Расна (Берасьцейская вобласьць)

вёска ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі

Ра́сна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Кавалісе-Млынцу. Цэнтар сельсавету Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзіцца за 32 км на захад ад Камянцу, за 45 км ад Берасьця; на аўтамабільнай дарозе на Высокае.

Расна
лац. Rasna
Сядзіба
Сядзіба
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Камянецкі
Сельсавет: Расьнянскі
Насельніцтва: 848 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1631
Паштовы індэкс: 225071
СААТА: 1240870041
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д. / 52.39222; 23.40861Каардынаты: 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д. / 52.39222; 23.40861
Расна на мапе Беларусі ±
Расна
Расна
Расна
Расна
Расна
Расна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Расна — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся кальвінскі збор і сядзіба Грабоўскіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару марыянаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя.

Назва вёскі паходзіць ад слова «ря(а)сно», што азначае багата, шчодра, прыгожа, па-польску называная таксама rzęsna, што азначае «вейка».

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы вядомы на сёньня пісьмовы ўпамін пра Расну зьмяшчаецца ў мэтрыцы ВКЛ пад 1466 годам як маёнтак, які перайшоў да Трачэвічаў ад Баярскага. У 1507 годзе маёнткам валодаў Ігнат Нікіціч. У 1511 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары пацьвердзіў пажыцьцёвае права валоданьня Івану Багданавічу Храптовічу-Літавору. Потым маёнткам валодалі вядомыя шляхецкія роды: Ёдкі, Пяткевічы і Хлявіцкія.

Бязьдзетны Станіслаў Хлявіцкі прадаў Расну Войнам. Лаўрын Война, новы ўладальнік Расны, падскарбі дворны, выстаўляў у войска 35 коньнікаў. Па яго сьмерці (каля 1580 году) правы валоданьня перайшлі да яго сына Андрэя. У 1631 годзе Расна адыходзіць да яго сына Пятра Андрэевіча Войны.

Доўгі час Расна належыла роду Сапегаў і пры іх, да XVIII ст., ужо мела статус мястэчка. Сапегі набылі маёнтак Расна ў Лукаша Андрэевіча Войны (яшчэ аднаго сына Андрэя Войны) у 1647 годзе. Набыў яго ваявода віцебскі Павал Ян Сапега, пазьней гетман ВКЛ. Менавіта за Сапегамі (у часы Міхала Сапегі) у Расьне збудавалі драўляную сядзібу і разьбілі парк. У гэты ж час у мястэчку пачалі праводзіць вялікія кірмашы, якія асабліва славіліся гандлем коньмі. Разьвіцьцё гандлю прывяло да засяленьня Расны габрэямі, якія мелі тут сынагогу, шынок, крамы.

У ходзе Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721 гады) Расна і ваколіцы моцна пацярпелі. У 1718 годзе Міхал Сапега мусіў быў аддаць Расну і Высокае пад заклад у 45000 тынфаў Аўгусту Касьцюшку-Сяхновіцкаму.

Ад 1722 году мястэчка належыла роду Матушэвічаў. У якасьці кампэнсацыі за даўгі Сапегаў Расна перайшла Юзафу Матушэвічу, бацьку вядомага паэта, перакладніка і мэмуарыста і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Марціна Матушэвіча (1714—1773), аўтара «Дыярыюша майго жыцьця…». З восені 1760 году ў Расьне ў Марціна Матушэвіча пасяліўся паэт і перакладнік Ануфры Карытынскі (1719—1770). У Расьне ў 1765 годзе нарадзіўся Тадэвуш Матушэвіч — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Царства Польскага, пасол Чатырохгадовага Сойму ад Берасьцейскага павету, міністар фінансаў Царства Польскага і міністар Герцагства Варшаўскага, удзельнік Паўстаньня 1794 году, літаратар.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Расна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. З другой паловы XIX ст. сядзіба належала кальвіністам Грабоўскім: у 1849 годзе яе выкупіў за 10 711 рублёў срэбрам граф Ян Грабоўскі. Грабоўскія збудавалі новую мураваную аднапавярховую сядзібу на месцы старой.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Расна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 годзе Расна ўвайшла ў БССР.

9 красавіка 1991 году ў Расьне пачалі будаваць праваслаўную царкву. Фундатарам выступіў мясцовы калгас «Савецкая Беларусь». Храм (архітэктар — А. М. Гуляка) будавалі 8 гадоў, яшчэ 3 гады рабілі ўнутраны росьпіс. Паводле старшыні калгасу Ўладзімера Бядулі, які з 1956 году больш за паўстагодзьдзя працаваў старшынём калгасу «Савецкая Беларусь», гаспадарка выдаткавала 500 тыс. даляраў на будаваньне царквы[3].

26 красавіка 2013 году цэнтар Расьнянскага сельсавету перанесьлі зь вёскі Абяроўшчыны ў Расну[4].

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1999 год — 860 чалавек
  • 2010 год — 848 чалавек

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

Кальвінскі збор

рэдагаваць

На пачатку XIX ст. у Расьне збудавалі невялікі кальвінскі збор, у якім знаходзілася пахавальня роду Грабоўскіх. Гэта твор архітэктуры класіцызму. Унутры збору разьмяшчаліся, падвешаныя на ланцугах, саркафагі роду Грабоўскіх, частка пахаваньняў таксама ў крыпце. У часы савецкай улады збор выкарыстоўваўся ў якасьці складу.

Перад пачаткам Першай сусьветнай вайны Расна была адной з трох кальвінісцкіх парафіяў у Гарадзенскай губэрні (яшчэ былі Ізабелін пад Ваўкавыскам, якім валодалі Грабоўскія, і Непакойчыцы каля Жабінкі). Кальвінісцкая парафія ў Расьне ўваходзіла ў склад Віленскага дыстрыкту ў межах акругі Віленскага Эвангельска-Рэфармацкага Сыноду Расейскай імпэрыі, дзе ўсяго налічвалася 41 парафія.

У апошняй чвэрці XIX ст. у Расну і Непакойчыцы з Ізабеліна пэрыядычна прыязджаў да сваіх вернікаў-кальвіністаў пастар Юзаф Мандзялоўскі (нар. 11.02.1843, пастар з 11.07.1869)[5].

Сядзіба Грабоўскіх

рэдагаваць

Сядзібна-паркавы комплекс Грабоўскіх на беразе некалькіх сажалак улучаў таксама альтанку, млын і шэраг гаспадарчых пабудоваў. Да сёньня захаваліся фрагмэнты гаспадарчага двара. Гэта рэшткі двух вялікіх будынкаў XIX ст., якія стаяць бяз даху. Абодва будынкі былі вымурованыя з вялікіх камянёў з улучэньнямі цэглы, якія змацоўваюцца вапнай, дэкараванай чырвоным і чорным друзам.

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Уніяцкая царква

рэдагаваць

У часы Уніі ў Расьне існавала ўніяцкая парафія Сьвятога Міхала Арханёла, якая належыла да Камянецкага дэканату. Уніяцкую царкву ў Расьне збудаваў Марцін Матушэвіч. Перад скасаваньнем Уніяцкай Царквы парафія ў Расьне налічвала ў 1837 г. 2030 вернікаў. Парафія валодала 4 валокамі зямлі, мела 3-х фундушовых сялянаў, а гадавы прыбытак складаў 70 рублёў срэбрам.[6]

Па ліквідацыі Уніі царква Сьвятога Міхаіла Арханёла стала належыць Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). Яе перабудавалі і нанова асьвяцілі ў 1842 годзе.

Згодна з пастановай Савету па справах Расейскай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР ад 28 лістапада 1962 году царкву зачынілі з рэкамэндацыяй перадачы яе пад клюб. Аднак прызначаныя савецкімі ўладамі кіраўнікі сельсавету і калгасу «Савецкая Беларусь» у 1964 годзе старую драўляную царкву разбурылі цалкам.

Касьцёл і кляштар марыянаў

рэдагаваць

У 1744 годзе[7] менскі чашнік Юры Матушэвіч фундаваў пабудову ў Расьне на беразе ракі Пульвы касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштара айцоў-марыянаў.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар марыянаў у Расьне распараджэньнем генэрал-губэрнатара Мураўёва-вешальніка ад 4 (16) верасьня 1864 году за ўдзел марыянаў у паўстаньні[8]. Тады ж касьцёл адабралі ў каталікоўі перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі[7].

У 1918 годзе касьцёл вярнулі каталікам і асьвяцілі ў гонар сьвятой Ганны Маці Найсьвяцейшай Панны Марыі[7]. 9 кастрычніка 1919 году ў часе візытацыі дыяцэзіі Расну наведаў віленскі біскуп Юры Матулевіч (сёньня — блаславёны Каталіцкай Царквы), які на пачатку XX ст. аднавіў дзейнасьць Ордэну марыянаў[9]. Ён пастанавіў вярнуць марыянаў у Расну, якія пасяліліся там у чэрвені 1920 году[9]. Генэрал Ордэну марыянаў Юры Матулевіч, як біскуп віленскі, вярнуў марыянам іх даўні кляштар пры касьцёле сьвятой Ганны сваёй пастановай ад 9 лістапада 1920 году[9].

Гэта быў першы кляштар, які вярнуў сабе адноўлены Ордэн марыянаў у міжваеннай Польшчы. Паводле задумы Генэрала марыянаў Юрыя Матулевіча, у Расьне мусіў быў разьмясьціцца навіцыят Ордэну марыянаў. Апрача касьцёлу і закінутага кляштару, марыянам належыла 108 га зямлі. Аднак польскія дзяржаўныя ўлады не жадалі яе вяртаць і марыяне шмат гадоў вялі судовыя спрэчкі за гэтую сваю ўласнасьць[10].

Навіцыят Ордэну марыянаў фактычна быў перанесены ў Расну зь Бялянаў у Варшаве яшчэ летам 1920 году. 28 сьнежня 1920 году біскуп Юры Матулевіч як Генэрал Ордэну марыянаў накіраваў Апостальскаму нунцыю ў Польшчы А. Рацьці ліст з просьбай аб зацьвярджэньні Апостальскім Пасадам у Рыме пераносу навіцыяту марыянаў зь Бялянаў у Расну, якая належыла да парафіі ў Высокім-Літоўскім Берасьцейскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[11]. Абгрунтаваньне біскупа і Генэрала марыянаў Ю. Матулевіча было наступным: «Дом законны ў Расьне цалкам адпаведны для разьмяшчэньня ў ім навіцыяту, больш таго, дзеля свайго разьмяшчэньня прыдатны для засяроджаньня розуму і практыкаваньня ўнутранага жыцьця, сад і маёнтак зьяўляюцца дастатковымі для ўтрыманьня навіцыяў». Ватыкан даў свой афіцыйны дазвол праз нунцыя 2 студзеня 1921 году.

У кляштары марыянаў у Расьне 2 кастрычніка 1921 году біскуп Віленскі Юры Матулевіч высьвяціў на сьвятара марыяніна Яўгена Кулешу (быў катаваны і забіты каля Друі 30 чэрвеня 1941 году савецкімі салдатамі), датычна якога 9 лютага 2021 году распачаўся бэатыфікацыйны працэс[12].

Аднак ў 1922 годзе навіцыт быў перанесены ў Скурац (Польшча), што на Падляшшы, дзе ён месьціўся да 5 студзеня 1926 году, па чым улады Ордэну марыянаў зноў вярнулі навіцыят у Расну[10]. У 1921—1926 гадох у Расьне разьмяшчалася малая сэмінарыя Ордэну марыянаў — ювэнат, у якой атрымлівалі адукацыю на ўзроўні 4-х клясаў каля 50 навучэнцаў, па заканчэньні якой кандыдаты для манаскага жыцьця і сьвятарства прымаліся ў навіцыят[13].

У 1938—1939 гадох пробашчам і старэйшым Дому марыянаў у Расьне служыў а. Юры Кашыра (1904—1943), які пазьней прыняў мучаніцкую сьмерць (спалены жыўцом разам зь вернікамі ў Росіцы) і вызнаны блаславёным Каталіцкай Царквы. У чэрвені 1938 году разам зь іншымі беларускімі марыянамі а. Юры Кашыра як «нядобранадзейны» быў дэпартаваны польскімі ўладамі з кляштару марыянаў у Друі і апынуўся ў Расьне. У верасьні 1939 году, па пачатку Другой сусьветнай вайны, а. Юры Кашыра і ўсе марыяне мусілі былі пакінуць Расну, бо новая савецкая атэістычная ўлада забрала будынак кляштару.

Кляштар марыянаў у Расьне згарэў у 1944 годзе.

Манаскі дом сясьцёр-эўхарыстак

рэдагаваць

У міжваенны час у Расьне працавалі таксама рыма-каталіцкія манахіні з Кангрэгацыі Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі), якія мелі тут свой манаскі дом. На 1939 год у Расьне знаходзілася 7 манахіняў[14]. Перад пачаткам вайны ў 1939 годзе старэйшай манаскага дому ў Расьне была сястра Моніка Скурат.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 174.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Ирина Гуринович. Неистовый Бедуля, «Советская Белоруссия», № 39, 28.02.2005.
  4. ^ «О переносе административного центра Ряснянского сельсовета в агрогородок Рясна». Решение Каменецкого районного Совета депутатов от 26 апреля 2013 г. № 189(недаступная спасылка) (рас.)
  5. ^ Die Evangelisch-Reformierte Kirche in Russland.1914.
  6. ^ Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Polski Instytut Kultury Chrześcijańskiej, Roma-Lublin, 2001. S. 228.
  7. ^ а б в Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 71.
  8. ^ Odrodzenie Zgromadzenia Księzy Marianów w latach 1909—1910 (Dokumenty) / Mariański Instytut historyczny. Fontes Historiae Marianorum 1. — Warszawa, 1995. S. 11.
  9. ^ а б в Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 338.
  10. ^ а б Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 339.
  11. ^ Stolica Apostolska a biskup Jerzy Matulewicz 1916—1921. — Mariański Instytut Historyczny. Fontes historiae marianorum, 2. — Warszawa, 1996. S. 266.
  12. ^ Sługa Boży ks. Eugeniusz Kulesza (1891-1941) (пол.) Праверана 23 лістапада 2021 г.
  13. ^ Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 340.
  14. ^ Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 171.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць