Кёльн (футбольны клюб)

нямецкі футбольны клюб

«Кёльн» (па-нямецку: Köln) — нямецкі футбольны клюб з гораду Кёльну. Заснаваны ў 1948 годзе. Трохразовы чэмпіён Нямеччыны і 4-разовы ўладальнік Кубка Нямеччыны. «Кёльн» быў створаны 13 лютага 1948 году пасьля зьліцьця клюбаў «Kölner Ballspiel-Club 1901» і «SpVgg Sülz 07». Як і многія іншыя прафэсійныя футбольныя нямецкія клюбы, «Кёльн» ёсьць часткай вялікага спартовага клюбу, які аб’ядноўвае ў сабе каманды па розных відах спорту, у прыватнасьці клюбы па гандболе, настольным тэнісе й мастацкай гімнастыцы. Асноўнымі супернікамі клюбу зьяўляюцца «Барусія» Мёнхэнглядбах, «Баер» і «Фартуна» Дусэльдорф, то бок гэта ўсё клюбы з аднаго рэгіёну, з гарадоў, што стаяць на беразе ракі Райну.

Кёльн
Поўная назва 1. Fußball-Club Köln 01/07 e. V.
Заснаваны 13 лютага 1948
Горад Кёльн, Нямеччына
Стадыён Райн-Энэргі-Штадыён
Умяшчальнасьць: 50 374[1]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Бундэсьліга 2
 · 2023—2024 Бундэсьліга, 17 месца (паніжэньне)
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
fc.de (ням.)​ (анг.)

Налічваючы больш за 100 тысяч сяброў, «Кёльн» зьяўляецца чацьвертым паводле велічыні клюбам краіны[2][3].

Гісторыя

рэдагаваць

У 1930-я — 1940-я гады ў горадзе Кёльне грунтаваліся некалькі футбольных камандаў прыкладна роўнай сілы: «VfL Köln 1899», «VfR Köln 04», «SV Mülheim», «SpVgg Sülz 07» і «Kölner BC 01». Аднак усе гэтыя зьвязы былі калектывамі раённага ўзроўню, якія пасьпяхова выступалі ў сваім горадзе й прылеглых вёсачках. Ні адна каманда не магла сябе сур’ёзна паказаць у рамках чэмпіянату Райнлянду, тым больш — у першынстве Нямеччыны. З 1934 па 1944 гады «VfR Köln» здолеў-такі патрапіць у вышэйшую лігу, аднак канкурэнцыя з боку камандаў з Трыру, Аахэну й Дурэну аказалася непераадольнай.

 
Казёл ёсьць традыцыйным сымбалем клюбу.

Рашэньнем жыхароў гораду, якія ўсьвядомілі неабходнасьць мець моцную футбольную каманду, якія здолелі паўплываць на ўладальнікаў зьвязаў, быў створаны адзін клюб, які ўвабраў усіх найлепшых футбалістаў Кёльну. Менавіта так 13 лютага 1948 году была створана футбольная каманда «1.FC Köln», базай для якой паслужылі футбольныя зьвязы «Kölner BC» і «Sülz 07». Галоўнай рухаючай сілай зьліцьця камандаў сталі Франц Крэмэр і Франц Больг, якія ўзяліся за пабудову канкурэнтаздольнай каманды на нацыянальнай арэне. Пад свае сьцягі яны адразу спрабавалі заклікаць моцных гульцоў, кажучы сакрамэнтальную фразу: «Не жадаеце ці вы стаць чэмпіёнамі Нямеччыны разам з намі?».

Франц Крэмэр стаў першым прэзыдэнтам новай каманды й заставаўся ім да сваёй сьмерці ў 1967 годзе. Ён апынуўся вельмі ўмелым кіраўніком і арганізатарам. За некалькі сэзонаў Крэмэр сур’ёзна палепшыў інфраструктуру каманды, перавёў яе на прафэсійны ўзровень. Ужо ў 1949 годзе клюб здолеў падняцца ў Заходні дывізіён Найвышэйшай лігі Нямеччыны.

У 1957 годзе, на вечарынцы футбольнай каманды па заканчэньні сэзону, якая супала з карнавальнымі сьвятамі, адзін з гасьцей паднёс босу клюбу жывога казла. Назвалі яго ў жарт у гонар галоўнага трэнэра Гэнэса Вайсвалера. Казёл так спадабаўся самому настаўніку й усім футбалістам, што з часам ператварыўся ў талісман клюбу й стаў адлюстроўвацца на лягатыпе каманды, а затым і на ўсёй фанацкай прадукцыі. У выніку за камандай замацавалася мянушка «казлы». На 2021 год на полі футбольнай арэны ў Кёльне выходзіць ўжо «Гэнэс Восьмы».

У 1950-х і на пачатку 1960-х гадоў футбалісты зь берагоў Райну ў цэлым 5 разоў станавіліся найлепшымі ў Заходняй Нямеччыне. Гэта было посьпехам для клюбу, якога зусім нядаўна ня існавала. Посьпехі на Захадзе дазвалялі камандзе рэгулярна выступаць у фінальных матчах за чэмпіёнства, але галоўны трафэй краіны скарыўся «Кёльну» толькі ў 1962 годзе, калі ў фінале зь лікам 4:0 быў разьбіты «Нюрнбэрг».

У 1963 годзе каманда была абраная, як і іншыя 16 дружынаў, у якасьці аднаго з клюбаў навастворанай Бундэсьлігі, новай прафэсійнай футбольнай лігі Нямеччыны. «Кёльн» працягнуў здабываць перамогі, стаўшы першым чэмпіёнам Бундэсьлігі ў першым сэзоне 1963—1964 гадоў. Зьяўляючыся чэмпіёнам краіны, «Кёльн» стаў прадстаўніком Нямеччыны ў розыгрышу Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў сэзону 1964—1965 гадоў, дзе на чвэрцьфінальнай стадыі сустрэўся з ангельскім «Лівэрпулам». Пасьля двух нічыіх 0:0 была згуляная трэцяя гульня, якая таксама ня выявіла пераможцу, бо скончылася зь лікам 2:2. Паколькі сэрыя пэнальці тады яшчэ не выкарыстоўвался дзеля вызначэньня мацнейшай дружыны, лёс клюбаў вызначыла падкідваньне манэты. Дзіўна, але ў першы раз манэта вэртыкальна ўтыркнулася ў зямлю, але з другой спробы прасоўваньне далей атрмалі ангельцы. Клюб таксама стаў першай камандай Бундэсьлігі, які прыцягнуў у свае шэрагі бразыльскага гульца, склаўшы ўгоду з Зэзэ за рэкордную на той час сплату ў памеры 150 тысяч нямецкіх марак[4]. У сэзоне 1964—1965 гадоў «Кёльн» заняў другое месца ў розыгрышу нямецкага першынства, а ў сэзоне 1967—1968 гадоў здабыў свой першы Кубак Нямеччыны.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць