Атлетыка Мадрыд
«Атлетыка» (па-гішпанску: Club Atlético de Madrid, S.A.D.) — гішпанскі футбольны клюб з гораду Мадрыду, які выступае ў найвышэйшым гішпанскім дывізіёне — Ля Ліга. Клюб ёсьць адным з самых пасьпяховых гішпанскіх клюбаў у гісторыі, не аднойчы перамагаў у Ля Лізе й Кубку Гішпаніі, а ў 1996 годзе зрабіў залаты дубль. У 1962 годзе клюб перамог у Кубку ўладальнікаў кубкаў, у 1974 годзе футбалісты дайшлі да фіналу Кубку чэмпіёнаў, дзе ў перайгроўцы з буйным лікам саступілі «Баварыі» зь Мюнхэну. 2010, 2012 і 2018 гады сталі пераможнымі ў Лізе Эўропы. У сэзоне 2013/2014 «Атлетыка» выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў УЭФА, дзе саступіў клюбу «Рэал Мадрыд» у дадатковы час (1:4).
Атлетыка Мадрыд | ||||||
Поўная назва | Club Atlético de Madrid, S.A.D. | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 26 красавіка 1903 | |||||
Горад | Мадрыд, Гішпанія | |||||
Стадыён |
Ванда Мэтрапалітана Умяшчальнасьць: 67 703 | |||||
Прэзыдэнт | Энрыке Сэрэса[d][1] | |||||
Кіраўнік | Мігель Анхэль Хіль[d][1], Wanda Group[d][1] і Энрыке Сэрэса[d][1] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Ля Ліга | |||||
· 2023—2024 | 4 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
Клюб быў заснаваны 26 красавіка 1903 году трыма басконскімі студэнтамі й першапачаткова плянаваўся як рэзэрвовая каманда «Атлетыку» (Більбао) у Мадрыдзе, таму ў спаборніцтвах удзел не прымаў. Але праз чатыры гады клюб зарэгістраваўся ў Гішпанскай фэдэрацыі футболу й стаў самастойным, атрымаўшы права гуляць у спаборніцтвах.
На працягу ўсёй сваёй гісторыі клюб мае мянушку «матрасьнікі» з-за паласовых кашуль у колер старамоднага матрацу. У 1970-я гады за «Атлетыка» ўсталявалася яшчэ адна мянушка — «індзейцы» (па-гішпанску: Los Indios). Як лічыцца гэта зьвязана з падпісаньнем некалькіх гульцоў з Паўднёвай Амэрыкі. Але ёсьць меркаваньні, што мянушка зьявілася з-за таго, што клюб базаваўся на беразе ракі альбо з-за супрацьпастаўленьня індзейцам «белых» (па-гішпанску: Los Blancos), як называюць «Рэал Мадрыд» — іхных галоўных праціўнікаў.
Гісторыя
рэдагавацьЗаснаваньне й першыя посьпехі
рэдагаваць«Атлетыка» зьяўляецца адным з найбольш пасьпяховых і папулярных гішпанскіх клюбаў. Ён быў заснаваны 26 красавіка 1903 году трыма басконскімі студэнтамі, якія навучаліся ў Мадрыдзе. Гэты клюб не задумваўся ад самага пачатку як самастойны і незалежны, і лічыўся чымсьці накшталт філіялу «Атлетыка» зь Більбао, таму ўдзелу ў спаборніцтвах не прымаў. Але ў таварыскіх сустрэчах на лякальным узроўні паказаў сябе вельмі баяздольнай камандай. І толькі 20 лютага 1907 году, зарэгістраваўшыся ў Гішпанскай фэдэрацыі футболу пад назвай «Атлетык» Мадрыд, клюб стаў цалкам самастойным і атрымаў правы выступаць у афіцыйных турнірах.
Ад самага пачатку колеры клюбу паўтаралі сіне-белую расфарбоўку «Атлетыку» зь Більбао. Але ў 1911 годзе былі апрабаваныя чырвона-белыя ў вэртыкальную палоску футболкі. Гэтая камбінацыя колераў ужывалася тады ў масавым парадку на гішпанскіх мануфактурах для вытворчасьці матрацаў. А паколькі чырвона-белую паласатую матэрыю можна было купіць за бесцань, то многія клюбы падхапілі тады гэтую ідэю, у тым ліку й басконскі «Атлетык». Носьбітаў такіх футболак празвалі «матрацнікамі», але з тае прычыны, што мадрыдцы ў гэтым пачынаньні былі першымі, то мянушка замацавалася менавіта за імі. Аднак, існуе й іншае тлумачэньне, згодна зь якім абодва «Атлетыкі» куплялі сіне-белыя камплекты ангельскага клюбу «Блэкбэрн Ровэрз» у Ангельшчыне[3][4]. У канцы 1909 году, Хуаніта Элёрдуй, былы гулец і чалец рады мадрыдзкага клюбу «Атлетык», выправіўся ў Ангельшчыну, каб зноўку набыць камплекты для абедзьвюх камандаў, аднак, на гэты раз ён ня здолеў знайсьці форму «Блэкбэрну». Замест гэтага, ужо знаходзячыся ў партовым горадзе Саўтгэмптане, ён купіў кашулі мясцовага клюбу «Саўтгэмптан», якая мелі чырвона-белыя вэртыкальныя палосы[5]. Абедзьве каманды варашылі гуляць у набытых кашулях, аднак мадрыдцы захавалі сінія шорты з папярэдняга камплекту[6], а гульцы басконскай каманды перайшлі на новыя чорныя шорты[7]. У 1911 годзе «Атлетык» зь Більбао перамог у кубку Гішпаніі, выкарыстоўваючы ў сваім складзе некалькі гульцоў мадрыдзкай філіі, у тым ліку Маналёна, які забіў адзін з галоў у фінальным матчы[8].
Спачатку каманда ня мела ўласнай пляцоўкі. Неўзабаве сытуацыя зьмянілася, дзякуючы намаганьням прэзыдэнта клюбу Хуліяна Руэтэ. 9 лютага 1913 году стадыён «О’Донэл» прыняў дэбютны паядынак. У 1919 годзе кампанія, якая кіравала падземнай сыстэмай мэтрапалітэну Мадрыду, набыла ўчастак зямлі, побач з унівэрсытэцкім гарадком. У 1921 годзе мадрыдзкі «Атлетыка» стаў незалежным клюбам, пазбавіўшыся патранажу басконцаў, і ў 1923 годзе «Атлетык» перабраўся на новую арэну «Эстадыё мэтрапалітэна дэ Мадрыд», які быў здольны зьмясьціць 35,8 тысячы гледачоў. Адкрыцьцё адбылося 13 траўня, з удзелам клюбу «Рэал Сасьедад», які быў перайграны зь лікам 2:1. У першай палове 1920-х гадоў клюб здолеў тройчы атрымаць перамогу ў рэгіянальных турнірах, а ў 1921 годзе «Атлетык» быў блізкі да заваёвы кубка Гішпаніі. У фінале яны трывалі паразу ад сваіх былых паплечнікаў клюбу «Атлетык» (4:1). У 1926 годзе «Атлетык» зноўку дасягнуў фіналу кубка, але на гэты раз ня здолеў перайграць «Барсэлёну», якая здабыла перамогу толькі ў дадатковы час зь лікам 3:2.
Паводле вынікаў сваіх выступаў мадрыдзкі «Атлетык» быў запрошаны ў першы чэмпіянат Гішпаніі, які адбыўся ў 1929 годзе, у якім клюб заняў шосты радок. Аднак ужо ў наступным клюб заняў апошняе месца й вылецеў зь лігі. У элітную лігу ён вярнуўся ў 1934 годзе дзякуючы ейнаму пашырэньню да 12 камандаў. Неўзабаве клюб зноўку падлягаў адпраўцы ў другі дывізіён, але гэтаму перашкодзіла Грамадзянская вайна. Пасьля аднаўленьня чэмпіянату шанец застацца ў эліце гішпанскага футболу «Атлетыку» даў «Рэал Аўеда», які папрасіў фэдэрацыю аб гадавой паўзе, патрэбную для аднаўленьня разбуранага стадыёну. Але й у «Атлетыка» меліся праблемы. Страціўшы на вайне загінулымі восем чалавек, клюб быў вымушаны аб’яднацца з камандай ваенна-паветраных войскаў. Атрымаўшы 4 кастрычніка 1939 году новую назву «Атлетык Авіясьён», клюб павінен быў правесьці стыкавы матч зь іншым прэтэндэнтам на месца ў эліце — памплёнскай «Асасунай». 26 лістапада ў Валенсіі гэтая гульня была выйграная мадрыдцамі зь лікам 3:1.
Два першыя сэзоны пасьля аднаўленьня чэмпіянату «Атлетык Авіясьён» скончыў на першым месцы, што сталася сэнсацыйнымі вынікамі. Варта адзначыць Рыкарда Замору, былога найлепшага брамніка сьвету, які трэніраваў каманду ў абедзьвюх пераможных кампаніях. А самым уплывовым і харызматычным гульцом таго часу быў капітан Хэрман Гомэс, які быў падпісаны сталічным клюбам з «Расінга» яшчэ ў 1939 годзе. У сувязі з пастановай генэралісімуса Франка аб перайменаваньні іншамоўных назваў на гішпанскі лад назва клюбу ў 1941 годзе была трохі пераўтворана ў «Атлетыка Авіясьён», а ў 1947 годзе кіраўніцтва клюбу вырашыла выключыць з назвы вайсковы складнік і вярнуцца да зыходнага — «Атлетыка», якое захоўваецца й дагэтуль. У тым жа годзе «матрацнікі» дамагліся самай вялікай за ўсю гісторыю перамогі ў дэрбі супраць «Рэалу» (5:0).
Залатыя часы
рэдагавацьУ 1949 годзе клюб узначаліў Эленіё Эрэра. У сэзоне 1949—1950 гадоў «Атлетыка» стаў чэмпіёнам Гішпаніі ў трэці раз. «Матрацнікі» апярэдзілі «Дэпартыва» ўсяго на адзін пункт. У гэтым жа сэзоне мадрыдцы згулялі фэерычны матч супраць іншага клюбу «Атлетыка», які закончыўся зь лікам 6:6. Ключавым футбалістам «Атлетыка» таго часу быў Лярбі Бэнбарэк пад мянушкай «чорная перліна». Пасьля сыходу Эрэры ў 1953 годзе, клуб пачаў значна саступаць «Рэалу» й «Барсэлёне», і да канца 1950-х гадоў разам з «Атлетыкам» зь Більбао лічыўся трэцім клюбам у Гішпаніі.
Тым ня менш, на працягу 1960-х і 1970-х гадох «Атлетыка» час ад часу навязваў барацьбу грандам. У сэзоне 1957—1958 гадоў, ачоленыя Фэрдынандам Даўчыкам, «Атлетыка» заняў другое месца ў Ля Лізе. Улічваючы той факт, што «Рэал» стаў пераможцам Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў, «Атлетыка» атрымаў права выступу ў гэтым эўрапейскім турніры на наступны год. Натхнёныя бразыльскім цэнтарфорўардам Вавам і Энрыке Кальярам «Атлетыка» дасягнуў паўфіналу пасьля перамогаў над «Драмкордай», баўгарскім ЦСКА й нямецкім «Шальке-04»[9]. У паўфінале яны сустрэліся з «Рэалам», але трывалі паразу на «Сант’яга Бэрнабэў» у першым матчы зь лікам 2:1. У матчы ў адказ «Атлетыка» перамог зь лікам 1:0, але ў дадатковым матчы, які прайшоў у Сарагосе, «сьметанкавыя» ўсё ж апынуліся мацьнейшымі за «Атлетыка» зь лікам 2:1[10].
«Атлетыка», аднак, адпомсьціў свайму адвечнаму суперніку, калі яны перамаглі каралеўскі клюб у двух фіналах кубка Гішпаніі двойчы запар у 1960 і 1961 гадох. Цікава, што гэтым часам клюб ачольваў былы трэнэр «Рэалу» Хасэ Вільялёнга. У 1962 годзе «Атлетыка» дабраўся да фіналу Кубка ўладальнікаў кубкаў, дзе перамог італьянскую «Фіярэнтыну» ў дадатковым матчы зь лікам 3:0[11]. Гэтае дасягненьне сталася вельмі значным для клюба, бо Кубак уладальнікаў кубкаў ёсьць адзіным буйным эўрапейскі трафэем, які «Рэал» ніколі ня здолеў здабыць. У наступным годзе клюб зноўку дасягнуў фіналу гэтага турніру, але ня здолеў перамагчы ангельскі «Тотэнгэм», які разграміў мадрыдцаў зь лікам 5:1. Да Кальяра, які працягваў быць уплывовым гульцом у гэтую эпоху, далучыліся паўабаронца Мігель Хонэс і плэймэйкер Адэлярда Радрыгес[12].
Наступныя гады адзначыліся дамінаваньнем «Рэалу» й «Атлетыка». У пэрыяд з 1961 па 1980 гады «Рэал» дамінаваў у Гішпаніі, атрымаўшы 14 перамог у розыгрышах Ля Лігі. За гэтым пэрыядам толькі «Атлетыка» здолеў прапанаваць «сьметанкавым» сур’ёзны выклік, атрымаўшы перамогі ў айчынным першынстве ў сэзонах 1965—1966, 1969—1970, 1972—1973 і 1976—1977 гадох. Яшчэ тройчы за гэты час клюб сканчваў чэмпіянат на другім месцы. Акрамя таго, «Атлетыка» здабываў кубак Гішпаніі ў 1965, 1972 і 1976 гадох. У 1965 годзе, калі «Атлетыка» скончыла сэзон другім, адразу пасьля «Рэалу», менавіта «Атлетыка» стаў першай камандай, якая здолела перамагчы «Рэал» на іхным стадыёне за апошнія восем гадоў.
Да вэтэрана Адэлярда ў гэтыя часы дадаліся бамбардзіры Люіс Араганэс, Хавіер Ірурэта й Хасэ Эўлёжыё Гаратэ. У 1970-х гадох у «Атлетыка» зьявіўся шэраг аргентынцаў, як то Рубэн Аяла, Панадэра Дыяс і Рамон Эрэдыя, а каманду ачоліў аргентынскі спэцыяліст Хуан Карляс Лярэнса. Лярэнса лічыў, што на першым месца павінна быць дысцыпліна, асьцярожнасьць і руйнаваньне гульнявой мадэлі апанэнтаў. Не зважаючы на тое, што такія мэтады былі даволі спрэчнымі, яны, у выніку, апынуліся пасьпяховымі. Пасьля перамогі ў Ля Лізе ў сэзоне 1972—1973 гадоў, клюб дасягнуў фіналу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў 1974 году[13]. На шляху да фіналу «Атлетыка» выбіў з турніру «Галатасарай», бухарэсцкае «Дынама», «Црвену Зьвезду» й «Сэлтык»[14]. Фінальны матч праходзіў у Брусэлі, дзе «Атлетыка» супрацьстаяў «Баварыі». Не зважаючы на тое, што мадрыдцы страцілі сваіх лепшых гульцаў з-за дыскваліфікацыі ўжо ў дадатковы час Араганэс забіў гол стрэлам з штрафнога ўдару за некалькі хвілінаў да сканчэньня матча, але баварцы здолелі выратаваць матч, зьвёўшы яе ўнічыю. У паўторным матчы, які адбыўся тамака ж праз два дні, «Баварыя» пераканаўча перамагла зь лікам 4:0, дзякуючы Улі Гёнэсу й Герду Мюлеру, якія аформілі дублі.
Неўзабаве пасьля паразы ў фінале эўракубку, вэтэран Люіс Араганэс скончыў кар’еру й ачоліў клюб у якасьці галоўнага трэнэру. Дзякуючы адмове «Баварыі» ад удзел у Міжкантынэнтальным кубку праз насычаны гульнявы каляндар, «Атлетыка», як прадстаўнік Эўропы, атрымаў права ўзяць удзел у турніры. Іхным супернікам стаўся аргентынскі «Індэпэнд’ентэ». У першым матчы ў Паўднёвай Амэрыцы мясцовыя гульцы перамаглі «Атлетыка» зь лікам 1:0[15], аднак у Мадрыдзе «матрацнікі» атрымалі «сухую» перамогу, дзякуючы выніковым стрэлам Ірурэты й Рубэна Аялы. Араганэс прывёў клюб таксама да перамогі ў Ля Лізе ў сэзоне 1976-1977 гадоў і кубку Гішпаніі ў 1976 годзе. Наступныя гады склаліся ня вельмі ўдала, клюб стала займаў пазыцыі ў верхнім радку табліцы, але часам апускаўся яшчэ ніжэй. У 1981 годзе Араганэс на год ачоліў «Бэтыс», аднак потым зноўку вярнуўся ў «Атлетыка». У сэзоне 1984—1985 гадоў клюб заняў другое месца, прапусьціўшы наперад «Барсэлёну», а лепшым бамбардзірам турніру стаўся мэксыканскі нападнік «Атлетыка» Уга Санчэс. У гэтым жа сэзоне клюб дасягнуў кубку Гішпаніі, дзе перамог «Атлетык» зь лікам 2:1, дзякуючы выніковым стрэлам таго ж Санчэса. Атрымаўшы права на ўдзел у Кубку ўладальнікаў кубкаў мадрыдцы патрапілі ў фінал гэтага турніры, але трывалі буйную паразу ад кіеўскага «Дынама» зь лікам 0:3[16].
