць да зьяўленьня ў клюбе новага пакаленьня гульцоў на чале з Эміліё Бутрагеньнё, найбліжэйшымі паплечнікамі якога былі Мічэль, Манолё Санчыс, Мартын Васкес і Мігель Пардэса. Прыкметна, што ўсе пералічаныя футбалісты зьяўляліся выхаванцамі футбольнае акадэміі клюбу. Ужо ў першай гульні за «каралеўскі» клюб Бутрагеньнё вызначыўся двойчы і прынёс перамогу мадрыдцам у матчы супраць «Кадыса». «Рэал» атрымаў перамогу ў двух Кубкаў УЭФА і пяці чэмпіянатах запар. 24 траўня 1985 году пасаду прэзыдэнта заняў Рамон Мэндоса, чыё кіраваньне адзначана выбітнымі дасягненьнямі. У 1985 і 1986 гадох мадрыдцы заваявалі Кубак УЭФА, абыграўшы ў фінальных матчах «Відэатон» і «Кёльн». На сваім полі «Рэал» выступаў асабліва натхнёна, то бок здавалася, што гульцы здольныя адыграцца зь любога ліку. Аднойчы ім удалося зрабіць і зусім нешта неверагоднае, атрымаўшы паразу ад мёнхэнглядбаскай «Барусіі» зь лікам 1:5, мадрыдцы правялі на «Сант’яга Бэрнабэў» чатыры мячы і выйшлі ў наступны раўнд. Пасьля некалькіх няўдалых сэзонаў пасаду галоўнага трэнэра заняў Хорхэ Вальдана, які да гэтага дастаткова ўдала папрацаваў у «Тэнэрыфэ». У 1986 годзе Пардэса сышоў з клюбу, далучыўшыся да «Сарагосы».
У 1990-я гады выдатная група мадрыдзкіх футбалістаў сышла з клюбу. Гэтак Мартын Васкес далучыўся да «Тарына» ў 1990 годзе. У 1995 годзе з «Рэалу» сышоў Бутрагеньнё, а ў 1996 годзе клюб пакінуў Мічэль. З выбітных гульцоў таго пакаленьня толькі Санчыс застаўся ў клюбе і скончыў сваю кар’еру ў «Рэале» ў 2001 годзе. 8 студзеня 1995 году каманда Вальдана зьнішчыла сваіх галоўных супернікаў з «Барсэлёны», перамогшы ў матчы чэмпіянату зь лікам 5:0, а затым заваявала чэмпіёнскі тытул. 20 лістапада 1995 году ў адстаўку сышоў прэзыдэнт Рамон Мэндоса. У 1996 годзе новы прэзыдэнт клюбу Лярэнца Сайнс[15] запрасіў на пасаду галоўнага трэнэра італьянца Фабіё Капэльлё.
Менавіта Капэльлё заклаў падмурак для сёмага трыюмфу ў «сьмятанкавых» у Лізе чэмпіёнаў, не зважаючы на тое, што Фабіё знаходзіўся ў клюбе толькі адзін сэзон. Ён запрасіў у каманду Рабэрту Карласа, Зээдарфа, Міятавіча, Шукера, Пануччы. Яны нароўні з Раулем, Ера, Фэрнанда Рэдонда, Каньісарэсам і Марыентэсам, які прыйшоў праз год, склалі касьцяк каманды, якая выйграла пад кіраўніцтвам Юпа Гайнкеса Лігу чэмпіёнаў 1998 году. Праўда, ва ўнутраным першынстве фінішавалі толькі чацьвертымі, і Гайнкес саступіў месца галяндцу Гуўсу Гідынку. Той заставаўся на пасадзе толькі да лютага 1999 году, пасьля чаго прызначылі валійца Джона Тошака, якога звольнілі ў лістападзе. Каманду даверылі Вісэнтэ Дэль Боске, які правёў у клюбе практычна ўсю кар’еру. Становішча ў чэмпіянаце ён кардынальна ня выправіў («Рэал» з 8-га месца падняўся на 5-е), затое прывёў каманду да чарговага трыюмфу ў Лізе чэмпіёнаў.
Прэзыдэнцтва Пэрэса
рэдагавацьЯк раз у той год у «Рэале» новым прэзыдэнтам быў абраны амбіцыйны Флярэнтына Пэрэс, які вырашыў сабраць у «Рэале» ўсіх найлепшых футбалістаў плянэты. Сваю дзейнасьць Пэрэс пачаў з нашумелай пакупкі партугальца Луіша Фігу ў «Барсэлёны» за рэкордныя 60 мільёнаў эўра. Праз год у шэрагі «Рэалу» ўліўся Зынэдын Зыдан, за якога заплацілі «Ювэнтусу» яшчэ больш — 76 мільёнаў. Праз год зь «Інтэру» да мадрыдцаў далучыўся Раналду, улетку 2003-га — Бэкгэм, 2004-га — Оўэн. Такім чынам, у сэзоне-2004/2005 разам гулялі чатыры футбалісты, якія выйгравалі «Залаты мяч»: Раналду (найлепшы футбаліст Эўропы-1997 і −2002), Зыдан (найлепшы-1998), Фігу (найлепшы-2000), Оўэн (найлепшы-2001). Гэты збор зорак сталі зваць «Галяктыкас». Але грандыёзныя намеры Флярэнтына Пэрэса так і не ажыцьцявіліся. За пяць зь лішнім гадоў кіраваньня Пэрэса (ён склаў паўнамоцтвы ў лютым 2006-га) «Рэал» толькі двойчы станавіўся чэмпіёнам ды адзін раз выйграў Лігу чэмпіёнаў.
Прэзыдэнцтва Кальдэрона
рэдагавацьПасьля Флярэнтына Пэрэса прэзыдэнтам «Рэалу» быў абраны Рамон Кальдэрон, стыль кіраўніцтва якога адрозьніваўся ад стылю папярэдніка. Кальдэрон ня ставіў сваёй мэтай куплю найлепшых гульцоў, хоць яго перадвыбарным абяцаньнем была купля Крыштыяну Раналду, што ў яго так і не атрымалася. За час прэзыдэнцтва Кальдэрона былі прададзеныя Бэкгэм, Рабэрту Карлас, Рабіньню, Раналду, гэта значыць уся «спадчына» Пэрэса, хоць у часы кіраваньня Кальдерону былі зроблены ўдалыя куплі. У 2009 годзе з-за скандалу з падтасоўкай галасоў на выбарах 2006 году Рамон Кальдэрон падаў у адстаўку. За чатыры гады кіраваньня Кальдэрона «Рэал» два разы запар станавіўся чэмпіёнам Гішпаніі і адзін раз браў Супэркубак Гішпаніі.
Вяртаньне Пэрэса
рэдагаваць1 чэрвеня 2009 году Флярэнтына Пэрэс ізноў стаў прэзыдэнтам «Рэала», прычым без галасаваньня, бо ўсе канкурэнты зьнялі свае кандыдатуры[16]. Пасьля свайго вяртаньня Пэрэс пачаў узнаўляць цалкам новы «Галяктыкас». Для пачатку ў камандзе адбыліся зьмены ў кіраўніцтве: дарадцам прэзыдэнта стаў былы гулец «Рэалу» Зынэдын Зыдан. 9 чэрвеня пасьля доўгіх перамоваў і розных чутак у «Рэал» перайшоў паўабаронца італьянскага «Міляну» і зборнай Бразыліі Кака за 68 млн эўра. Ён падпісаў шасьцігадовы кантракт з клюбам і стаў першым зорным пачаткоўцам пасьля другога прыходу Пэрэса. Затым быў падпісаны кантракт з найлепшым гульцом сьвету 2008 году Крыштыяну Раналду, які даўно марыў апрануць майку «сьметанкавых». За партугальца «Рэал» выклаў 80 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (93,4 мільёну эўра). 25 чэрвеня «Рэал» падпісаў 23-гадовага Рауля Альбіёля з «Валенсіі», сума трансфэру Альбіёля склала 15 мільёнаў эўра. 1 ліпеня 2009 году «Ліён» афіцыйна пацьвердзіў пераход Карыма Бэнзэма ў «Рэал». Сума трансфэру — 35 мільёнаў эўра. У склад «Рэалу» вярнуліся паўабаронца Эстэбан Гранэра і правы абаронцы Альвара Арбэлёа зь «Лівэрпулу». Сума трансфэру Арбэлёа склала 4 млн эўра, кантракт тэрмінам на 5 гадоў. Пару Арбэлёа склаў Шабі Алёнса, таксама які перайшоў зь «Лівэрпулу» 5 жніўня. Алёнса быў ацэнены ў 30 млн фунтаў стэрлінгаў.
Нягледзячы на самавітыя набыцьці, камандзе так і не атрымалася заваяваць ніякіх трафэяў за сэзон. У чэмпіянаце Гішпаніі «Рэал» заняў выніковае другое месца, саступіўшы «Барсэлёне», пры гэтым прайграўшы ў абедзьвюх асабістых сустрэчах. Клюб ізноў няўдала выступіў у Лізе чэмпіёнаў, у шосты раз запар ня здолеўшы пераадолець стадыю 1/8 фіналу. А ў кубку Гішпаніі каманда выбыла з барацьбы ўжо на першым этапе ў супрацьстаяньні з камандай з трэцяга гішпанскага дывізіёну «Алькарконам». Па выніках сэзону галоўны трэнэр Мануэль Пэлегрыні быў звольнены з пасады за нездавальняючыя вынікі. Пасьля нядоўгачасовых перамоваў галоўным трэнэрам «Рэалу» быў прызначаны партугалец Жузэ Маўрыньню, які толькі што аформіў з італьянскім «Інтэрам» пераможны хет-трык. З гэтым прызначэньнем кіраўніцтва і заўзятары клюбу ўскладалі вялікія надзеі ў пляне вяртаньня мадрыдзкага «Рэалу» на пазыцыі лідэра ў краіне і ў Эўропе. Гэтыя надзеі спраўдзіліся, бо паводле вынікаў сэзону 2011—2012 гадоў мадрыдзкі клюб стаў чэмпіёнам краіны, перапыніўшы сэрыю з трох перамогаў свайго спрадвечнага канкурэнта — «Барсэлёны». Сэзон 2012—2013 гадоў «Рэал» пачаў зь перамогі ў Супэркубку Гішпаніі, перамогшы «Барсэлёну» за кошт голу ў гасьцёх, але фінішаваў другім у Ля Лізе. Асноўным трансфэрам сэзону стала падпісаньне кантракта з харвацкім паўабаронцам Лука Модрычам, за якога мадрыдцы выклалі 33 млн фунтаў стэрлінгаў «Тотэнгэму». Пасьля расчаравальнай паразы ад мадрыдзкага «Атлетыка» ў фінале кубка Гішпаніі 2013 году Пэрэс абвесьціў аб сыходзе Жузэ Маўрыньню ў канцы сэзону паводле «ўзаемнай згоды»[17].
25 чэрвеня 2013 году Карлё Анчэлёцьці замяніў Маўрыньню на пасадзе галоўнага трэнэру мадрыдцаў, склаўшы дамову дзеяньнем на тры гады. Зынэдын Зыдан стаў аднім зь ягоных памочнікаў[18]. Ужо 1 верасьня 2013 году было абвешчана пра доўгачаканы трансфэр Гарэта Бэйла з ангельскага «Тотэнгэма». Пераход валійца, як паведамлялася, усталяваў новы сусьветны рэкорд паводле сумы падпісаньня, то бок дамова скалала 100 млн эўра[19]. У першым жа сэзоне Анчэлёцьці клюб атрымаў перамогу ў кубку Гішпаніі, а Бэйл забіў пераможны гол у фінале ў браму «Барсэлёны»[20]. 24 траўня «Рэал» атрымаў перамогу ў фінале Лігі чэмпіёнаў у матчы супраць мадрыдзкага «Атлетыка», выйграўшы свой першы эўрапейскі тытул з 2002 году. Аднак у чэмпіянаце сэзону 2013—2014 гадоў «сьметанковыя» скончылі толькі на трэцім радку.
Улетку 2014 году «Рэал» узмацьніўся, склаўшы кантракты з брамнікам Кейлярам Навасам, паўабаронцам Тоні Кроосам і атакуючым паўабаронцам Хамэсам Радрыгесам[21]. Клуб атрымаў перамогу ў Супэркубку УЭФА 2014 году ў матчы супраць «Сэвільлі», што стала семдзесят дзевятым афіцыйным трафэем клюбу за ўсю гісторыю[22]. На працягу апошняга тыдня летняга трансфэрнага акна 2014 году «Рэал» прадаў двух ключавых гульцоў, зь якімі зьвязаны посьпехі папярэдняга сэзону. Шабі Алёнса далучыўся да «Баварыі», а Анхэль Ды Марыя сышоў у «Манчэстэр Юнайтэд». Гэтыя рашэньні выклікалі пэўныя пытаньні.
Пасьля павольнага старту сэзону 2014—2015 гадоў «Рэал» выдаў рэкордную 22-гульнявую пераможную сэрыю, якая ўключала перамогі над «Барсэлёнай» і «Лівэрпулам». Гэтая сэрыя была скончана на пачатку 2015 году, калі «Рэал» саступіў «Валенсіі»[23]. Клюб ня здолеў дайсьці да фіналу Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы ў паўфінале «Ювэнтусу», а ў Ля Лізе мадрыдцам не хапіла два пункты, каб нагнаць «Барсэлёну». Гэтыя няўдачы прывялі да звальненьня Анчэлёцьці 25 траўня 2015 году[24].
Новым галоўным трэнэрам стаў Рафаэль Бэнітэс. Не зважаючы на добры пачатак, то бок «Рэал» заставаўся непераможаным да 11 туру, калі саступіў «Сэвільлі» зь лікам 3:2, справы ў Рафы пайшлі долу. «Рэал» атрымаў паразу ў «Эль-Клясыка» ад «Барсэлёны» зь лікам 4:0, а таксама быў дыскваліфікаваны ў кубку Гішпаніі праз удзел незаяўленага гульца ў матчы супраць «Кадысу». Праз сваю непапулярнасьць у прыхільнікаў і дрэнныя выніку ў матчах з топ-клюбамі Бэнітэс быў зволены, а клюб ачоліў Зынэдын Зыдан[25]. У выніку сэзон 2015—2016 гадоў клюб скончыў у кроку ад «Барсэлёны»[26], якая стала чэмпіёнам краіны чарговы раз. Тым ня менш «Рэал» здолеў атрымаць перамогу ў Лізе чэмпіёнаў.
Наступны сэзон «Рэала», які Зыдан правёў ад пачатку да сканчэньня, пачаўся зь перамогі ў Супэркубку УЭФА[27]. 10 сьнежня 2016 году «Рэал» правёў 35-ы матч без паразаў, што сталася новым клюбным рэкордам[28]. 12 студзеня 2017 году колькасьць матчаў без паразаў павялічылася да 40, калі «Рэал» згуляў унічыю з «Сэвільляй», такім чынам «Рэал» пераўзышоў рэкорд «Барсэлёны» ў 39 матчаў, які яны ўсталявалі ў папярэднім сэзоне[29]. Аднак, гэтая непераможная сэрыя скончылася пасьля таго як праз тры дні «Рэал» саступіў «Сэвільлі»[30]. У траўні «Рэал» у першы раз пасьля пяці выйграў чэмпіянат Гішпаніі, а 3 чэрвеня, дайшоўшы да фіналу Лігі чэмпіёнаў, атрымаў упэўненую перамогу над «Ювэнтусам», абараніўшы свой тытул, што сталася першым разам з 1990 году, калі «Мілян» двойчы перамагаў у Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў[31]. «Рэал» атрымаў перамогу і ў трэцім запар фінале Лігі чэмпіёнаў у 2018 годзе, стаўшы першым клюбам з 1970-х гадоў, хто здолеў дамагчыся такога посьпеху. 31 траўня, усяго толькі празь пяць дзён пасьля перамогі ў фінале эўракубка, Зыдан абвесьціў пра свой сыход з клюбу, спасылаючыся на неабходнасьць пераменаў[32].
12 чэрвеня 2018 году «Рэал» абвесьціў дзейнага трэнэра зборнае Гішпаніі Юлена Ляпэтэгі галоўным трэнэрам клюбу. Паводле паведамленьня праца спэцыяліста павінна пачацца адразу пасьля сусьветнага першынства, аднак кіраўніцтва фэдэрацыі футболу Гішпаніі звольніла Ляпэтэгі за дзень да турніру, заявіўшы, што ён вёў перамовы з мадрыдзкім клюбам, не інфармуючы іх аб гэтым[33]. У ліпені 2018 году клюб расстаўся з галоўным гульцом лініі нападу Крыштыяну Раналду, які сышоў у «Ювэнтус»[34][35], што значна паслабіла клюб. Пасьля шэрагу дрэнных выступаў і стратаў Ляпэтэгі быў звольнены з пасады. У красавіку 2018 году месца галоўнага трэнэра заняў Сант’яга Саляры[36]. 11 сакавіка 2019 году Сант’яга Саляры быў звольнены.
Тытулы
рэдагаваць- Ля Ліга: 36
- 1932, 1933, 1954, 1955, 1957, 1958, 1961, 1962, 1963, 1964,
- 1965, 1967, 1968, 1969, 1972, 1975, 1976, 1978, 1979, 1980,
- 1986, 1987, 1988, 1989, 1990, 1995, 1997, 2001, 2003, 2007,
- 2008, 2012, 2017, 2020, 2022, 2024
- Кубак Гішпаніі: 20
- 1905, 1906, 1907, 1908, 1917, 1934, 1936, 1946, 1947, 1962,
- 1970, 1974, 1975, 1980, 1982, 1989, 1993, 2011, 2014, 2023
- Супэркубак Гішпаніі: 13
- 1988, 1989, 1990, 1993, 1997, 2001, 2003, 2008, 2012, 2017,
- 2020, 2022, 2024
- Кубак Гішпанскай лігі: 1
- 1984
- Ліга чэмпіёнаў УЭФА: 15
- Кубак УЭФА: 2
- 1985, 1986
- Супэркубак Эўропы: 5
- 2002, 2014, 2016, 2017, 2022
- Міжкантынэнтальны кубак: 3
- 1960, 1998, 2002
- Клюбны чэмпіянат сьвету: 4
- 2014, 2016, 2017, 2018, 2022
Склад
рэдагаваць- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ «Deloitte Football Money League 2018». Deloitte.
- ^ «The World's Most Valuable Soccer Teams». Forbes.
- ^ Dongfeng Liu, Girish Ramchandani (2012). «The Global Economics of Sport». Routledge. — С. 65.
- ^ Real Madrid 1960 – the greatest club side of all time BBC Sport Архіўная копія ад 9 мая 2015 г.
- ^ «The great European Cup teams: Real Madrid 1955–60». The Guardian.
- ^ Ужо сёньня: гадавіна перамогі ў Курапатах. Радыё Свабода. (6 сакавіка 2020).
- ^ «Pre-history and first official title (1900–1910)». Real Madrid.
- ^ «Bernabéu's debut to the title of Real (1911–1920)». Real Madrid.
- ^ «A spectacular leap towards the future (1921–1930)». Real Madrid.
- ^ «Bernabéu begins his office as President building the new Chamartín Stadium (1941–1950)». Real Madrid.
- ^ а б «An exceptional decade (1951–1960)». Real Madrid.
- ^ Hats off to Hanot. UEFA. Архіўная копія ад 20 мая 2006 г.
- ^ «The generational reshuffle was successful (1961–1970)». Real Madrid.
- ^ У Гішпаніі за суткі — амаль 350 ахвяр каранавірусу. Радыё Свабода. (22 сакавіка 2020).
- ^ «Perez to return as Real president». BBC Sport.
- ^ «Jose Mourinho: Real Madrid boss to leave next month». BBC Sport.
- ^ «Carlo Ancelotti named Real Madrid boss, Laurent Blanc joins PSG». BBC Sport.
- ^ «Gareth Bale transfer». Daily Mirror.
- ^ «Real Madrid's Gareth Bale gallops past Barcelona to land Copa del Rey». The Guardian.
- ^ «Real Madrid to unleash new signings Rodriguez and Kroos in Super Cup». First Post.
- ^ «Real Madrid ties with Barcelona in trophies». Marca.
- ^ «Valencia 2–1 Real Madrid». BBC Sport.
- ^ «Florentino Pérez holds a press conference». Real Madrid.
- ^ «Zidane: a club legend in the Real Madrid dugout». Real Madrid.
- ^ «2015–16 La Liga Table». Sky Sports.
- ^ «Carvajal wonder goal wins Super Cup for Madrid». UEFA.
- ^ «Real Madrid 3–2 Deportivo de La Coruña». BBC Sport.
- ^ «Real Madrid break Barcelona's Spanish record as unbeaten run reaches 40». ESPN.
- ^ «Sevilla just snapped Real Madrid's unbeaten streak one match after they set the record». Fox Sports.
- ^ «Real Madrid win Champions League as Cristiano Ronaldo double defeats Juve». The Guardian.
- ^ «Zinedine Zidane Announces His Resignation From Real Madrid». Esquire.
- ^ «Julen Lopetegui: Real Madrid name Spain manager as new head coach». BBC Sport.
- ^ «Cristiano Ronaldo: Juventus sign Real Madrid forward for £99.2m». BBC Sport.
- ^ Мадрыдзкі «Рэал» прадае Раналду «Ювэнтусу» за 100 мільёнаў эўраў. Радыё Свабода (10 ліпеня 2018).
- ^ «Solari se sentará en el banquillo del Real Madrid tras la destitución de Lopetegui». ABC.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (гішп.) (анг.) (яп.)
- Відэаканал Рэал Мадрыд на YouTube