Марцін Матушэвіч
Ма́рцін Матушэ́віч (11 лістапада 1714, в.Мала-Ельня — 1773) — паэт і мэмуарыст, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, кашталян берасьцейскі.
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 лістапада 1714[1][2][3] |
Памёр | 21 лістапада 1773 (59 гадоў) або 9 ліпеня 1774[4] (59 гадоў) |
Род | Матушэвічы[d] |
Бацькі | Ежы Юзаф Матушэвіч[d] Тэрэза з Кемпскіх[d] |
Дзеці | Тадэвуш Матушэвіч, Тэафілія з Матушэвічаў[d] і Бэнэдыкта Канстанцыя Матушэвіч[d] |
Дзейнасьць | паэт |
Сям’я
рэдагавацьБацька Марціна Матушэвіча Юзаф Матушэвіч у 1722 годзе атрымаў у якасьці кампэнсацыі за даўгі Сапегаў мястэчка Расна, куды пераехала яго сям’я.
Належаў да незаможнай шляхты гэрбу Лебядзь, але дзякуючы ўласным здольнасьцям і апецы заможных і ўплывовых пратэктараў здолеў заняць высокія пасады. Пасьля сьмерці бацькі ўспадкаваў Расну, дзе жыў, зь яшчэ 6 вёскамі і мястэчкам Рагачы (Польшча), Войнаўку з уваходамі ў Белавескую пушчу, а таксама закладныя Чамяры.
1 студзеня 1756 году ўзяў шлюб з Ганнай з роду Неміровічаў-Шчытоў, кашталянкай амсьціслаўскай, якая да яго была замужам за мечнікам ковенскім Ігнатам Хэлхоўскім. У шлюбе ў іх нарадзіліся дзеці: Бэнэдыкта Канстанцыя (1761) і Тадэвуш (1765).
Яго сын — Тадэвуш Матусевіч — стаў дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, быў міністрам скарбу Варшаўскага княства, браў удзел у падрыхтоўцы Канстытуцыі 3 траўня і ўдзельнічаў у паўстаньні 1794 г. як адзін з кіраўнікоў. Дачка — Бэнэдыкта Канстанцыя Матушэвіч выйшла замуж за Міхала Залескага, войскага літоўскага.
Навучаньне, кар’ера і дзяржаўная дзейнасьць
рэдагавацьНавучаўся ў парафіяльнай школе ў Камянцы, затым у езуітаў Берасьці, Дарагічыне, Варшаве. У Варшаве ён меў таксама настаўнікаў у малюнку і францускай мове.
Быў мушкецёрам караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста II Моцнага. Пасьля яго сьмерці ў 1733 г. змагаўся на баку прэтэндэнта на каралеўскі пасад Станіслава Ляшчынскага, якога падтрымлівала Францыя, намагаючыся спыніць расейскія ўплывы.
Сваю кар’еру дзяржаўнага дзеяча Марцін Матушэвіч распачаў у 1738 як берасьцейскі пісар гродзкі. З 1740 — падстолі берасьцейскі, затым з 1746 — стольнік берасьцейскі. У 1743 на берасьцейскім дэпутацкім сойміку быў абраны маршалкам, што сьведчыла пра ягоны аўтарытэт сярод берасьцейцаў. З 1752 — берасьцейскі земскі пісар. Быў паслом на сойм элекцыйны 1764 году ад Берасьцейскага ваяводзтва. У лютым 1765 заняў пасаду берасьцейскага земскага судзьдзі.[5]
У 1767 годзе ён стаў генэральным сакратаром Радамскай канфэдэрацыі, якая была створана зь інсьпірацыі расейскага пасла Мікіты Рапніна і дзейнічала пад прыкрыцьцём расейскіх войскаў палкоўніка Васіля Кара для абароны старога ладу Рэчы Паспалітай. Пасол на сойм 1767. Быў таксама соймавым сакратаром. Дзякуючы падтрымцы Чартарыйскіх, з 28 лістапада 1768 стаў кашталянам берасьцейскім. Шматразова быў дэпутатам на Літоўскі трыбунал. Браў пэўны ўдзел і Барскай канфэдэрацыі.
Літаратурная творчасьць
рэдагавацьУ гісторыю ўвайшоў перш за ўсё дзякуючы сваім мэмуарам. Пісаў на польскай і лацінскіх мовах. Перакладаў Гарацыя (выданьне 1784, Варшава).
Напрыканцы жыцьця напісаў ўспаміны, якія ахопліваюць 1714–1764, дзе шырока асьвяціў мясцовае жыцьцё (“Wspomnienia”, т. 1-4. Варшава, 1876). Частка яго мэмуараў Дыярыюш майго жыцьця перакладзена на беларускую мову і друкавалася ў часопісе „Спадчына“ 1996—1997.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Marcin Matuszewicz // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Marcin Matuszewicz h. Łabędź // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 127. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 100. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ^ Marcin Matuszewicz h. Łabędź