Эра Хэсуса Хіля
рэдагавацьУ 1987 годзе новым прэзыдэнтам клюбу стаў скандальны палітык і бізнэсовец Хэсус Хіль. «Атлетыка» не перамагаў у айчынным першынстве, што выклікала адчай у клюбным кіраўніцтве. Адразу ж пасьля прызначэньня, Хіль зьдзейсьцніў шэраг дарагіх транфсэраў, самым вядомым зь якіх стаў пераход партугальскага ўінгера Паўлу Футры, які да таго стаў уладальнікам Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў разам з «Порту»[17]. Дзякуючы гэтаму, «Атлетыка» двойчы запар стаў уладальнікам кубка Гішпаніі ў 1991 і 1992 гадох. Стаць чэмпіёнам клюб ня здолеў, але бліжэй за ўсё да мэты быў у сэзоне 1990—1991 гадоў, калі «Атлетыка» фінішаваў другім пасьля «Барсэлёны» Ёгана Кройфа, а адставаньне ад чэмпіёну склала 10 пунктаў. Зь цягам часу Хіль атрымаў рэпутацыю бязьлітаснага чалавека праз свой спосаб кіраваньня клюбам. У пагоні за посьпехамі ён наймаў і звальняў шэраг гучных паводле імёнаў галоўных трэнэраў, як то Сэсар Люіс Мэноцьці, Рон Аткінсан, Хавіер Клемэнтэ, Томіслаў Івіч, Франсыска Матурана, Альфіё Басыле й Люіс Араганэс.
Хіль таксама зачыніў моладзевую акадэмію клюбу ў 1992 годе ў рамках агульнай рэструктурызацыі клюбнага бізнэсу[18]. Аднак, гэты крок апынуўся значнымі стратамі, бо будучая зорка «Рэалу» Рауль Гансалес, якому на той момант было 15 гадоў, быў вымушаны перайсьці ў акадэмію «сьметанкавых»[19].
У сэзоне 1994—1995 гадоў «Атлетыка» пазьбегнуў стыкавых матчаў за права захаваньня месца ў эліце толькі ў апошнім туры. Гэта выклікала зьмены на трэнэрскай пасадзе, а таксама актывізацыі клюбу на трансфэрным рынку ўлетку 1995 году. Новым галоўным трэнэрам стаў Радамір Анціч, клюб здолеў захаваць у складзе ключавых гульцоў, як то Тоні, Рабэрта Салясабаль, Хуан Віскаіна, Хасэ Люіс Камінэра, Дыега Сымэонэ й Кіка, а сярод новых футбалістаў у складзе зьявіліся Мілінка Панціч, Любаслаў Пенеў, Санці Дэнія й Хасэ Франсыска Маліна. Безумоўна гэта прынесла посьпех і «Атлетыка» зрабіла дубль, нарэшце атрымаўшы перамогу ў чэмпіянаце ў сэзоне 1995—1996 гадоў і здабыўшы кубка краіны. У наступным сэзоне клюб прыняў удзел у Лізе чэмпіёнаў упершыню за доўгі час. Улетку да клюбу далучыліся нападнік Хуан Эснайдэр і чэх Радэк Бэйбл, які добра выступіў на чэмпіянаце Эўропы 1996 годзе, дзе Чэхія дасягнула фіналу.
Перад пачаткам сэзону 1997—1998 гадоў клюб набыў Крыстыяна Віеры й Жуніньню. Аднак праз дрэнныя вынікі пачаліся трэнэрскія перастаноўкі, калі за кароткі прамежак часу было звольнена і падпісана шмат трэнэраў. Сэзон 1999—2000 гадоў апынуўся вельмі згубным для «Атлетыка». У сьнежні 1999 году кіраваньне Хіля было прыпыненае ў чаканьні расьсьледаваньня неправамернага выкарыстаньня клюбных фондаў. Клюб апынуўся пад кіраўніцтвам прызначанага судом адміністратара на час разгляду справы. Кляўдыё Раньеры падаў у адстаўку з пасады трэнэра клюбу, калі «матрацнікі» займалі 17-е месца ў чэмпіянаце, акурат у зоне вылету. Анціч, які вярнуўся ў клюб у трэці раз, ня здолеў прадухіліць непазбежнае й, незважаючы на выхад у фінал кубка краіны, «Атлетыка» страціў месца ў Ля Лізе, адправіўшыся ў другі дывізіён[20].
У Сэгундзе «Атлетыка» правёў два сэзоны. У першым зь іх мадрыдцы ледзь не атрымалі шанец на прасоўваньне, але засталіся ў другім дывізіёне, а на другі сэзон каманда, ачоленая Люісам Араганэсам, атрымала перамогу ў Сэгундзе й вярнулася ў эліту. Араганэс застаўся на пасадзе й трэнэраваў каманду на наступны год, які стаў дэбютным у эліце для будучай гішпанскай зоркі Фэрнанда Торэса[21]. У 2003 годзе Хіль канчаткова страціў сваю пасаду ў клюбе, а праз год памёр, пакінуўшы аб сабе ня вельмі добрыя ўспаміны за часам панаваньня ў клюбе[22].
Вяртаньне да эўрапейскае эліты
рэдагавацьУ 2006 годзе «Атлетыка» падпісаў партугальскіх паўабаронцаў Каштыньня й Манішэ, а таксама аргентынскага нападніка Сэрхіё Агуэра. У ліпені 2007 году Фэрнанда Торэс пакінуў клюб, перайшоўшы ў ангельскі «Лівэрпул» за ₤ 26,5 млн[23]. Паводле дамовы ў адваротным накірунку выправіўся Люіс Гарсія[23]. Акрамя таго, да клюбу далучыўся ўгугвайскі нападнік Дыега Фарлян прыкладна за 21 млн эўра, пакінуўшы «Вільярэал»[24]. Да іншых пераходаў варта адзначыць зьяўленьне ў клюбе партугальца Сымана з «Бэнфікі» й ўінгера Хасэ Антоніё Рэеса за 12 млн эўра[25].
У ліпені 2007 году рада «Атлетыка» дасягнула дамоўленасьці з уладамі гораду аб перадачы ў клюбнае ўладаньне зямлі, дзе знаходзіўся алімпійскі стадыён. Сэзон 2007—2008 гадоў апынуўся для клюбу самым пасьпяховым за апошняе дзесяцігодзьдзе. «Атлетыка» дасягнуў 1/16 фіналу Кубка УЭФА, дзе мадрыдцы трывалі паразу ад «Болтану». Таксама, клюб дайшоў да чвэрцьфіналу кубка Гішпаніі, дзе былі выбітыя будучым пераможцам турніру «Валенсіяй». Больш важна тое, каманда скончыла сэзон Ля Лігі на чацьвёртым радку, атрымаўшы правы на ўдзел у кваліфікацыі да Лігі чэмпіёнаў упершыню з сэзону 1996—1997 гадоў. 3 лютага 2009 году Хавіер Агірэ быў звольнены з пасады галоўнага трэнэра клюбу пасьля няўдалага старту сэзону, калі каманда правяла шэсьць гульняў без перамог. Аднак, другая палова сэзону склалася пасьпяхова, «Атлетыка» зноўку заняў выніковы чацьвёрты радок, а Дыега Фарлян стаў лепшым бамбардзірам лігі й атрымаў «Залатую буцу»[26]. Пасьля сканчэньня чэмпіянату «Атлетыка» вырашыў умацавацца перад новым сэзонам. Да клюбу далучыўся брамнік Давід дэ Хэа, які замяніў вэтэрана Лео Франка. Акрамя таго, «Атлетыка» набыў былога абаронцу «Бэтыса» й гульца зборнай Гішпаніі Хуаніта на правах вольнага агента. Нягледзячы на ціск з боку больш заможных клюбаў, мадрыдцы ўсё ж здолелі захаваць у складзе зорных гульцоў Агуэра й Фарляна.
Сэзон 2009—2010 гадоў, аднак, пачаўся няўдала з мноствам паразаў і прапушчаных мячоў. 21 кастрычніка «Атлетыка» трывала паразу 4:0 ад ангельскага клюбу «Чэлсі» ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў[27]. Гэтая параза прывяла да звальненьня галоўнага трэнэра Абэля Рэсына[28]. Пасьля таго, як кіраўніцтва ня здолела дамовіцца зь Мікаэлем Ляўдрупам, новым галоўным трэнэрам стаў Кіке Санчэс Флёрэс[29]. З прыходам Флёрэса ў кастрычніку 2009 году «Атлетыка» ня здолеў прынцыпова зьмяніць сытуацыю ў чэмпіянаце й у выніку клюб заняў толькі 9-е месца. Аднак, заняўшы трэці радок у групе Лігі чэмпіёнаў, «Атлетыка» перамясьціўся ў Лігу Эўропы, дзе дайшоў ажно да фіналу, дзе мадрыдцам супрацьстаяў ангельскі «Фулгэм». Фінал прайшоў у Гамбургу 12 траўня 2010 году й скончыўся перамогай «Атлетыка» 2:1, дзякуючы дублю Дыега Фарляну[30]. Перамога ў Лізе Эўропы сталася першым міжнародным трафэем клюбу з 1962 году. Ужо ў жніўні «Атлетыка» здабыў Супэркубак УЭФА, перамогшчы італьянскі «Інтэрнацыянале» зь лікам 0:2.
Наступны сэзон 2010—2011 гадоў прайшоў даволі несуцяшальна для клюбу. «Атлетыка» заняў толькі 7-е месца ў Ля Лізе й страціў шанец на заваёву кубка краіны ў чвэрцьфінале. У Лізе Эўропы мадрыдцы скончылі свае выступы ўжо на групавым этапе. У канчатковым выніку гэта прывяло да звальненьня Кіке Санчэса Флёрэса да завяршэньня сэзону. Новы трэнэр Грэгорыё Мансана ў сьнежні 2011 году таксама быў скінуты з пасады праз дрэнныя выступы ў айчынным першынстве й быў заменены на Дыега Сымэоне. Сымэоне прывёў клюб да чарговай здабычы перамогі ў Лізе Эўропы, калі ў фінале быў зьбіты «Атлетык» зь лікам 3:0. Дублем адзначыўся Радамэль Фалькао[31]. Зноўку пасьля перамогі ў Лізе Эўропы «Атлетыка» здолеў здабыць і Супэркубак Эўропы, разграміўшы 31 жніўня 2012 году «Чэлсі» зь лікам 4:1, прыкметна, што Радамэль Фалькао адзначыўся ў гэтае гульні хет-трыкам. 17 траўня 2013 году «Атлетыка» апынушся мацнейшым за мадрыдзкі «Рэал» зь лікам 2:1 у напружаным фінале кубка Гішпаніі, дзе абедзьве каманды скончылі матч з 10 футбалістамі ад кожнай каманды. Роўна праз год, 17 траўня 2014 году, дзякуючы нічыі 1:1 на «Камп Ноў» у матчы супраць «Барсэлёны» «Атлетыка» атрымаў першую з 1996 году перамогу ў чэмпіянаце. Гэтая перамога таксама спыніла дамінаваньне «Рэалу» й «Барсэлёны», якія токльі ўдваіх атрымлівалі перамогі ў Ля Лізе пачынаючы з сэзону 2004—2005 гадоў[32]. Праз тыдзень пасьля перамогі ў чэмпіянаце «Атлетыка» сутыкнуўся з «Рэалам» ў фінале Лігі чэмпіёнаў. Прыкметна, што гэты фінал стаў першым, дзе адобва супернікі месьцяцца ў адным горадзе. Яшчэ ў першым тайме «матрацнікі» атрымалі перавагу ў адзін мяч, дзякуючы голу Дыега Гадына, аднак, на трэцяй хвіліне кампэнсаванага часу, абаронца «сьметанкавых» Сэрхіё Рамас здолеў зрабіць лік роўным 1:1. У дадатковы час, «Рэал» натхнёны сваім выратаваньнем атрымаў перамогу зь лікам 4:1. У сэзоне 2015—2016 гадоў «Атлетыка» зноўку дасягнуў фіналу Лігі чэмпіёнаў, дзе таксама сутыкнуўся з «Рэалам» і трываў паразу, але ўжо ў сэрыі пэнальці[33]. У 2018 годзе «Атлетыка» ў чарговы раз здабыў перамогу ў Лізе Еўропы, разграміўшы ў фінале марсэльскі «Алімпік» зь лікам 3:0, пасьля чаго, у матчы за Супэркубак УЭФА супраць «Рэала» перамог у даданы час зь лікам 4:2. За час з апошняе перамогі ў чэмпіянаце Гішпаніі «Атлетыка» тройчы запар займаў трэцяе месца, а ў сэзоне 2017—2018 гадоў скончыў на другім радку, пакінуўшы за сьпінай мадрыдзкі «Рэал».
Дасягненьні
рэдагавацьГішпанскія спаборніцтвы
рэдагаваць- Чэмпіёны Гішпаніі (11):
- 1940, 1941, 1950, 1951, 1966, 1970, 1973, 1977, 1996, 2014,
- 2021
- Уладальнікі Кубка Гішпаніі (10):
- 1960, 1961, 1965, 1972, 1976, 1985, 1991, 1992, 1996, 2013
- Уладальнікі Супэркубка Гішпаніі (2):
- 1985, 2014
Міжнародныя
рэдагаваць- Уладальнікі міжкантынэнтальнага кубку (1):
- 1974
- Ліга Эўропы (3):
- Уладальнікі Кубка ўладальнікаў кубкаў (1):
- 1962
- Уладальнікі Супэркубка УЭФА (3):
- 2010, 2012, 2018
Склад
рэдагаваць- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г annual report — 2016.
- ^ Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ «Blackburn Rovers». Historical Football Kits.
- ^ «The Atlético Crest and its Meaning». Atlético The Offside.
- ^ «Southampton». Historical Football Kits.
- ^ «Athletic-Atlético, historia de dos parientes». ABC.
- ^ «Athletic de Madrid 1910-11». Equipos de Fútbol.
- ^ «Manuel Garnica, el “Santo” que metió un gol con el Athletic». Memorias del Fútbol Vasco.
- ^ «European Cup & Champions League History 1955–2010». European Cup History.
- ^ «1958/59: Di Stéfano keeps Madrid rolling on». UEFA.
- ^ «UEFA Cup Winners' Cup». UEFA
- ^ «Adelardo, Adelardo Rodríguez Sánchez». BDFutbol.
- ^ «1973/74: Müller ends Bayern wait». UEFA.
- ^ «European Competitions 1973–74». RSSSF.
- ^ «Intercontinental Cup 1974». FIFA.
- ^ «European Competitions 1985–86». RSSSF.
- ^ «Futre, Paulo Jorge Dos Santos Futre». BDFutbol.
- ^ «Are 'madhouse' Atlético Madrid the worst run club in Europe?». The Guardian.
- ^ «Raúl González». Spanish Fiestas.
- ^ «Atlético Madrid can put end to glory of suffering in Liverpool semi». The Guardian.
- ^ «Fernando Torres Career». Torres Soccer Profiles.
- ^ «Atletico owner Gil dies». BBC News.
- ^ а б «Torres cuts short holiday, set to join Liverpool». ESPN.
- ^ «New and improved Forlan to test Liverpool». BBC News.
- ^ «Reyes se va al Atleti». Marca.
- ^ «Man United flop Forlan bags second Euro Golden Shoe after netting 32 times in La Liga». Daily Mail.
- ^ «Chelsea 4–0 Atletico Madrid». BBC Sport.
- ^ «Atletico Madrid sack coach Resino». BBC Sport.
- ^ «Quique to Atletico Madrid». La Liga Weekly.
- ^ «Fulham 1 Atlético Madrid 2 aet: match report». The Daily Telegraph.
- ^ «Atlético Madrid 3–0 Athletic Bilbao». The Guardian.
- ^ «Barcelona 1 Atletico Madrid 1, La Liga: match report». The Daily Telegraph.
- ^ «Real Madrid beat Atletico Madrid on penalties». BBC Sport.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (гішп.) (анг.)
- Старонка на сайце Ля Лігі (гішп.) (анг.)